Хамаваты ўрач з Касцюковічаў, магчыма, больш не ўзначальвае аддзяленне

Урач касцюковіцкай бальніцы публічна прыніжаў пацыентаў. Кіраўніцтва паабяцала наступствы.

Загадчык траўматалагічнага аддзялення Касцюковіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксей Грэйцар апынуўся ў цэнтры публічнага скандалу з-за каментарыяў у сацыяльнай сетцы Threads.

У сваіх выказваннях урач фактычна ставіў пад сумнеў права шэрагу пацыентаў на медыцынскую дапамогу і дапускаў грубыя абразы ў іх адрас.

Акрамя таго, доктар выкарыстоўваў ненарматыўную лексіку, дазваляў сабе кпіны з пацыентаў, не вельмі станоўча выказваўся пра працу ў паліклініцы, а маладым калегам увогуле раіў “забіць” на прызванне.

Рэдакцыя “Нашай Нівы” звярнулася ў Касцюковіцкую ЦРБ па каментар. Загадчыца паліклінікі спачатку заняла асцярожную пазіцыю, спаслаўшыся на тое, што ўстанова не адсочвае асабістыя старонкі супрацоўнікаў. Аднак пасля таго, як ёй прывялі канкрэтныя прыклады выказванняў, тон змяніўся.

«Вы маеце рацыю – гэта непрафесійна і неэтычна – прызнала загадчыца – Мы абавязкова пагаворым з супрацоўнікам і данясём, што так паводзіць сябе нельга. І не толькі пагаворым».

Наступствы не прымусілі сябе чакаць. Згадка Грэйцара як загадчыка аддзялення знікла з афіцыйнага сайта бальніцы.

Ёсць меркаванне, што ў нечым Грэйцар мае рацыю. Магчыма, у Беларусі занадта ўжо клапоцяцца пра тых, хто свядома напіваецца да страты прытомнасці, ведаючы, што яго адкачаюць.

Аднак меркаваць пра гэта не таму, хто паступаў у інстытут, выкарыстоўваючы льготы мэтавага накіравання і не надта вызначыўся ў вучобе.

Фота: скрыншот ведамаснага сайта Касцюковіцкай ЦРБ.

Загадчык траўматалогіі ў Касцюковічах лічыць, што не ўсіх людзей трэба ратаваць

Малады доктар Аляксей Грэйцар (на фота справа) даслужыўся да пасады загадчыка траўматалагічнага аддзялення Касцюковіцкай ЦРБ хутка – менш чым за два гады пасля таго, як мясцовая прэса ўпершыню напісала пра яго як пра перспектыўнага спецыяліста. Аднак яго старонка ў Threads малюе партрэт, далёкі ад вобраза ўрача з прызваннем.

Грэйцара відавочна раздражняюць людзі. Як наогул, так і тыя, што выклікаюць хуткую дапамогу да п’яных на вуліцы. Хто гэта робіць, ён называе сардэчнымі і раіць забіраць «алкаголікаў» дадому і даглядаць самастойна. Медыкаў, якія прыязджаюць на такія выклікі, на яго думку, проста «нагружаюць бамжамі».

Маладым калегам ён раіць з самага пачатку «забіць» на прызванне, як мага хутчэй атрымаць катэгорыю і пайсці ў прыватную медыцыну.

Дзяржаўную паліклініку ён характарызуе як «цырк з шалёнымі звярамі» і раіць запасацца антыдэпрэсантамі.

Знаёмствы ў сетцы Грэйцар таксама заводзіць своеасабліва. Менавіта спроба пазнаёміцца з дабрачынніцай з Чэхіі і прыцягнула ўвагу да яго старонкі, жанчына вывучыла каментарыі ўрача і была непрыемна здзіўленая.

Грэйцар скончыў Гомельскі медуніверсітэт па мэтавым накіраванні ад Магілёўскай вобласці. Вучыўся сярэдне: ён амаль у самым канцы спісу па паспяховасці сярод аднакурснікаў-хірургаў.

Зараз, паводле яго ўласных слоў, у яго ёсць кватэра, машына, дзіця і пасада загадчыка. Мяркуючы па актыўнасці ў сацсетках, яшчэ і шмат вольнага часу.

Грэйцар – тыповы прадукт недахопу ўрачоў у Беларусі. Мэтавае накіраванне – спосаб паступіць у медінстытут для тых, каго да гэтай высакароднай прафесіі нельга падпускаць і на гарматны стрэл.

Пасля таго як урачом-расстрыгай зацікавілася незалежная прэса, профіль Грэйцара @jalapeshka у Threads быў выдалены.

Фота раённай газеты.

Бабруйскі антыстрэс аказаўся крыніцай стрэсу

Няякасныя кітайскія цацкі канфіскавалі з продажу ў Бабруйску.

У Бабруйску ў аднаго з прадпрымальнікаў канфіскавалі кітайскія цацкі-антыстрэс маркі Darvish. Яны прызначаліся дзецям ад трох гадоў.

Магілёўская абласная інспекцыя Дзяржстандарту ўстанавіла: цацка не адпавядае патрабаванням бяспекі – узровень гуку ў ёй перавышае дапушчальныя нормы. Спецыялісты папярэдзілі, што рэгулярнае выкарыстанне такой цацкі можа нашкодзіць слыху дзіцяці. Увоз і продаж гэтых вырабаў на тэрыторыю краіны забаронены.

Фота БелТА.

Мост у Бабруйску патаннеў на 8 млн рублёў

Кошт рэканструкцыі моста ў Бабруйску стаў на чвэрць меншым пасля праверкі Камітэта дзяржкантроля.

У Магілёўскай вобласці прадухілілі неабгрунтаванае расходаванне бюджэтных грошай пры рэканструкцыі моста ў Бабруйску. Парушэнні выявіў Камітэт дзяржаўнага кантролю падчас праверкі адной з будаўнічых арганізацый рэгіёна.

Як высветлілі кантралёры, у праектна-каштарысную дакументацыю былі ўключаныя завышаныя аб’ёмы работ, у прыватнасці – па афарбоўцы пуцеправода. У выніку кошт гэтых «лішніх» работ склаў амаль чвэрць ад агульнай цаны ўсяго праекта.

Пасля ўмяшання КДК праект быў перагледжаны. У дакументацыю ўнеслі змены, што дазволіла значна знізіць кошт работ.

У выніку агульныя выдаткі на рэканструкцыю моста былі скарочаныя больш як на 8 мільёнаў рублёў.

Паводле сайта Бабруйскага гарвыканкама, работы ідуць на 189-метровым пуцеправодзе на вуліцы Крылова, які праходзіць праз чыгунку. Заказчык – УКБ Бабруйска, генпадрадчык – ААТ «Мостабуд». Па пашпарце аб’екта заканчэнне работ запланавана на 31 ліпеня 2027 года.

Фотаздымак: ТГ Камітэта дзяржкантроля

Па 25 гадоў зняволення атрымалі ў Магілёве два серыйныя забойцы

За забойства і спробы забойстваў, здзейсненых больш за 20 гадоў таму, двум жыхарам Бабруйска прысудзілі паўстагоддзя зняволення на дваіх.

На лаўцы падсудных у Магілёўскім абласным судзе апынуліся двое бабруйчан 48 і 58 гадоў. Іх прызналі вінаватымі ў серыі асабліва цяжкіх злачынстваў, учыненых яшчэ ў 2004-2005 гадах. 

Паводле матэрыялаў справы, у снежні 2004 года адзін з абвінавачаных разам з саўдзельнікам спланаваў напад на былога супрацоўніка органаў унутраных спраў. Некаторы час яны сачылі за ахвярай, прадумвалі шляхі адступлення, пасля чаго ўначы напалі на яго ў пад’ездзе і зрабілі не менш за шэсць стрэлаў з агнястрэльнай зброі. Аднак, дзякуючы актыўнаму супраціву пацярпелага, які пагражаў выкарыстаць уласную зброю, нападнікам не ўдалося давесці злачынны намер да канца.

У сярэдзіне лютага 2005 года абодва абвінавачаныя здзейснілі забойства ў Мінску. Пад выглядам здзелкі па продажы лому каляровых металаў яны сустрэліся з мужчынам, які займаўся яго закупкай. Падчас сустрэчы адзін з нападнікаў некалькі разоў стрэліў у пацярпелага з пісталета з глушыцелем, другі нанёс яму нажавыя раненні. Пасля гэтага злачынцы завалодалі грашыма і маёмасцю прадпрымальніка.

Праз дзесяць дзён у Бабруйску яны напалі на мужчыну, які займаўся абменам валют. Нападнікі спрабавалі застрэліць яго з рэвальвера з глушыцелем. Нягледзячы на цяжкія раненні, пацярпелы аказаў супраціў, а выпадковыя мінакі дапамаглі яму і паспрабавалі затрымаць злачынцаў.

На працягу многіх гадоў гэтыя злачынствы заставаліся нераскрытымі, хаця падазраваныя неаднаразова траплялі ў поле зроку праваахоўнікаў. Сітуацыя змянілася ў 2025 годзе, калі адзін з абвінавачаных, які ўжо адбываў пакаранне за падвойнае забойства, добраахвотна прызнаўся ў здзейсненых раней злачынствах і падрабязна распавёў пра сваю ролю.

Другі фігурант справы віны не прызнаў і ў судзе працягваў адмаўляць сваю датычнасць.

Суд прызнаў абодвух вінаватымі і прызначыў кожнаму па 25 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі строгага рэжыму. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак: 6ТВ Магілёў

Жыхара Чавус будуць судзіць за паклёп на бездакорнага Лукашэнку

Жыхара Чавус судзяць за відэа – на фоне санкцый і міжнароднага расследавання супраць героя гэтага відэа.

У Чавусах 45-гадовага мясцовага жыхара будуць судзіць за «паклёп» у дачыненні да Лукашэнкі. Паводле версіі пракуратуры, ён размясціў у «ВКонтакте» відэаролік, у якім утрымліваліся абвінавачанні ў яго адрас. Крымінальная справа ўжо накіравана ў суд (дарэчы ў той самы, які нядаўна хлусіў пра экстрэмізм у гербе «Пагоня»), мужчына пакінуты пад вартай. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Пра прысуд на дадзены момант не паведамляецца.

І вось тут узнікае пытанне, якое ў самой Беларусі фактычна забаронена: а чаму сумненню падлягае толькі чалавек, які апублікаваў відэа – але не той, пра каго ў гэтым відэа ідзе гаворка?

Таму што ў рэальнасці Лукашэнка – не проста «абаронены законам прэзідэнт». Ён і яго атачэнне знаходзяцца пад санкцыямі за сістэматычныя рэпрэсіі, падрыў дэмакратыі і парушэнні правоў чалавека. І гэта – афіцыйныя рашэнні, а не ацэнкі з сацыяльных сетак.

Больш за тое, сітуацыя па Беларусі перададзена ў Міжнародны крымінальны суд. Гаворка ідзе пра расследаванне магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці – уключаючы палітычны пераслед. То бок абвінавачанні ў адрас беларускіх уладаў ужо разглядаюцца на міжнародным узроўні.

На гэтым фоне крымінальная справа супраць жыхара Чавус выглядае не як абарона гонару і годнасці, а як інструмент. У Беларусі чалавека судзяць за «паклёп» на Лукашэнку – у сістэме, дзе ён сам фарміруе судовую вертыкаль праз прызначэнне суддзяў.

У выніку маем цікавую канструкцыю:

  • адзін чалавек сядзіць у СІЗА за відэа ў інтэрнэце;
  • другі, знаходзячыся пад санкцыямі і ў полі міжнароднага расследавання, вызначае, хто будзе яго судзіць.

У такой сістэме пытанне «А Лукашэнка нічога не здзяйсняў?» – гэта ўжо не меркаванне. Гэта падстава для крымінальнай справы. Дагадайцеся з трох разоў: хто насамрэч павінен сядзець на лаве падсудных?

Фота БелТА.

У Круглым забойца-рэцыдывіст спрабаваў задушыць незнаёмую дзяўчыну

Магілёўскі аблсуд прысудзіў 20 гадоў мужчыне, які спрабаваў без прычыны задушыць 20-гадовую дзяўчыну на вуліцы.

Як устаноўлена на судзе, 44-гадовы жыхар Круглага ў верасні 2025 года ў грамадскім месцы каля скрыжавання вуліц Магілёўскай і Юбілейнай без усялякай прычыны напаў на незнаёмую яму 20-гадовую дзяўчыну. Мужчына схапіў яе, сцягнуў з тратуара ў яр, паваліў на зямлю і пачаў душыць.

Трагедыі ўдалося пазбегнуць дзякуючы выпадковым сведкам. Пара маладых людзей з немаўлём, якія праходзілі побач, пачулі крыкі аб дапамозе і ўбачылі напад. Яны ўмяшаліся, адцягнулі нападніка ад пацярпелай і выклікалі міліцыю.

Як высветлілася, гэта не першае цяжкае злачынства абвінавачанага. З 2006 па 2022 год ён адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за забойства жанчыны. У дзень нападу ён зноў паспрабаваў здзейсніць аналагічнае злачынства.

На судзе мужчына сваю віну не прызнаў і катэгарычна адмаўляў датычнасць да здарэння. Аднак прадстаўленыя дзяржаўным абвінаваўцам доказы суд прызнаў дастатковымі.

Судовая калегія аблсуда вынесла абвінаваўчы прысуд: паводле крымінальнага заканадаўства Беларусі мужчыну прызначана 20 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму.

Акрамя таго, суд задаволіў грамадзянскі пазоў пацярпелай і прысудзіў ёй 30 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Суд у Чавусах схлусіў наконт “экстрэмізму” герба “Пагоня”

Афіцыйная гісторыка-культурная каштоўнасць герб “Пагоня” па меркаванні Чавускага раённага суда ўжо два з паловай гады лічыцца экстрэмісцкай, але гэта хлусня.

25 сакавіка ў чавускай раёнцы “Іскра” з’явілася паведамленне, што былы беларускі дзяржаўны герб “Пагоня”, які акрамя таго, яшчэ ёсць і гісторыка-культурнай каштоўнасцю, аказваецца яшчэ ў верасні 2023 года прызнаны экстрэмісцкім. 

Жаданне вынішчыць гістарычную памяць беларусаў у правінцыйных пракурораў і суддзяў ужо выклікае толькі горкі смех. Праўда, здзіўляцца гэтаму не варта, бо па выказаных глупстах і хлусні ім ёсць на каго раўняцца – на таго, хто больш за 30 гадоў ніяк не можа адарвацца ад улады.

Вось і цяпер яны зрабілі чарговую спробу дацягнуцца да свайго куміра. Спачатку 12 сакавіка 2025 года яны прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі восем стыкераў з тэмай пратэстаў 2020 года. Аднак проста прызнаць стыкеры з заклікамі “Саня, уходи”, “Батьку” в отстойник”, “Я гуляю” ці “Жыве Беларусь” неяк трывіяльна. А калі ўбачыць у гэтых выявах праслаўленне калабарцыянісцкіх дзеячаў часоў нямецка-савецкай вайны, то тым самым адразу можна звярнуць на сябе ўвагу і паспрыяць з’яўленню пытання з зайздрасцю: “А што ж яны там кураць?”.

Але на гэтым “антыэкстрэмісцкі” ўгар чавускіх пракурораў і суддзяў не заканчваецца. 17 сакавіка 2026 года яны прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі тэлеграм-канал “Сымболіка Бытумі”. Гэта свайго роду міні-маркетплейс з 34 падпісчыкамі, дзе прадаецца беларуская і ўкраінская сімволіка на значках, біжутэрыі, цішотках, таксама могуць быць кнігі, торбы і розныя гаспадарчыя рэчы. Такі мікрабізнес, скіраваны на нацыянальна-арыентаваных беларусаў і, па магчымасці, украінцаў. І зноў жа проста прызнаць тыя цішоткі і торбы экстрэміскімі – гэта зусім блякла і нецікава. А вось калі да гэтага яшчэ заявіць, што герб “Пагоня” на гэтай прадукцыі таксама экстрэмісцкі, то тут ўвагу на чавускіх салдафонаў у пракурорскіх мундзірах і судзейскіх мантыях людзі адразу звернуць. 

А для стварэння ўражання, што рашэнне аб экстрэмізме “Пагоні” прынята даўно, можна і “прыцягнуць за вушы” нейкае ранейшае судовае рашэнне. “В указанном Telegram-канале публикуются изображения логотипа (эмблемы) «Пагоня», признанной решением суда Центрального района г.Минска 12.09.2023 экстремистским материалом” – сцвярджаюць у Чавусах і тым самым проста хлусяць. 

Каб упэўніцца ў пракурорскай хлусні варта зазірнуць у тое рашэнне мінскага суда. І там аказваецца, што экстрэмісцкімі прызнаны “Информационная продукция, символика и атрибутика “Рады БНР” и первого заместителя председателя “Рады БНР” С.Наумчика, размещенная на информационных ресурсах:  сайте “Рады БНР”(…).

Символика и атрибутика “Рады БНР”: орден Железного рыцаря; медали “Ордена Погони”, “За боевые заслуги” и медаль к 100-летию БНР, их цифровые изображения”. 

І ўсё, больш 12 верасня 2023 года суд Цэнтральнага раёна Мінску ніякую прадукцыю экстрэміскай не прызнаваў. Адпаведна і прызнання экстрэмісцкім герба “Пагоня” няма. 

Але пакуль у Беларусі не да законаў, то адказнасці за такую хлусню чавускія суддзі і пракуроры ніякай не панясуць.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Сказ пра тое, як у Чавусах печ рамантавалі і кралі металалом

Пераказ міліцэйскага пратакола чавуская “раёнка” ператварыла ў займальны дэтэктыў. Як казаў класік, змяркалася…

Сутнасць справы простая, як веласіпедная спіца. Жыхарка Чавус скарысталася тым, што сусед выкарыстоўваў дом пад дачу і доўгі час там не з’яўляўся.

Суседка са сваім знаёмым вывезлі з чужога прысядзібнага ўчастка металалом і здалі яго ў прыёмны пункт. Выручылі ўсяго сто рублёў. Штраф – 30 базавых велічынь.

Пры гэтым памочнік злодзейкі не ведаў пра тое, што яго ўцягнулі ў цёмную гісторыю.

Аднак журналісты Чавус, распавядаючы гэтую гісторыю, пачалі танцаваць, як кажуць, ад печкі. У літаральным сэнсе.

Высветлілася, што “раней 49-гадовы жыхар Чэрыкава выконваў работы па рамонце печы ў доме жанчыны. У адзін з дзён, падымаючыся на дах, каб дапамагчы знаёмаму з рамонтам, жанчына звярнула ўвагу на кучу металалому на ўчастку суседа. Спакуса аказалася занадта вялікай”.

Далей, як водзіцца, супрацьпраўныя дзеянні, экспертыза і суд.

Застаецца адкрытым пытанне: якім бокам да ўсёй гэтай справы няшчасны 49-гадовы печнік? Нам разабрацца не ўдалося. Можа чытачы паспрабуюць?

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Бабруйскай фірме налічылі амаль 111 тысяч нясплачаных падаткаў

Прыватнай будаўнічай фірме з Бабруйскага раёна падатковая інспекцыя налічыла да сплаты 110,7 тыс. рублёў падаткаў па выніках камеральнай праверкі.

Падчас праверкі спецыялісты ўстанавілі, што кампанія занізіла падатковыя абавязацельствы па шэрагу пазіцый, а менавіта – па падатку на дабаўленую вартасць, падатку на прыбытак і падаходным падатку з фізічных асоб. Як высветлілася, фірма рэалізавала два легкавыя аўтамабілі грамадзяніну, звязанаму з дзейнасцю гэтай жа арганізацыі, па заніжаным кошце. Пра гэта паведамляе Інспекцыя па падатках і зборах па Ленінскім раёне Магілёва.

У выніку такіх дзеянняў памер заніжанай выручкі склаў 183,4 тыс. рублёў, што прывяло да недаплаты падаткаў у бюджэт.

Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Бабруйскім раёне раней накіроўвала ў адрас прадпрыемства апавяшчэнне з прапановай добраахвотна пералічыць належныя сумы. Аднак арганізацыя гэтае патрабаванне праігнаравала.

Пасля гэтага падатковы орган склаў акт камеральнай праверкі. Паводле яго вынікаў, фірме прад’яўлена да выплаты ў бюджэт 110,7 тыс. рублёў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц