Магіляўчанку будуць судзіць за тое, што яна зрабіла свайго дзіцёнка інвалідам

У Магілёве будуць судзіць 21-гадовую мясцовую жыхарку, з-за дзеянняў якой яе маленькі сын стаў інвалідам.

Дрэнныя навіны з Магілёва. Пад суд трапіла маладая маці. Следства ўстанавіла, што з нараджэння дзіцяці і да чэрвеня 2025 года маці рэгулярна падвяргала яго небяспецы. Яна купала немаўля ў занадта гарачай вадзе, не замацоўвала дзіцячую ванначку, няправільна трымала дзіця на руках, а калыску з ім спускала па лесвіцы. Нярэдка жанчына пакідала малога аднаго на ложку без ахоўных борцікаў. У некаторых выпадках яна рабіла гэта ў стане алкагольнага ап’янення.

У выніку дзіця атрымала траўмы рознай ступені цяжкасці, што прывяло да парушэння функцый арганізма і інваліднасці.

Па патрабаванні пракуратуры хлопчыка забралі з сям’і, а жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў. Яе абвінавачваюць у прычыненні цялесных пашкоджанняў і пакіданні малалетняга ў небяспецы. Справа накіравана ў суд.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёве знеслі ўнікальны старадаўні будынак

У Магілёве знеслі апошні дарэвалюцыйны дом на гістарычнай Ледзькаўскай вуліцы, якая цяпер цалкам знікла з карты горада.

Пра знос будынка ў Фэйсбуку паведаміў магілёвец Аляксандр Капёнкін. “За 21-й школай знеслі старадаўні асабняк (вул. Сялянская 6), у якім апошнім часам знаходзіліся рэстаўрацыйныя майстэрні Краязнаўчага музея. А да гэтага з 1981 года да канца 1990-х – Музей этнаграфіі. Для сучаснага Магілёва дом быў унікальны, бо заставаўся адзіным у горадзе драўляным домам з вонкавым брандмаўарам-супрацьпажарнай кантавой цаглянай сцяной. Да рэвалюцыі дом напэўна належаў заможнаму гараджаніну, але пасля да канца 1970-х гадоў тут жылі 2-3 сям’і”, – напісаў ён.

Як адзначае тэлеграм-канал “Спадчына”, гістарычная Ледзькаўская вуліца (перайменаваная ў Сялянскую) амаль цалкам страціла сваю аўтэнтычную забудову і трасіроўку яшчэ ў 1930-я гады, калі яе перагарадзілі “сталінкай” па вуліцы Першамайскай. Дом №6 быў апошнім сведкам маштабу і характару гістарычнай забудовы гэтага раёна.

На месцы гістарычнага дом пабудуюць чатырохпавярховы інтэрнат для навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя №3. 

“Трасіроўка гістарычнай Ледзькаўскай (Сялянскай вуліцы) цалкам знікне, бо апошні кавалак асфальтаванай дарогі, які вёў да гэтага дома, знясуць і пераплануюць зусім па-іншаму. Пра тое, каб паказаць трасіроўку страчанай вуліцы хоць бы адрозным брукам, вядома, ніхто нават не задумваўся”, – піша “Спадчына”.

Фотаздымак: Фэйсбук Аляксандра Капёнкіна

Гаспадарчы “актыў” ВНУ ў Магілёве абкрадаў студэнтаў

Крадзеж у магілёўскім універсітэце: прарэктар, бухгалтар і кастэлянша дзялілі маёмасць навучэнцаў.

Супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Магілёўскага аблвыканкама раскрылі схему крадзяжоў у адной з вышэйшых навучальных устаноў абласнога цэнтра.

У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што прарэктар універсітэта і галоўны бухгалтар дзейнічалі ў злачыннай змове з кастэляншай студэнцкага інтэрната. Зламыснікі сістэматычна выкрадалі таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, якія прызначаліся для выдачы навучэнцам. Выкрадзеная маёмасць дзялілася паміж удзельнікамі схемы і выкарыстоўвалася ў асабістых мэтах.

Агульная шкода, нанесеная ўстанове адукацыі, склала звыш 40 тысяч рублёў.

Узбуджана крымінальная справа. Фігурантам пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 12 гадоў.

Фота – скрыншот відэа тэлеграм-канала «Міліцыя Магілёўшчыны».

У Магілёве скарэктавалі расклад тралейбусаў №3 і №5

З учорашняга дня ў Магілёве ўступілі ў сілу змены ў раскладзе двух тралейбусных маршрутаў – №3 і №5.

Карэкціроўкі закранулі пераважна вячэрні час у рабочыя дні. Пра гэта паведаміла дыспетчарская служба тралейбуснага парка №1.

Маршрут №3 (ЦЭЦ-2 – плошча Касманаўтаў)

Рэйсы зрушваюцца на больш ранні час:

14:11 → 14:09

15:33 → 15:30

15:53 → 15:49

Рэйсы зрушваюцца на больш позні час:

16:37 → 16:39

16:49 → 16:51

Новае і адмененае:

Дададзены дадатковы рэйс ад ЦЭЦ-2 у 17:16

Адменены дзённы рэйс ад ЦЭЦ-2 у 14:00 і зваротны з плошчы Касманаўтаў у 14:54

Маршрут №5 (ЦЭЦ-2 – Аблгаз)

Адпраўленне ад ЦЭЦ-2:

16:54 → 16:56

17:02 → 17:05

17:06 → 17:09

17:13 → 17:15

Адпраўленне ад прыпынку «Аблгаз»:

17:40 → 17:41

17:49 → 17:53

18:45 → 18:48

Плануйце свае паездкі. Звярніце асаблівую ўвагу на адмену рэйса №3 у 14:00 ад ЦЭЦ-2.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёве распаўсюджваецца норавірус

Эпідэміёлагі зафіксавалі актывізацыю норавіруснай інфекцыі ў Магілёве і Магілёўскім раёне.

Як адзначае Магілёўскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, у горадзе рэгіструюцца групавыя выпадкі захворвання. Інфекцыя можа паражаць людзей усіх узростаў, аднак найбольш небяспечная для дзяцей, пажылых і аслабленых людзей.

Норавірус – гэта вострая кішачная інфекцыя, якая адзначаецца высокай заразнасцю: для заражэння досыць усяго некалькіх вірусных часціц. Крыніца інфекцыі – хворы чалавек, у якога хвароба працякае без сімптомаў.

Вірус можа перадавацца кантактна-бытавым, харчовым і водным шляхам – праз брудныя рукі, паверхні і прадметы, заражаныя прадукты ці ваду. У асобных выпадках магчымае і заражэнне праз паветра – пры ўдыханні мікракропель ванітавых масаў.

Інкубацыйны перыяд захворвання складае ад некалькіх гадзін да трох сутак. Асноўныя сімптомы – млоснасць, ваніты, падвышаная тэмпература, дыярэя і слабасць. Звычайна хвароба праходзіць за 1–3 дні, аднак без лячэння можа прывесці да абязводжвання арганізму.

У цэнтры гігіены нагадалі, што вакцыны супраць наравіруса не існуе, а антыбіётыкі для лячэння не прымяняюцца. Пры падазрэнні на кішачную інфекцыю спецыялісты рэкамендуюць звяртацца да лекара і не займацца самалячэннем.

Асноўная мера прафілактыкі – захоўваць гігіену: пільна мыць рукі, гародніну і садавіну, ужываць бяспечную ваду і дастатковым чынам тэрмічна апрацоўваць прадукты.

Нагадаем, раней стала вядома, што ўспышка норавіруснай інфекцыі адбылася ў гімназіі №4 Магілёва.

Фотаздымак: ТГ “Магілёўскі ЦГЭ”

Вытворца бытавой хіміі ў Магілёве не змог абгрунтаваць свае цэны

Магілёўскае прадпрыемства не змагло даказаць, чаму цэны на прадукцыю менавіта такія. Штраф – 400 000 рублёў.

КДК Магілёўскай вобласці выявіў парушэнні цэнаўтварэння ў вытворцы бытавой хіміі. Праверка паказала, што прадпрыемства павышала цэны на прадукцыю без абавязковага ўзгаднення з аблвыканкамам і не магло пацвердзіць іх эканамічнымі разлікамі.

Як паведамілі ў КДК, гаворка ідзе пра кампанію, якая выпускае мыйныя і чыстячыя сродкі, а таксама парфумерна-касметычную прадукцыю.

Парушэнні:

  • рэалізацыя прадукцыі па цэнах, не пацверджаных эканамічнымі разлікамі;
  • сістэматычнае павышэнне адпускных цэн без абавязковага ўзгаднення з аблвыканкамам;
  • невыкананне ўстаноўленага парадку дзяржаўнага рэгулявання цэн.

Сітуацыя дэманструе тыповую праблему адміністрацыйнага рэгулявання цэн: прадпрыемствы вымушаныя балансаваць паміж ростам сабекошту і жорсткім кантролем з боку дзяржавы, што нярэдка прыводзіць да канфлікту паміж эканомікай вытворчасці і патрабаваннямі планавай сістэмы.

Жорсткая мадэль лукашэнкаўскага кантролю цэн нярэдка прыводзіць да парадаксальнай сітуацыі: прадпрыемствы фактычна працуюць ва ўмовах планавай эканомікі, але пры гэтым нясуць рынкавыя выдаткі – рост сыравіны, лагістыкі і энергарасурсаў.

У выніку спробы кампенсаваць страты праз павышэнне цэн заканчваюцца штрафамі, што робіць вытворчасць яшчэ менш рэнтабельнай.

Па выніках праверкі прадпрыемства аштрафавана на 400 тысяч рублёў.

Вось што атрымліваецца, калі беларускія “селекцыянеры” спрабуюць скрыжоўваць сацыялізм з капіталізмам.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёвец апынуўся сярод святкуючых 8 Сакавіка в’етнамак

Жыхар Магілёва Раман, які цяпер знаходзіцца ў в’етнамскім горадзе Нячанг, раніцай 8 сакавіка выпадкова апынуўся ў самым цэнтры святочных падзей.

На ўзбярэжжы Паўднёва-Кітайскага мора, дзе размешчаны курортны Нячанг, ён сустрэў вялікую колькасць жанчын у святочных строях. Мясцовыя жыхаркі адзначалі Міжнародны жаночы дзень і з задавальненнем пазіравалі перад камерай, піша komkur.info.

Як распавёў магілёвец, в’етнамкі радасна рэагавалі на яго жаданне сфатаграфаваць тое, што адбываецца на тэлефон: падыходзілі, усміхаліся і перадавалі прывітанні ўсім, хто ўбачыць гэтыя кадры.

Такім чынам звычайная ранішняя прагулка для магілёўца ператварылася ў яркую і нечаканую сустрэчу са святочнай атмасферай на беразе Паўднёва-Кітайскага мора.

Фотаздымак: komkur.info

Незалежнае СМІ раіць магілёўцам пераправерыць свае кнігі

Правесці ператрус на сваіх хатніх кніжных паліцах на прадмет пошуку кніг, выданых “экстрэмістамі” рэкамендуе магілёцам інтэрнэт-выданне “МогилевОнлайн”.

Сёння, 9 сакавіка 2026 года, стала вядома, што КДБ прызнаў “экстрэмісцкімі фармаваннямі” шэраг кніжных выданняў, якія раней працавалі ў Беларусі, але з пачаткам палітычных рэпрэсій былі вымушаныя перанесці сваю дзейнасць на мяжу. Гэта Lohvinau Publishing House і Andrei Yanushkevich Publishing, а таксама здаўна існаваўшы ў польскім Беластоку Kamunikat.org, які з нядаўніх часоў стаў выдаваць папяровыя версіі кніг, якія раней змяшчаў толькі ў анлайн-версіі.

“Згаданыя выдавецтвы на працягу некалькіх апошніх гадоў працуюць за межамі Беларусі і спецыялізуюцца на выпуску кніг на беларускай мове, уключаючы творы як мясцовых, так і папулярных замежных аўтараў” – піша “МогилевОнлайн”.

“Адзначым, што раней усе яны працавалі ў краіне, таму варта пераправерыць свае кніжныя паліцы” – дае “добрую” параду інтэрнэт-выданне.

Праўда, на гэтай рэкамендацыі “МогилевОнлайн” заканчвае свой клопат пра чытачоў. А што ж рабіць далей, пасля таго, як раптам прадукцыя гэтых выданняў будзе знойдзена на кніжных паліцах? З’есці? Разарваць? Закапаць? Здаецца, лепей за ўсё спаліць на агульным вогнішчы, як ў часы нацысцкай Германіі, якой кіраваў чалавек, пры якім там, па словах беларускага дыктатара, было “не ўсё толькі дрэннае”. 

Фотаздымак: ”МогилевОнлайн”

Магілёўскія ўлады зноў дэманструюць дрэннае веданне беларускай мовы

Расейшчына і трасянка настолькі ўкараніліся ў свядомасці чыноўнікаў Магілёўскага гарвыканкама, што бяздумна перакладаючы рускія словы, дэманструюць поўнае неразуменне іх у беларускай мове.

“Гастрофестиваль «Лепшы густ Магілёва»! С 16 по 29 марта в Могилёве пройдет настоящий праздник вкуса!” – абвяшчае тэлеграм-канал газеты гарвыканкама “Веснік Магілёва”.

Тое, што правядуць гастрафестываль, дзе будуць удзельнічаць ажно дзевяць устаноў харчавання, канешне, добра. Нядобра тое, што, выдумляючы беларускамоўную назву мерапрыемства, чыноўнікі нават не парупіліся запытацца ў якога-небудзь настаўніка беларускай мовы, а ці ўсё правільна напісана. Бо пры татальнай русіфікацыі і вывучэнні беларускай мовы насамрэч як непатрэбнай замежнай, пісьменных беларускамоўных людзей знайсці цяжка.

Бо калі б у Беларусі было сапраўднае хаця б дзвюхмоўе, то і чыноўнікі разумелі б, што пры правільным перакладзе назвы “Лучший вкус Могилева” на беларускую будзе “Лепшы смак Магілёва”.

У беларускай мове «густ» мае некалькі значэнняў: гэта эстэтычны густ (добры густ у адзенні, дызайне, музыцы); індывідуальныя перавагі («у яго іншы густ») і, што радзей – фізічнае адчуванне смаку ежы.

Таму фраза «Лепшы густ Магілёва» ўспрымаецца як «лепшы густ у стылі / эстэтыцы» або «лепшыя густы жыхароў».

Слова «смак» у беларускай мове ў першую чаргу азначае адчуванне ежы і напояў, што якраз пасуе для гастранамічнага фестываля. “Смак” непасрэдна звязаны з кулінарыяй і 

адразу выклікае гастранамічныя асацыяцыі. Таму «Лепшы смак Магілёва» дакладна асацыюецца з лепшай ежай / найлепшымі стравамі горада.

Можа прачытаўшы гэты артыкул, магілёўскія чыноўнікі ўсвядомяць, што «смак» – гэта ежа, гастраномія, а «густ» – гэта стыль, сімпатыі, абстракцыя.

Летась у Магілёве таксама праходзіў кулінарны фестываль. Тады магілёўскія чыноўнікі таксама паказалі сваё моўнае калецтва ў яго назве “Пачастунак па-магілёўскі”.

Фотаздымак: “Веснік Магілёва”

Дзелавая карупцыя ў Магілёве ўваходзіць у сістэму

Хабары, якія бяруць кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў Магілёва – не імпульсіўныя ўчынкі, не перагібы на месцах, а рабочы інструмент, убудаваны ў ланцужок паставак.

Дзве крымінальныя справы, узбуджаныя ў Магілёве з розніцай у некалькі месяцаў, сведчаць пра адно і тое ж: карупцыя ў сферы дзяржаўных закупак даўно перастала быць выключэннем і ператварылася ва ўстойлівую дзелавую практыку. 

Нядаўна стала вядома, што аператыўнікі АБЭЗ спынілі карупцыйную схему ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёва.

У яе цэнтры – 53-гадовы кіраўнік аддзела аднаго з прадпрыемстваў ЖКГ абласнога цэнтра, які атрымліваў грошы ад дырэктара камерцыйнай фірмы за тое, што тая выбіралася пастаўшчыком спецадзення, інструментаў і расходных матэрыялаў. Агульная сума незаконных узнагароджанняў перавысіла 20 тысяч рублёў.

У ходзе расследавання высветлілася, што схема не абмяжоўвалася адным прадпрыемствам: той жа бізнесмен сістэматычна перадаваў грошы кіраўнікам іншых дзяржаўных арганізацый Магілёва за лабіраванне інтарэсаў сваёй кампаніі.

Нагадваем, што падобная гісторыя адбылася ў сферы школьнага харчавання Магілёва.
З чэрвеня 2024 па кастрычнік 2025 года дырэктар прадпрыемства грамадскага харчавання не менш як 16 разоў атрымліваў хабары ад індывідуальных прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый. Абодва выпадкі, пры ўсім адрозненні галін, уладкаваныя па адной і той жа логіцы і носяць аднолькавую назву – сістэмная дзелавая карупцыя.

Фота – скрыншот рэпартажу тэлеграм-канала МУС Беларусі.