На Магілёўшчыне расце колькасць наркаманаў – на 71% за год

Больш за ўсё наркаманаў у Магілёўскай вобласці – у Бабруйску, Магілёве і Асіповічах. 

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за 2022 год наркалагічнай службай вобласці ўзята пад назіранне 293 наркаспажыўцы (за 2021 год – 231). Рост на 71% – прыводзіць дадзеныя Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя

Узята пад дыспансернае назіранне з залежнасцю ад наркатычных сродкаў 49 чалавек (за 2021 год – 30), то бок маецца рост паказчыка на 63%.

Пад прафілактычнае назіранне ўзята спажыўцоў наркатычных сродкаў 244 чалавек (за 2021 год – 201) – больш на 21%. У тым ліку непаўналетніх – 17. Зза 2021 год было 14, гэта дэманструе рост паказчыка на 21%.

На 1 сакавіка 2023 пад наглядам наркалагічнай службы вобласці знаходзіцца 656 спажыўцоў наркатычных сродкаў (год назад іх было 644 чалавек), у тым ліку на дыспансерным уліку з залежнасцю ад наркатычных сродкаў –  285 чалавек (у 2022 годзе – 318), пад прафілактычным назіраннем – 371 чалавек (2022 год – 326) і тут  рост паказчыка складае 13,8%. Сярод апошніх – 11 непаўналетніх асоб, як і ў мінулым годзе.

Найбольшая колькасць наркаспажыўцоў, якія знаходзяцца пад наглядам наркалагічнай службы, жывуць у Бабруйску –  52,9% (347 чалавек), Магілёве – 23,5% (154) і Асіповічах  – 8,2% (54).

Сярэднестатыстычны наркаспажывец у Магілёўскай вобласці – гэта мужчына 30-50 гадоў, гараджанін, раней судзімы, з сярэдняй або сярэдне-спецыяльнай адукацыяй, не жанаты, беспрацоўны.

Штогод у Беларусі памірае да 100 чалавек ад перадазіроўкі наркотыкаў. Праблема наркаманіі ідзе поруч з праблемай распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі, вірусных гепатытаў. 

У краіне назіраецца тэндэнцыя амаладжэння асоб, якія дапускаюць немедыцынскае спажыванне наркотыкаў. Сведчаннем таго з’яўляецца павелічэнне колькасці выяўленых нарказлачынстваў, учыненых з удзелам непаўналетніх.

Аналіз наркасітуацыі ў краіне паказвае, што наркаманы раней аддавалі перавагу марыхуане, гераіну, метадону. У цяперашні час шырокае распаўсюджванне сярод наркаспажыўцоў атрымалі сінтэтычныя псіхастымулятары – альфа-pvp і мефедрон.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

У Бялынічах з больніцы спрабаваў збегчы расіянін з нарказалежнасцю. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа, а сам ён у СІЗА

У адзежы хворага міліцыя адшукала папулярны ў моладзі хімічны наркотык – альфа-PVP. Супраць яго распачатая крымінальная справа за незаконны абарачэнне наркатычных сродкаў.

Паводзіны 21-гадовага пацыента бялыніцкай больніцы тамтэйшыя медыкі называюць неадэкватнымі. Ён кідаўся на ўрачоў і спрабаваў уцякаць, кажуць яны.

З цяжкай інтаксікацыяй хворага перавезлі ў лякарню абласнога цэнтру і да ложка прывязалі спецыяльнымі рамянямі. Аналіз пацвердзіў падазрэнні медыкаў, што пацыент – солевы наркаман, піша газета «Зара над Друццю».

У адзежы маладога чалавека міліцыянты адшукалі 0,051 грамаў альфа-PVP, які маладзёны называюць «хуткасць»і «зомбі». Супраць яго распачалі крымінальную справу па 1 частцы 328 артыкулу – «Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў».

На допыце малады чалавек прызнаўся, што перыядычна ўжывае солевыя наркотыкі.

«Паколькі малады чалавек – грамадзянін Расіі, каб ён не схаваўся за мяжой напярэдадні суда, парушальніка беларускага заканадаўства з бальнічнага ложка пад вартай адправілі ў Магілёўскае СІЗА», – піша бялыніцкая раёнка.

Расіяніну пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

фота: medlux.net.ua