Як паведамляе прэс-служба УУС падчас атрымання хабару быў затрыманы намеснік дырэктара аднаго з прадпрыемстваў Бабруйска. Як мяркуюць аператыўнікі упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злаынствамі, 40-гадовы мужчына з кастрычніка мінулага года рэгулярна атрымліваў грошы ад кіраўніка камерцыйнай арганізацыі за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, звязаных з аплатай раней пастаўленых камплектуючых для вытворчасці. Сума хабару склала 41 000 рублёў.
Абодва ўдзельнікі карупцыйнай схемы затрыманы, узбуджана крымінальная справа.
Гэта свята непасрэдна датычыцца больш як 35 тысяч чалавек, якія працуюць у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама, і іх падапечных. А гэта – ні многа ні мала – больш за 1,8 мільёнаў людзей, якія стаяць на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Найбольш запатрабаванай на сёння формай сацыяльнага абслугоўвання пажылых і інвалідаў з’яўляецца дапамога на даму. Яе атрымліваюць каля 90 тысяч непрацаздольных жыхароў краіны.
1104 год. Нарадзілася Еўфрасіння Полацкая (Прадслава).
Святая ў праваслаўных і грэка-каталікоў, апякунка Беларусі.
Полацкая князёўна і ігумення, першая ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе падарожніца, паломніца.
У 1167 годзе ішла ў паломніцтва па Дняпры, праз Оршу, праз месца, дзе зараз стаіць Магілёў, магла прыпыняцца там, дзе зараз месціцца Паднікольскі манастыр.
У 1187 г. яе мошчы былі перанесены з Ерусаліма ў Кіева-Пячорскую лаўру.
У 1910 годзе пры вяртанні машчэй з Кіева ў Полацк, рака з парэшткамі святой стаяла тры дні ў Іосіфаўскім саборы ў Магілёве.
Пасля бацькі Юзафа Завадскага ўзначаліў выдавецтва Завадскага. Яго жонка – Вінцэнціна Завадская – аўтар папулярнай кулінарнай кнігі «Літоўская кухарка» (Вільня, 1854).
Супрацоўнічаў з многімі пісьменнікамі, у тым ліку з В. Дунінам-Марцінкевічам, у 1846 годзе выйшла яго першая кніга «Сялянка». Перапісваўся з М. Асорыя-Цяплінскім наконт выдання «Snopka Nadniemeńskiego» і збору яго твораў.
1891 год. Нарадзіўся Адам Пучкар-Хмялеўскі.
Рымска-каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч.
Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу, дзе далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. Святар з 1916 года, служыў у Бабруйску, Іркуцку, мінскіх касцёле Святых Сымона і Алены, кафедральным касцёле, у парафіях Койданава, Заслаўя, Воўчкавіч.
У 1926 годзе на з’ездзе каталіцкіх святароў Мінскай губерні выступіў з прапановай утварэння каталіцкай дыяцэзіі на чале з беларускім біскупам, падпарадкаваным непасрэдна Ватыкану, а не польскай іерархіі.
Арыштоўваўся ЧК у 1920, ДПУ БССР у 1933 годзе. Разам з іншымі святарамі асуджаны і сасланы ў лагеры.
Настаўнічаў, працаваў у газетах «Палеская праўда», «Літаратура і мастацтва», на Белдзяржкіно, «Беларусьфільме», Беларускім радыё, у Міністэрстве культуры.
Аўтар вершаў, апавяданняў, зборнікаў апавяданняў, драм, лірычных камедый, шэрагу гісторыка-рэвалюцыйных і ваенна-патрыятычных п’ес, у тым ліку «Цытадэль славы» (пастаноўка 1949; пад назвай «Брэсцкая крэпасць», 1953), «Простая дзяўчына», «На крутым павароце», «Брэсцкі мір», «Партызанская зона». Выступаў як кінадраматург: сцэнарыі фільмаў «Баям насустрач», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Паланэз Агінскага» і іншых.
Беларускі вучоны ў галіне лазернай фізікі і аптычнай апрацоўкі інфармацыі. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар,акадэмік. Заслужаны дзеяч навукі. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі.
Працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, загадчыкам Лабараторыі электронікі дырэктарам Інстытута электронікі Акадэміі навук.
Вынікі яго даследаванняў і распрацовак адлюстраваны больш чым у 400 навуковых працах, у тым ліку ў 3 манаграфіях. У галіне лазернай фізікі і аптычнай апрацоўкі інфармацыі створана прызнаная навуковая школа, сярод яго вучняў 3 дактары і 32 кандыдаты навук.
Памёр 2 красавіка 2018 года.
1933 года. У Сан-Францыска пачалося будаўніцтва аднаго з самых вядомых у свеце мастоў – “Залатая Брама”, “Залатыя Вароты” (Golden Gate Bridge). Вісячы мост праз праліў Залатыя Вароты.
Ён злучае горад Сан-Францыска на поўначы паўвострава Сан-Францыска і паўднёвую частку акругі Марын, побач з прадмесцем Саўсаліта. Быў самым вялікім вісячым мостам у свеце з моманту адкрыцця ў 1937 і да 1964 года.
Даўжыня моста – 1970 метраў, даўжыня асноўнага пралёта – 1280, вышыня апор – 230 метраў над вадой. Ад праезжай часткі да паверхні вады – 67 метраў.
Беларускі акадэмік, фізік і палітык. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Еўрапейскай акадэміі навук, мастацтваў і славеснасці.
Працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, дырэктарам Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі НАН Беларусі, прэзідэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1997-2000), Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу (2000-2003), загадчыкам лабараторыі Інстытута фізікі імя Б. Сцяпанава акадэміі навук.
Аўтар прац па лазернай фізіцы і оптыцы, дынаміцы нелінейных сістэм, фізіцы нанапамерных структур.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за цыкл работ «З’явы анізатрапіі ў лазерах і прынцыпы палярызацыйна лазернай спектраскапіі», Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя В. Капцюга за цыкл работ «Лазерная спектраскапія высокага дазволу і яе фундаментальныя прыкладанні».
Аўтар каля 250 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, даведніка, 25 вынаходніцтваў.
Беларускі мастак-жывапісец, калекцыянер. Яго бацька Антон Бархаткоў – славуты мастак, старэйшы брат Вітольд, хроснік акадэміка жывапісу Бялыніцкага-Бірулі, жонка Алена – мастачка.
Мастакі Бархатковы выстаўляюцца ў знакамітых галерэях па ўсім свеце, але жывуць у вёсцы пад Мінскам.
Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, вучыўся ў П. Крохалева і М. Данцыга. Вучыўся ў творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР у г. Мінску ў славутага М. Савіцкага.
Работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях у краінах СНД і за мяжой.
Мастакі Ігар І Алена Бархатковы
1984 год. У Мінску заснаваны музей «Дом Ваньковічаў».
Адкрыты ў 2000 годзе да 200-годдзя з дня нараджэння мастака Валенція Ваньковіча (1800—1842) як філіял Нацыянальнага мастацкага музея – музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя». Помнік палацава-сядзібнай архітэктуры, былы дом прадстаўнікоў беларускага шляхецкага роду Ваньковічаў.
У флігелі ўпраўляючага знаходзіцца офіс турыстычнай фірмы. У двары сядзібы ўстаноўлены помнік В. Ваньковічу. У сядзібным комплексе адрэстаўраваны гаспадарчы корпус, у якім спачатку знаходзіліся стайні і карэтная, а цяпер рэстаран «Грай», сядзібны дом, дзве афіцыны, гаспадарчыя пабудовы, фруктовы сад.
У мемарыяльных залах музея экспануюцца дакументы пра Валенція Ваньковіча і яго род, фотаздымкі і каляровыя рэпрадукцыі партрэтаў яго пэндзля, жывапісныя копіі, сапраўдныя жывапісныя творы іншых мастакоў першай паловы XIX стагоддзя, сучаснікаў Ваньковіча.
У астатніх пакоях дэманструюцца сядзібныя партрэты, прадметы ўбрання, мэбля XVIII-XIX стагоддзяў, партрэтная галерэя.
У час праверкі “Бабруйскага бровара” галоўным упраўленнем Мінстэрства антыманапольнага рэгулявання і гондлю па Магілёўскай вобласці было вызначана, што прадпрыемства прымяняла больш высокія надбаўкі на прадукцыю, чым дазваляецца па дзейсным заканадаўстве – піша БелТА.
Так, у перыяд з кастрычніка 2020 года па май 2021 года пры аптовай пастаўцы ў гандлёвыя сеткі Беларусі пюрэ, сокаў і нектараў “Бамболина”, а таксама сокаў і нектараў “Сочный”, “Бабруйскі бровар” замест устаноўленай гранічнай максімальнай надбаўкі 15% прымяняла аптовую надбаўку да 25%.
За гэтае парушэнне эканамічны суд Магілёўскай вобласці наклащ на кампанию штраф на суму Br147,6 тыс. Таксама да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута службовая асоба, адказная за фарміраванне цэн.
Мысліцель, асветнік і філосаф эпохі Асветніцтва, член ордэна піяраў. Прафесар філасофіі.
Вучыўся ў піярскіх навучальных установах ВКЛ, у Рыме. Працаваў прафесарам і прэфектам піярскіх калегіумаў, прэфектам піярскай друкарні, пробашчам у розных гарадах.
Аўтар падручніка «Логіка, або Навука разважання і меркавання пра прадметы навукі», курса «Эклектычная філасофія». Пераклаў з французскай мовы на польскую кнігу «Ваенная навука прускага караля для яго генералаў». У прадмове да яе выказаў сваё захапленне грамадскімі мерапрыемствамі, што ажыццяўляліся ў тагачаснай Беларусі, у прыватнасці будаўніцтвам Пінскага канала.
Як член Адукацыйнай камісіі, займаўся рэформай школьнага навучання ў Беларусі і Літве, лічыў свецкую этыку адной з асноўных адукацыйных дысцыплін. Член «Таварыства па складанні элементарных кніг», напісаў 2 раздзелы для школы «Статута парафіяльных школ» і настаўленне «Аб інспектаванні школ».
Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя, за развіццё навукі.
Памёр 17 сакавіка 1807 года.
1834 год.У в. Асінаўка Магілёўскай губерні (цяпер – Віцебскі раён) нарадзіўся Зміцер Сямёнаў.
Першы беларускі, другі рускі метадыст, папулярызатар геаграфічнай адукацыі, пісьменнік.
Настаўнічаў у Віцебску, Пецярбургу. Адзін з ініцыятараў адкрыцця ў Расіі настаўніцкіх семінарый. Першая такая семінарыя адкрыта ў Маладзечне ў 1864 годзе.
Дырэктар Кубанскай, Закаўказскай (г. Горы) настаўніцкіх семінарый.
Стаў другім, пасля К. Ушынскага метадыстам геаграфіі, рускай мовы.
Першым у Расіі стаў друкаваць у педагагічных часопісах паурочныя распрацоўкі па прадметах.
Распрацаваў шэраг першых наглядных дапаможнікаў для гімназій. Аўтар геаграфічнай хрэстаматыі «Айчыназнаўства» (6 тамоў), метадычнага дапаможніка для настаўнікаў “Каментары да нагляднага навучання па карцінках”, больш за 300 артыкулаў педагагічнага, біяграфічнага, крытычнага і гістарычнага зместу.
Распрацоўшчык краязнаўчага (радзімазнаўчага) прынцыпу выкладання геаграфіі. Яго ідэі закладзены ва ўведзеным у 1996 годзе вучэбным прадмеце для беларускай пачатковай школы “Мая Радзіма – Беларусь”.
Беларускі выдавец і публіцыст, апякун здольнай моладзі. Адзін з арганізатараў Віленскага друкарскага таварыства, літаратурна-грамадскага аб’яднання шрубаўцаў, рэдактар «Вулічныя навіны», «Dziennik Wileński», уладальнік друкарні, у якой друкаваліся «Статут ВКЛ» (1819), літаратурныя творы.
Сакратар Камісіі Часовага ўрада ВКЛ (1812). Марціноўскі стаў узорам новага тыпу патрыёта Беларусі: будучы палякам, любіць Беларусь, а будучы беларусам, любіць Польшчу.
1870 год. У Нью-Ёрку пачалося будаўніцтва Бруклінскага моста праз праліў Іст-Рывер.
Да будаўніцтва прыцягнулі 2 000 транспартных сродкаў і 150 000 гараджан. Мост будаваўся 13 гадоў, злучае Манхэтэн і Бруклін, яго даўжыня 1 825 метраў (цэнтральны пралёт – 486 метраў) пры шырыні 26 метраў, максімальная вышыня над Іст-Рывер – 41 метр.
Палатно маста ўтрымліваецца чатырма тросамі дыяметрам каля паўметра, прычым кожны з іх складаецца з 5434 сталёвых жыл. Гэтыя апорныя тросы абапіраюцца на дзве пабудаваныя ў гатычным стылі вежы, якія ўзвышаюцца над вадой на 84 метры.
Бруклінскі мост – папулярнае месца адпачынку і веласіпедных прагулак для жыхароў Нью-Ёрка, адзін з сімвалаў горада.
1888 год.Дзень нараджэння саломінкі для кактэйляў.
Першую штучную саломінку для кактэйлю вынайшаў амерыканскі прадпрымальнік Марвін Стоўн, уладальнік фабрыкі па вытворчасці папяровых цыгарэтных мунштукоў.
Ён вынайшаў яе падчас дэпрэсіі, калі папіваў кактэйль праз жытнюю саломінку. Некаторыя валокны жытняй саломінскі расшчапіліся і падчас чарговага ўцягвання вадкасці загразлі ў Марвіна на зубах. І гэта моцна яго раздражняла.
Тады ён узяў палоску паперы і намазаў яе край па ўсёй даўжыні клеем, наматаў спіраллю на аловак, а затым зняў атрыманую трубачку. Але звычайная папера хутка намакала і пераставала трымаць форму. Тады ён стаў выкарыстоўваць устойлівую паперу з манільскай пянькі, а дыяметр абраў такім, каб праз трубачку не праскоквала цытрынавая костачка.
Яшчэ ў старажытныя часы сярод арыстакратаў Егіпта і Месапатаміі лічылася модным піць праз залатую або срэбную трубачку.
У 1906 годзе была вынайдзена аўтаматычная машына для вырабу папяровых саломінак. У 1939 годзе амерыканец Джозэф Фрыдман заснаваў карпарацыю “Flexible Straw Corporation” і стаў выпускаць гафраваную саломінку, якая магла згінацца над шклянкай. Фрыдман знайшоў рынак збыту не толькі ў рэстаранах, але і ў шпіталях: ляжачых пацыентаў было зручна паіць з іх дапамогай.
У ІІ палове XX стагоддзя балтыморац Ота Дайфенбах вынайшаў пластыкавую саломінку для піцця.
Партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР.Намеснік наркама земляробства БССР. Працаваў на дзяржаўных і партыйных пасадах па ўсёй краіне, у тым ліку ў Бабруйску, Клімавічах. Загадваў аддзелам друку ЦК КП(б)Б, быў намеснікам рэдактара газеты «Беларуская вёска».
Арыштаваны НКУС 19 ліпеня 1930 года. Пакаранне адбываў у Салавецкім, Беламорска-Балтыйскім лагерах. Расстраляны 15 верасня 1937 года каля станцыі Сягежа ў Карэліі.
Настаўнічаў, служыў у Чырвонай Арміі, працаваў сакратаром Дудзіцкага сельсавета. Быў сябрам літаратурнага аб’яднання «Маладняк».
Аўтар вершаў, паэтычных зборнікаў, лірычных цыклаў.
Пераклаў на беларускую мову аповесць К. Гарбунова «Ледалом», кнігу выбраных твораў У. Бахмецьева «Людзі і рэчы», шэраг твораў М. Горкага, якія ўвайшлі ў 5 і 6-ы тамы Збору твораў М. Горкага на беларускай мове, раман М. Шолахава «Ціхі Дон» і іншыя. На яго верш «Расцём і дужэем» А. Туранкоў напісаў песню.
У лістападзе 1936 года арыштаваны НКУС, у 1937 асуджаны на 10 год пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у лагерах Сібіры.
Загінуў 12 мая 1940 года на будоўлі чыгункі каля Улан-Удэ.
Беларускі мастацтвазнавец, мастак, этнограф. Кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар. Даследчык народнага мастацтва, матэрыяльнай культуры Беларусі, зрабіў мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне беларускага народнага адзення ХІХ— пачатку ХХ стагоддзяў.
Аўтар альбомаў, кніг, серыі паштовых марак па народнаму адзенню, сцэнічных касцюмаў для розных мастацкіх калектываў, альбома «Беларускія народныя крыжы».
Каталіцкі архібіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі (да 3 студзеня 2021 года). Доктар тэалогіі. Член Мальтыйскага ордэна.
Служыў у Літве, Расіі і Беларусі.
Адлічаны з Гродзенскага педінстытута за наведванне касцёла і ўдзел у набажэнствах. Скончыў Ленінградскі політэхнічны інстытут, каўнаскую Духоўную семінарыю. Працаваў інжынерам на Вільнюскім заводзе шліфавальных станкоў. Вынайшаў «Прамысловы ўзор спецыяльнага высакахуткаснага шліфавальнага станка для Волжскага аўтамабільнага завода».
Служыў у Вільні, Друскеніках, біскупам Мінскай дыяцэзіі (1989-1991), у Расіі (1991-2007), архібіскупам-мітрапалітам Мінска-Магілёўскім (2007-2021), заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў і прычыніўся да выдання «Парадку Імшы» і «Катэхізіса» на беларускай мове, заснаваў маскоўскі Каледж каталіцкай тэалогіі імя святога Тамаша Аквінскага з 3 філіяламі, «Радыё Марыя» і Вышэйшую духоўную семінарыю «Марыя — Каралева Апосталаў» у Санкт-Пецярбургу,
Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам спыніць насілле і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян. Заявіў аб наяўных падставах меркаваць, што прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі праходзілі несумленна.
31 жніўня 2020 года, пасля вяртання з паездкі ў Польшчу, беларускія памежнікі адмовілі мітрапаліту ва ўездзе ў краіну. МУС Беларусі прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.
24 снежня 2020 года вярнуўся ў Беларусь і 3 студзеня 2021 года завяршыў пастырскую дзейнасць.
Настаўнічаў у Харкаўскай вобласці, арганізатар ашмянскай раённай газеты «Красное знамя», працаваў на Барысаўскім шклозаводзе, на кінастудыі «Беларусьфільм», у часопісе «Маладосць».
Аўтар апавяданняў, 10 зборнікаў прозы, раманаў.
Выкарыстоўваючы своеасаблівыя мастацкія формы, даследуе сучасныя праблемы існавання цывілізацыі ў Сусвеце: паводзіны звычайнага чалавека, які па няволі апынуўся ў чужым грамадстве; магчымасці найноўшых тэхналогій стварыць штучны розум, каб устанавіць дыктат над людзьмі; рэакцыя зямлян на незвычайныя бытавыя праявы, якія выкліканы кантактамі з іншапланецянамі.
1954 год. У в. Акулінцы Магілёўскага раёна нарадзіўся УладзімірКанаплёў.
Беларускі палітык, спартыўны функцыянер. Выхаванец геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута.
Працаваў настаўнікам, намеснікам дырэктара школы ў Шклове, у Шклоўскім РАУС, памочнікам дэпутата Вярхоўнага Савета А. Лукашэнкі, галоўным памочнікам прэзідэнта.
Дэпутат Вярхоўнага Савета XIII склікання, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, узначальваў дэпутацкую фракцыю “Згода”, быў намеснікам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу I і II склікання, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь III склікання.
Прэзідэнт Федэрацыі гандбола. Падтрымаў стварэнне рэгіянальнага часопіса “Магілёўскі мерыдыян”, выданне манаграфіі П. Лярскага “Прырода Магілёўскай вобласці”, праект мемарыялізацыі навуковай спадчыны вучоных-географаў Магілёўскага педінстытута.
2005 года. Указам прэзідэнта зацверджаны гербы Бабруйска, Дрыбіна, Слаўгарада, Чавус, Асіповічаў, Клічава, Касцюковічаў, Краснополля.
Прадстаўнік Ленінградскай школы харавога дырыжыравання.
Працавала ў Мінскім музычным вучылішчы імя Міхаіла Глінкі, дзе заснавала канцэртны хор. З 1987 года мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы.
Выканаўчай манеры Яфімавай былі ўласцівы глыбокае пранікненне ў змест твору, апора на класічны вакал.
Узнагароджана ордэнам Францыска Скарыны, ордэнам Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай Беларускай праваслаўнай царквы.
У першыя гадзіны новага 2023 года ў Беларусі нарадзілася 26 дзяцей: 11 хлопчыкаў і 15 дзяўчынак паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
А вось у першую хвіліну новага года новыя беларусы з’явіліся на свет менавіта ў Бабруйску і Мінску. “Першыя чатыры маленькія беларусы з новага, 2023 года з’явіліся ў Мінску і Бабруйску. Цяпер у дакументах аднаго хлопчыка і трох дзяўчынак будзе дата 01.01.2023 і час 0:01”, – адзначылі ў Мінздраве.
Як бачна, у магілёўскім рэгіёне першы нованароджаны 2023 года ў Беларусі нарадзіўся ў 0:01 у радзільнай бальніцы Бабруйска. Новы год падарыў маладым бацькам цудоўную дзяўчыну.
Усяго на Магілёўшчыне ўначы нарадзілася чацвёра дзетак – 2 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі.
У старабеларускай мове месяц назваўся стычень (як і ў польскай – Styczeń) пры гэтым славянская назва выкарыстоўвалася побач з лацінскай формай генвар. У выданнях Ф. Скарыны даецца народная назва студзеня – стычень, таксама яна ўпамінаецца ў «Храналогіі» Андрэя Рымшы (1581).
Слова студень выкарыстоўвалася ў старабеларускіх тэкстах у значэнні «холад».
Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 годзе, калі ў календары «Нашай нівы» былі пададзены прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі.
Паслядоўна ў «Нашай ніве» ўжываліся такія варыянты назвы: у 1907 – январ (стычань), у 1908 – стычань, у 1909 – январ, у 1910-1912 – студзень (январ); далей – студзень («бо дужа сцюдзёна»).
Іахім фон Зандрарт, Студзень, 1642.
“Студзень – году пачатак, зіме сярэдзіна”.
За гэты месяц паўдзённая вышыня сонца павышаецца на 8º (на 22 студзеня), амаль на 1,5 гадзіны павялічваеца дзень, але гэта недастаткова, каб паўплываць на тэмпературу паветра ў бок яе павышэння, – піша П. Лярскі ў кнізе “Прырода Магілёўскай вобласці” (2005).
У студзені сярэдняя шматгадовая тэмпература паветра ніжэйшая за снежаньскую толькі на 1ºС, у межах вобласці вагаецца ад -8,3º у Горках да -6,8ºС у Бабруйску. У Магілёве яна складае -7,6ºС.
Самая халодная трэцяя дэкада студзеня – на 1ºС ніжэй за пачатак месяца. Адзін раз на 4 гады сярэдняя тэмпература паветра ў студзені ніжэйшай за -10º, адзін раз на 20 гадоў -13ºС і ніжэй.
Студзень 1987 года стаў самым халодным за ўсю гісторыю метэаназіранняў з паказчыкам – 17,1ºС (у 1950 годзе -15ºС). А рэкорд цяпла пабіў студзень 1989 года, -0,6º (да гэтага быў рэкорд 1925 года -0,9ºС).
Глыбокія і доўгія адлігі пад уплывам марскога умеранага паветра, калі тэрмометр паказвае +3 +5ºС у студзені на тэрыторыі Магілёўшчыны не такія ўжо і рэдкія. 11 студзеня 2005 года у Магілёве фіксаваўся рэкорд +9,8º С.
У студзені нас турбуе і Арктыка. Арктычныя паветраныя масы часта прыносяць “калядныя маразы” – у канцв другой, пачатку трэцяй дэкады.
17 студзеня 1940 года быў пастаўлены рэкорд абсалютнай мінімальнай тэмпературы ў Магілёве -37,3º. Былі пастаўлены рэкорды і ў іншых месцах: Горкі -39,5ºС, Касцюковічы -38,1ºС, Бабруйск і Прапойск (з 1945 года – Слаўгарад) -37,4ºС, Клічаў -37,0ºС.
А вось на тэрыторыі Жорнаўскай лясной доследнай станцыі ў Асіповіцкім раёне слупок тэрмометра ўвогуле ўпаў да адзнакі -41ºС – самая нізкая з калі-небудзь адзначаных у Магілёўскай вобласці. Ад такіх марозаў поўнасцю загінулі граб і арэшнік.
У студзені менш за ўсё адліг. Дзён без адліг у Бабруйску – 21, Горках – 24.
За месяц у сярэднім выпадае ападкаў 40-45 мм. У 1915 годзе ў Магілёве выпала іх рэкордная колькасць – 103 мм, а ў 1947 годзе толькі толькі 3 мм. Амаль рэкордным па ападках стаў і 2004 год – 99,7 мм.
Сярэдняя вышыня снегавога порыва на канец месяца складае 25-30 см, а вось снежны 2004 год даў у студзені вышыню – 60 см.
Пры вялікіх марозах у Магілёве глеба прамярзае да 130 см пры адсутнасці значнага покрыва снега.
Доўгатэрміновы прагноз на студзень 2023 года (можа спраўдзіцца на 30%) такі:
Пасля адлігі на пачатку года, яшчэ магчыма адліга ў сярэдзіне месяца. У асноўным прагназуюцца тэмпературы паветра ўдзень ад -2 да -10ºС, уночы ад -5 да -13ºС, у самую халодную дэкаду студзеня начныя тэмпературы могуць скласці -10 -17ºС. Прагназуецца 2 дні ясных, 12 перменна ясных, 17 з воблачнасцю. 18 дзён будзе без ападкаў, 13 – з ападкамі, у тым ліку 4 – снег з дажджом.
Народныя прыкметы
Калі ў студзені дажджы – дабра не жджы.
Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік.
Студзень пагодны – будзе год плодны.
Калі студзень добра марозіць, селянін лучынку паліць і дровы з лесу возіць.
Калі студзень імглісты – мокры год, калі халодны – позняя вясна і халоднае лета.
Галіна з Бабруйска паўдзельнічала ў рэкламнай гульні сетцы крам “Санта” і выйграла прыстойны прыз з восьмай спробы, купіўшы Jacobs Coffee.
Жыхарка Бабруйска, як паведамляе bobr.by, стала ўладальнікам грашовага суперпрыза ў рэкламнай гульні “Час гуляць! Час перамагчы! ” ад “Санта”. Яна ўдзельнічала ў рэкламнай гульні з пачатку года, але ўдача стабільна праходзіла міма. А вось слоік Jacobs Coffee ў восьмым раўндзе аказаўся шчаслівым.
– Для нас сімвалічна, што пераможца жыве ў Бабруйску. У гэтым горадзе наша сетка даволі папулярная. Па колькасці крам “Санта” Бабруйск – першы ў рэгіёне. Ён нават наперадзе рэгіянальнага цэнтра, Магілёва. Любы пакупнік можа прыняць удзел у гульні. Прызавыя розыгрышы адбываюцца кожны дзень. – адзначыў прадстаўнік сеткі “Санта”.
Гульня праходзіць у крамах па ўсёй Беларусі. У галоўным розыгрышы маецца яшчэ больш уражлівыя прызы – дзве кватэры ў Мінску.
Масавая бойка пачалася на 28-й хвіліне матча паміж камандамі “Дынама-Шыннік” з Бабруйска і Санкт-Пецярбурскім “Дынама” – калі капітан гасцявой каманды Леанід Бойкаў ткнуў клюшкай у галкіпера бабруйскай каманды. Суддзі прызначылі 204 хвіліны штрафу на ўсіх.
Нягледзячы на гэта, бабруйскім хакеістам удалося вырваць валявую перамогу ў матчы Моладзевай хакейнай лігі, саступаючы 1:3 і давёўшы лік да 6:5 у овертайме. Усе чатыры хатнія гульні бабруйскай каманды ў розыгрышы турніра аказаліся пераможнымі а вікторыя над пецярбуржцамі – бадай, самай яркай.
Агей Зімаўказчык: “Агей-прарок сее шэрань на парог”.
Калі ў гэты дзень моцны мароз – то яму ў Каляды трашчаць, да Вадохрышча стаяць.
Калі шэрагнь на дрэвах, то Каляды будуць цёплымі.
Калі на Агея дзень будзе са светлым інеем – чакай заўтра ясны дзень. Снег да платоў прываліць ушчыльную – дрэннае лета, застанецца прамежак – ураджайнае.
Халодны Агей – да лютай зімы.
Які Агей, такі і красавік.
Калі мароз ударыць, то будзе стаяць марознае надвор’е яшчэ тры тыдні.
1709 год. Нарадзілася Лізавета Пятроўна, імператрыца расійская (1741-1762).
Дачка Пятра I і беларускі Марты Скаўронскай (Кацярыны I, польскае skowronek – жаўрук).
Марта Скаўронская (1684-1727) – расійская імператрыца (з 1721 як жонка імператара, з 1725 як кіруючая імператрыца), паходзіла з беларускіх сялян Мінскага ваяводства, прыгонных Сапегаў, католікаў. Яе бацька Самуіл Скаўронскі (або Янка Скаўрашчук, Скаварошчанка, Скавароцкі) збег у Інфлянты, дзе арэндаваў фальварак.
У верасні 1702 года Марта трапіла ў палон да Б. Шарамецева, потым да А. Меншыкава, а той прывёз яе ў чэрвені 1706 года ў Магілёў і перадаў Пятру І.
Імператрыца Лізавета аднавіла ролю Сената, калегій, Галоўнага магістрата, адмяніла смяротную кару, унутрыдзяржаўныя мытні, стварыла Улажэнную камісію для выпрацоўкі новага збору законаў, зрабіла першыя крокі да палітыкі асвечанага абсалютызму.
Па яе загаду былі адчынены першы ў краіне Маскоўскі ўніверсітэт (1755), Акадэмія мастацтваў.
1842 год. Нарадзіўся Восіп Лунц.
Беларускі ўрач і навуковец.
Выхаванец Маскоўскага ўніверсітэта, доктар медыцыны.
Тэрапеўт, заснавальнік процітуберкулёзнай дапамогі ў Мінску. У 1898 годзе заснаваў першы ў Беларусі дзіцячы супрацьтуберкулёзны санаторый. Член камісіі па арганізацыі БДУ.
Даследаваў пытанні эндакрыналогіі, туберкулёзу, педыятрыі.
Памёр у 1930 годзе.
Фота: Дом Лунца па вуліцы Захар’еўскай у Мінску (у цэнтры, самы нізкі будынак).
1863 год. Нарадзіўся Міхал Дзявочка.
Першы вядомы беларускі спартсмен-веласіпедыст.
Працаваў служачым на Лібава-Роменскай чыгунцы.
Пераможца гонак Масква – Ніжні Ноўгарад іПецярбург – Масква. У гонках на трэку ў 1894 годзе стаў чэмпіёнам Расіі, у 1896 — чэмпіёнам Англіі.
Фота носілюстратыўны характар. Цыклісты Польшчы
1883 год. Нарадзіўся Яўген Барычэўскі.
Беларускі літаратуразнавец і перакладчык. Прафесар.
Вучыўся ў Берлінскім, Маскоўскім універсітэтах, жыў у Германіі, Італіі. Настаўнічаў у Маскве, працаваў у Наркамасветы РСФСР, у БДУ, Інбелкульце, Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР, у Вышэйшым педінстытуце.
Сябраваў з Хадасевічам,Брусавым, Пастэрнакам.
Аўтар шэрагу кніг, сярод якіх хрэстаматыі «Мир искусств в образах поэзии…», «Тэорыя санету», у якой адзначаў, што ўпершыню строгія страфічныя формы з’явіліся ў М. Багдановіча. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання 2-томнага збору твораў Багдановіча, даследчык творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Гарэцкага і інш.
На пачатку 1930-х гадоў абвінавачваўся за «ідэалістычныя» падыходы да выкладання, варожае сацыяльнае паходжанне, «нацдэмаўшчыну». Паводле адных крыніц рэпрэсаваны, паводле іншых не быў арыштаваны.
Памёр 12 верасня 1934 года.
1884 год. Памёр ураджэнец фальварка Панюшкавічы (зараз – Бабруйскі раён) Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
Беларускі паэт і драматург, тэатральны крытык. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра, першы класік новай беларускай літаратуры. Пляменік і выхаванец магілёўскага біскупа Станіслава Богуш-Сестранцэвіча.
Падчас паўстання 1863-1864 гадоў арыштоўваўся за распаўсюджванні «шкодных для ўрада» ідэй, да самай смерці быў пад наглядам паліцыі. Яго дачка Каміла за сувязь з паўстанцамі была выслана ў Сібір.
Шмат падарожнічаў па Беларусі, Літве, Польшчы, Украіне.
Сябраваў з кампазітарам С. Манюшкам.
Валодаў некалькімі мовамі, выдатна ведаў беларускую вусна-паэтычную творчасць, пісьмовыя літаратуры.
Пісаў па-беларуску і па-польску. Выступаў як драматург і акцёр.
Аўтар оперных лібрэта, драмы «Сялянка» («Ідылія»), у якіх сяляне гавораць па-беларуску, паэтычных твораў, аповесцей, камедый «Пінская шляхта» і «Залёты».
Распрацоўваў новыя жанравыя формы – вершаванае апавяданне і аповесць, баладу.
Арганізатар тэатральнай трупы (больш за 20 чалавек) – першага беларускага тэатра (1840-1852), які выступаў у фальварку Люцынка, у Мінску, Бабруйску, Глуску і іншых месцах, пакуль не быў забаронены ўладамі (паказваліся спектаклі нелегальна да 1856 года).
Імя класіка носяць вуліца ў Мінску, Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску, тэатральная прэмія, Міжнародны фестываль нацыянальнай драматургіі.
У Мінску 3 верасня 2016 года адкрыты помнік кампазітару С. Манюшку і В. Дуніну-Марцінкевічу.
1912 год. Нямецкія рыбакі вылавілі ў Алеры, прытоку Везера, адной з галоўных рэк Германіі, кітайскага махнанога краба (Eriocheir sinensis).
Насельнік узбярэжжа Кітая, на тысячы кіламетраў падымаецца ўверх па плыні рэк, якія ўпадаюць у акіян.
У наступныя дзесяцігоддзі “прышэльцы”, якія распладзіліся на ўзбярэжжы Паўночнага мора, сталі сапраўдным бедствам для Цэнтральнай Еўропы. Яны наносяць велізарную шкоду рыбалоўству, спрытна крадуць з сетак рыбу, ірвуць самі сеткі, а таксама сваімі норамі шкодзяць плацінам, дамбам.
1934 год. Нарадзіўся Віктар Тарасаў.
Беларускі акцёр. Народны артыст БССРі СССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Выканаўца больш за 30 тэатральных роляў.
Дасканалым майстэрствам пераўвасаблення, высокай акцёрскай тэхнікай, псіхалагічнай дасканаласцю і адзінствам знешняй і ўнутранай характарнасці вызначаюцца ролі: Заслонаў («Канстанцін Заслонаў» А. Маўзона), Ф. Скарына («Напісанае застаецца» А. Петрашкевіча), Сцяпан Дзямідчык («Апошні журавель» А. Дударава і А. Жука), Гараднічы («Рэвізор» М. Гогаля), Сафонаў («Рускія людзі» К. Сіманава) і іншых.
Здымаўся ў 60 фільмах, у тым ліку «Бацька», «Крушэньне імпэрыі», «Уваскрэсная ноч», «Дзяржаўная граніца», «Дэбют», «Вадзіцель аўтобуса», «Песня пра зубра». Удзельнічаў у тэлепастаноўках: «Крах», «Людзі на балоце».
Памёр 9 лютага 2006 года.
1937 год. Расстраляны Яфім Мінін.
Беларускі мастак. Займаўся гравюрай, жывапісам, ілюстрацыямі кніг; піянер беларускага экслібрысу і майстар ксілаграфіі.
З віцебскага старажытнага стараверскага роду (з пачатку XVIII ст.).
Выкладаў у Віцебскіх мастацка-практычным інстытуце, мастацкім тэхнікуме.
У 1929 годзе, пасля выставы Асацыяцыi рэвалюцыйных мастакоў Украiны, усе яго гравюры набыў музэй Кiеўскага ўнiверсітэта. Шмат гравюр набыў маскоўскі Музей выяўленчых мастацтваў iмя Пушкiна.
У 1930-х гг. афармляў літаратурныя творы М. Горкага і І. Тургенева.
Член Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства, Беларускага таварыства бібліяфілаў, Камісіі гісторыі мастацтва Інстытута беларускай культуры.
Аўтар ксіліграфій з выявамі краявідаў Віцебска і яго наваколля, помнікаў драўлянага беларускага дойлідства, помнікаў гісторыі і архітэктуры.
Творы мастака захоўваюцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музэя Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, зборах бібліятэк Масквы, Санкт-Пецярбургу, Кіева, .
Арыштаваны 1 лістапада 1937 году, асуджаны да расстрэлу.
1956год. Нарадзіўся Зміцер Колас.
Беларускі перакладчык. Сын тэатральнага крытыка і літаратара Георгія Коласа, малодшы брат Уладзімера Коласа.
Скончыў перакладчыцкі факультэт Інстытута замежных моў.
Працаваў перакладчыкам у Алжыры, выкладчыкам мастацкага перакладу на францускім факультэце Інстытута замежных моў.
Загадваў выдавецтвам пры Беларускім гуманітарным ліцэі, працаваў галоўным рэдактарам выдавецтва «Энцыклапедыкс».
Займаецца выдавецкай справай, кіруе ўласным выдавецтвам.
Перакладчык на беларускую мову твораў А. Камю, Ж.-П. Сартра, Гі дэ Мапасана, А. Роб-Грые, Н. Сарот, Л. Арагона і яшчэ двух дзясяткаў аўтараў, Таксама пераклаў урыўкі з «Песні пра Ралянда».
1956 год. Нарадзіўся Мікалай Андрэеў.
Беларускі акцёр, рэжысёр.
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут і Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі.
Працаваў артыстам дзяржаўнага лялечнага тэатра, галоўным рэжысёрам Гродзенскага абласнога тэатра лялек, кіраўніком курса акцёраў тэатра лялек у Гродзенскім вучылішчы мастацтваў.
З красавіка 2004 года ўзначальваў Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” ў Маладзечне. Сярод яго пастановак: — «Чароўная дудачка» У. Вольскага, «Чортаў скарб» У. Караткевіча, «Тысяча і адна ноч», «Самазабойца» М. Эрдмана, «Тутэйшыя» Янкі Купалы і іншыя.
Памер 31 студзеня 2020 года.
1958 год. З Крымінальнага кодэкса выключана паняцце “вораг народа”.
Словазлучэнне “вораг народа” ўпершыню было выкарыстана ў расійскай рэвалюцыйнай практыцы ў жніўні 1917 года ва ўлётках Камітэта народнай барацьбы з контррэвалюцыяй.
Першым “ворагам народа” названы генерал Л. Карнілаў, які падняў мяцеж.
Тэрмін “вораг народа” ужываўся і ў афіцыйных дакументах, у прыватнасці, у частцы 2 артыкула 131 Канстытуцыі СССР гаварылася: “Асобы, якія замахваюцца на грамадскую, сацыялістычную ўласнасць, з’яўляюцца ворагамі народа.”
Юрыдычна паняцце перажыло сталінскую эпоху і знікла з савецкага заканадаўства толькі ў 1977 годзе, з прыняццем “Брэжнеўскай Канстытуцыі”.
Ворагі народа былі і раней, і ў многіх дзяржавах. Напрыклад, Рымскі сенат абвясціў Нерона ворагам народа ў 68 годзе нашай эры. А ў новы час тэрмін “вораг народа” атрымаў шырокі распаўсюд у часы Французскай рэвалюцыі для пазначэння супернікаў рэжыму і для абгрунтавання масавага тэрору.
“Ворагі народа” заўсёды ёсць там, дзе існуюць недэмакратычныя рэжымы.
1967 год. Дж.-А. Уілер упершыню ўжыў у публічнай лекцыі тэрмін «чорная дзірка».
Чорная дзі́рка – вобласць у прасторы-часе, гравітацыйнае прыцягненне якой настолькі вялікае, што пакінуць яе не могуць нават аб’екты, якія рухаюцца з хуткасцю святла, у тым ліку кванты самога святла. Мяжа гэтай вобласці называецца гарызонтам падзей, а яе характэрны памер – гравітацыйным радыусам.