Больш за 50 чалавек ужо пацярпелі ад кляшчоў у Магілёўскай вобласці

У Магілёўскай вобласці актывізаваліся кляшчы: да медыкаў звярнуліся больш за 50 пацярпелых, больш за ўсе ў Магілёве і Магілёўскім раёне – паведаміў загадчык аддзела эпідэміялогіі Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Максім Саковіч.

Адзіночныя выпадкі ўкусаў кляшчоў пачалі рэгістравацца ўжо з пачатку сакавіка. Штодня пацярпелых становіцца ўсё больш. На пачатак красавіка па дапамогу медыкаў ужо звярнуліся больш за 50 чалавек у Бабруйскім, Быхаўскіма, Касцюковіцкім, Круглянскім, Слаўгарадскім раёнах. Больш за ўсё – у Магілёве і Магілёўскім раёне.

Як падкрэсліў Максім Саковіч, у Магілёўскай вобласці рэгіструецца рост захворвання на лайм-барэліёз – гэта каля 300 новых выпадкаў штогод. Усяго рэгіструецца каля 4 000 выпадкаў укусаў кляшчэй. “І 99% хворых – гэта пацыенты, якіх укусіў клешч, але да медыкаў па дапамогу яны не звярталіся і курсу антыбактэрыйнай прафілактыкі не праходзілі”.

Фота з адкрытых крыніц

Магілёўскі “Днепр” стартаваў у Першай лізе з перамогі

2 сакавіка для магілёўскай каманды прайшоў першы паядынак у другім дывізіёне Чэмпіяната Беларусі па футболе. На сваім полі “Днепр” прымаў каманду з Оршы. Форвард гаспадароў Юрый Клачкоў аформіў свой першы хет-трык у кар’еры, гульня завяршылася з лікам 3:1 на карысць “Дняпра”.

Фота: Прэс-служба футбольнага клуба “Днепр”

Антысанітарыя пануе на траціне тэрыторый Магілёўскай вобласці

Паводле апублікаваных дадзеных Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, на 27,2% правераных аб’ектах выяўлены парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва.

Супрацоўнікі Цэнтра ў 2022 годзе абследавалі 82 389 тэрыторый і аб’ектаў. Парушэнні выяўлены на 22 371 (на кожным трэцім аб’екце). 

За парушэнні, у тым ліку паўторна, санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва вынесена 543 пастановы аб накладанні штрафу, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 120 вінаватых асоб, кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў выдадзена 5 969 прадпісанняў, рэкамендацый. 

Акрамя гэтага ліквідавана 623 несанкцыянаваныя звалкі.  

З года ў год парушаюцца правілы ўтрымання кантэйнерных пляцовак, прылеглых да іх тэрыторый, несвоечасова вывозіцца смецце, адыходы, утвараюцца несанкцыянаванныя звалкі.

Дарэчы, у найбліжэйшы час бабруйчане атрымаюць новы смеццеперапрацоўчы завод. 

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Магілёўшчына – лідар па захворванню на сухоты

Да Сусветнага дня барацьбы з сухотамі 24 сакавіка, Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, апублікаваў дадзеныя па гэтаму захворванню. 

Спецыялісты Цэнтра канстатуюць, што найбольш высокі ўзровень захворвання на сухоты  адзначаецца ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Ён перавышае сярэднерэспубліканскі паказчык. Пры гэтым, канкрэтных актуалізаваных дадзеных па захворваемасці Цэнтр не прыводзіць. 

Вядома, што ў дакавідны перыяд, паводле дадзеных за 2018 год паказчык захворваемасці складаў 24 чалавекі на 100 000 насельніцтва, тады было выяўлена 259 новых хворых (гэта дадаткова 2,4, або 10%, на 100 000), з якіх трое – дзеці. Найбольш праблемнымі ў той год былі Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Касцюковіцкі раёны. 

Па стану на 2023 год смяротнасць ад сухотаў у Магілёўскай вобласці за апошнія 10 гадоў знізілася на 84% і склала 1,2 на 100 000 жыхароў (у 2018 годзе – 2,9 на 100 тыс. жыхароў). 

Сухоты, якія вядомы са старажытнасці, застаюцца адной з вядучых прычын смяротнасці ад інфекцыйных хвароб у свеце. 

Нягледзячы на вялікія поспехі медыцыны ў дыягностыцы і лячэнні, хвароба займае 1-е месца па смяротнасці сярод інфекцыйных захворванняў. 

Прагназуецца, што ў выніку пандэміі COVID-19 істотна вырасце захворванне і смяротнасць ад сухотаў. Смяротнасць можа павялічыцца на 13%, што можа даць у свеце дадатковыя 1 400 000 ахвяр у 2022-2025 гадах.

Фота  з адкрытых крыніц.

У новым сезоне Вышэйшай лігі па футболе “Белшына” стартавала з паражэння

У гасцявым матчы бабруйская каманда мінімальна прайграла футбольнаму клубу “Смаргонь” 1:0. Матч адбыўся 19 сакавіка ў Смаргоні.

“Белшына” – адзіная каманда з Магілёўшчыны, што захавала прапіску ў Вышэйшай лізе чэмпіяната краіны па футболе па выніках мінулага сезона. Магілёўскі “Днепр” на працягу ўсяго мінулага года так і не здолеў падняцца з апошняга радка турнірнай табліцы і перайшоў у Першую лігу. Для магілёўскай каманды сезон пачнецца 2 красвіка хатняй гульнёй супраць “Оршы”.

Вышэйшая ліга стартавала на мінулых выхадных і працягнецца для бабруйскай каманды да 3 снежня. 

Фота: fcbelshina.by

Прачнуліся кляшчы на Беларусі

Ужо сем чалавек пакусалі кляшчы ў Берасцейскай вобласці – паведамляе абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Укусы фіксуюцца на паўднёвым захадзе Беларусі ўжо з канца лютага. Варта чакаць, што прынамсі поўдзень і паўднёвы захад Магілёўшчыны таксама ўжо небяспечныя для чалавека і хатняй жывёлы па ўкусах кляшчоў.

Фота ілюстрацыйнае

Паглядзіце, якім будзе талісман ІІ Гульняў СНД, што пройдуць у Беларусі

На пасяджэнні аргкамітэта па забеспячэнні падрыхтоўкі і правядзення ў Беларусі міжнародных спартыўных спаборніцтваў разгледжаны эскізы талісмана, лагатыпа і слогана II Гульняў краін СНД на 2023 год – піша афіцыйны сайт Нацыянальнага Алімпійскага камітэта.

Талісманам гульняў стала рысь па мінушцы Рыся. Таксама зацверджаны эмблема і слоган Гульняў.

Другія Гульні краін СНД пройдуць з 3 па 15 жніўня – паведамлялі mogilev.media. У Магілёве пройдуць спаборніцтвы ў двух відах: каратысты будуць змагацца ў спарткомплексу “Алімпіец”, а лучнікі адстраляюцца на стадыёне “Спартак”.

Фота: НАК

У Магілёве пройдуць рэспубліканскія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы разам з расіянамі

Традыцыйныя рэспубліканскія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы памяці заслужанага трэнера БССР Васіля Яроміна стартуюць сёння ў Магілёве.

Спаборніцтвы будуць праходзіць у спарткомплексе “Алімпіец” на працягу двух дзён.

У праграме 13 дысцыплін: бег на 60, 200, 400, 800, 1500 і 3000 м, бег з бар’ерамі на 60 м, спартыўная хада на 3000 м, змешаная эстафета 4х200 м, скачкі ў даўжыню і вышыню.

Як падкрэслілі арганізатары, у рэспубліканскіх спаборніцтвах будуць браць удзел таксама спартсмены з Расіі. 

Урачыстае адкрыццё пройдзе сёння ў 12.45 – паведамляе БелТА.

Фота ілюстрацыйнае.

Магілёў рыхтуецца ў жніўні прыняць другія гульні краін СНД

У жніўні шэраг беларускіх гарадоў прымуць II гульні краін СНД. Плануецца, што ў Магілёве пройдуць спаборніцтвы ў двух відах: каратысты будуць змагацца ў спарткомплексу “Алімпіец”, а лучнікі адстраляюцца на стадыёне “Спартак”.

Упершыню падобныя гульні прыняла Казань у верасні 2021 года. А сёлета з 3 па 15 жніўня спартыўныя спаборніцтвы запланаваны ў Мінску, Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродна, Жлобіне, Маладзечна, Оршы, Салігорску і Магілёве. 

Удзельнічаць у гульнях будуць спартсмены Беларусі, Расіі, Казахстану, краін Сярэдняй Азіі і Каўказу. Прапрацоўваецца магчымасць удзелу ў некаторых відах дэлегацый з Манголіі, Кітая, Кубы, Ірана, Амана і Саудаўскай Аравіі.

У сувязі з будучымі спаборніцтвамі рэканструкцыя чакае магілёўскі стадыён “Спартак”. Да лета тут плануюць абнавіць бегавыя дарожкі ў крузе на 400 метраў, якія зараз знаходзяцца ў непрыдатным стане, а таксама сектары для скачкоў і для кідання. Акрамя таго, плануецца замяніць святлодыёднае табло, абнавіць агароджы і цалкам замяніць сядзенні на заходняй трыбуне.

Улады спадзяюцца, што правядзенне II гульняў краін СНД у розных рэгіёнах Беларусі, у тым ліку і ў Магілёве, адкрые іх турыстычны патэнцыял. 

Фота ілюстрацыйнае.

Чавускія юніёры – чэмпіёны краіны па біятлоне

Спартсмены Чавускай спартыўнай школы на рэспубліканскай спартакіядзе сярод ДЮСШ па зімовым біятлоне ў Наваполацку сталі чэмпіёнамі Беларусі – паведамляе раённая газета “Іскра”.

Чавуская каманда з васьмі чалавек (4 юнакі і 4 дзяўчыны) 2006-2007, 2008-2009 гадоў нараджэння сустрэлася з наймацнейшымі юніорамі краіны з 20 каманд і перамаглі ў трохдзённым марафоне.

У спрынтарскай гонцы чавусцы размясціліся на 2 месцы, у індывідуальнай гонцы занялі 1 месца, у змешанай эстафеце старэйшыя юніоры з Чавусаў занялі 3 месца, малодшыя – 2 месца.

Па суме набраных балаў чавускія біятланісты Вікторыя Салоха, Варвара Воўна, Уладзіслаў Ісакаў, Яфрэм Серпікаў, Вікторыя Рудзянкова, Алеся Патапенка, Максім Ганчароў, Яраслаў Пускаў сталі пераможцамі спартакіяды.

Нагадаем, што ў Чавусах атрымалі пуцёўку у вялікі спорт вядомыя біятланісты С. Новікаў – прызёр алімпіяды ў Ванкуверы-2010, чэмпіяната свету, двухразовы чэмпіён Еўропы, Д. Алімбекава –  алімпійская чэмпіёнка-2018, чэмпіёнка свету, прызёр чемпіяната Еўропы, Р. Елятноў – чэмпіён Еўропы сярод юніораў, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, удзельнік XXIII Алімпіяды 2018 года.