У Магілёве гавораць пра адстаўку старшыні мясцовага гарвыканкаму Цумарава. Афіцыйна яна не пацверджаная

Вядома, што 12 верасня Уладзімера Цумарава на працоўным месцы не было. У гарвыканкаме ўдалося высветліць, што яго кіраўнік на бальнічным.

У прыватных гутарках чыноўнікі кажуць, што, нібыта, пытанне аб зняцці Цумарава са старшынёўства ўжо вырашанае і яму знойдзеная замена. Гарвыканкам аддадуць пад кіраўніцтва Аляксандра Студнева, які цяпер узначальвае Бабруйскі гарвыканкам. Самаго Цумарава адправяць на кіроўную пасаду ў прафсаюз.

На сайце Магілёўскага гарвыканкаму на старонцы старшыні застаецца фотаздымак Цумарава і назва ягонай пасады. Больш інфармацыі няма.

Уладзімер Цумараў узначаліў Магілёўскі гарвыканкам у 2013 годзе. Ён гадаванец яшчэ савецкай бюракратычнай сістэмы. Пачынаў шлях службоўцы з камсамолу. У незалежнай Беларусі застаўся ва ўладных структурах. Дзесяць гадоў кіраваў Ленінскім раёнам Магілёва. З гэтай пасады пайшоў на старшынёўства ў Магілёўскі гарвыканкам.

Цумараў нарадзіўся ў Бялыніцкім раёне. Ён скончыў Магілёўскі політэхнічны тэхнікум і Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут. У 2002 годзе — Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі.

Прэм’ер-міністр Брытаніі Барыс Джонсан сышоў у адстаўку

Аб такім рашэнні ён афіцыйна заявіў на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 7 ліпеня. Пра гэта паведамляюць брытанскія мэдыі.

Палітык працягне выконваць абавязкі кіраўніка ўраду, пакуль не абяруць у кастрычніку новага.

Барыс Джонсан сыходзіць пасля таго, як яго адстаўкі запатрабавалі больш за 50 міністраў і высокапастаўленых чыноўнікаў. Урад пакінула каля паловы яго складу.

Гэта стала вынікам серыі рэзанансных скандалаў, у якіх быў замешаны прэм’ер-міністр.

Барыс Джонсан збіраецца пакінуць і пасаду старшыні кіроўнай Кансерватыўнай партыі.

Барыс Джонсан ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі актыўна падтрымліваў Ўкраіну. Выступаў за аказанне ёй ваеннай і фінансавай дапамогі. Ён двойчы быў у Кіеве і сустракаўся з прэзідэнтам Уладзімерам Зяленскім.

фота: bbci.co.uk