Клімавічы: мілітарызм замест аграрнай адукацыі

Аграрныя СНУ Клімавічаў і Суража выхоўваюць не столькі земляробаў, колькі мілітарыстаў.

У межах так званага творчага абмену сустрэліся навучэнцы Клімавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа і Суражскага прамыслова-аграрнага тэхнікума.

Праўда, абменьваліся яны не ведамі і не навуковым досведам, а выключна патрыятызмам.

Паводле слоў арганізатараў клуба “За Радзіму”, “вырашана дадаць практыкі ў працэс навучання” і “паспяхова рыхтаваць не толькі запатрабаваных на рынку працы спецыялістаў, але і сапраўдных патрыётаў”.

Мяркуючы па тым, што кадраў на беларускіх сельгаспрадпрыемствах катастрафічна не хапае, а патрыётаў – хоць адбаўляй, атрымліваецца, што апошніх вырошчваюць значна лацвей, чым вучыць кампетэнтных аграрыяў.

Незразумела, як такі “творчы абмен” спалучаецца з нядаўнімі словамі Лукашэнкі пра тое, што “лепш працаваць на зямлі, чым ваяваць”.

Падаецца, што ідэя стварэння ваенна-патрыятычнага клуба належыць расіянам. Бо ў суседняй краіне даўно забыліся, як араць.

Фота раённай газеты.

Клімавіцкая раёнка абяцае абнародаваць сенсацыйны рэйтынг

Хто ўсё-ж такі з жыхароў Клімавіч знаходзіцца на сваёй пасадзе трыццаць гадоў?

Займальны анонс зрабіла Клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”. У адным з бліжэйшых нумароў журналісты абяцаюць распавесці пра тое, «кто из климовчан вот уже тридцать лет в одной должности».

Улічваючы непадробную цікавасць беларусаў да індывідуумаў, якіх трыццаць гадоў немагчыма адцягнуць ад адной пасады, верагодна, варта чакаць сенсацыі.

Галоўнае, каб “Родная ніва” не падманула надзеяў чытачоў аповедамі пра свінарак і пастухоў.

Бо ў раённых цэнтрах да халеры чыноўнікаў, якія не проста сядзяць у сваіх крэслах па тры дзясяткі гадоў, але і ўсе гэтыя гады абяцаюць засыпаць ямы на дарогах, якія маюць такі ж узрост, як стаж дзяржаўных служачых.

Праўда, з улікам сітуацыі, магчыма, праўладным СМІ даручана папулярызаваць гэтую з’яву, каб пераканаць суграмадзян у яе нармальнасці. Бо мудрасць, як і маразм, прыходзіць з гадамі.

Фота: скрыншот газеты “Родная ніва”.

У Клімавічах чыноўнік выявіў ямку на дарозе

Намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Шапкін, апрануты ў кепку, спрацаваў наперад і знайшоў яму на асфальце.

Паколькі сацыяльныя сеткі проста завалены скаргамі насельніцтва на стан дарог у абласным цэнтры і раёнах Магілёўшчыны, чыноўнікі, якія не ў стане навесці парадак ні ў год добраўпарадкавання, ні пазней, пачалі працаваць наперад і вырашылі самі інфармаваць грамадскасць пра колькасць ям і выбоін.

Такая “праца”, на іх думку, дазволіць знізіць колькасць скаргаў, якія немагчыма кантраляваць. У выпадку чаго, будзе адгаворка: шукаем, выяўляем, але ж не ўсё адразу.

Адзін з першых гэты метад апрабіраваў намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Аляксандр Шапкін

Ён сфатаграфаваўся побач з ямай на скрыжаванні вуліц Зялёная і Камсамольская ў Клімавічах, і заявіў, што гэта “чарговы маніторынг гарадскіх тэрыторый” з “выяўленнем дэфектаў дарожнага пакрыцця, што ўскладняюць праезд да гандлёвых аб’ектаў” і паабяцаў, што з ямай разбярэцца жылкамгас.

Добра, калі ў Клімавічах усяго адна яма, але выглядае на тое, што штаб добраўпарадкавання крыху прыхарошыў рэальны стан спраў.

Фота клімавіцкай раённай газеты.

Клімавіцкія сацработнікі правядуць турнір па шахматах у гонар усяго на свеце

Адразу некалькі святаў вырашылі аб’яднаць адным мерапрыемствам у клімавіцкім сацыяльным цэнтры.

У аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ўстановы «Клімавіцкі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» адбудзецца турнір па шахматах.

Сеанс адначасовай гульні на некалькіх дошках, паводле задумы сацыяльных работнікаў, стане адказам адразу на некалькі святаў і пастаўленых задач:

  • дзень кастрычніцкага перавароту;
  • год добраўпарадкавання;
  • “Актыўнае даўгалецце-2030”.

Міжпланетным гэты турнір, вядома, не назавеш, але ахоп у яго сапраўды шырокі.

Фота ілюстратыўнага характара з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 28 верасня. Гадавіна бітвы пры Лясной

1708 год. Адбылася бітва пры Лясной пад Прапойскам (сёння – Слаўгарад). 

Саюзныя Рэчы Паспалітай рускія войскі разбілі шведаў пад  час Паўночнай вайны (1700-1721). 

Пётр І назваў гэтую перамогу “маці Палтаўскай баталіі”. 

Гэта другая буйная бітва паміж спаборнікамі на тэрыторыі Беларусі, другая са станоўчым вынікам для рускіх войск. 

Да гэтага 10 верасня 1708 года адбылася бітва пры сяле Добрае каля Маляцічаў пад Мсціславам, якая не прынесла бакам перамогі, але і не адбылося традыцыйнай дагэтуль паразы рускіх.

Битва при Лесной 1708
1924 год. Нарадзіўся Анджэй Цеханавецкі. 

Польскі навуковец, беларусіст, брытанскі грамадска-культурны дзеяч. 

Заснавальнік Фундацыі Цеханавецкіх у Варшаве. 

Нашчадак князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх. Род Цеханавецкіх валодаў маёнткам пад Магілёвам.

У Цюбінгенскім універсітэце абараніў дысертацыю, прысвечаную слонімскаму тэатру.

Аўтар кнігі «Міхаіл Казімір Агінскі і яго „сядзіба музаў“ у Слоніме».

Анджей Цехоновецкий

1943 год. Вызваленне Клімавічаў

Клімавічы былі вызвалены падчас нямецка-савецкай вайны 837 стралковым палком 238 Карачаеўскай стралковай дывізіі.

Климовичи освобождение

Крысціна Ціманоўская вярнулася спаборнічаць у Японію

Ураджэнка Клімавічаў Крысціна Ціманоўская зноў прымае ўдзел у забегу ў Японіі, толькі цяпер пад польскім сцягам.

Забег у чатыры гады

13 верасня 2025 года ў Токіа стартаваў Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. Крысціна Ціманоўская прымае ў ім удзел – яна выступіць у жаночай эстафеце 4×100 м. Разам з ёй у каманднай заяўцы ад Польшчы фігуруюць Эва Свабода, Магдалена Нямчук, Аляксандра Піятроўская, Магдалена Стэфановіч, Марлена Гранашэўская (з іх на дарожку выйдуць толькі чацвёра, калі не здарыцца якога форс-мажора), піша выданне «Трыбуна».

Папярэднія забегі пройдуць 20 верасня, фінал жа прызначаны на 21-е.

Спартсменка прыехала на другі чэмпіянат свету разам са зборнай Польшчы (у 2023-м быў Будапешт). Увогуле ж гэта трэці турнір такога рангу у кар’еры Ціманоўскай агулам (Доха-2019 прайшла пад чырвона-зялёным сцягам).

На сёння ўраджэнка Клімавічаў з’яўляецца дзейнай чэмпіёнкай Польшчы на дыстанцыі 100 метраў (11,38). Тытул яна ўзяла ў жніўні пры адсутнасці траўмаванай зоркі польскага спрынту Эвы Свабоды. 11,38 сек дазволілі ўзяць тытул, але не дазволілі адабрацца на Чэмпіянат свету ў індывідуальную праграму.

Нагадаем, чатыры гады таму Крысціна Ціманоўская пакідала Токіа пад прыкрыццём дыпламатаў. У жніўні 2021-га, падчас Алімпійскіх гульняў у Японіі, лукашэнкаўская дэлегацыя спрабавала прымусам вывезці спрынтарку пасля таго, як яна публічна паскардзілася на тое, што яе без згоды ўнеслі ў склад няпрофільнай эстафеты 4 па 400 метраў. У аэрапорце Ціманоўская адмовілася сядаць у самалёт, папрасіла абароны ў японскай паліцыі і атрымала гуманітарную візу ў амбасадзе Польшчы. У гэтай краіне яна паспяхова працягнула сваю спартыўную кар’еру.

Што робіць Ціманоўская ў Токіа па-за спортам?

«Я другі раз у Японіі, але гэты найлепшы» – напісала спартсменка ў Instagram неўзабаве пасля прылёту ў Токіа.

Яна як заўжды актыўнічае ў сацсетках. Атлетка паказвае «закуліссе» чэмпіянату. Вельмі радавалася гасціннасці японцаў, якія трымаюць бясплатныя парасоны ля выхадаў з гатэля і мацоўні. Таксама адзначае імкненне мясцовых да чысціні, таму «ў залю мы ходзім у тапачках».

Сюрпрызам для бягухі сталі нізкія ўмывальні, разлічаныя пад не вельмі высокіх у параўнанні з еўрапейкамі японак.

У адным з апошніх ролікаў Ціманоўская паказала «распакаванне» падарункаў ад арганізатараў – на топ-турнірах прынята адорваць удзельнікаў. 

Акрамя таго, Ціманоўская катаецца на метро, каштуе мясцовую кухню. 

Скрыншот: Instagram Ціманоўскай

Адзінаццацігадовы клімаўчанін выратаваў на пажары свайго малодшага брата

У Клімавічах правільныя дзеянні 11-гадовага хлопчыка на пажары выратавалі жыццё яму і яго двухгадоваму брату.

Пажар у кватэры на другім паверсе  дома па вуліцы “50 год СССР”, адбыўся бліжэй да вечара 2 верасня 2025 года, паведамляе МНС. Там пражывае шматдзетная сям’я – бацькі і двое дзяцей. У той час у кватэры былі хлопчыкі 11 і двух гадоў. 

Раптам старэйшы Глеб пачуў гук аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, убачыў загаранне на балконе і дым у пакоі. Узяўшы малога брата, хлопчык пакінуў кватэру і пазваніў пажарным.

Калі прыехалі ратаўнікі, яны ўбачылі дым з акна балкона і загасілі агонь. Эвакуацыя жыхароў шматквтэрнага дома не спатрэбілася.

Скрыншот тэлеграм-канал МНС

Крысціна Ціманоўская распавяла пра цяжкі старт у польскай зборнай

Першы год у польскай спрынтарскай зборнай быў напоўнены канфліктамі і псіхалагічным ціскам, кажа былая клімаўчанка Крысціна Ціманоўская, якая нядаўна стала чэмпіёнкай Польшчы.

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская заваявала залаты медаль на чэмпіянаце Польшчы ў бегу на 100 метраў. У расповядзе “Белсату”, яна прызналася, што гэтая перамога была яе галоўнай мэтай пасля пераходу ў новы спартыўны дом. На дыстанцыі 200 метраў спартсменка не выступіла з-за хваробы, але поўная рашучасці дамагчыся поспеху і там: «Вярнулася з чэмпіянату задаволенай: паказала лепшы вынік сезона, нават нягледзячы на тое, што захварэла».

Аднак, шлях да прызнання быў няпросты. Ціманоўская прызналася, што яе з’яўленне ў зборнай Польшчы спачатку выклікала варожасць: яна заняла другое месца на чэмпіянаце краіны і выбіла іншую спартсменку з эстафеты, што выклікала напружанне ў камандзе. «Давялося два гады наладжваць адносіны – узгадвае яна – Спачатку мяне не прынялі, і псіхалагічна гэта быў вельмі цяжкі час».

Паваротным момантам стала змена трэнера. Па словах Ціманоўскай, пасля Алімпіяды ў Парыжы каманда калектыўна папрасіла звольніць спецыяліста, які «ўносіў разлад» і ствараў канфлікты. Федэрацыя пайшла насустрач, і ў зборнай усталявалася сяброўская атмасфера. «Цяпер мы адчуваем сябе адной камандай, падтрымліваем адна адну нават у асабістых забегах» – адзначыла бягуха.

Спартсменка параўнала гэта з досведам у Беларусі, дзе, па яе словах, на скаргі адносна трэніровак не звярталі ўвагі: «Мне казалі маўчаць і трэніравацца. Але як толькі я змяніла трэнера, адразу пачала паказваць лепшыя вынікі».

Цяпер Ціманоўская рыхтуецца да чампіянату свету па лёгкай атлетыцы, які стартуе 13 верасня ў Токіа. Паводле яе, зборная Польшчы мацнейшая, чым у мінулым годзе, калі заняла пятае месца ў Будапешце. Асаблівыя надзеі яна ўскладае на вяртанне ў каманду лідаркі Эвы Свабоды, якая доўгі час змагалася з траўмай.

Нагадаем, што ў 2021 годзе ўраджэнка Клімавічаў Крысціна Ціманоўская атрымала палітычны прытулак у Польшчы пасля спроб беларускіх чыноўнікаў гвалтоўна вярнуць яе з Алімпіяды ў Токіа. Сёння яна ўжо выступае пад сцягам Польшчы, мае польскае грамадзянства і будуе новую спартыўную кар’еру.

Скрыншот: Белсат

У Клімавіцкім раёне ў рамках вучэнняў паўзрываюць будынкі

Дзіўныя вайсковыя вучэнні пройдуць у Клімавіцкім раёне – у рамках іх будуць знесеныя некалькі будынкаў.

“У жніўні на тэрыторыі Клімавіцкага раёна праводзяцца вучэнні, у рамках якіх будзе знесена некалькі аварыйных будынкаў сельскагаспадарчых арганізацый. Такім чынам, вайскоўцы акажуць дапамогу клімаўчанам у справе навядзення парадку на зямлі” – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная Ніва”.

Як піша Mayday са спасылкай на мясцовыя тэлеграм-каналы, такія падрывы аформяць як дапамогу да “года добраўпарадкавання”, які абвешчаны ў Беларусі. Дзе менавіта будуць праходзіць вучэнні і сіламі якой вайсковай часткі не паведамляецца.

У савецкі час на мяжы Клімавіцкага і Крычаўскага раёнаў размяшчаўся ваенны аэрадром Крычаў-6. Гэта была найбліжэйшая вайсковая частка, але доўгі час яна стаяла напаўзакінутай.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Дызайнерку з Клімавічаў пакаралі за ўдзел у пратэстах

Дызайнерка Валерыя Аршаўская, якая родам з Клімавічаў, стала чарговай ахвярай палітычнага пераследу.

Як піша “Наша ніва”, жанчыне 27 гадоў. Яшчэ падчас навучання ў школе Валерыя была лаўрэткай рэспубліканскага конкурсу творчых і навукова-даследчых прац.

Пасля дзяўчына пераехала ў Менск, скончыла юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але ўрэшце стала працаваць мэнеджаркай праектаў у бюро інтэр’ераў Алены Булатай. 

Валерыю асудзілі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу — удзел у пратэстах. Верагодна, ёй прысудзілі «хатнюю хімію». 13 чэрвеня 2025 года жанчыну дадалі ў міліцэйскі так званы «спіс экстрэмістаў» падчас апошняга яго абнаўлення. Валерыя прызнаная палітычнай зняволенай.

Фотаздымак са старонкі Валерыі Аршаўскай у Аднакласніках