Больш за ўсё наркаманаў у Магілёўскай вобласці – у Бабруйску, Магілёве і Асіповічах.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, за 2022 год наркалагічнай службай вобласці ўзята пад назіранне 293 наркаспажыўцы (за 2021 год – 231). Рост на 71% – прыводзіць дадзеныя Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Узята пад дыспансернае назіранне з залежнасцю ад наркатычных сродкаў 49 чалавек (за 2021 год – 30), то бок маецца рост паказчыка на 63%.
Пад прафілактычнае назіранне ўзята спажыўцоў наркатычных сродкаў 244 чалавек (за 2021 год – 201) – больш на 21%. У тым ліку непаўналетніх – 17. Зза 2021 год было 14, гэта дэманструе рост паказчыка на 21%.
На 1 сакавіка 2023 пад наглядам наркалагічнай службы вобласці знаходзіцца 656 спажыўцоў наркатычных сродкаў (год назад іх было 644 чалавек), у тым ліку на дыспансерным уліку з залежнасцю ад наркатычных сродкаў – 285 чалавек (у 2022 годзе – 318), пад прафілактычным назіраннем – 371 чалавек (2022 год – 326) і тут рост паказчыка складае 13,8%. Сярод апошніх – 11 непаўналетніх асоб, як і ў мінулым годзе.
Найбольшая колькасць наркаспажыўцоў, якія знаходзяцца пад наглядам наркалагічнай службы, жывуць у Бабруйску – 52,9% (347 чалавек), Магілёве – 23,5% (154) і Асіповічах – 8,2% (54).
Сярэднестатыстычны наркаспажывец у Магілёўскай вобласці – гэта мужчына 30-50 гадоў, гараджанін, раней судзімы, з сярэдняй або сярэдне-спецыяльнай адукацыяй, не жанаты, беспрацоўны.
Штогод у Беларусі памірае да 100 чалавек ад перадазіроўкі наркотыкаў. Праблема наркаманіі ідзе поруч з праблемай распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі, вірусных гепатытаў.
У краіне назіраецца тэндэнцыя амаладжэння асоб, якія дапускаюць немедыцынскае спажыванне наркотыкаў. Сведчаннем таго з’яўляецца павелічэнне колькасці выяўленых нарказлачынстваў, учыненых з удзелам непаўналетніх.
Аналіз наркасітуацыі ў краіне паказвае, што наркаманы раней аддавалі перавагу марыхуане, гераіну, метадону. У цяперашні час шырокае распаўсюджванне сярод наркаспажыўцоў атрымалі сінтэтычныя псіхастымулятары – альфа-pvp і мефедрон.
Басейн у Круглым плануецца ўзвесці ў цэнтры горада па вуліцы Новая.
Круглянскі раённы выканаўчы камітэт пачынае працэдуру грамадскага абмеркавання архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі басейна ў г. Круглае.
Басейн будзе прызначаны для выкарыстання школай і можа функцыянаваць як агульнадаступны фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Будынак басейна будзе аднапавярховым, каркасным.
У будынку запраектаваны басейн 25 на 8 метраў і глыбінёй 1,2-1,45 метраў, а таксама “лягушатнік” для навучання дзяетак – паведамляе раённая газета “Сельскае жыццё”.
Выканкам Беларускай федэрацыі футбола прыняў канчатковае рашэнне адносна рэгламента Чэмпіяната краіны па футболе на 2023 год.
У сувязі з тым, што каманда з першай лігі “Макслайн”, што прабілася ў вышэйшы дывізіён праз стыкавыя матчы, занадта маладая і не з’яўляецца сябрам федэрацыі патрэбныя два гады, яна была выключаная з розыгрышу чэмпіяната. Просьбу кіраўніцтва каманды прымяніць у дачыненні да “Макслайн” з Рагачова выключэнне адхілілі. У выніку колькасць каманд Вышэйшай лігі будзе няцотнай – 15 клубаў.
У эліце застаецца “Белшына”, якая ў мінулым сезоне заняла 12-ты радок з 30 ачкамі за 30 гульняў. “Днепр” з 12 баламі заняў апошні радок турнірнай табліцы ў 2022 годзе і вылецеў у Першую лігу.
Чэмпіянат стартуе 17 сакавіка, а завершыцца 3 снежня. Гуляць, дарэчы, будуць афіцыйным мячом чэмпіянату свету-2022, піша pressball.
Абласное зімовае свята «Магілёўская лыжня» пройдзе ў Чавусах у суботу 18 лютага на базе раённай СДЮШАР – анансуе падзею газета “Іскра”. Свята праводзіцца дзеля папулярызацыі здаровага ладу жыцця.
Традыцыйна пройдуць чатыры старты лыжнай эстафеты, у якіх прымуць удзел больш за 700 лыжнікаў-бюджэтнікаў. Гэта каманды структурных падраздзяленняў абласнога, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, праваахоўных органаў і сілавых структур, клубаў па гульнявых відах спорту, абласных цэнтраў і вучылішчаў алімпійскага рэзерву. Чакаюць таксама аматараў лыжнага спорту.
У залежнасці ад узросту будзе сфарміравана 12 забегаў сярод мужчын і жанчын. Самую кароткую дыстанцыю пабягуць спартсмены-аматары ў катэгорыях 60+ – усяго 1 км, самую доўгую – ва ўзросце 18-29 гадоў – 3 км трасы.
У месцы правядзення лыжні арганізоўваецца пракат спартыўнага абсталявання, выязны гандль з гарачай кавай, гарбатай, юшкай і салдацкай кашай.
Пераможцы атрымаюць грошы, медалі, дыпломы.
Свята “Чавуская лыжня-2023” прайшло ў мінулыя выходныя.
Сервіс, які прадстаўляе інфармацыю пра наяўнасць і кошты лекавых сродкаў больш чым у 4 000 аптэках Беларусі перастаў адкрывацца з 13 лютага. Спецыялісты тэхнічнай падтрымкі сайта паведамілі журналістам, што збой адбыўся з-за масіраванай хакерскай атакі і “ўсё вельмі сур’ёзна”.
Сайт з’яўляецца буйнейшым сервісам інфармавання пра наяўнасць лекавых сродкаў у аптэках населеных пунктаў. На ім размяшчаюцца таксама інструкцыі па прымяненні лекаў. Калі будзе вернутая функцыянальнасць рэсурса – не паведамляецца.
У Магілёўскай вобласці за мінулы год выяўлена новых 173 хворых на СНІД і паказчык захварваемасці склаў 17,2 чалавек на 100 000 насельніцтва – інфармуе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Усяго ў Магілёўскай вобласці за перыяд 1987–2023 гадоў зарэгістраваны 2471 выпадак ВІЧ-інфекцыі. Зараз з ВІЧ пражывае 1950 чалавек (у 2021 – 174 новых выпадкі, у 2022 – 173).
Пераважае палавы шлях перадачы інфекцыі – 72,8%. Удзельная вага жанчын – 39,3%, мужчын – 60,6%.
Больш за ўсё захварэўшых – ва ўзроставай групе 15-49 гадоў – 83,8%.
Сярод пацыентаў з ВІЧ-інфекцыяй у 2022 годзе пераважалі асобы без пэўнай дзейнасці – 39,8%, працоўныя – 31,4%, служычыя – 6,3%. 4,6% пацыентаў выяўлена пры паступленні ў месцы пазбаўлення волі.
Магілёўская вобласць па паказчыках захворвання – “сярэднячок” сярод рэгіёнаў. Лідыруюць традыцыйна Гомельская вобласць, Мінск. Самы нізкі ўзровень мае Гродзенская вобласць.
Самая цяжкая сітуацыя па захворванню у вобласці – у Асіповіцкім раёне.
Увогуле, сітуацыя з распаўсюджваннем ВІЧ/СНІД у краіне з’яўляецца крытычнай. Ацэнкі хворых вагаюцца ад 25 000 да амаль 40 000. Напрыклад, па разліках Spectrum яшчэ ў 2020 годзе колькасць людзей з ВІЧ складала каля 28 000, па дадзеных UNAIDS у 2020 годзе называлася колькасць інфіцыраваных 37 000.
Краіна знаходзіцца на трэцім месцы ў Еўропе па колькасці новых выпадкаў заражэння, саступаючы Расіі і Украіне.
Штогод каля 3000 чалавек звяртаецца ў арганізацыі аховы здароўя Магілёўскай вобласці ў сувязі з пакусамі жывёл.
У 2022 годзе пацярпелі 2947 чалавек, больш чым у 2021-м на 66 чалавек, у асноўным з прычыны павелічэння кантактаў з бадзяжнымі жывёламі. Больш за палову тых, хто звярнуўся, маюць патрэбу ў шпіталізацыі і ўвядзенні акрамя вакцыны – антырабічнага імунаглабуліну.
Асноўным рэзервуарам віруса шаленства ў прыродзе з’яўляюцца ваўкі, лісіцы, янотападобныя сабакі. У структуры захворвання сярод жывёл у Магілёўскай вобласці, як і ў папярэднія гады, пераважалі лісы, на долю якіх у 2022 годзе прыпадала больш як 46 працэнтаў ад усіх зарэгістраваных выпадкаў. У мінулым годзе вырасла доля янотападобных сабак да 20%, на буйных рагатых жывёл прыйшлося 13%.
Паводле дадзеных ветэрынарнай службы, больш як трэць ад усіх зарэгістраваных у 2022 годзе ў Беларусі выпадкаў шаленства сярод жывёл прыпала на Магілёўскую вобласць – 84 выпадкі з 260, піша “Родная ніва” са словаў урача-эпідэміёлага аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталлі Марозавай.
Кіраўнік медыцынскай асацыацыі Хітацу Кікучы абвінавачваецца ў арганізацыі аперацый па трансплантацыі органаў японскім пацыентам у Беларусі і іншых краінах, насуперак Закону аб трансплантацыі ў Японіі. Адзін з хворых памёр – пішуць японскія СМІ.
Дэпартамент сталічнай паліцыі Токіо абвінаваціў 62-гадовага Хітацу Кікучы, кіраўніка некамерцыйнай арганізацыі “Асацыяцыя падтрымкі пацыентаў з цяжкавырашальнымі хваробамі” па падазрэнні ў парушэнні Закона аб трансплантацыі органаў за пасярэдніцтва ў трансплантацыі органаў у беларускім шпіталі без дазволу японскага ўраду. Гэта першы выпадак у Японіі, калі чалавек быў злоўлены па падазрэнні ў арганізацыі перасадкі органаў без дазволу, у Японіі ці за мяжой.
Згодна з заявай японскай паліцыі, з кастрычніка па лістапад 2021 года Кікучы прапанаваў 40-гадоваму мужчыне, які жыў у Токіо і пакутаваў ад цырозу печані, ажыццявіць перасадку органа за мяжой. Пры гэтым ён не атрымліваў неабходны дазвол міністра аховы здароўя, працы і сацыяльнага забеспячэння, на вядзенне бізнеса па перасадцы органаў. Аперацыя па перасадцы печані была зроблена ў сталіцы Беларусі, Мінску.
Reuters паведамляе, што пасля аперацыі стан хворага пагоршыўся. З матэрыяла інфармацыйнага агенцтва можна зрабіць выснову, што пасля вяртання ў Японію пацыенту былі вымушаны зрабіць паўторную трансплантацыю, выкарыстаўшы донарскі матэрыял аднаго з членаў сям’і, але нягледзячы на гэта, мужчына памёр.
Японскія медыя падкрэсліваюць, што Хітацу Кікучы падштурхоўваў пацыента і яго сваякоў да аперацыі словамі: “Стан печані зусім ледзь-ледзь, таму лепш рухацца хутчэй”. Таксама ён паведаміў родным хворага, што “Перасадка органаў можа быць зроблена ў Беларусі, Узбекістане або Кыргызстане”.
Пасля гэтага мужчына пералічыў на рахунак асацыяцыі, якую ўзначальвае Кікучы, каля 33 мільёнаў ен (больш за 250 000 долараў ЗША) на аплату трансплантацыі, а затым, у студзені мінулага года ён быў накіраваны ў Беларусь. Сталічная міліцыя палічыла, што гэтыя дзеянні адбыліся з парушэннем Закона аб трансплантацыі органаў, які забараняе несанкцыянаванае атрыманне органаў.
Хітацу Кікучы
У адказ на расследаванне Кікучы прызнаўся, што сапраўды рэкамендаваў аперацыю па трансплантацыі мужчыне, але адхіліў абвінавачванні ў незаконнасці гэтых дзеянняў, заявіўшы: “Я думаў, што дазвол у Японіі не патрабуецца для аперацыі за мяжой” – піша yomiuri.co.jp.
Прыцягальнасць “беларускага маршрута”
Японскія СМІ паведамляюць, што летась “Асацыяцыя падтрымкі пацыентаў з цяжкавырашальнымі хваробамі” накіравала ў Беларусь яшчэ двух пацыентаў. Аднаму з іх, 50-гадоваму мужчыне, у ліпені перасадзілі нырку. Другі – мужчына гадоў 40 – перанёс адначасовую трансплантацыю ныркі і печані ў верасні.
Усе тры беларускіх пацыенты з Японіі атрымалі не жывую трансплантацыю (ад жывога чалавека), а донарамі органаў былі людзі, якія памерлі на месцы. У Кыргызстане і іншых краінах асацыяцыя, якой кіруе Кікуры таксама арганізоўвала трансплантацыю – былі перасаджаныя ныркі ад жывога донара.
Журналісты мяркуюць, што прыцягальнасць “беларускага маршрута” для арганізацыі трансплантацый звязана з тым, што ў Беларусі дзейнічае “прэзумпцыя згоды” на перасадку органаў чалавека, які заўчасна загінуў, (напрыклад, у аварыі) пацыентам. Гэтая акалічнасць і дала такійскай паліцыі падставу для прад’яўлення абвінавачванняў Кікуры – пад абмежаванне японскага заканадаўства трапляе менавіта перасадка органаў ад нежывога чалавека.
“Стан жанчыны пагоршыўся адразу пасля аперацыі”
Японская “Асацыяцыя падтрымкі пацыентаў з цяжкавырашальнымі хваробамі” была створана ў 2007 годзе і арганізавала каля 180 аперацый па перасадцы органаў за мяжой.
Выданне NHK.news web узяло інтэрв’ю ў аднаго з пацыентаў асацыяцыі. Мужчына, які пагадзіўся на інтэрв’ю, мае 50-гадовы ўзрост і жыве ў рэгіёне Канта.
Яму пяць гадоў таму дыягнаставалі вострую нырачную недастатковасць, тры разы на тыдзень ён праходзіць дыяліз, але, як ён кажа, донара для трансплантацыі знайсці было складана.
– Мне сказалі, што мне давядзецца чакаць у сярэднім ад 18 да 20 гадоў, каб знайсці донара ў Японіі. Падчас лячэння мне сказалі, што я змагу пражыць пяць гадоў, калі буду шмат працаваць, так што я падумаў, што я ніколі не паспею. – патлумачыў ён планаванне трансплантацыі за мяжой выданню.
Гэты хворы сустрэўся з Хітацу Кікучы, а потым іншы чалавек, які мае дачыненне да асацыяцыі, моцна прыспешыў яго, сказаўшы: “У мяне тэрміновая вакансія.”
Мужчына-пацыент не захацеў упусціць гэтую магчымасць і перавёў на прызначаны рахунак прыкладна 22 мільёны ен (каля 168 000 долараў). У гэты час, калі мужчына спытаў дырэктара Кікучы і яго паплечнікаў: «Ці ёсць што-небудзь незаконнае?», яны сказалі: «Усё законна».
Затым яму паведамілі, што аперацыя будзе зроблена ва Узбекістане, і мужчына накіраваўся ва Узбекістан.
– Калі я прыехаў, мне было даручана ехаць у Кыргызстан, а пасля прыезду ў Кыргызстан я наведаў шпіталь, дзе рабілі аперацыю па трансплантацыі. Гэта была пяціпавярховая бальніца, і супрацоўнікі патлумачылі, што я буду ляжаць у рэанімацыі.
Акрамя таго, паводле папярэдніх тлумачэнняў асацыяцыі, яму было вядома, што аперацыю будзе праводзіць турэцкі лекар, які працуе ў нацыянальнай бальніцы і з’яўляецца надзейным. Але на месцы яму сказалі, што лекар, які вядзе пацыента, з’яўляецца егіпцянінам.
Мужчына-пацыент расказаў выданню, што была яшчэ адна японка, якая прыйшла ў гэтую бальніцу, каб атрымаць аперацыю па трансплантацыі пры пасярэдніцтве той жа асацыяцыі. Паводле яго словаў, «стан жанчыны пагоршыўся адразу пасля аперацыі… Мне стала непрыемна ад гэтага, і я вярнуўся дадому».
Мужчына паведаміў, што палову яго грошай яму вярнулі, а астатняе не.
Вядома, што 9 лютага Дэпартамент сталічнай паліцыі Японіі правёў ператрусы ў філіялах “Асацыяцыі падтрымкі пацыентаў з цяжкавырашальнымі хваробамі” падчас якіх быў канфіскаваны спіс з каля 150 пацыентаў.
На сённяшні дзень Магілёўская вобласць засталася без каманд у вышэйшай ліге па футболе Беларусі. «Белшына» за парушэнне фінансавага крытэрыя не атрымала ліцэнзію.
Камітэт па ліцэнзаванні клубаў Беларускай федэрацыі футбола не дапусціў 4 футбольных клуба да спаборніцтваў у вышэйшай ліге. У выніку вышэйшая футбольная ліга “скарацілася” да 11 клубаў. «Белшына» засталася без ліцэнзіі, але мае права на апеляцыю.
Як паведамілі на сайце АБФФ, чатыром футбольным клубам Камітэт адмовіў у ліцэнзіі:
ФК «Слуцк» – Артыкул 40 (крытэрый персаналу),
ФК «Белшына» за парушэнне артыкула 57 (фінансавы крытэрый),
ФК «Нафтан» – артыкул 17-1 (спартыўны крытэрый),
ФК «Смаргонь» – артыкул 17, 17-1 (спартыўныя крытэрыі), 29, 42, 45, 46 (кадравыя крытэрыі).
У выніку толькі 11 клубаў вышэйшай лігі атрымалі ліцэнзіі на выступ у будучым чэмпіянаце Беларусі: «БАТЭ», «Гомель», «Дынама-Брест», «Дынама-Мінск», «Іслач», «Мінск», «Нёман», БДУ (каманда «Энергетык-БДУ), «Славія-Мазыр», «Тарпеда-БЕЛАЗ», «Шахцёр».
Футбольны каляндар на 2023 год быў зацверджаны выканаўчым камітэтам АБФФ у сярэдзіне снежня. У Прэм’ер-лізе плануецца выступленне 16 каманд. Першы тур павінен прайсці ўжо 17-19 сакавіка.
Футбольныя клубы маюць права звярнуцца з апеляцыяй на рашэнне камітэта на працягу трох працоўных дзён. Як паведамляюць інсайды, «Белшына» напісала хадайніцтва, якое будзе разгледжана на наступным пасяджэнні выканаўчага камітэта АБФФ. Каманда настроена на станоўчы вынік. Зараз футбалісты трэніруюцца.
Такую лічбу даюць матэматычныя мадэлі дынамікі захворвання ў краіне на каранавірус.
Хвароба нікуды не падзелася – штодня ў свеце рэгіструюцца дзясяткі тысяч новых хворых, сотні памерлых. Так, па стане на раніцу 7 лютага 2023 года у свеце колькасць захварэўшых склала 676 416 246 (за суткі +92 978). Памерлых 6 773 425 (+700 за суткі).
Нажаль, актуальнай статыстыкі па COVID-19 на Беларусі мы не ведаем. Яна не публікуецца. Недахоп інфармацыі заўсёды нараджае чуткі, плёткі і пэўны недавер да арганізацый, якія абавязаны даваць справаздачу перад выбаршчыкамі і жыхарамі краіны.
Апошняя статыстыка была абнародавана 5 ліпеня: 994 037 выпадкаў. Гэтая ж лічба адлюстроўваецца і па стане на 8 лютага 2023 года. А 5 снежня 2022 года, міністр аховы здароўя Дз. Піневічзаявіў, што “колькасць хворых з COVID-19 не перавышае 3% ад пікавых лічбаў асенне-зімовага максімуму перыяду 2021-2022 года”. І больш ніякіх лічбаў, тым больш абсалютных.
Матэматычныя мадэлі з улікам 3% ад “пікавых лічбаў”, пра якія казаў Піневіч, даюць прырост хворых за перыяд з 5 ліпеня 2022 па 8 лютага 2023 года ад 8 720 да 17 794 хворых. Гэта азначае, што агульная лічба хворых можа скласці на сённышні момант ад 1 002 757 да 1 011 831 хворых.
Любая мадэль можа моцна адрознівацца ад рэальных лічбаў або ў адзін, або ў другі бок, тым больш пры недахопе ведаў пра апошнія трэнды.