Чавускія юніёры – чэмпіёны краіны па біятлоне

Спартсмены Чавускай спартыўнай школы на рэспубліканскай спартакіядзе сярод ДЮСШ па зімовым біятлоне ў Наваполацку сталі чэмпіёнамі Беларусі – паведамляе раённая газета “Іскра”.

Чавуская каманда з васьмі чалавек (4 юнакі і 4 дзяўчыны) 2006-2007, 2008-2009 гадоў нараджэння сустрэлася з наймацнейшымі юніорамі краіны з 20 каманд і перамаглі ў трохдзённым марафоне.

У спрынтарскай гонцы чавусцы размясціліся на 2 месцы, у індывідуальнай гонцы занялі 1 месца, у змешанай эстафеце старэйшыя юніоры з Чавусаў занялі 3 месца, малодшыя – 2 месца.

Па суме набраных балаў чавускія біятланісты Вікторыя Салоха, Варвара Воўна, Уладзіслаў Ісакаў, Яфрэм Серпікаў, Вікторыя Рудзянкова, Алеся Патапенка, Максім Ганчароў, Яраслаў Пускаў сталі пераможцамі спартакіяды.

Нагадаем, што ў Чавусах атрымалі пуцёўку у вялікі спорт вядомыя біятланісты С. Новікаў – прызёр алімпіяды ў Ванкуверы-2010, чэмпіяната свету, двухразовы чэмпіён Еўропы, Д. Алімбекава –  алімпійская чэмпіёнка-2018, чэмпіёнка свету, прызёр чемпіяната Еўропы, Р. Елятноў – чэмпіён Еўропы сярод юніораў, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, удзельнік XXIII Алімпіяды 2018 года.

Бялыніцкіх камунальнікаў правяралі на ўменне страляць

У жылкамгасе Бялынічаў у рамках спартакіяды работнікаў арганізацыі, як паведаміла “Зара над Друццю”, прайшла праверка па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.

Кідаецца ў вочы, што і ў загалоўку, і ў фотагалерэі рэпартажа пра шараговае спартовае спаборніцтва найбольшы акцэнт быў зроблены менавіта па стральбе.

Тры з пяці фотаздымкаў прысвечаны спаборніцтвам па стральбе. А на двух стаяць работнікі з граматамі. Відавочна, што мясцовым ідэолагам і прапагандыстам было важна паказаць ваенны складнік спаборніцтваў. Менавіта таму на фотаздымках і паказаны толькі ўдзельнікі і ўдзельніцы спаборніцтваў па стральбе з вінтоўкамі ў руках.  

Чаму работнікам жылкамгаса Бялынічаў, у тым ліку жанчынам, так важна ўмець страляць, што іх спатрэбілася на гэта правяраць – у паведамленні не ўказваецца. 

Фота: “Зара над Друццю”.