Пазітыў артпраекта “Я” дапаможа ўзняць настрой на выхадных у Магілёве

Не толькі паглядзець на карціны, але і сустрэцца з мастакамі дае магчымасць ArtPrаject “Я” у Выставачнай зале музея гісторыі Магілёва, што адкрыўся на гэтым тыдні. 

Калабарацыя розных аўтараў, якія жывуць у адным горадзе і часцяком не ведаюць адзін пра аднаго атрымалася надзіва ўдалай, свежай, каларытнай і пазітыўнай.

Куратар – Вадзіс Красоўскі сабраў самых разнастайных творчых асоб горада, пачынаючы ад масцітых мастакоў і заканчваючы самадзейнымі аўтарамі.

– Мастакі павінны мець зносіны, а ў нас горад не ведае сваіх творцаў, і яны не ведаюць адзін аднаго. – лічыць арганізатар выставы – І вось тутака яны сустрэліся анлайн і офлайн. Яны і гледачы могуць абмеркаваць, падзяліцца думкамі. І гэта вельмі важна.

Розныя тэхнікі і віды выяўленчага мастацтва таксама сустрэліся на адной пляцоўцы і ўдала дадалі разнастайнасці і рэл’ефнасці выставе. 

Кожны дзень артпраект прапануе сустрэчы з творцамі, якія ў сваю чаргу запрашаюць сваіх творчых людзей і арганізуюць канцэрты, дыскусіі, гульні…

Тут не сумна, хаця і ёсць меланхалічныя творы. 

Наведаць выставу і сустрэцца з магілёўскімі творцамі можна да 26 лютага, калі адбудзецца ўрачыстае закрыццё праекта. 

Фота: mogilev.media