Дзве магіляўчанкі заблукалі ў чыстым полі пад Магілёвам

Толькі з дапамогай МНС дзве магіляўчанкі, заблукаўшы пясярод чыстага поля ў прыблізна паўкіламетры ад горада, змаглі вярнуцца дадому.

Позна ўвечары 14 лютага 46-гадовая і 23-гадовыя жанчыны прыехалі на вуліцу Салава, што на ўскрайку пасёлка Брады, і пайшлі прагуляцца да Дняпра. Па прамой лініі да яго менш за адзін кіламетр. Ці дайшлі яны да сваёй мэты, не вядома, але калі захацелі пайсці назад, то дарогу ў цемры ўжо не знайшлі.

Паблукаўшы па чыстым, заснежаным полі і абяссілеўшы, яны вырашылі пазваніць у МНС. Для ратаўнікоў знайсці жанчын не было праблем. Заблукаўшых убачылі на адлегласці 650 метраў ад той самай дарогі па вуліцы Салава, ад якой і пачынаецца жылая забудова.

Жанчын выносілі на насілках. Старэйшую з абмаражэннямі рук і ног шпіталізавалі, а малодшая не пацярпела.

Фотаздымак: mogilev.mchs.gov.by

Пажары на Магілёўшчыне пачыналіся з сутарэнняў

У Магілёве гарэў Быхаўскі рынак, у Бабруйску – жылы дом. У абодвух выпадках крыніцы ўзгарання знаходзіліся ў падвале.

Учора на Быхаўскім рынку Магілёва загарэўся гандлёвы павільён. Агнём было пашкоджана маёмасць. Крыніца ўзгарання знаходзілася ў падвале, агонь успыхнуў менавіта там.

У той жа дзень у аддзел МНС Бабруйска паступіла паведамленне пра пажар у пяціпавярховым доме на вуліцы Гарэліка. Ачаг узгарання таксама знаходзіўся ў падвале. Бабруйскія ратавальнікі вывелі на вуліцу пяць чалавек, якім спатрэбіліся дыхальныя маскі. Яшчэ трох жыхароў эвакуіравалі. 

Пацярпелых няма. Пасля таго як агонь патушылі, а пад’езд праветрылі, людзі змаглі вярнуцца ў свае кватэры.

Прычыны пажараў высвятляюцца.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

Адгулялі гусінае свята – у Касцюковіцкім аграгарадку згарэў цялятнік

Амаль адразу пасля касцюковіцкага гусінага фестывалю ў аграгарадку Белая Дуброва загарэўся цялятнік.

Яшчэ не сціхлі адгалоскі свята, на якім жыхары аграгарадка Белая Дуброва забаўляліся з гусямі, як у мясцовую службу МНС паступіла паведамленне пра ўзгаранне цялятніка.

Жывёлы не пацярпелі, іх перавялі ў суседні цялятнік. Аднак у выніку пажару было знішчана 12 метраў даху будынка.

Прамой сувязі з любоўю мясцовых жыхароў да гусей, вядома ж, няма. І ўсё ж пра цялят Белай Дубровы забываць не варта.

Ім жа, у адрозненне ад гусей, не ўдалося прыстроіцца на прыватных падворках. А калгас – ён і ёсць калгас: што не згніе, тое згарыць.

Фота: раённай газеты.

У разгар халадоў ратавальнікі Слаўгарада заклапаціліся таўшчынёй лёду

Супрацоўнікі Слаўгарадскага раённага аддзела МНС правялі рэйд па зімовых вадаёмах. 

Займальную навіну паведаміла сваім чытачам славгарадская раённая газета.

Работнікі мясцовага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правялі рэйдавае мерапрыемства па зімовых вадаёмах і параілі аматарам зімовай рыбалкі выконваць меры засцярогі.

У прыватнасці, нагадалі рыбакам, што таўшчыня лёду павінна быць не менш за сем сантыметраў.

Чаму ратавальнікі выбралі для рэйду час анамальных маразоў, застаецца загадкай.

Тут адно з двух: альбо на вадаёмах Слаўгарада забілі гарачыя крыніцы, альбо планы рэйдаў складаліся з разлікам на тое, што цяперашняя зіма будзе цёплай.

Фота раённай газеты.

Гарэў зернесушыльны комплекс у Магілёўскім раёне

Спіс пажараў на Магілёўшчыне папаўняецца – гарэў зернесушыльны комплекс у аграгарадку Сухары.

Амаль кожны дзень з’яўляюцца паведамленні пра пажары ў Магілёўскай вобласці. Нядаўна датла згарэў свінарнік разам з дзясяткамі жывёл. І вось ратавальнікам давялося ліквідаваць новы пажар – цяпер на зернесушыльным комплексе ў Магілёўскім раёне.

На месцы здарэння, у аграгарадку Сухары, было задзейнічана пяць адзінак тэхнікі МНС.

Можна гаварыць пра выпадковасці і злавесныя супадзенні, якія прывялі да хвалі пажараў, але насамрэч усё прасцей. Гатоўнасць АПК Магілёўшчыны да зімы, пра якую рапартавалі ўлады рэгіёна – чарговы фэйк, накіраваны на стварэнне бачнасці дабрабыту.

Фота ведамаснага сайта МНС Беларусі.

Дзясяткі свіней загінулі на пажары ў Магілёўскім раёне

Сорак дзве в’етнамскія свінні загінулі ў агні пры пажары ў Магілёўскім раёне.

Як паведамілі ў МНС, сігнал аб узгаранні паступіў ратавальнікам 26 снежня 2025 года ў 18:57 ад відавочцаў. Падраздзяленні, якія прыбылі на месца, выявілі адкрытае гарэнне хлява, які выкарыстоўваўся для ўтрымання свіней.

У момант пажару ўнутры знаходзіліся 42 в’етнамскія свінні ва ўзросце да аднаго года. На жаль, выратаваць жывёл не ўдалося – усе яны загінулі.

Цяпер спецыялісты ўстанаўліваюць прычыну ўзгарання гаспадарчай пабудовы. Аб матэрыяльнай шкодзе і магчымых падрабязнасцях здарэння на дадзены момант не паведамляецца.

Фотаздымак: МНС

У Асіповічах масава аштрафавалі таксістаў

Дваццаць шэсць таксістаў Асіповіч аштрафаваны за парушэнне парадку прыёму сродкаў плацяжу.

Падатковая інспекцыя па Асіповіцкім раёне сур’ёзна ўзялася за мясцовых таксістаў

Праверка ўстанавіла “парушэнні парадку прыёму сродкаў плацяжу і парушэнне парадку выкарыстання касавага абсталявання, аўтаматычных электронных апаратаў, гандлёвых аўтаматаў, плацежных тэрміналаў, выкарыстання і ўліку сродкаў кантролю, прызначаных для ўстаноўкі на касавае абсталяванне”.

Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 26 чалавек. Агульная сума штрафаў склала 10,8 тысячы рублёў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Пад Вейнам лось праваліўся ў калодзеж на пустыры

Лася, што праваліўся ў калодзеж пад аграгарадком Вейна, даставалі ратавальнікі.

Сёння непадалёк ад аграгарадка Вейна лось праваліўся ў калодзеж і не змог выбрацца самастойна. І не дзіва: мяркуючы па памерах калодзежа, з яго не выбраўся б нават звычайны магілёўскі чыноўнік сярэдняга звяна, які налаўчыўся праходзіць паміж струменьчыкамі дажджу і не намакаць.

Жывёле дапамаглі супрацоўнікі МНС. «Магілёўскія ведамасці» паведамляюць, што «сумеснымі намаганнямі яны паднялі лася са збудавання».

Для лася ўсё скончылася шчасліва. Чаго не скажаш пра патэнцыйных ахвяраў гэтага небяспечнага пустыра. Каму належыць «збудаванне» ў раёне Вейна і чаму ямка, у якую вольна правальваецца цэлы лось, не агароджана або не засыпаная? 

Як там наш год добраўпарадкавання, пра які трашчаць на кожным вуглу?

аграгарадок Вейно

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

У Касцюковічах былы пажарны стварыў хатні музей

Супрацоўнік МНС з Касцюковічаў выйшаў на пенсію і ператварыў вясковую хату у вёсцы Вязовец ў сапраўдны казачны куточак.

Сяргей Радчанка, былы ратавальнік з Касцюковічаў, стварыў у вясковай глушы свой уласны рай на зямлі.

Ён – дасведчаны пчаляр, удалы паляўнічы і захоплены рыбак. А яшчэ – майстар на ўсе рукі. Балота каля дома ператварыў у возера, куды запусціў малькоў, вывеў гатункавую маліну, развёў апенькі, а з вулляў зрабіў казачныя хаткі.

вёска Вязовец

У ягоным доме-музеі кожная рэч мае сваё месца.

Сяргей валодае ўнікальным талентам бачыць асаблівасць у самых звычайных рэчах, а ў шэрай рэчаіснасці – рысы казачнага свету.

дом музей

Большасць з нас страцілі гэты дар яшчэ ў дзяцінстве, а Радчанку ўдалося яго зберагчы і развіць.

У сённяшняй Беларусі цяжка знайсці нешта па-сапраўднаму пазітыўнае. Але нават Лукашэнка са сваёй паталагічнай прыхільнасцю да татальнага добраўпарадкавання не здольны вытравіць з беларусаў жаданне марыць і фантазіраваць.

костюковичи

Фота раённай газеты “Голас Касцюкоўшчыны”.

Ратавальнікі ў Магілёве вызвалілі рудое кацяня з лавушкі

Мілую гісторыю паказалі супрацоўнікі МНС у Магілёве. Тут з дапамогай спецсродкаў прыйшлося ўскрываць металічную трубу на вуліцы Піянерскай. У яе правалілася маленькае рудое кацяня і жаласліва мяўкала – адзначаюць у прэс-службе ведамства. Неабыякавыя грамадзяне пачулі кацяня і выклікалі ратавальнікаў. Паведамляецца, што псля вызвалення кацяня тут жа кінулася да сваёй мамы-коткі.

Усе падрабязнасці спецыяльнай аперацыі па выратаванні кацяня можна пабачыць тут.

Фота: МНС, скрыншот