«Улетку пыльная, а ўвесну і восень разбітая». Жыхары прыгараднай магілёўскай вёскі не адзін год чакаюць рамонту дарогі

Дарога ў выбоінах, а аўтамабілістам даводзіцца лавіраваць паміж імі, каб начынне машыны засталося ў ёй, а не на разбітым бальшаку.

Узбочына таксама ў неналежным стане. Паколькі на вясковай дарозе не прадугледжаныя тратуары, то пешаходы, ідучы ўздоўж разбітай праезнай часткі, апынаюцца ў небяспечным становішчы. Машынам даводзіцца выязджаюць на броўку, а людзям саскокваць пад адхон.

Так, выглядае дарога да вёскі Ракузаўка. Па словах мясцовай жыхаркі праезную частку пашкодзіла сельскагаспадарчая тэхніка.

Як адзначаюць вяскоўцы колькі год таму дарогу часткова былі адрамантавалі, але гэтага аказалася недастаткова.

«З кожным днём ямінаў на дарозе становіцца больш», скардзяцца жыхары Ракузаўкі.

Дарога да яе знаходзіцца на балансе прадпрыемства ДРБУ №128. Адтуль вяскоўцам адпісалі што ў 2022 годзе яе рамантаваць не будуць, бо яна не ўключана ў пералік аб’ектаў бягучага рамонту мясцовых аўтамабільных дарог, напісана на сайце газеты «Прыдняпроўская ніва».

Ракузаўка – родная вёска журналіста Аляксандра Ўліцёнка. У 2003 годзе пра паселішча ён пісаў:

«У маёй роднай вёсцы Ракузаўка, што на Магілёўшчыне, калісьці былі тры футбольныя палі, дзве валейбольныя пляцоўкі, а сотня двароў, усе тры вуліцы літаральна патыналі ў зелені… Адна бяда – дарога: улетку пыльная, увесну ды ўвосень разбітая».

Вёска Ракузаўка за пяць кіламетраў ад Магілёва. Да чыгуначнага прыпынку Цішоўка – 2 кіламетры. Насельніцтва – 100 чалавек. Вядомая з канца 19 стагоддзя, як хутар. У 1897 годзе ў ім было 6 сядзібаў з 44 жыхарамі.

У 1990 годзе вёска налічвала 66 прыватных гаспадарак і 182 жыхары. Адносілася да калгаса «Маяк камунізму». Тут былі вытворчая брыгада, кароўнік і свінарнік, а таксама магазін ды клуб.

фота: pniva.by