У Магілёве паказваюць калекцыю карцін, сабраную «Белгазпрамбанкам». Віктара Бабарыку на адкрыцці не згадалі

Карпаратыўную мастацкую калекцыю збіраў Белгазпрамбанк, калі ім кіраваў Віктар Бабарыка. У 2020 годзе ён быў канкурэнтам Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах і апынуўся ў няволі. Карціны год пабылі пад арыштам, як рэчавыя доказы.

Уся калекцыя налічвала 150 твораў сусветна вядомых беларускіх мастакоў, а таксама скульптуры, старадрукі. Увесь збор ацэньваўся ў 20 мільёнаў долараў. У Магілёў прывезлі 38 палотнаў, пісаў раней Магілёў.media.

Іх паказваюць у выставачнай залі Музею гісторыі Магілёва. Выстава называецца «Тихая жизнь». Яе адкрыццё адбылося 15 ліпеня.

З клопатам пра беларускую культуру і з разуменнем неабходнасці вяртання на радзіму беларускай спадчыны збіралася гэта калекцыя. На адкрыцці ніводным словам не згадалі Віктара Бабарыку, нібыта, гэтае імя забаронена называць услых.

На выставе прадстаўленыя карціны жывапісу і графікі вядомых у свеце, але паўзабытых ці невядомых на радзіме, беларускіх мастакоў.

Аснову экспазіцыі склалі пейзаж і нацюрморт. Карціны разнастайныя па стылістыцы, задаволяць самага прыдзірлівага наведніка.

Найбольшую ўвагу грамады, якая прыйшла на адкрыццё, прыцягвалі карціны касцюмера, дызайнера і сцэнографа шматграннага ў творчасці, Леона Бакста; знакамітага Фэрдынанда Рушчыца – удзельніка аб’яднання «Свет мастацтва», заснавальніка жанру мадэрнісцкага пейзажа ў мастацтве Беларусі; Абрама Маневіча – ураджэнца Магілёўшчыны, блізкага сябра Альберта Эйнштэйна. І безумоўна, Хаім Суцін! Яго творчасць прадставіла адно палатно, але вельмі экспрэсіўнае.

Выстава мастацкіх шэдэўраў «Тихая жизнь» прабудзе ў Магілёве да 28 жніўня.