Вядома, што 12 верасня Уладзімера Цумарава на працоўным месцы не было. У гарвыканкаме ўдалося высветліць, што яго кіраўнік на бальнічным.
У прыватных гутарках чыноўнікі кажуць, што, нібыта, пытанне аб зняцці Цумарава са старшынёўства ўжо вырашанае і яму знойдзеная замена. Гарвыканкам аддадуць пад кіраўніцтва Аляксандра Студнева, які цяпер узначальвае Бабруйскі гарвыканкам. Самаго Цумарава адправяць на кіроўную пасаду ў прафсаюз.
На сайце Магілёўскага гарвыканкаму на старонцы старшыні застаецца фотаздымак Цумарава і назва ягонай пасады. Больш інфармацыі няма.
Уладзімер Цумараў узначаліў Магілёўскі гарвыканкам у 2013 годзе. Ён гадаванец яшчэ савецкай бюракратычнай сістэмы. Пачынаў шлях службоўцы з камсамолу. У незалежнай Беларусі застаўся ва ўладных структурах. Дзесяць гадоў кіраваў Ленінскім раёнам Магілёва. З гэтай пасады пайшоў на старшынёўства ў Магілёўскі гарвыканкам.
Цумараў нарадзіўся ў Бялыніцкім раёне. Ён скончыў Магілёўскі політэхнічны тэхнікум і Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут. У 2002 годзе — Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі.
Кіроўца машыны ўжо можа чакаць штрафу, і нават пазбаўлення правоў.
На папулярным магілёўскім Тэлеграм-канале з’явілася відэа з ліхой яздой кіроўцы аўтамабіля Audi ў самым цэнтры Магілёва. На скрыжаванні каля Аптэкі №1 па вуліцы Першамайскай аўтааматар крута выварочвае перад машынай, з якой вядзецца здымка. Затым, перасякаючы двайную суцэльную лінію разметкі, прытка абганяе наступны транспартны сродак.
На відэа трапіла як мінімум адно парушэнне правілаў дарожнага руху – перасячэнне двайной суцэльнай лініі. Манера ваджэння кіроўцы Audi таксама можа быць ахарактарызаваная як небяспечная.
Магілёўскае ДАІ часта адсочвае гарадскія паблікі, і па выкладзеных у іх відэа з рэгістратараў нярэдка знаходзіць ды карае парушльнікаў ПДД. Апошні падобны выпадак здарыўся 2 верасня. ДАІ адсачыла кіроўцу, які не прапусціў карэту “хуткай дапамогі” і пазбавіла яго правоў на год. Відэа з парушэннямі правілаў дарожнага руху супрацоўнікі аўтаінспекцыі атрымалі з сацыяльных сетак.
Вынаходлівы і арыгінальны спосаб рэкламавання паслугаў – адзін з важных чыннікаў поспеху ў бізнесе. Пажадайма ўладальніку «шыкоўнага рарытэту» адшукаць сабе пастаяльцаў.
Фотаздымак даслала Магілёў.media адна з чытачак. Спадзяёмся, што падобная ўвага да нашага рэсурсу ёсць і ў іншых прадстаўнікоў чытацкай аўдыторыі. Чакайма фотаздымкі аб тым, што радуе, уражвае, прыгнятае і перашкаджае жыць. Паштовая скрынка [email protected] да вашых паслугаў. Загадзя ўдзячныя.
Магілёў апанавала позневосеньскае надвор’е. Холадна і дажджліва. Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. Адгалоскі жнівеньскай спёкі ў раннім бабіным леце былі нядоўгімі. Разлічваць на сонца не варта.
Паводле Белгідрамету, у сённяшні выхадны дзень пераважаць будзе воблачнае надвор’е. Часам дождж (верагоднасць ападкаў больш за 90%).
«Тэмпература паветра +10…+12°C. Вецер паўднёва-ўсходні, 5-10 м/с. Парывы да 14 м/с», – паведамляюць сіноптыкі.
Па краіне моцныя залевы. Усюды дужыя парывы ветру.
Дажджоў стане больш, і яны будуць працяглыя і інтэнсіўныя, паведамляе Белгідрамет.
«Актыўная сістэма атмасферных франтоў з Карпат прынясе дажджы ўжо ў большасць раёнаў краіны, месцамі чакаюцца моцныя дажджы, па паўднёвым усходзе ў асобных раёнах дажджы будуць суправаджацца моцным парывістым ветрам. Па поўдні магчымыя навальніцы», – папярэджваюць сіноптыкі.
Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ў дыяпазоне 5…11°С. Днём паветра прагрэецца да 14 градусаў.
Сёння, 10 верасня, Белгідрамет на сваім сайце паведаміў «аб небяспечнай гідраметэаралагічнай з’яве». Абвешчаны «чырвоны ўзровень небяспекі».
«У многіх раёнах Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей і ў Мінску захаваецца надзвычайная пажарная небяспека (5 клас)», – гаворыцца ў паведамленні.
У Магілёве прагназавалі сіноптыкі павелічэнне воблачнасці. Без істотных ападкаў (верагоднасць ападкаў 5-10 працэнтаў). Тэмпература паветра +15…+17°C. Вецер паўднёва-ўсходні, 4-9 м/с. Парывы да 12 м/с.
Жыхароў абурыла, што ў горадзе пачалі пазбаўляцца ад з выгляду здаровых дрэваў. Мэрыя наняла адмыслоўцаў, якія ацэняць стан раслін.
Да канца верасня спецыялісты з Універсітэту Вітаўта Вялікага даследуюць 140 дрэваў на гарадскіх вуліцах, у парках, скверах, якія могуць быць небяспечнымі для навакольнага асяроддзя і людзей. Аб’екты даследавання экспертам пакажа дэпартамент аховы навакольнага асяроддзя адміністрацыі гарадскога самакіравання Клайпеды, піша выданне Atviraklaipeda.
Такая паслуга адмыслоўцаў абыдзецца падаткаплатнікам у амаль 8000 еўра. З дапамогай акустычнага тамографа эксперты вызначыць распаўсюджванне гнілі і наяўнасць дуплаў на дрэвах, ацаніць трываласць іх кроны і ствала. Таксама дадуць рэкамендацыі па апрацоўцы раслінаў і іх догляду.
«Atvira Klaipėda» нагадвае, што муніцыпалітэт Клайпеды днямі вырашыў падлічыць і ацаніць дрэвы і ядлоўцы, якія растуць у горадзе. Ён закупляе паслугі па інвентарызацыі зялёных насаджэнняў і насаджэнняў, абнаўляе і дапаўняе сваю базу геададзеных. Разліковая працягласць такіх прац – 25 месяцаў.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
Серыю фотаздымкаў з ранішнім Дняпром даслала Магілёў.media чытачка. У сваім допісе яна адзначыла, што не маглі не сфатаграфаваць «такой прыгажосці». Ёю дзеліся з чытачамі і мы. Пагатоў, сёння, 9 верасня – Міжнародны дзень прыгажосці. У пільных справах не забывайма аб яе існаванні.
Гэтую мясціну з некалькімі скверамі, адзін з якіх мае сумную гісторыю, пазнае кожны магілёвец. Да ўзвядзення шматпавярховікаў над ёю дамінавала гасцініца «Магілёў». Яшчэ колькі дзясяткаў гадоў таму тут быў закутак «сялянскага» гораду. Праспект Міру змяніў яе аблічча.
Магілёў.media працягвае прагулкі па вядомым мясцінам гораду. Мы стараемся паказаць у сваіх відэазамалёўках хараство магілёўскіх краявідаў. Яны дапамагаюць адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.
Адзначаецца ад 1958 году. Заснаваны рашэннем IV кангрэсу Міжнароднай арганізацыі журналістаў у памяць аб чэшскім журналісце Юліусе Фучыку, якога 8 верасня 1943 году забілі гітлераўцы.
У Беларусі ў няволі 26 журналістаў.
1514 год. Дзень беларускай вайсковай славы.
У бітве пад Воршай войскі Вялікага Княства Літоўскага ўзначаленыя Канстанцінам Астрожскім разбілі 80-тысячную армію Маскоўскай дзяржавы.
Гэта быў фрагмент у працяглай вайне, якая трывала ад 1512 да 1522 году. Перамога пад Воршай, аднак, стала адметнай падзеяй для найноўшай гісторыі Беларусі. Кожную яе гадавіну, нягледзячы на пагрозы пераследу на Крапівеньскае поле, прыязджала немалая грамада беларусаў. Яна застаецца крыніцаю гонару за подзвіг продкаў.
8 верасня 1992 году на Плошчы Незалежнасці ў Мінску беларусы-афіцэры прысягнулі на вернасць Беларусі.
1708 год. Спалены Магілёў.
Падпаліць горад загадаў маскоўскі цар Пётр І.
27 верасня 1708 году быў абрабаваны і спалены Віцебск.
Пасля пажару Магілёў аднавіўся ад заняпаду толькі праз 130 гадоў.
1844 год. Выдадзеная кніга «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага.
У «Шляхціцы Завальні» аўтар падае адметнасці нацыянальнага характару беларуса, яго светапогляду. У ім закранаюцца пытанні, звязаныя з беларускай нацыянальнай думкай. У творы робіцца спроба геаграфічнага апісання краю, яго гісторыі і эканамічнага стану.
1873 год. Памёр Яўстафій Тышкевіч.
Археолаг, гісторык, этнограф і краязнаўца.
Член шэрагу навуковых таварыстваў, акадэміяў Даніі, Швецыі, Брытаніі.
Вывучаў курганы, гарадзішчы і замчышчы Беларусі.
Заснаваў Віленскую археалагічную камісію, Віленскі музей старажытнасцяў.
Пакінуў па сабе работы археалагічнага і краязнаўчага характару.
У памяць аб Тышкевічы ў 2022 годзе ля Акадэміі навук устаноўлены помнік.
1904 год. Нарадзіўся Афанасій (Антон Мартас).
Епіскап Віцебскі і Полацкі, дзеяч беларускага нацыянальнага руху, гісторык царквы.
Удзельнік Усебеларускага царкоўнага сабору 1942 году, на якім была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы.
У 1946 годзе далучыўся да Рускай замежнай праваслаўнай царквы, архіепіскап у Аргенціне, у Аўстраліі (архіепіскап Сіднейскі і Новазеландскі).
1922 год. Нарадзіўся Альгерд Малішэўскі.
Мастак-жывапісец, педагог.
Пісаў карціны ва ўсіх жанрах станковага жывапісу.
Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, настаўнік шматлікіх сучасных мастакоў.
1938 год. Нарадзіўся Анатоль Грачанікаў
Паэт і перакладчык.
Галоўны рэдактар часопісаў «Вясёлка», «Бярозка», «Маладосць».
Аўтар зборнікаў паэзіі, кніг сатыры і гумару, а таксама твораў для дзяцей.
Пераклаў на беларускую творы замежных літаратараў.
1990 год. Адкрыты Музей беларускага кнігадрукавання.
Падзея адбылася ў Полацку падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны.
Музей месціцца ў будынку былой Брацкай школы Богаяўленскага манастыра, помніка архітэктуры XVIII стагоддзя.
У 1994 годзе на базе некалькіх выставачных залаў быў створаны Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага.
Найвялікшую частку музейных экспанатаў складаюць кнігі, у тым ліку рарытэты «Евангелле вучыцельнае» (1595), Геранім Фалецкі «12 прамоў» (1558), «Мінея агульная» (1628).
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў
Гэта магілёўская мясціна ўпадабаная гараджанамі, якія спрабуюць зазірнуць за далягляд. Тут збіраецца шумнай грамадою моладзь, апаноўваючы мясцовыя альтанкі. Уздоўж стромкага схілу прагульваюцца пад шчабятанне птушак пенсіянеры. Па ходніках жа шпацыруюць сямейныя пары.
Усё гэта – Дняпроўскі бульвар. Частка мікрараёну «Юбілейнага» з яго «хрушчоўкамі» і сучаснымі шматпавярховікамі.
Магілёў.media працягвае прагулкі па вядомым мясцінам гораду. Мы стараемся паказаць у сваіх відэазамалёўках хараство магілёўскіх краявідаў. Яны дапамагаюць адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.