Нервознасць у попыце на цукар з’явілася і ў магілёўцаў, хоць у мясцовых крамах дэфіцыту на яго няма

У горадзе пашыраюцца чуткі, што прадукт, нібыта, падаражэе да чатырох з паловай рублёў за кілаграм. Той хто верыць бярэ цукар кілаграмамі.

 

Адміністрацыя крамаў запэўнівае: на складах цукру дастаткова па 2.60– 2.68. У адной з крамаў цану выставілі ў 2.30.

Паводле пакупнікоў пустых паліц няма, аднак, убачыўшы аднаго наведніка з наладаваным цукрам вазком іншыя робяць тое ж.

Падобная сітуацыя назіралася на Брэстчыне. 17 ліпеня ў першай палове дня ў Брэсце цукар можна было купіць свабодна. Пазней сталі разыходзіцца чуткі, што ён падаражэе і ад вечара паліцы апусцелі.

Прадстаўнік канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Ігар Груца цвердзіць: сфармаваны запас цукру дае падставы для захавання цяперашніх цэн на яго, піша інфармацыйная агенцтва “Белта”.

Паводле ўрадоўцы ў сярэднім насельніцтва краіны спажывае каля 10-15 тысяч тон цукру штомесяц. У летнюю пару попыт павялічваецца да 20-22 тысяч тон.

Ён кажа, што ў чэрвені па заяўках арганізацый у гандаль пастаўлена каля 11 тысяч тон цукру, а за два тыдні ліпеня – 8,1 тысяч тон.

Лічба дня. За выхадныя ДАІ на Магілёўшчыне злавіла пад тысячу парушальнікаў

23 затрыманых былі п’янымі за рулём, 37 – бяспраўнікамі.

Усяго за суботу і нядзелю да адміністратыўнай адказнасці прыцягнулі 934 чалавекі, піша БелТА.

Сярод іх 113 пешаходаў, 37 з якіх былі ў стане алкагольнага апʼянення.

 

У Магілёве ўзводзяць мікрараён з дамамі на электрычным абагрэве. Спажываць энергію яны будуць з беларускай АЭС

Перавод новых дамоў на электрычны абагрэў – новы трэнд у праектаванні і будаўніцтве. Ён выкліканы неабходнасцю спажывання электраэнергіі з Беларускай атамнай электрастанцыі. Паколькі еўрапейскія краіны адмаўляюцца імпартаваць электрычнасць з яе, то выйсце чыноўнікі бачаць ва ўнутраным спажыванні.

У Магілёве абяцаюць, што ўсе дамы ў пяці мікрараёнах комплексу «Міжгор’е» будуць поўнасцю электрыфікаваны, а парковачныя месцы абсталяваныя электрычнымі зараднымі станцыямі.

Будаўніцтва «Міжгор’е» было запланавана некалькі дзесяцігоддзяў таму, а ў 2010-м быў распрацаваны праект. Ажыццяўленню задуманага перашкаджала ўзніклая праблема адводу зямлі сельскагаспадарчага прызначэння пад гарадскія патрэбы.

Калі з’явілася АЭС вырашылі дамы цалкам перавесці на электрычны абагрэў. Праект давялося прыводзіць у адпаведнасць і з улікам новых дзейных нарматываў па азеляненні, патрабаванняў адносна ўпарадкавання паркоўкі і транспартных развязак.

Вестуном пачатку будаўніцтва стаў выстаўлены на пляцоўцы вежавы кран і выкопванне катлавана.

Арыенціровачна ўзвядзенне першых дамоў расцягнецца на 5 гадоў. Увесь комплекс прац ахопіць цэлае дзесяцігоддзе.

На першай лініі забудовы ўзвядуць дамы спраектаваныя паводле індывідуальных праектах у 20-22 паверхі.

Насельніцтва «Міжгор’я» складзе 29,5 тысяч чалавек. Тут пабудуюць 13 тысяч кватэр. Узвядуць некалькі школ і дзіцячых садкоў.

У дакументацыі фігуруе працоўная назва «Саломенка-2». Але сам раён будзе мець даўнішнюю назву тутэйшай мясцовасці – Міжгор’е. Некалі існавала тут такое паселішча.

 

Фотафакт. Магілёўскія пенсіянеры на танцах

Шмат год у скверы 40-гадзьдзя Перамогі збіраюцца пенсіянеры на танцы пад жывую музыку. Арганізуе вячоркі Гарадскі дом культуры.

Да тутэйшага фантану, згадаць маладосць і засведчыць, што жыццё на пенсіі не сканчаецца, прыходзіць немалая грамада пасівелых, але актыўных людзей паважнага веку.

Танцавальныя вечары ля фантана настолькі папулярныя, што наведваць іх не толькі жыхары прылеглых да цэнтральнай часткі гораду раёнаў, але, нават прыязджаюць з ускрайкаў. Сумна тут не бывае.

Гарадскія вячоркі для гараджанаў ладзяць у нядзелі, ажно да кастрычніка.

У Магілёве ўпарадкавалі дзіцячую пляцоўку для забаў. Не абышлося без ваеннай тэматыкі

На месцы ўрачыстага адкрыцця пляцоўкі паставілі тантамарэску савецкага салдата Другой сусветнай вайны. Пабыць вайскоўцам з пісталетам на дзязе давалі магчымасць усім ахвотным.

Тэма вайны не ад’емная частка мерапрыемстваў з удзелам чыноўнікаў. Яна прысутнічаў ува ўсіх магчымых праяўленнях – ад прамоў службоўцаў да антуражу. Так адбылося і на імпрэзе ў адным з двароў на вуліцы Габраўскай.

Сюды на адкрыццё дзіцячай комплекснай спартова-гульнявой пляцоўкі прыехаў кіраўнік Кастрычніцкага раёну Пётр Салаўёў, піша “Веснік Магілёва”.

«Гэта вялізарная радасць нашым дзецям, ім ёсць чым тут заняцца, дзе пагуляць. І бацькі задаволены. Хочацца, каб рабяты збераглі тое, што маюць, займаліся спортам, які прыдасца ім у будучыні», – казаў прадстаўнік уладнай вертыкалі на адкрыцці дваровай забаўкі.

На яе ўпарадкаванне скінуліся 5 арганізацыяў. Ім уручылі лісты падзякі.

 

«Улетку пыльная, а ўвесну і восень разбітая». Жыхары прыгараднай магілёўскай вёскі не адзін год чакаюць рамонту дарогі

Дарога ў выбоінах, а аўтамабілістам даводзіцца лавіраваць паміж імі, каб начынне машыны засталося ў ёй, а не на разбітым бальшаку.

Узбочына таксама ў неналежным стане. Паколькі на вясковай дарозе не прадугледжаныя тратуары, то пешаходы, ідучы ўздоўж разбітай праезнай часткі, апынаюцца ў небяспечным становішчы. Машынам даводзіцца выязджаюць на броўку, а людзям саскокваць пад адхон.

Так, выглядае дарога да вёскі Ракузаўка. Па словах мясцовай жыхаркі праезную частку пашкодзіла сельскагаспадарчая тэхніка.

Як адзначаюць вяскоўцы колькі год таму дарогу часткова былі адрамантавалі, але гэтага аказалася недастаткова.

«З кожным днём ямінаў на дарозе становіцца больш», скардзяцца жыхары Ракузаўкі.

Дарога да яе знаходзіцца на балансе прадпрыемства ДРБУ №128. Адтуль вяскоўцам адпісалі што ў 2022 годзе яе рамантаваць не будуць, бо яна не ўключана ў пералік аб’ектаў бягучага рамонту мясцовых аўтамабільных дарог, напісана на сайце газеты «Прыдняпроўская ніва».

Ракузаўка – родная вёска журналіста Аляксандра Ўліцёнка. У 2003 годзе пра паселішча ён пісаў:

«У маёй роднай вёсцы Ракузаўка, што на Магілёўшчыне, калісьці былі тры футбольныя палі, дзве валейбольныя пляцоўкі, а сотня двароў, усе тры вуліцы літаральна патыналі ў зелені… Адна бяда – дарога: улетку пыльная, увесну ды ўвосень разбітая».

Вёска Ракузаўка за пяць кіламетраў ад Магілёва. Да чыгуначнага прыпынку Цішоўка – 2 кіламетры. Насельніцтва – 100 чалавек. Вядомая з канца 19 стагоддзя, як хутар. У 1897 годзе ў ім было 6 сядзібаў з 44 жыхарамі.

У 1990 годзе вёска налічвала 66 прыватных гаспадарак і 182 жыхары. Адносілася да калгаса «Маяк камунізму». Тут былі вытворчая брыгада, кароўнік і свінарнік, а таксама магазін ды клуб.

фота: pniva.by

«Фотаальбом Магілёў.media». Багацце ліпеньскага лесу

Сваімі ўражаннямі ад наведвання ліпеньскага лесу падзяліўся жыхар вёскі Расна, што ў Дрыбінскім раёне. Аўтар ліста захоплены прыродаю і абураны безгаспадарлівасцю.

Вясковец даслаў серыю фотаздымкаў з тым, на што багаты лес у ліпеньскую пару і што яго ў ім засмуціла. Ягоныя творы папоўнілі «Фотаальбом Магілёў.media».


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


Чытач прызнаецца, што вырашыў «збегчы ў лес», каб адпачыць ад вясковай працы, якой багата ў гаспадарцы заўжды.

Падарожжа да лесу вясковец пачаў апісваць з таго, што: «з поля выскачыў заяц-русак, а за ім прабеглі дзве казулі».

А, як зайшоў у бор, то адчуў водар суніц. «Люблю, піша ён, ласавацца сочывам з гэтай ягады».

Па ягоных словах невялікая паляна была ўсыпаная чырвонымі ягадкамі.

Далей, праз колькі дзясяткаў метраў, «маленькія хмызочкі абсыпаныя даволі буйнымі чарніцамі».

«Хутка набраў амаль літр», – пахваліўся вясковец.

Блукаючы глянуў на гадзіннік і зразумеў, піша далей ён, што адпачынак зацягваецца, трэба вяртацца да гаспадаркі, але лес не адпускаў, хоць і заела жамяра.

«Сярод паваленых дрэў і галля натрапіў на зарасці маліны», – адзначае падарожнік.

«Збор маліны ўпадабаў больш, чым клопат з суніцамі і чарніцамі, – працягвае ён. – Ягада буйная, сакавітая, хутка бярэцца і напаўняецца вядзерка».

Ля малінніку чытач угледзеў ляшчыну. Набраў арэхаў.

На ўзбочынах лясной дарогі назбіраў сыраежак на суп, а на гарбату зёлак.

«Чыстае паветра, лясныя пахі, спевы птушак, ягады, расліны, грыбы, жывёлы – лясная прырода радуе», – піша вясковец у канцы свайго ліста.

«Засмучае негаспадарлівасць лясных службаў, – абураецца ён, падсумоўваючы. – Шмат у лесе непрыбраных дрэў, пнёў, нявывезенага ламачча, разбітыя лесавозамі лясныя дарогі. Усё гэта ляжыць і гніе. А паспрабуй вынесці напаўгнілое бервяно, знойдуць і аштрафуюць».

 

 

У Магілёве аднаўляюць помнік ахвярам Халакосту. Як тое робіцца, выклікае здзіўленне

Мармуровая стэла развалілася на часткі, калі на яе падчас навальніцы абрынулася дрэва. Тое адбылося 29 чэрвеня.

Амаль увесь прамінулы час фрагменты помніка заставаліся на зямлі. Пляцоўку падмялі, а дрэва вывезлі. Цяпер узяліся за аднаўленне.

Ім займаецца, як удалося высветліць, будаўнічае ўпраўленне пры гарвыканкаме. Кантралююць хаду прац мясцовыя ідэолагі і пракуратура.

Для таго, каб паставіць на пастамент цяжкую з мармуру стэлу камунальнікі выкарыстоўваюць круглякі з парэзаных дрэў.

У наведнікаў яўрэйскіх могілак, дзе стаіць помнік, такі метад яго аднаўлення выклікае саркастычныя ўсмешкі. Паводле іх, у 21 стагоддзі існуе вялікі выбар тэхнічных сродкаў для гэтага. Наведнікі адзначаюць: узгрувашчванне на круглякі цяжкога фрагменту помніка небяспечнае для работнікаў.

У магіле пад помнікам пахаваныя парэшткі забітых у 1941 годзе нацыстамі нявольнікаў, створанага імі ж, гета. На выгравіраваным у мармуры надпісу няма згадкі пра нацыянальнасць пахаваных. Адзначана толькі, што тут спачываюць 2 тысячы загінулых «савецкіх грамадзян».

Пасля таго, як улада распачала кампанію збірання звестак і пошуку ахвяраў генацыду беларускага народу ля помніка сталі праводзіць пафасныя імпрэзы з удзелам школьнікаў і службоўцаў. Фотаздымкі з такіх мерапрыемстваў тыражавалі праўладныя медыі. У каментарах да іх не згадвалі Халакост і нацыянальнасць забітых.

У Магілёве паказваюць калекцыю карцін, сабраную «Белгазпрамбанкам». Віктара Бабарыку на адкрыцці не згадалі

Карпаратыўную мастацкую калекцыю збіраў Белгазпрамбанк, калі ім кіраваў Віктар Бабарыка. У 2020 годзе ён быў канкурэнтам Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах і апынуўся ў няволі. Карціны год пабылі пад арыштам, як рэчавыя доказы.

Уся калекцыя налічвала 150 твораў сусветна вядомых беларускіх мастакоў, а таксама скульптуры, старадрукі. Увесь збор ацэньваўся ў 20 мільёнаў долараў. У Магілёў прывезлі 38 палотнаў, пісаў раней Магілёў.media.

Іх паказваюць у выставачнай залі Музею гісторыі Магілёва. Выстава называецца «Тихая жизнь». Яе адкрыццё адбылося 15 ліпеня.

З клопатам пра беларускую культуру і з разуменнем неабходнасці вяртання на радзіму беларускай спадчыны збіралася гэта калекцыя. На адкрыцці ніводным словам не згадалі Віктара Бабарыку, нібыта, гэтае імя забаронена называць услых.

На выставе прадстаўленыя карціны жывапісу і графікі вядомых у свеце, але паўзабытых ці невядомых на радзіме, беларускіх мастакоў.

Аснову экспазіцыі склалі пейзаж і нацюрморт. Карціны разнастайныя па стылістыцы, задаволяць самага прыдзірлівага наведніка.

Найбольшую ўвагу грамады, якая прыйшла на адкрыццё, прыцягвалі карціны касцюмера, дызайнера і сцэнографа шматграннага ў творчасці, Леона Бакста; знакамітага Фэрдынанда Рушчыца – удзельніка аб’яднання «Свет мастацтва», заснавальніка жанру мадэрнісцкага пейзажа ў мастацтве Беларусі; Абрама Маневіча – ураджэнца Магілёўшчыны, блізкага сябра Альберта Эйнштэйна. І безумоўна, Хаім Суцін! Яго творчасць прадставіла адно палатно, але вельмі экспрэсіўнае.

Выстава мастацкіх шэдэўраў «Тихая жизнь» прабудзе ў Магілёве да 28 жніўня.

Юрый Лукашоў узначаліў футбольны клуб “Днепр” – з ім каманда ўжо двойчы вылятала з вышэйшай лігі

Магілёўская каманда займае апошні радок у турнірнай табліцы, маючы па выніках 14 гульняў у Вышэйшай лізе ўсяго 6 ачкоў. Верагодна, менавіта гэта стала прычынай ратацыі ў трэнерскім штабе. 

Папярэдні галоўны трэнер, Яўген Молчан, які ўзначальваў “Днепр” са студзеня 2022 года паніжаны ў статусе, але захаваў месца ў трэнерскім штабе. На яго месца прызначаны Юрый Лукашоў, які займаў пасаду асістэнта Молчана – паведамляе прэс-служба магілёўскага клуба.

Характэрна, што Лукашоў ужо двойчы з’яўляўся галоўным трэнерам “Дняпра”, у сезонах 2014-2015 і  2018-2019, і абодва разы клуб пакідаў Вышэйшую лігу. Тады Лукашову адводзілася роля “пажарнага”, які павінен быў выратаваць каманду ад паніжэння ў статусе, і кожнага разу цуда не адбывалася. 

16 ліпеня “Днепр” правядзе хатнюю сустрэчу з мозырскай “Славіяй”, што месціцца на восьмым радку – роўна ўсярэдзіне турнірнай табліцы.