У Крычаўскім раёне бізнес умацоўвае пазіцыі

Нягледзячы на тое, што “Тыдзень беларускага бізнесу” доўжыцца ўсяго чатыры дні, у Крычаўскім раёне ён паспяхова папаўняе бюджэт.

Крычаўскія журналісты пацікавіліся ў начальніка аддзела эканомікі райвыканкама, як ідуць справы з прадпрымальніцтвам у рэгіёне.

Цікаўнасць была зусім не фармальнай. З учорашняга дня ў Беларусі стартаваў “Беларускі тыдзень прадпрымальніцтва”, які, чамусьці, працягнецца толькі чатыры дні.

Высветлілася, што:

  • паступленні ў бюджэт за студзень-верасень 2025 года ад суб’ектаў гаспадарання малога і сярэдняга прадпрымальніцтва раёна склалі 7,23 мільёна рублёў, або 123 працэнты да аналагічнага перыяду 2024 года;
  • удзельная вага ў агульным аб’ёме падатковых паступленняў ад такіх суб’ектаў гаспадарання склала 33,9 працэнта, што больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года – тады паказчык ледзь перавышаў 15 працэнтаў.

Прыкладна такая ж сітуацыя і ў іншых раёнах Магілёўшчыны.

Можна толькі ўявіць, што было б, калі б прадпрымальніцтва ў Беларусі не выкаранялася ўсімі магчымымі спосабамі, а ягоны “тыдзень” сапраўды складаўся, як у Бібліі, з сямі дзён.

Фота ілюстратыўнага характару з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 8 лістапада. Паўстанне ў Крычаве, знішчэнне гета ў Бабруйску

1696 год. Крычаўскія паўстанцы разграмілі харугву ВКЛ

У 1696 годзе ў Крычаве была раскватараваная харугва харунжага Вялікага княства Літоўскага Рыгора Агінскага, якая пачала займацца ў горадзе разбоем. 8 лістапада пачалося сумеснае ўзброенае паўстанне гараджан і сялян староства. Жыхары занялі замак і захапілі гарматы з якіх абстралялі харугву. Пачаўся жорсткі бой, у выніку якога харугва была разбіта, ацалелыя ваяры ўцяклі з горада.

Крычаў ХІХ ст.
Від на Крычаў у пач. ХІХ ст.

1916 год. Нарадзіўся Георгій Бенядзіктаў, заслужаны архітэктар БССР

Адзін з аўтараў праекта гасцініцы «Магілёў», пабудаванай у 1972 г. 

гасцініца Магілёў

1941 год. Знішчэнне гета ў Бабруйску.

Гета было створана ў Бабруйску ўжо ў першыя дні акупацыі горада нямецкімі войскамі. Асноўная частка масавых растрэлаў яўрэяў адбылася 7-8 лістапада 1941 года. Яўрэям было абвешчана, што іх павязуць у Палестыну. У рэальнасці ў дзевяці кіламетрах ад горада, каля дарогі на Слуцк іх ужо чакалі тры ямы, загадзя выкапаныя ваеннапалоннымі.

Бабруйскае гета

Чарговы кіраўнік сельгаспрадпрыемства атрымаў турэмны тэрмін за прыпіскі

У Крычаўскім раёне кіраўнік прадпрыемства АПК асуджаны да зняволення з адтэрміноўкай з-за ўкрывання падзежу 112 кароў.

Летам 2025 года пракуратура Крычаўскага раёна разам з міліцыяй праверыла буйны жывёлагадоўчы аб’ект мясцовага прадпрыемства АПК. Падчас пераліку жывёлы высветлілася, што на ферме не хапае значнай колькасці кароў.

Далейшае расследаванне паказала, што кіраўнік у 2024 годзе даваў падначаленым указанні не складаць акты аб падзежы жывёлы і ўносіць у справаздачы фіктыўныя даныя. Такім чынам, у дакументах “жывыя” каровы існавалі, хаця ў рэальнасці яны загінулі ці былі нібыта “накіраваныя на забой”.

У выніку на прадпрыемстве былі ўтоеныя факты падзежу 112 кароў. Усе гэтыя выпадкі афіцыйна не адлюстроўваліся ў бухгалтарскіх і вытворчых дакументах, што дазваляла трымаць “прыгожыя” паказчыкі і пазбягаць адказнасці за страты.

Справа дайшла да суду, дзе кіраўнік, на той момант ужо былы, цалкам прызнаў сваю віну.

Суд Крычаўскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Ён атрымаў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады, штраф у памеры 300 базавых велічынь (каля 12,6 тысячы рублёў) і пяцігадовую забарону займаць кіраўнічыя пасады.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Нагадаем, што такі самы прысуд быў вынесены ў Клічаве, дзе на лаўку падсудных трапіла былая намесніца дырэктара сельгаспрадпрыемства ў Бабруйскім раёне, якая праз прыпіскі хавала падзеж жывёлы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі: 30 верасня. Нарадзіўся Ота Шміт, вызваленне Крычава

1891 год. У Магілёве нарадзіўся Ота Юліевіч Шміт. 

Савецкі матэматык, географ, геафізік, астраном. Апошні вучоны-энцыклапедыст. Меў латышскае паходжанне.

Даследчык Поўначы, галоўны рэдактар першай Вялікай савецкай энцыклапедыі. 

Першы ў Магілёўскай вобласці Герой Савецкага Саюза.

Распрацаваў касмаганічную гіпотэзу ўтварэння целаў Сонечнай сістэмы ў выніку кандэнсацыі каласонечнага газава-пылавага воблака.

Яго імем названы першы савецкі навуковы ледакол, вуліцы, плошчы у 1200 населенных пунктах былога СССР. 

У Магілёве ёсць праспект імя славутага ўраджэнца. 

У 1956 годзе былі прапановы па перайменаванню Магілёва ў Шміт-на-Дняпры.

Ота Шміт

1943 год. Вызваленне Крычава

30 верасня 1943 год. Горад Крычаў быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

вызваленне крычава

Крычаўлянін сеў на 15 гадоў за забойства ў Расіі

Жыхар Крычава здзейніў забойства на тэрыторыі Расіі і хацеў схавацца дома, аднак яго ўсё роўна знайшлі, прычым даволі хутка.

Як высветліў суд Крычаўскага раёна, 29-гадовы малады чалавек у студзені мінулага года, будучы на тэрыторыі аднаго з катэджных пасёлкаў у Падмаскоўі, нанёс сем удараў нажом ахвяры.

Разам са сведкай забойства, яны адвезлі труп да вадасточнай трубы і кінулі там. Самі паехалі ў Крычаў, да дому забойцы. Сваё адзенне ён спаліў, а аўтамабіль пакінуў на непрыкметнай вуліцы.

Якім чынам падазраваны ў забойстве і яго памагаты былі знойдзены, у паведамленні пракуратуры не гаворыцца. Праўда, адзначаецца, што ў Расіі другі фігурант быў асуджаны яшчэ ў ліпені 2024 года за тое, што ўтойваў забойства і ўгон машыны. Атрымаў ён два з паловай гады зняволення.

На судзе ў Беларусі крычаўлянін ад паказанняў адмовіўся. Вынікам працэсу стала пакаранне ў выглядзе 15 гадоў калоніі узмоцненага рэжыму.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Падораны крычаўскаму цэнтру культуры дыван, старшыня райвыканкама прымаў асабіста

Прадпрымальніца з Крычава падарыла цэнтру культуры «чырвоную дарожку». Схільны да пазёрства кіраўнік мясцовай “вертыкалі” Шарай удзельнічаў ва ўрачыстай цырымоніі.

У Крычаве індывідуальная прадпрымальніца зрабіла незвычайны падарунак раённаму Цэнтру культуры – ўручыла новы дыван, які будзе «чырвонай дарожкай» для артыстаў і гасцей сцэны.

На перадачы падарунка прысутнічаў старшыня райвыканкама Аляксей Шарай. Ён падзякаваў прадпрымальніцу за актыўную грамадзянскую пазіцыю і клопат пра родны горад. “Любоў да малой радзімы праяўляецца ў дробязях” адзначыў старшыня.

Кричев Алексей Шарай

І гэта не проста словы, а прынцыповая пазіцыя Шарая. Ён вялікі аматар дробязяў і імкнецца ператварыць кожную з іх у падзею сусветнага масштабу з яго асабістым удзелам. 

Нядаўна старшыня райвыканкама выязджаў у поле і мацаў салому, а яшчэ раней асабіста прыбыў да дома, вакол якога скасілі траву і пазіраваў на фотасесіі. У прастамоўі такія паводзіны начальніка называюцца пазёрствам.

Фота раённай газеты “Крычаўскае жыццё”.

Пенсіянер з Крычава папрасіў у старшыні аблвыканкама лядовы палац

Казка пра рыбака і рыбку па-крычаўску:  Анатоль Ісачанка выканаў ролю рыбкі.

Анатоль Ісачанка правёў прыём грамадзян ў Крычаве. Мясцовыя ідэолагі, якія рыхтавалі сустрэчу, занадта перастараліся, дэманструючы адсутнасць праблем – да “губернатара” звярнуўся толькі адзін жыхар раёна.

Пажылы крычаўлянін (на здымку) выказаў старшыні аблвыканкама падзяку за новую паліклініку, падкрэсліў яе важнасць для пенсіянераў і ўсіх жыхароў рэгіёна.

Таксама ён падзякаваў начальству за рамонт дарогі Магілёў – Чавусы. 

Анатоль Ісачанка на ўсялікі выпадак сціпла заўважыў, што за ўсё гэта дзякаваць патрэбна Лукашэнку, які здароўя свайго не шкадуе дзеля развіцця сацыяльнай інфраструктуры ў Беларусі, а ўжо за раёны, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, гатовы і жыццё аддаць.

Пасля падзяк партыі і ўраду пенсіянер заявіў, што для поўнага шчасця яму ў прыватнасці, і Крычаву ў цэлым, тэрмінова неабходны лядовы палац. 

“Губернатар” згадзіўся з тым, што без палаца Крычаў не будзе выглядаць Крычавам, але, па-чалавечы кажучы, нагадаў аб неабходнасці жыць па сродках.

Камедыйны прыём, які нагадвае казку пра рыбака і рыбку, скончыўся абяцаннем таго, што пытанне будаўніцтва палацаў і зносу хацін у Крычаве вывучаць і адкажуць просьбіту ў пісьмовым выглядзе.

Ну, а стары, як водзіцца, пайшоў да сваёй старой…

Фота раённай газеты “Крычаўскае жыццё”.