Толькі ў шасці раёнах Магілёўшчыны ўчора не было прыродных пажараў

Узгаранні сухой расліннасці і лесу пачасціліся на Магілёўшчыне напрыканцы сакавіка.

Паводле даных Магілёўскага абласнога ўпраўлення МЧС, за суткі з 30 па 31 сакавіка ратавальнікі ліквідавалі 28 загаранняў сухой расліннасці. А з пачатку года ў Магілёўскай вобласці адбылося 149 пажараў сухой расліннасці на агульнай плошчы 23 га, 8 пажараў лесу на агульнай плошчы 7 га.

Пры гэтым лес учора гарэў у трох месцах – у Бабруйскім, Клімавіцкім і Шклоўскім раёнах. 

Як сведчыць карта ўчарашніх пажараў, прыродныя адбыліся ў большасці раёнаў Магілёўшчыны. Не зафіксавалі іх толькі ў Бялыніцкім, Глускім, Краснапольскім, Слаўгарадскім, Хоцімскім і Чэрыкаўскім. 

Згодна з картай Мінлясгаса, па ўсёй Магілёўскай вобласці наведванне лясоў абмежавана. Гэта значыць, у іх нельга заязджаць на машыне і распальваць вогнішчы.

Фотаздымак: МНС РБ

Два дні, чатыры пажары: хроніка здарэнняў у Магілёўскай вобласці

За два дні ў Магілёўскай вобласці адбыліся чатыры пажары. Адзін чалавек загінуў, знішчаны жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы і два аўтамабілі.

Першы месяц вясны заканчваецца для Магілёўшчыны не надта весела – з-за пастаянных пажараў.

Паводле дадзеных МНС у Мсціслаўскім раёне 25 сакавіка жыхар вёскі Шамоўшчына спальваў смецце на прыдамавой тэрыторыі. Агонь выйшаў з-пад кантролю і перакінуўся на суседні сарай.

Зразумеўшы, што самастойна справіцца не атрымаецца, мужчына выклікаў ратавальнікаў. Па прыбыцці пабудова ўжо гарэла адкрытым полымем. Узгаранне ліквідавалі, пацярпелых няма, але сарай знішчаны цалкам.

Незадоўга да поўначы ў МНС паступіла куды больш трагічнае паведамленне – на гэты раз з Магілёва. У двухкватэрным жылым доме на вуліцы Ангарскай успыхнуў пажар. Суседзі паведамілі ратавальнікам, што ў ахопленай агнём кватэры можа знаходзіцца 54-гадовы гаспадар. 

Мужчыну знайшлі на падлозе, ужо без прыкмет жыцця. Жыхароў другой кватэры ў момант трагедыі дома не было, пацярпела іх жыллё: у абедзвюх кватэрах пашкоджана дах, у кватэры загінулага знішчаны маёмасць і перакрыцце.

У першай палове дня 26 сакавіка паступіла паведамленне пра пажар у вёсцы Пад’ясенка Бабруйскага раёна. Прыбыўшыя ратавальнікі засталі адкрытае гарэнне адразу двух дамоў і двух гаспадарчых пабудоў. Агонь удалося спыніць да таго, як ён перакінуўся на суседнія будынкі, аднак страты аказаліся значнымі: адзін дом і абедзве пабудовы выгарэлі цалкам, у другім доме сур’ёзна пацярпелі дах і перакрыцці. Пацярпелых няма. Паводле папярэдняй версіі, прычынай магло стаць парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры распальванні вогнішча.

Пазней, днём у Магілёве загарэўся гараж на вуліцы Архітэктурнай.

Калі падраздзяленні МНС прыбылі на месца, з будынка валіў густы чорны дым, дах ужо абваліўся. Гаспадар гаража знаходзіўся на вуліцы і не пацярпеў. Агонь знішчыў само збудаванне і абодва аўтамабілі, якія захоўваліся ўнутры. Папярэдняя прычына – кароткае замыканне электраправодкі аднаго з аўтамабіляў.

Фота ведамаснага сайта МНС.

У Хоцімскім раёне падтоплены ўчастак дарогі

У Магілёўскай вобласці працягваецца рост узроўню вады ў рэках, што прыводзіць да новых выпадкаў падтаплення. Чарговы інцыдэнт зафіксаваны 22 сакавіка ў Хоцімскім раёне.

Паводле дадзеных службы МНС, з-за пад’ёму ўзроўню вады ў рацэ Беседзь падтаплены ўчастак грунтавай дарогі Баханы – Дуброўка. Узровень вады на дарозе дасягае 10-15 сантыметраў, працягласць затопленага ўчастка – каля 30 метраў.

Рух транспарту паміж аграгарадком Баханы і вёскай Дуброўка часова спынены. З 22 сакавіка праезд па дарозе закрыты, на месцы ўстаноўлены забараняльныя знакі. Аб’езд магчымы праз вёску Беседавічы.

Пацярпелых няма, пагрозы для жыхароў не зафіксавана. Службы працягваюць маніторынг гідралагічнай абстаноўкі ў рэгіёне.

Раней падтапленне было зарэгістравана ў Мсціслаўскім раёне. З 15 сакавіка з-за пад’ёму ўзроўню вады ў рацэ Сож апынуўся затоплены нізкаводны мост і ўчастак дарогі каля вёскі Парадзіно. Узровень вады ў гэтым раёне дасягае 10-60 сантыметраў, даўжыня падтопленага ўчастка каля 80 метраў.

Фота ведамаснага сайта МНС.

Два пажары за поўгадзіны адбыліся ў Быхаве

У Быхаве 19 сакавіка адбыліся два пажары з розніцай менш чым у паўгадзіны. У адным выпадку гарэла кватэра ў шматпавярховіку на вуліцы Грышына, у другім – сена на тэрыторыі прыватнага домаўладання на вуліцы Мартынава.

Аб пажары ў шматкватэрным жылым доме на вуліцы Грышына ратавальнікам у 17:24 паведамілі суседзі. Калі падраздзяленні МНС прыехалі на месца, першы паверх быў запоўнены дымам. Да прыбыцця ратавальнікаў жыхары дома паспелі вывесці з гаручай кватэры 78-гадовага гаспадара. Ён не пацярпеў.

У выніку пажару ў пакоі пашкоджана маёмасць, сцены і столь закураны. Супрацоўнікі МНС ліквідавалі ўзгаранне. З кватэр другога паверха эвакуіравалі чатырох чалавек, у тым ліку двух дзяцей. Прычына пажару ўстанаўліваецца.

Быхаў

Яшчэ адзін пажар у Быхаве адбыўся ў 17:51 на вуліцы Мартынава. На тэрыторыі прыватнага домаўладання загарэлася складзіраванае сена. Гаспадар у момант прыбыцця ратавальнікаў знаходзіўся на вуліцы, пацярпелых няма, але агонь знішчыў 27 тон сена.

Пажар пачаўся пасля таго, як на суседнім участку пенсіянерка спальвала смецце. Агонь выйшаў з-пад кантролю і хутка перакінуўся на суседнюю тэрыторыю.

Фота ведамаснага сайта МНС.

Пажар у інтэрнаце ў Магілёве: выратаваны 18 чалавек. Загінула жанчына

Сусед жанчыны, загінулай пры пажары ў магілёўскім інтэрнаце, сказаў, што прычынай узгарання магло стаць курэнне.

У Магілёве адбыўся пажар у інтэрнаце на вуліцы Куцепава. Ратавальнікі эвакуіравалі 18 чалавек, аднак трагедыі пазбегнуць не ўдалося – загінула жанчына.

Узгаранне адбылося ўчора ўвечары на чацвёртым паверсе пяціпавярховага будынка. Сігнал аб пажары паступіў праз сістэму «Молния» пасля спрацоўвання аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі.

Прыбылыя на месца супрацоўнікі МНС аператыўна арганізавалі выратаванне людзей. З будынка вывелі 18 чалавек, сярод іх адно дзіця.

Прычыны пажару ўстанаўліваюцца.

Фота скрыншот відэа МНС.

У Магілёве гарэў будаўнічы магазін

На Віцебскім праспекце ў Магілёве адбыўся пажар у будаўнічым магазіне «Топор».

Сігнал аб задымленні паступіў ратавальнікам ад відавочцаў раніцай 18 сакавіка. Калі падраздзяленні МНС прыбылі на месца, з памяшкання ўжо ішоў густы дым. На шчасце, унутры нікога не было – магазін аказаўся зачынены, таму абышлося без пацярпелых.

Па папярэдняй інфармацыі, узгаранне адбылося ўнутры гандлёвай залы. Прычыны здарэння ўстанаўліваюцца.

Фота: скрыншот відэа МНС.

Прыхаджанам бабруйскай царквы расказалі пра пажаратушэнне

Супрацоўнік МНС прыйшоў у Свята-Іверскі храм Бабруйска, каб расказаць пра пажарныя апавяшчальнікі і вясновыя палы травы.

Ратавальнік Яўген Тойсцік наведаў бабруйскую царкву пасля нядзельнага богаслужэння, каб расказаць прыхаджанам пра акцыю МНС “За бяспеку – разам” – паведамляе абласное ўпраўленне ведамства. Спецыяліст расказаў прысутным пра карысць ад пажарных апавяшчальнікаў, бяспеку на вадзе і небяспеку пры паленні травы.
Прыхаджанам далі магчымасць дакрануцца да чырвоных вогнетушыцеляў, надзець на сябе ахоўную камізэльку. Гледзячы па ўсмешлівых рэакцыях маладых прыхаджан, у бліжэйшай будучыні праваслаўныя прыходы Магілёўшчыны могуць чакаць працяг інфармацыйных выступленняў – пра генацыд беларускага народа ад мясцовых пракурораў, а таксама пра падпіскі на экстрэмісцкія каналы ад ГУБАЗіК.
Фота: МНС

У Магілеве гарэлі адразу тры аўтамабілі

Адзін аўтамабіль цалкам знішчаны, а два атрымалі пашкоджанні ў выніку ўзгарання электраправодкі.

 

У ноч на 24 лютага ратавальнікам паступіла паведамленне аб узгаранні машын на вуліцы Алтайскай. У двары шматпавярховага дома гарэлі два легкавыя аўтамабілі, агонь таксама перакінуўся на трэці. Менавіта гэта ўбачылі супрацоўнікі МНС, калі прыехалі на выклік.

 

У выніку пажару знішчаны аўтамабіль “Кіа Рыа”, у аўтамабіля “Лада Веста” пашкоджана лакафарбавае пакрыццё злева і ўнутраная ашалёўка салона, у “Субару імпрэза” пашкоджана лакафарбавае пакрыццё справа, аплаўлены пярэдні бампер.

 

Меркаваная прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання (кароткае замыканне электраправодкі).

 

Скрыншот: mogilev.mchs.gov.by

У Глускім раёне абрынуўся дах гандлёвага цэнтра

Снегавая нагрузка плюс трухлявасць канструкцый – у аграгарадку Заеліца Глускага раёна абрынуўся дах гандлёвага цэнтра

Абрушэнне адбылося да пачатку рабочага дня. Толькі дзякуючы гэтай шчаслівай акалічнасці ніхто не пацярпеў.

Супрацоўнікі МНС агарадзілі месца абрушэння і арганізавалі ўваход праз запасныя дзверы.

Прычын абрушэння даху дзве: снегавая нагрузка і трухлявасць канструкцыі. Калі нагрузку можна спісаць на суровую зіму, то як быць з  трухлявасцю?

Хтосьці ж дапускаў хатку на курыных ножках да эксплуатацыі. Ці панясуць адказнасць тыя, хто ставіў свой подпіс пад гэтым дакументам, ці, як гэта часта бывае, вінаватых могуць і не прызначыць. 

Зіма ж, а галоўная каштоўнасць «Рабінушкі» – чырвона-зялёны сцяг – не пацярпела і працягвае пераможна лунаць над сімвалам безгаспадарлівасці.

Фота ведомственного сайт МНС.

Бабруйчанка атрымала траўмы ад падзення гурбы снегу з даху

Гурба снегу з даху двухпавярховага будынка па вуліцы Сацыялістычнай у Бабруйску звалілася на галаву жанчыне.

У доме з нячышчаным ад снега даху знаходзіцца аптэка, куды і пайшла 55-гадовая бабруйчанка. Калі жанчына выйшла з яе, ёй на галаву звалілася куча снегу. У выніку пацярпелай спатрэбілася медыцынская дапамога, пасля аказання якой бабруйчанцы было прызначана амбулаторнае лячэнне.

На сайце МНС сцвярджаецца, што месца здарэння было агароджана папераджальнай стужкай. Праўда, не тлумачыцца, якім жа чынам там апынулася пацярпелая жанчына. З чаго вынікае падазрэнне, што тая стужка была абсалютна незаўважнай для пешаходаў, па меншай меры з таго боку, з якога ў небяспечнае месца зайшла бабруйчанка.

“Падзенне снегу і ледзяшоў з дахаў можа прадстаўляць сур’ёзную небяспеку для жыцця і здароўя. Не хадзіце пад стрэхамі, карнізамі, гаўбцамі дамоў і будынкаў. Папярэдзьце аб небяспецы дзяцей! Звяртайце ўвагу на папераджальныя знакі і агароджы”, – заклікаюць ратаўнікі. Звароту да камунальнікаў з патрабаваннем своечасова рабіць бяспечным знаходжанне людзей у цэнтры гораду ў МНС-аўскім паведамленні няма.

Фотаздымак: mogilev.mchs.gov.by