Дзень у гісторыі. 29 снежня. Знікненне паняцця “вораг народа” і з’яўленне “чорнай дзіркі”. Нарадзіліся напалову беларуска імператрыца Лізавета. Дзень памяці Дуніна-Марцінкевіча

Агей, Агееў дзень (народны каляндар). 

Агей па мянушцы Шэрань Сей.

Агей Зімаўказчык: “Агей-прарок сее шэрань на парог”.

Калі ў гэты дзень моцны мароз – то яму ў Каляды трашчаць, да Вадохрышча стаяць.

Калі шэрагнь на дрэвах, то Каляды будуць цёплымі.

Калі на Агея дзень будзе са светлым інеем – чакай заўтра ясны дзень. Снег да платоў прываліць ушчыльную – дрэннае лета, застанецца прамежак – ураджайнае.

Халодны Агей – да лютай зімы.

Які Агей, такі і красавік.

Калі мароз ударыць, то будзе стаяць марознае надвор’е яшчэ тры тыдні.

 1709 год. Нарадзілася Лізавета Пятроўна, імператрыца расійская (1741-1762). 

Дачка Пятра I і беларускі Марты Скаўронскай (Кацярыны I, польскае skowronek – жаўрук).

Марта Скаўронская (1684-1727) – расійская імператрыца (з 1721 як жонка імператара, з 1725 як кіруючая імператрыца), паходзіла з беларускіх сялян Мінскага ваяводства, прыгонных Сапегаў, католікаў. Яе бацька Самуіл Скаўронскі (або Янка Скаўрашчук, Скаварошчанка, Скавароцкі) збег у Інфлянты, дзе арэндаваў фальварак. 

У верасні 1702 года Марта трапіла ў палон да Б. Шарамецева, потым да А. Меншыкава, а той прывёз яе ў чэрвені 1706 года ў Магілёў і перадаў Пятру І.

Імператрыца Лізавета аднавіла ролю Сената, калегій, Галоўнага магістрата, адмяніла смяротную кару, унутрыдзяржаўныя мытні, стварыла Улажэнную камісію для выпрацоўкі новага збору законаў, зрабіла першыя крокі да палітыкі асвечанага абсалютызму.

Па яе загаду былі адчынены першы ў краіне Маскоўскі ўніверсітэт (1755), Акадэмія мастацтваў.

1842 год. Нарадзіўся Восіп Лунц. 

Беларускі ўрач і навуковец.

Выхаванец Маскоўскага ўніверсітэта, доктар медыцыны.

Тэрапеўт, заснавальнік процітуберкулёзнай дапамогі ў Мінску. У 1898 годзе заснаваў першы ў Беларусі дзіцячы супрацьтуберкулёзны санаторый. Член камісіі па арганізацыі БДУ.

Даследаваў пытанні эндакрыналогіі, туберкулёзу, педыятрыі.

Памёр у 1930 годзе.

Фота: Дом Лунца па вуліцы Захар’еўскай у Мінску (у цэнтры, самы нізкі будынак).

1863 год. Нарадзіўся Міхал Дзявочка. 

Першы вядомы беларускі спартсмен-веласіпедыст.

Працаваў служачым на Лібава-Роменскай чыгунцы.

Пераможца гонак Масква – Ніжні Ноўгарад і Пецярбург – Масква. У гонках на трэку ў 1894 годзе стаў чэмпіёнам Расіі, у 1896 — чэмпіёнам Англіі.

Фота носілюстратыўны характар. Цыклісты Польшчы

1883 год. Нарадзіўся Яўген Барычэўскі. 

Беларускі літаратуразнавец і перакладчык. Прафесар.

Вучыўся ў Берлінскім, Маскоўскім універсітэтах, жыў у Германіі, Італіі. Настаўнічаў у Маскве, працаваў у Наркамасветы РСФСР, у БДУ, Інбелкульце, Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР, у Вышэйшым педінстытуце.

Сябраваў з Хадасевічам, Брусавым, Пастэрнакам.

Аўтар шэрагу кніг, сярод якіх хрэстаматыі «Мир искусств в образах поэзии…», «Тэорыя санету», у якой адзначаў, што ўпершыню строгія страфічныя формы з’явіліся ў М. Багдановіча. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання 2-томнага збору твораў Багдановіча, даследчык творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Гарэцкага і інш.

На пачатку 1930-х гадоў абвінавачваўся за «ідэалістычныя» падыходы да выкладання, варожае сацыяльнае паходжанне, «нацдэмаўшчыну». Паводле адных крыніц рэпрэсаваны, паводле іншых не быў арыштаваны.

Памёр 12 верасня 1934 года.

1884 год. Памёр ураджэнец фальварка Панюшкавічы (зараз – Бабруйскі раён) Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Беларускі паэт і драматург, тэатральны крытык. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра, першы класік новай беларускай літаратуры. Пляменік і выхаванец магілёўскага біскупа Станіслава Богуш-Сестранцэвіча.

Падчас паўстання 1863-1864 гадоў арыштоўваўся за распаўсюджванні «шкодных для ўрада» ідэй, да самай смерці быў пад наглядам паліцыі. Яго дачка Каміла за сувязь з паўстанцамі была выслана ў Сібір.

Шмат падарожнічаў па Беларусі, Літве, Польшчы, Украіне. 

Сябраваў з кампазітарам С. Манюшкам. 

Валодаў некалькімі мовамі, выдатна ведаў беларускую вусна-паэтычную творчасць, пісьмовыя літаратуры.

Пісаў па-беларуску і па-польску. Выступаў як драматург і акцёр.

Аўтар оперных лібрэта, драмы «Сялянка» («Ідылія»), у якіх сяляне гавораць па-беларуску, паэтычных твораў, аповесцей, камедый «Пінская шляхта» і «Залёты».

Распрацоўваў новыя жанравыя формы – вершаванае апавяданне і аповесць, баладу.

Арганізатар тэатральнай трупы (больш за 20 чалавек) – першага беларускага тэатра (1840-1852), які выступаў у фальварку Люцынка, у Мінску, Бабруйску, Глуску і іншых месцах, пакуль не быў забаронены ўладамі (паказваліся спектаклі нелегальна да 1856 года).

Імя класіка носяць вуліца ў Мінску, Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску, тэатральная прэмія, Міжнародны фестываль нацыянальнай драматургіі.

У Мінску 3 верасня 2016 года адкрыты помнік кампазітару С. Манюшку і В. Дуніну-Марцінкевічу.

1912 год. Нямецкія рыбакі вылавілі ў Алеры, прытоку Везера, адной з галоўных рэк Германіі, кітайскага махнанога краба (Eriocheir sinensis). 

Насельнік узбярэжжа Кітая, на тысячы кіламетраў падымаецца ўверх па плыні рэк, якія ўпадаюць у акіян.

У наступныя дзесяцігоддзі “прышэльцы”, якія распладзіліся на ўзбярэжжы Паўночнага мора, сталі сапраўдным бедствам для Цэнтральнай Еўропы. Яны наносяць велізарную шкоду рыбалоўству, спрытна крадуць з сетак рыбу, ірвуць самі сеткі, а таксама сваімі норамі шкодзяць плацінам, дамбам.

1934 год. Нарадзіўся Віктар Тарасаў. 

Беларускі акцёр. Народны артыст БССР і СССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Выканаўца больш за 30 тэатральных роляў.

Дасканалым майстэрствам пераўвасаблення, высокай акцёрскай тэхнікай, псіхалагічнай дасканаласцю і адзінствам знешняй і ўнутранай характарнасці вызначаюцца ролі: Заслонаў («Канстанцін Заслонаў» А. Маўзона), Ф. Скарына («Напісанае застаецца» А. Петрашкевіча), Сцяпан Дзямідчык («Апошні журавель» А. Дударава і А. Жука), Гараднічы («Рэвізор» М. Гогаля), Сафонаў («Рускія людзі» К. Сіманава) і іншых.

Здымаўся ў 60 фільмах, у тым ліку «Бацька», «Крушэньне імпэрыі», «Уваскрэсная ноч», «Дзяржаўная граніца», «Дэбют», «Вадзіцель аўтобуса», «Песня пра зубра». Удзельнічаў у тэлепастаноўках: «Крах», «Людзі на балоце».

Памёр 9 лютага 2006 года.

1937 год. Расстраляны Яфім Мінін. 

Беларускі мастак. Займаўся гравюрай, жывапісам, ілюстрацыямі кніг; піянер беларускага экслібрысу і майстар ксілаграфіі.

З віцебскага старажытнага стараверскага роду (з пачатку XVIII ст.).

Выкладаў у Віцебскіх мастацка-практычным інстытуце, мастацкім тэхнікуме.

У 1929 годзе, пасля выставы Асацыяцыi рэвалюцыйных мастакоў Украiны, усе яго гравюры набыў музэй Кiеўскага ўнiверсітэта. Шмат гравюр набыў маскоўскі Музей выяўленчых мастацтваў iмя Пушкiна.

У 1930-х гг. афармляў літаратурныя творы М. Горкага і І. Тургенева.

Член Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства, Беларускага таварыства бібліяфілаў, Камісіі гісторыі мастацтва Інстытута беларускай культуры.

Аўтар ксіліграфій з выявамі краявідаў Віцебска і яго наваколля, помнікаў драўлянага беларускага дойлідства, помнікаў гісторыі і архітэктуры.

Творы мастака захоўваюцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музэя Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, зборах бібліятэк Масквы, Санкт-Пецярбургу, Кіева, .

Арыштаваны 1 лістапада 1937 году, асуджаны да расстрэлу.

1956 год. Нарадзіўся Зміцер Колас. 

Беларускі перакладчык. Сын тэатральнага крытыка і літаратара Георгія Коласа, малодшы брат Уладзімера Коласа.

Скончыў перакладчыцкі факультэт Інстытута замежных моў.

Працаваў перакладчыкам у Алжыры, выкладчыкам мастацкага перакладу на францускім факультэце Інстытута замежных моў.

Загадваў выдавецтвам пры Беларускім гуманітарным ліцэі, працаваў галоўным рэдактарам выдавецтва «Энцыклапедыкс».

Займаецца выдавецкай справай, кіруе ўласным выдавецтвам.

Перакладчык на беларускую мову твораў А. Камю, Ж.-П. Сартра, Гі дэ Мапасана, А. Роб-Грые, Н. Сарот, Л. Арагона і яшчэ двух дзясяткаў аўтараў, Таксама пераклаў урыўкі з «Песні пра Ралянда».

1956 год. Нарадзіўся Мікалай Андрэеў. 

Беларускі акцёр, рэжысёр.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут і Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі.

Працаваў артыстам дзяржаўнага лялечнага тэатра, галоўным рэжысёрам Гродзенскага абласнога тэатра лялек, кіраўніком курса акцёраў тэатра лялек у Гродзенскім вучылішчы мастацтваў.

З красавіка 2004 года ўзначальваў Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” ў Маладзечне. Сярод яго пастановак:  — «Чароўная дудачка» У. Вольскага, «Чортаў скарб» У. Караткевіча, «Тысяча і адна ноч», «Самазабойца» М. Эрдмана, «Тутэйшыя» Янкі Купалы і іншыя.

Памер 31 студзеня 2020 года.

1958 год. З Крымінальнага кодэкса выключана паняцце “вораг народа”. 

Словазлучэнне “вораг народа” ўпершыню было выкарыстана ў расійскай рэвалюцыйнай практыцы ў жніўні 1917 года ва ўлётках Камітэта народнай барацьбы з контррэвалюцыяй. 

Першым “ворагам народа” названы генерал Л. Карнілаў, які падняў мяцеж.

Тэрмін “вораг народа” ужываўся і ў афіцыйных дакументах, у прыватнасці, у частцы 2 артыкула 131 Канстытуцыі СССР гаварылася: “Асобы, якія замахваюцца на грамадскую, сацыялістычную ўласнасць, з’яўляюцца ворагамі народа.”

Юрыдычна паняцце перажыло сталінскую эпоху і знікла з савецкага заканадаўства толькі ў 1977 годзе, з прыняццем “Брэжнеўскай Канстытуцыі”.

Ворагі народа былі і раней, і ў многіх дзяржавах. Напрыклад, Рымскі сенат абвясціў Нерона ворагам народа ў 68 годзе нашай эры. А ў новы час тэрмін “вораг народа” атрымаў шырокі распаўсюд у часы Французскай рэвалюцыі для пазначэння супернікаў рэжыму і для абгрунтавання масавага тэрору. 

“Ворагі народа” заўсёды ёсць там, дзе існуюць недэмакратычныя рэжымы.

1967 год. Дж.-А. Уілер упершыню ўжыў у публічнай лекцыі тэрмін «чорная дзірка». 

Чорная дзі́рка – вобласць у прасторы-часе, гравітацыйнае прыцягненне якой настолькі вялікае, што пакінуць яе не могуць нават аб’екты, якія рухаюцца з хуткасцю святла, у тым ліку кванты самога святла. Мяжа гэтай вобласці называецца гарызонтам падзей, а яе характэрны памер – гравітацыйным радыусам.