Падатак на сабак зменіцца з 1 красавіка 2023 года

Падатак на валоданне сабак павялічаны з 32,0  да 55,5 рубля за пароды, якія лічацца патэнцыйна небяспечнымі (бультэр’еры, ратвейлеры, нямецкія аўчаркі і іншыя) і з 9,3 да 11,1 рубля  – за ўсе іншыя – паведамляе 1prof.by.

Уладальнікі сабак абавязаны выплачваюць падатак раз на квартал. Ад выплаты падатку за валоданне сабакамі вызваляюцца – ўладальнікі шчанюкоў маладзей за тры месяцы; інваліды за сабак-павадыроў; жыхары індывідуальных жылых дамоў, калі маюць не больш за аднаго сабаку.

Мясцовы падатак на сабак устаноўлены ў краіне 1 студзеня 2010 года, а сам збор фактычна існуе з 1997. Нагадаем, што заканадаўства патрабуе рэгістрацыі хатніх гадаванцаў, выканання  правілаў выгулу сабак.

Фота з адкрытых крыніц.

Эфект “губной памады” – беларусы сталі набываць больш танныя рэчы, алкаголь, падарункі, скарацілі расходы на кавярні і адзенне

Даследаванне кампаніі CIVITTA і аналітычнай платформы OpenBusiness паказала змены ў спажывецкіх паводзінах беларусаў у пераднавагодні перыяд. Але гэтыя паводзіны адлюстроўваюць і фінансавы стан грамадзян у цэлым.

У залежнасці ад індустрыі, спажыўцы ідуць двума асноўнымі патэрнамі (сцэнарамі) паводзін: пераход на больш танныя тавары – у гэты трэнд упісалася купля тэхнікі, ювелірных вырабаў, касметыкі і алкаголю і скарачэнне спажывання (на адзенне, грамадскае харчаванне, спортклубы, салоны прыгажосці і іншыя “другарадныя” катэгорыі).

У 2022 годзе беларусы эканомілі на алкаголі, часцей хадзілі ў харчовыя крамы і святкавалі дома.

Сярэдні чэк у крамах алкагольнай прадукцыі ў параўнанні з 2021 годам упаў на 6%, але колькасць транзакцый вырасла, з чаго вынікае, што набываліся больш танныя напоі.

Вырасла і наведванне звычайных супермаркетаў. Магчыма, таму, што больш беларусаў вырашылі сустракаць 2023 год за навагоднім сталом замест святкавання па-за домам, а падарункі вырашылі купіць больш танныя.

Улічваючы, што колькасць транзакцый і абарот у дыскаўнтэрах у параўнанні з супермаркетамі выраслі, можна зрабіць выснову, што людзі шукалі прадукты танней.

Нашы грамадзяне скарацілі таксама выдаткі на грамадскае харчаванне. Наведваць кавярні, заказваць піцы і сушы беларусы сталі значна радзей, чым у аналагічны перыяд 2021 года. Прычым ад сушы сталі адмаўляцца нашмат часцей з-за больш высокага іх кошту.

Зніжэнне транзакцый у сектары фастфуду ў асноўным тлумачыцца сыходам McDonald’s.

У сегменце рэстаранаў выручка вырасла – з-за росту наведвальнікаў пасля спаду ўзроўню напружанасці па COVID-19.

Беларусы больш сталі закупляцца на маркетплэйсах і зменшылі фэшн-расходы.

Маркетплэйсы павялічылі свае продажы. Асноўны гулец, які задаў дынаміку індустрыі, – Wildberries. Адток кліентаў назіраецца з пляцоўкі Lamoda – верагодна, з-за росту кошту тавараў. 

Сталі драматычна менш набываць адзення. 

Гэта можна растлумачыць тым, што пры росце коштаў на іншыя, «першачарговыя» катэгорыі (падарункі, прадукты для навагодняга стала), у насельніцтва проста не засталося грошай.

Менш спорту і больш эканоміі на б’юці-індустрыі. Абарот фітнес-цэнтраў упаў, што можа быць выклікана адмовай ад іх паслуг адчувальнай да цаны аўдыторыяй. Людзі з меншым прыбыткам сталі зразаць выдаткі на другарадныя запатрабаванні. Тыя, хто раней меў танны абанемент у спартзалу, адмовіліся ад яго падаўжэння. А тыя, хто раней наведваў салоны прыгажосці, – перасталі іх наведваць або сталі браць таннейшыя паслугі. Так, эстэтычныя запатрабаванні сышлі на другі план.

Індустрыя касметыкі і парфумерыі вырасла ў транзакцыях – спажыўцы цешаць сябе дробнымі пакупкамі, а аб росце сярэдняга чэка або абароту сегмента казаць не даводзіцца.

Беларусы не адмаўляюцца ад набыцця ўпрыгожванняў, але пераходзяць на больш танныя аналагі. 

Такія паводзіны называюцца эфектам “губной памады”. З-за недахопу фінансаў спажыўцы менш выдаткоўваюць на буйныя пакупкі, а замяшчаюць тавары, якія сталі менш даступнымі, больш таннымі, каб працягваць атрымліваць радасць ад эмацыйных пакупак і падтрымліваць адчуванне ранейшага ладу жыцця. Менавіта таму назіраецца зусім малаважны рост у крамах тэхнікі або прасадка ў фэшн-сегменце.

Такія паводзіны пакупнікоў, абмежаванне грамадзян у сродках вядуць да банкруцтва, закрыцця гандлёвых сетак, асобных крам. А калі не рэалізуецца нейкая прадукцыя, то банкруцяцца яе вытворцы.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

ВІЧ-хворых у Магілёўскай вобласці стала больш

За мінулы год іх колькасць павялічалася на 173.

У Магілёўскай вобласці за мінулы год выяўлена новых 173 хворых на СНІД і паказчык захварваемасці склаў 17,2 чалавек на 100 000 насельніцтва – інфармуе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. 

Усяго ў Магілёўскай вобласці за перыяд 1987–2023 гадоў зарэгістраваны 2471 выпадак ВІЧ-інфекцыі. Зараз з ВІЧ пражывае 1950 чалавек (у 2021 – 174 новых выпадкі, у 2022 – 173).

Пераважае палавы шлях перадачы інфекцыі – 72,8%. Удзельная вага жанчын – 39,3%, мужчын – 60,6%.

Больш за ўсё захварэўшых – ва ўзроставай групе 15-49 гадоў – 83,8%.

Сярод пацыентаў з ВІЧ-інфекцыяй у 2022 годзе пераважалі асобы без пэўнай дзейнасці – 39,8%,  працоўныя – 31,4%, служычыя  – 6,3%.  4,6% пацыентаў выяўлена пры паступленні ў месцы пазбаўлення волі.

Магілёўская вобласць па паказчыках захворвання – “сярэднячок” сярод рэгіёнаў. Лідыруюць  традыцыйна Гомельская вобласць, Мінск. Самы нізкі ўзровень мае Гродзенская вобласць.

Самая цяжкая сітуацыя па захворванню у вобласці – у Асіповіцкім раёне.

Увогуле, сітуацыя з распаўсюджваннем ВІЧ/СНІД у краіне з’яўляецца крытычнай. Ацэнкі хворых вагаюцца ад 25 000 да амаль 40 000. Напрыклад, па разліках Spectrum яшчэ ў 2020 годзе колькасць людзей з ВІЧ складала каля 28 000, па дадзеных UNAIDS у 2020 годзе называлася колькасць інфіцыраваных 37 000. 

Краіна знаходзіцца на трэцім месцы ў Еўропе па колькасці новых выпадкаў заражэння, саступаючы Расіі і Украіне.