У Магілёве «скандальную» АЗС зачынілі, але на рэканструкцыю

Радасць тых, хто пратэставаў супраць узвядзення аўтазаправачнай станцыі, што яе зачынілі, наагул была заўчаснай. АЗС рэканструююць. Так пазначана ў пашпарце аб’екту. Паводле яго звестак, у абноўленым будынку будзе сервіз комплексных паслугаў.

Як удалося высветліць, на запраўцы прадугледжаная і кавярня, якую, як спадзяваліся жыльцы прылеглых дамоў, адчыняць замест АЗС.

Гэта запраўка непадалёк ад помніка святару Георгію Каніскаму, які паставілі тры тыдні таму на глядзельнай пляцоўцы побач з лесвіцай у Падмікольскі парк – за сто метраў ад плошчы Арджанікідзэ. Мясціна – гістарычная частка гораду.

20 гадоў таму гараджан абурыла ўзвядзенне аўтазаправачнай станцыі ў цэнтры Магілёва. Звароты з пратэстамі яны пісалі ў гарвыканкам, які праігнараваў меркаванне жыхароў. АЗС пабудавалі.

Яе «закрыццё» узрадавала тых, хто памятае пратэстную эпапею, якая вымусіла тагачаснага кіраўніка гораду Віктара Шорыкава апраўдвацца, нагадваў Магілёў.media пра падзеі 2003 году.

Шорыкаў тады вымушаны быў прызнаць факт будаўніцтва небяспечнага аб’екту і намагаўся супакоіць незадаволенасць землякоў, сцвярджаючы, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць істотна зменшыць уплыў АЗС на навакольнае асяроддзе.