ВІЧ-хворых у Магілёўскай вобласці стала больш

ВІЧ-хворых у Магілёўскай вобласці стала больш

За мінулы год іх колькасць павялічалася на 173.

У Магілёўскай вобласці за мінулы год выяўлена новых 173 хворых на СНІД і паказчык захварваемасці склаў 17,2 чалавек на 100 000 насельніцтва – інфармуе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. 

Усяго ў Магілёўскай вобласці за перыяд 1987–2023 гадоў зарэгістраваны 2471 выпадак ВІЧ-інфекцыі. Зараз з ВІЧ пражывае 1950 чалавек (у 2021 – 174 новых выпадкі, у 2022 – 173).

Пераважае палавы шлях перадачы інфекцыі – 72,8%. Удзельная вага жанчын – 39,3%, мужчын – 60,6%.

Больш за ўсё захварэўшых – ва ўзроставай групе 15-49 гадоў – 83,8%.

Сярод пацыентаў з ВІЧ-інфекцыяй у 2022 годзе пераважалі асобы без пэўнай дзейнасці – 39,8%,  працоўныя – 31,4%, служычыя  – 6,3%.  4,6% пацыентаў выяўлена пры паступленні ў месцы пазбаўлення волі.

Магілёўская вобласць па паказчыках захворвання – “сярэднячок” сярод рэгіёнаў. Лідыруюць  традыцыйна Гомельская вобласць, Мінск. Самы нізкі ўзровень мае Гродзенская вобласць.

Самая цяжкая сітуацыя па захворванню у вобласці – у Асіповіцкім раёне.

Увогуле, сітуацыя з распаўсюджваннем ВІЧ/СНІД у краіне з’яўляецца крытычнай. Ацэнкі хворых вагаюцца ад 25 000 да амаль 40 000. Напрыклад, па разліках Spectrum яшчэ ў 2020 годзе колькасць людзей з ВІЧ складала каля 28 000, па дадзеных UNAIDS у 2020 годзе называлася колькасць інфіцыраваных 37 000. 

Краіна знаходзіцца на трэцім месцы ў Еўропе па колькасці новых выпадкаў заражэння, саступаючы Расіі і Украіне.