У Бялынічах з больніцы спрабаваў збегчы расіянін з нарказалежнасцю. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа, а сам ён у СІЗА

У адзежы хворага міліцыя адшукала папулярны ў моладзі хімічны наркотык – альфа-PVP. Супраць яго распачатая крымінальная справа за незаконны абарачэнне наркатычных сродкаў.

Паводзіны 21-гадовага пацыента бялыніцкай больніцы тамтэйшыя медыкі называюць неадэкватнымі. Ён кідаўся на ўрачоў і спрабаваў уцякаць, кажуць яны.

З цяжкай інтаксікацыяй хворага перавезлі ў лякарню абласнога цэнтру і да ложка прывязалі спецыяльнымі рамянямі. Аналіз пацвердзіў падазрэнні медыкаў, што пацыент – солевы наркаман, піша газета «Зара над Друццю».

У адзежы маладога чалавека міліцыянты адшукалі 0,051 грамаў альфа-PVP, які маладзёны называюць «хуткасць»і «зомбі». Супраць яго распачалі крымінальную справу па 1 частцы 328 артыкулу – «Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў».

На допыце малады чалавек прызнаўся, што перыядычна ўжывае солевыя наркотыкі.

«Паколькі малады чалавек – грамадзянін Расіі, каб ён не схаваўся за мяжой напярэдадні суда, парушальніка беларускага заканадаўства з бальнічнага ложка пад вартай адправілі ў Магілёўскае СІЗА», – піша бялыніцкая раёнка.

Расіяніну пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

фота: medlux.net.ua