Крысціна Ціманоўская вярнулася спаборнічаць у Японію

Ураджэнка Клімавічаў Крысціна Ціманоўская зноў прымае ўдзел у забегу ў Японіі, толькі цяпер пад польскім сцягам.

Забег у чатыры гады

13 верасня 2025 года ў Токіа стартаваў Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. Крысціна Ціманоўская прымае ў ім удзел – яна выступіць у жаночай эстафеце 4×100 м. Разам з ёй у каманднай заяўцы ад Польшчы фігуруюць Эва Свабода, Магдалена Нямчук, Аляксандра Піятроўская, Магдалена Стэфановіч, Марлена Гранашэўская (з іх на дарожку выйдуць толькі чацвёра, калі не здарыцца якога форс-мажора), піша выданне «Трыбуна».

Папярэднія забегі пройдуць 20 верасня, фінал жа прызначаны на 21-е.

Спартсменка прыехала на другі чэмпіянат свету разам са зборнай Польшчы (у 2023-м быў Будапешт). Увогуле ж гэта трэці турнір такога рангу у кар’еры Ціманоўскай агулам (Доха-2019 прайшла пад чырвона-зялёным сцягам).

На сёння ўраджэнка Клімавічаў з’яўляецца дзейнай чэмпіёнкай Польшчы на дыстанцыі 100 метраў (11,38). Тытул яна ўзяла ў жніўні пры адсутнасці траўмаванай зоркі польскага спрынту Эвы Свабоды. 11,38 сек дазволілі ўзяць тытул, але не дазволілі адабрацца на Чэмпіянат свету ў індывідуальную праграму.

Нагадаем, чатыры гады таму Крысціна Ціманоўская пакідала Токіа пад прыкрыццём дыпламатаў. У жніўні 2021-га, падчас Алімпійскіх гульняў у Японіі, лукашэнкаўская дэлегацыя спрабавала прымусам вывезці спрынтарку пасля таго, як яна публічна паскардзілася на тое, што яе без згоды ўнеслі ў склад няпрофільнай эстафеты 4 па 400 метраў. У аэрапорце Ціманоўская адмовілася сядаць у самалёт, папрасіла абароны ў японскай паліцыі і атрымала гуманітарную візу ў амбасадзе Польшчы. У гэтай краіне яна паспяхова працягнула сваю спартыўную кар’еру.

Што робіць Ціманоўская ў Токіа па-за спортам?

«Я другі раз у Японіі, але гэты найлепшы» – напісала спартсменка ў Instagram неўзабаве пасля прылёту ў Токіа.

Яна як заўжды актыўнічае ў сацсетках. Атлетка паказвае «закуліссе» чэмпіянату. Вельмі радавалася гасціннасці японцаў, якія трымаюць бясплатныя парасоны ля выхадаў з гатэля і мацоўні. Таксама адзначае імкненне мясцовых да чысціні, таму «ў залю мы ходзім у тапачках».

Сюрпрызам для бягухі сталі нізкія ўмывальні, разлічаныя пад не вельмі высокіх у параўнанні з еўрапейкамі японак.

У адным з апошніх ролікаў Ціманоўская паказала «распакаванне» падарункаў ад арганізатараў – на топ-турнірах прынята адорваць удзельнікаў. 

Акрамя таго, Ціманоўская катаецца на метро, каштуе мясцовую кухню. 

Скрыншот: Instagram Ціманоўскай

Крысціна Ціманоўская распавяла пра цяжкі старт у польскай зборнай

Першы год у польскай спрынтарскай зборнай быў напоўнены канфліктамі і псіхалагічным ціскам, кажа былая клімаўчанка Крысціна Ціманоўская, якая нядаўна стала чэмпіёнкай Польшчы.

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская заваявала залаты медаль на чэмпіянаце Польшчы ў бегу на 100 метраў. У расповядзе “Белсату”, яна прызналася, што гэтая перамога была яе галоўнай мэтай пасля пераходу ў новы спартыўны дом. На дыстанцыі 200 метраў спартсменка не выступіла з-за хваробы, але поўная рашучасці дамагчыся поспеху і там: «Вярнулася з чэмпіянату задаволенай: паказала лепшы вынік сезона, нават нягледзячы на тое, што захварэла».

Аднак, шлях да прызнання быў няпросты. Ціманоўская прызналася, што яе з’яўленне ў зборнай Польшчы спачатку выклікала варожасць: яна заняла другое месца на чэмпіянаце краіны і выбіла іншую спартсменку з эстафеты, што выклікала напружанне ў камандзе. «Давялося два гады наладжваць адносіны – узгадвае яна – Спачатку мяне не прынялі, і псіхалагічна гэта быў вельмі цяжкі час».

Паваротным момантам стала змена трэнера. Па словах Ціманоўскай, пасля Алімпіяды ў Парыжы каманда калектыўна папрасіла звольніць спецыяліста, які «ўносіў разлад» і ствараў канфлікты. Федэрацыя пайшла насустрач, і ў зборнай усталявалася сяброўская атмасфера. «Цяпер мы адчуваем сябе адной камандай, падтрымліваем адна адну нават у асабістых забегах» – адзначыла бягуха.

Спартсменка параўнала гэта з досведам у Беларусі, дзе, па яе словах, на скаргі адносна трэніровак не звярталі ўвагі: «Мне казалі маўчаць і трэніравацца. Але як толькі я змяніла трэнера, адразу пачала паказваць лепшыя вынікі».

Цяпер Ціманоўская рыхтуецца да чампіянату свету па лёгкай атлетыцы, які стартуе 13 верасня ў Токіа. Паводле яе, зборная Польшчы мацнейшая, чым у мінулым годзе, калі заняла пятае месца ў Будапешце. Асаблівыя надзеі яна ўскладае на вяртанне ў каманду лідаркі Эвы Свабоды, якая доўгі час змагалася з траўмай.

Нагадаем, што ў 2021 годзе ўраджэнка Клімавічаў Крысціна Ціманоўская атрымала палітычны прытулак у Польшчы пасля спроб беларускіх чыноўнікаў гвалтоўна вярнуць яе з Алімпіяды ў Токіа. Сёння яна ўжо выступае пад сцягам Польшчы, мае польскае грамадзянства і будуе новую спартыўную кар’еру.

Скрыншот: Белсат