У Быхаве пайшлі на зайца, а падстрэлілі казулю

Быхаўскі браканьер падстрэліў казулю і закапаў яе ў снезе.

Трох паляўнічых затрымалі супрацоўнікі Быхаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Мужчыны палявалі на зайца, але адзін з іх, паддаўшыся спакусе, стрэліў у казулю, хоць ведаў, што цяпер дзейнічае забарона на здабычу гэтага віду парнакапытных.
Да таго ж у быхаўчаніна не было адпаведнага дазволу. Браканьер разрабіў тушу і закапаў яе ў снезе.
Пасля затрымання мужчына прызнаўся ў тым, што “менавіта ён незаконна здабыў казулю, пакуль сябры спрабавалі адшукаць зайца, і таемна ад іх разрабіў тушу забітай жывёлы”.
Памер шкоды, нанесенай дзяржаве, ацэнены ў 16 200 рублёў або 360 базавых велічынь. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ведамаснага сайта Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнік рыцарскага клуба “Барысфен” пад крыміналкай – крыніцы

Стала вядома, што адбываецца з кіраўніком рыцарскага клуба “Барысфен” пры Магілёўскім гарадскім доме культуры Паўлам Пастуховым (Станкевічам). Пасля адсідкі двух адміністрацыйных арыштаў запар, Павел быў ненадоўга выпушчаны на волю – паведамлялі mogilev.media. 

Пазней з’явілася інфармацыя, што кіраўнік рыцарскага клуба зноўку затрыманы, але заставаўся няясным яго статус. Сярод абазнаных крыніц гаворка вялася пра адміністрацыйны суд над Паўлам Пастуховым пасля новага затрымання. Аднак, гэта выглядала дзіўна на фоне абвяшчэння сілавікамі Народнага калектыва “Рыцарскі клуб “Барысфен”” пры Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і адпачынку “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Цяпер жа дасведчаныя крыніцы mogilev.media паведамляюць, што супраць Паўла Пастухова (Станкевіча) заведзеная крымінальная справа. Выглядае, што невялікая перадышка паміж адміністрацыйнымі арыштамі, дадзеная Паўлу ў пачатку снежня, была спробай выціснуць выбітнага дзеяча і папулярызатара сярэдневяковай беларускай культуры ў эміграцыю. 

Фота: “Магілёўскія ведамасці”

У Магілёве вадзіцель таксі абакраў пасажыра

Паездка на таксі ў нецвярозым стане каштавала магілёўцу яго ноўтбука.

Магілёвец вырашыў скарыстацца таксі, каб даехаць увечары дадому. Магчыма, усё было б добра, калі б пасажыр не быў на падпітку і ў выніку забыў свой ноўтбук коштам 2000 рублёў у салоне аўтамабіля.

Толькі раніцой ужо дома, абудзіўшыся пасля п’янага сна, ён зразумеў, што ноўтбука ў яго няма. Не дапамог нават званок вадзіцелю таксі, бо той аказаўся з хітрынкай, і паведаміў, што ніякіх рэчаў у яго ніхто не пакідаў.

Насамрэч, усё аказала іначай – вадзіцель папросту вырашых скарыстацца пакінутым у салоне таксі ноўтбукам, каб потым прадаць яго. Праўда, як сцвярджаюць у Ленінскім РУУС Магілёва, зрабіць ён гэта не паспеў. І гэта толькі дзякуючы таму, што ўладальнік оргтэхнікі своечасова звярнуўся ў міліцыю. Там хоць і ўзбудзілі крымінальную справу на вадзіцеля-вора, але і намякнулі, што той, хто забыў свой ноўтбук у грамадскім месцы, тым самым справакаваў злачынства.

Фотаздымак: astv.ru

Бухгалтарка з Магілёва аформіла сужыцеля на дзве працы і забірала зарплаты сабе

Мужчына пра гэта нават не здагадваўся. У Магілёве раней судзімую «эканамістку» абвінавачваюць у тым, што яна ашукала ўласную арганізацыю на 65 тысяч рублёў.

Супрацоўнікі БЭП затрымалі 41-гадовую бухгалтарку адной з гандлёвых арганізацый горада. 

Спрытная эканамістка фіктыўна аформіла на працу ў дзве крамы свайго сужыцеля. 

На працягу больш за год дзве зарплаты, якія штомесяц налічваліся на банкаўскую картку мужчыны, яго «дама сэрца» забірала сабе і траціла на розныя рэчы. 

Агульная сума шкоды перавысіла 65 тысяч рублёў.

Узбуджаная крымінальная справа па артыкуле аб махлярстве ў асабліва буйным памеры.

Падазраванай, раней судзімай за аналагічнае злачынства, пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала “МВД Беларуси”.

У Магілёве судзяць замежнага “мастака” за надпісы на будынках – здагадайцеся, якія

У Магілёве перад судом паўстане 26-гадовы замежны грамадзянін, які распаўсюджваў на сценах рэкламу інтэрнэт-крамы наркотыкаў. Абвінавачанне засяроджана, аднак, яшчэ і на шкодзе, нанесенай маёмасці і грамадскаму выгляду горада.

Пракуратура Магілёва накіравала ў суд крымінальную справу супраць 26-гадовага замежнага грамадзяніна. Яму інкрымінуецца псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах.

Устаноўлена, што ў снежні 2024 года абвінавачваны атрымаў аплачанае заданне – наносіць надпісы з рэкламай інтэрнэт-крамы, дзе незаконна прадаюцца наркатычныя рэчывы і псіхатропныя сродкі.

У Кастрычніцкім раёне горада ён выкарыстаў 27 аэразольных балонаў з фарбамі розных колераў, каб нанесці рэкламныя надпісы на агароджы чатырох прадпрыемстваў і ўстаноў.

Такія дзеянні абумовілі зніжэнне эстэтычных характарыстык аб’ектаў і неабходнасць правядзення аднаўленчых работ. Урон, нанесены злачынствам, склаў больш за 340 рублёў, паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці.

Праваахоўнікі затрымалі абвінавачанага на месцы здзяйснення злачынства. Сваю віну ён прызнаў у поўным аб’ёме і кампенсаваў нанесеную шкоду, аднак мера стрымання – заключэнне пад варту – пакінута пракурорам без змен.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крынiц.

У гандлюючай у Магілёве сетцы сэканд-хэндаў прайшлі масавыя затрыманні

Адзінаццаць мэнеджараў гандлюючай сэканд-хэндам у розных гарадах Беларусі сеткі крамаў «Адзенне з Еўропы» затрыманы праваахоўнымі органамі. Апрача падатковых злачынстваў, некаторых абвінавачваюць ў т.зв. экстрэмізме.

У паведамленні ў тэлеграм-канале Камітэта дзяржкантроля Беларусі аб затрыманні назва кампані  не падаецца. Разам з тым, па інфармацыі “Нашай Нівы”, гэта тычыцца менавіта сеткі “Адзенне з Еўропы”, якая мае 97 крамаў у 12 гарадах, у тым ліку ў Менску, Гомелі, Гародні, Магілёве і буйных райцэнтрах.

Супрацоўнікі камітэта дзяржкантролю па Гомельскай вобласці заявілі, што службовыя асобы кампаніі арганізавалі схему ўхілення ад падаткаў. Яны стварылі яшчэ 12 кампаній, аформілі на іх новыя гандлёвыя кропкі, і падзялялі паміж імі выручку. Гэта дало магчымасць, па версіі КДК, беспадстаўна карыстацца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання. У выніку бізнесмены не заплацілі больш за 3,8 млн рублёў падатку на прыбытак і ПДВ.

Затрыманыя 11 чалавек. Пры сілавой падтрымцы АМАП на маёмасць фігурантаў накладзены арышт – гэта 15 аб’ектаў нерухомасці, 8 аўтамабіляў агульным коштам 5,5 млн рублёў. Акрамя таго, былі канфіскаваныя 315 тыс.долараў ЗША, 150 тыс.еўра і 500 грамаў золата ў злітках.

На дадзены момант затрыманыя ўжо вярнулі 1,9 млн рублёў у якасці частковага пакрыцця шкоды, паведамляе КДК. Паводле ведамства, двое падазраваных маюць дачыненне да так званай «экстрэмісцкай» дзейнасці.

Тым часам гандлёвыя пункты кампаніі працягваюць працу, іх дзейнасць не прыпынялася.

Фота: Сетка “Адзенне з Еўропы”