Падлічана медыянная зарплата па Беларусі – Магілёўшчына на дне

На Магілёўшчыне самыя нізкія заробкі ў краіне. Яны складаюць 1046 рублёў «бруднымі», а пасля адлічэння ўсіх падаткаў і выплат, на руках застаецца 900-920 рублёў.

Гэта вынікае з апублікаванага рэйтынгу медыянных заробкаў у Беларусі. Яго абнаўляюць толькі два разы на год: у студзені і ліпені.

Падлік жа медыяннай зарплаты дае больш рэалістычныя сацыялагічныя назіранні, запэўнівае рэсурс banki24.by.


Медыянная зарплата вылічваецца на падставе падзелу ўсіх работнікаў напалам. Паводле размеркавання даходаў, медыянная зарплата заўсёды ніжэй, чым сярэдняя.


На Магілёўшчыне медыянны заробак складае – 1046 рублёў, а пасля выплаты падаткаў працаўнік мае 900-920 рублёў. Разлік сярэдняга заробку па рэгіёну дае больш радасныя лічбы – 1278 рублёў. Розніца між медыянным і сярэднім заробкамі складае 18,1%.


Сярэдняя заработная плана вылічваецца штомесяц і дае слабае ўяўленне пра рэальнае размеркаванне даходаў, паколькі існуе няроўнасць паміж зарплатамі прадстаўнікоў вышэйшых колаў і асноўнай масы.


Для параўнання

Найвышэйшыя медыянныя зарплаты ў Мінску – 1448 рублёў пры сярэдняй 2197. Розніца 34,1% і гэта самы высокі працэнт па Беларусі.

У Віцебскай вобласці медыянны заробак – 1046 рублёў. Сярэдні – 1323 рублі (21%);

У Брэсцкай – 1087 рублёў і 1341 рубель (18,9%);

У Гродзенскай – 1388 рублёў і 1576 рублёў (розніца 21,4%);

У Гомельскай – 1080 рублёў і 1412 рублі (23,5%).

 

У Магілёве навальніцай сарвала металічную агароджу з даху. На шчасце ніхто не пацярпеў

Металічную канструкцыю сарвала дужым парывам ветру. Цяпер у горадзе шугае навальніца.

Гэта адбылося на вуліцы Болдзіна, у цэнтры гораду, непадалёк ад тралейбуснага прыпынку. Агароджа з даху абрынулася на ходнік. У гэты момант на ім нікога не было.

Цяпер металічную канструкцыю прыбіраюць камунальнікі, якім стала вядома пра здарэнне.

У Магілёве асобныя гатункі цурку ўсё ж даражэюць

Напрыклад, як паведамілі Магілёў.media чытачы, цукар ХЮГГЕ, колькі дзён таму каштаваў 2 рублі 60 капеек. Цяпер жа, паводле пакупнікоў, у сеткавых крамах «Соседи» яго цана – 3 рублі 15 капеек.

Нервознасць праз цукар у магілёўскіх пакупнікоў з’явілася 18 ліпеня. Тады было заўважана, што многія наведнікі крамах сталі браць яго кілаграмамі.

На наступны дзень у некаторых магазінаў цукру было не купіць наагул. Разабралі нават рафінад.

Тым часам, прадстаўнік канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Ігар Груца запэўніваў, што сфармаваны запас цукру дае падставы для захавання цяперашніх цэн на яго.

За ім Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю настойвала,  што цукру складскіх запасаў у краіне дастаткова, каб задаволіць попыт.

На Магілёўшчыне за першую палову 2022 году пажары забралі жыцці 48 чалавек

За гэты час адбылося 390 пажараў. З 48 загінулых – 35 былі ў стане алкагольнага ап’янення.

Разам з тым, паводле начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Дзямідава, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году колькасць смерцяў на пажарах зменшылася на 19 працэнтаў. Летась загінула – 59 чалавек, паведамляе сайт газеты «Голас Касцюкоўшчыны»

Па словах Сяргея Дзямідава асноўнай прычынай смерцяў, звязаных з пажарамі застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём. Гэта прывяло да гібелі 41 чалавека. 35 чалавек на момант узнікнення пажару знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

 

«На 20 капеек». У Магілёве падаражэла маршрутнае таксі

Пра гэта Магілёў.media паведамілі жыхары абласнога цэнтру. Яны кажуць, што новая цана праезду з’явілася пакуль толькі на некаторых маршрутах. Цяпер за паездку трэба выкласці 1 рубель 50 капеек.

Ранейшы кошт праезду быў – 1 рубель 30 капеек.

У Магілёве мяркуюць, што павышэнне кошту праезду ў маршрутным таксі першая ластаўка падаражэнняў тавараў і паслуг.

 

На Магілёўшчыне чакаецца навальніца з дужымі парывамі ветру

Магчымыя зрыванні слаба ўмацаваных канструкцыяў, дахаў будынкаў, абрыванні лініяў сувязі і электраперадач, перабоі энергазабеспячэння, падзенні дрэваў, узнікненні лясных пажараў, а таксама пажараў у жылых і вытворчых будынках. Не выключаецца гібель людзей у вадзе падчас купання, адзначана ў паведамленьні на тэлеграм-канале “МЧС Беларуси”.

Чакаецца пераменная воблачнасць. Па ўсходзе кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Вецер паўночны 5-10 м/с, парывы да 14 м/с, месцамі, пераважна па ўсходняй палове, 15-20 м/с. Тэмпература паветра 20 26°С, па паўднёвым захадзе да 28°С.

Белгідрамедцэнтр абвясьціў жоўты ўзровень небясьпекі. 

 

Пад Магілёвам перакуліўся быў вайсковы грузавік «Урал»

Здарэнне адбылося у Магілёўскім раёне ля вёскі  Масток. 

Як паведамляюць у сацыяльных сетках пантонны «Урал» з’ехаў у кювет і “лёг” на бок.

Афіцыйных камэнтароў пра дарожна-транспартнае здарэньне на гэты момант няма. Яно адбылося ўвечары 19 ліпеня.

Цукровая паніка дабралася да Магілёва

У невялікіх і буйных крамах гораду цукар знік, разбіраюць нават рафінад.

Не паспеў Магілёў.media паведаміць  пра тое, што нягледзячы на нервознасць пакупнікоў, цукру ў магілёўскіх крамах хапае, як паліцы пачалі імкліва пусцець.

Запасы тавару карэспандэнты Магілёў.media адшукалі толькі ў цэнтры гораду – на Цэнтральным (Мінскім) рынку, у «Грошыку» каля «кітайскай сцяны».

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі абвяргае чуткі пра магчымае павышэнне цаны на цукар. Паведамляецца таксама, што яго складскіх запасаў у краіне дастаткова, каб задаволіць попыт.

У Магілёўскім гарвыканкаме паставілі «помнік рускаму гвардзейцу Сямёнаўскага палка». Пакуль у выглядзе статуэткі

Гэты полк сфармаваў расійскі самадзержца Пётр І, які загадаў у 1708 годзе спаліць Магілёў.

На першым паверсе гарвыканкаму ў зачыненым кіёску «Магілёўсаюздруку» паставілі толькі статуэтку ў выглядзе помніка, з адпаведным надпісам.

Цяпер «расійскі салдат» разам з ахоўнікам-міліцыянтам у будынку гарадской адміністрацыі сустракае наведнікаў.

Як удалося высветліць, макет «помніка рускаму гвардзейцу Сямёнаўскага палка» падарылі магілёўскім чыноўнікам госці з Расіі. Гарвыканкам вырашыў яго паставіць на першым паверсе свайго будынку. Пры ўваходзе ў яго ўсталяваная шыльда са звесткамі хто і калі Магілёву дараваў магдэбургскае права. Такім чынам, мясцовая ўладная вертыкаль захавала «паліткарэктнасць» між Усходам і Захадам.


Сямёнаўскі полк быў сфармаваны расійскім самадзержцам Пятром І ў 1691 годзе ў падмаскоўным сяле Сямёнаўскае. Тады будучы імператар, які пазней стане славутым у Беларусі забойствам манахаў у Полацку і знішчэннем Сафійскага сабору, забаўляўся вайсковымі гульнямі. Для яго сабралі пацешныя войскі, якія называлі «пацешнымі сямёнаўцамі».

У 1708 годзе на загад Пятра І яго паплечнік Аляксандр Меншыкаў спаліў Магілёў.


 

Міліцыянты знішчаюць на Магілёўшчыне палі каноплі – вось дзе яна найбольш разраслася

Зараслі канопляў (канабісу) плошчай у 0,7 гектара каля вёскі Балашкевічы Глускага раёну былі знішчаныя супрацоўнікамі аддзелу наркакантролю, паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Пад Бабруйскам, на левым беразе Бярэзіны, імі было выяўленае поле з каноплямі агульнай вагой блізу 1 100 кілаграмаў.

На Магілёўшчыне ў чэрвені ўжо знішчылі  былі больш за паўтары тоны пасеваў канабісу і маку на плошчы больш за 2 гектары. Плантацыі канопляў выяўляліся ў Быхаўскім і Клічаўскім раёнах.

Прэс-служба УУС не паведамляе пра асобаў, падазраваных у вырошчванні наркаўтрымліваючых раслін. Магчыма, плантацыі – дзікарослыя.

Пачынаючы з 1 чэрвеня ў Беларусі праходзіць спецыяльная праграма «Мак», накіраваная на пошук месцаў, дзе растуць мак і каноплі. У выніку аперацыі на Магілёўшчыне знойдзена і знішчана 3,3 тоны наркаўтрымліваючых раслін.