Больш за траціну ўсіх выпадкаў шаленства на Беларусі прыходзіцца на Магілёўскую вобласць

Больш за траціну ўсіх выпадкаў шаленства на Беларусі прыходзіцца на Магілёўскую вобласць

Штогод каля 3000 чалавек звяртаецца ў арганізацыі аховы здароўя Магілёўскай вобласці ў сувязі з пакусамі жывёл. 

У 2022 годзе пацярпелі 2947 чалавек, больш чым у 2021-м на 66 чалавек, у асноўным з прычыны павелічэння кантактаў з бадзяжнымі жывёламі. Больш за палову тых, хто звярнуўся, маюць патрэбу ў шпіталізацыі і ўвядзенні акрамя вакцыны – антырабічнага імунаглабуліну.

Асноўным рэзервуарам віруса шаленства ў прыродзе з’яўляюцца ваўкі, лісіцы, янотападобныя сабакі. У структуры захворвання сярод жывёл у Магілёўскай вобласці, як і ў папярэднія гады, пераважалі лісы, на долю якіх у 2022 годзе прыпадала больш як 46 працэнтаў ад усіх зарэгістраваных выпадкаў. У мінулым годзе вырасла доля янотападобных сабак да 20%, на буйных рагатых жывёл прыйшлося 13%. 

Паводле дадзеных ветэрынарнай службы, больш як трэць ад усіх зарэгістраваных у 2022 годзе ў Беларусі выпадкаў шаленства сярод жывёл прыпала на Магілёўскую вобласць – 84 выпадкі з 260, піша “Родная ніва” са словаў урача-эпідэміёлага аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталлі Марозавай.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.