Прыхаджанам бабруйскай царквы расказалі пра пажаратушэнне

Супрацоўнік МНС прыйшоў у Свята-Іверскі храм Бабруйска, каб расказаць пра пажарныя апавяшчальнікі і вясновыя палы травы.

Ратавальнік Яўген Тойсцік наведаў бабруйскую царкву пасля нядзельнага богаслужэння, каб расказаць прыхаджанам пра акцыю МНС “За бяспеку – разам” – паведамляе абласное ўпраўленне ведамства. Спецыяліст расказаў прысутным пра карысць ад пажарных апавяшчальнікаў, бяспеку на вадзе і небяспеку пры паленні травы.
Прыхаджанам далі магчымасць дакрануцца да чырвоных вогнетушыцеляў, надзець на сябе ахоўную камізэльку. Гледзячы па ўсмешлівых рэакцыях маладых прыхаджан, у бліжэйшай будучыні праваслаўныя прыходы Магілёўшчыны могуць чакаць працяг інфармацыйных выступленняў – пра генацыд беларускага народа ад мясцовых пракурораў, а таксама пра падпіскі на экстрэмісцкія каналы ад ГУБАЗіК.
Фота: МНС

Памерла жанчына з Дрыбіна, якая выпальвала сухую траву

Цэлы шэраг пажараў, што адбыўся на Магілёўшчыне ў першыя дні красавіка, прынёс першую ахвяру веснавых выпальванняў травы. Жанчына з Дрыбіна, у якой выпальванне сухой расліннасці на падворку выйшла з-пад кантролю, памерла ў лякарні – паведамляе прэс-служба МНС. 

75-гадовая пенсіянерка атрымала апёкі 95% цела падчас пажару на сваім участку. Жанчыну спрабавалі выратаваць суседзі, збіўшы агонь і выклікаўшы хуткую дапамогу, аднак атрыманыя апёкі апынуліся несумяшчальнымі з жыццём.

Фота: МНС

Пад Чавусамі агонь спынілі за 150 метраў ад вёскі

Сухая трава гарэла каля аграгарадка Дужаўка Чавускага раёна. Усяго агонь ахапіў каля аднаго гектара тэрыторыі. Падраздзяленні ратавальнікаў змаглі спыніць агонь, калі ён ужо падыйшоў да крайніх вясковых дамоў на адлегласць у 150-200 метраў – паведамляе газета “Іскра”.

Фота: “Іскра”.