У гандлюючай у Магілёве сетцы сэканд-хэндаў прайшлі масавыя затрыманні

Адзінаццаць мэнеджараў гандлюючай сэканд-хэндам у розных гарадах Беларусі сеткі крамаў «Адзенне з Еўропы» затрыманы праваахоўнымі органамі. Апрача падатковых злачынстваў, некаторых абвінавачваюць ў т.зв. экстрэмізме.

У паведамленні ў тэлеграм-канале Камітэта дзяржкантроля Беларусі аб затрыманні назва кампані  не падаецца. Разам з тым, па інфармацыі “Нашай Нівы”, гэта тычыцца менавіта сеткі “Адзенне з Еўропы”, якая мае 97 крамаў у 12 гарадах, у тым ліку ў Менску, Гомелі, Гародні, Магілёве і буйных райцэнтрах.

Супрацоўнікі камітэта дзяржкантролю па Гомельскай вобласці заявілі, што службовыя асобы кампаніі арганізавалі схему ўхілення ад падаткаў. Яны стварылі яшчэ 12 кампаній, аформілі на іх новыя гандлёвыя кропкі, і падзялялі паміж імі выручку. Гэта дало магчымасць, па версіі КДК, беспадстаўна карыстацца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання. У выніку бізнесмены не заплацілі больш за 3,8 млн рублёў падатку на прыбытак і ПДВ.

Затрыманыя 11 чалавек. Пры сілавой падтрымцы АМАП на маёмасць фігурантаў накладзены арышт – гэта 15 аб’ектаў нерухомасці, 8 аўтамабіляў агульным коштам 5,5 млн рублёў. Акрамя таго, былі канфіскаваныя 315 тыс.долараў ЗША, 150 тыс.еўра і 500 грамаў золата ў злітках.

На дадзены момант затрыманыя ўжо вярнулі 1,9 млн рублёў у якасці частковага пакрыцця шкоды, паведамляе КДК. Паводле ведамства, двое падазраваных маюць дачыненне да так званай «экстрэмісцкай» дзейнасці.

Тым часам гандлёвыя пункты кампаніі працягваюць працу, іх дзейнасць не прыпынялася.

Фота: Сетка “Адзенне з Еўропы”

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Канстанцін Ермаловіч, Віталій Мінкевіч, Ігар Казлоў, Павел Нікіценка, Сяргей Кірыковіч.

Прызнаныя палітзняволенымі.

Праваабарончая супольнасць лічаць іх справы палітычна матываванымі. Яны асуджаныя на закрытых працэсах.

Праваабаронцы настойваюць: разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў на закрытых судовых пасяджэнняў груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку праўдзівасці, дастатковасці, дапушчальнасці доказаў абвінавачвання.

Вадзім Слівінскі

Затрыманы.

Паводле праваабаронцаў нагодай для зняволення стаў бел-чырвона-белы сцяг.

У відэа сілавікоў Слівінскі кажа, што фатаграфаваўся з ім, калі скараў Эльбрус, а таксама ва Узбекістане і Кіргізіі падчас вандровак у горы.

Слівінскаму 38 гадоў. Ён дырэктар ТАА «Муссорт», якое займаецца перапрацоўкай адкідаў. Ён аматар экстрэмальных відаў спорту.

Міхаіл Юрынок

Затрыманы.

Паводле праваабаронцаў нагодай для зняволення сталі сталі татуіроўкі. Пра затрыманне 20-гадовага заўзятара паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы.