Трэці суботнік запар ладзіцца ў Магілёве

Недахоп фінансаў ці кепскае добраўпарадкаванне? Ці проста новы мэр хоча заявіць пра сябе, як пра актыўнага і ініцыятыўнага кіраўніка?

Гарвыканкам заклікаў магілёўцаў паўдзельнічаць у агульнагарадскім суботніку 22 кастрычніка. Папярэдні суботнік быў два тыдні таму, а з часу суботнікаў у Кастрычніцкім і Ленінскім раёнах не прайшло і тыдня. 

Увага нададзена ўборцы і добраўпарадкаванню двароў, плошчаў, сквераў, вуліц, паркаў, зон адпачынку і іншых аб’ектаў сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння. Таксама – мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, тэрыторый арганізацый, навядзенні парадку ў прамысловых зонах, гаражна-будаўнічых кааператывах, ліквідацыі несанкцыянаваных звалак. Запланавана таксама пасадка дрэў і кустоў. Суботнік праходзіць у рамках месячніка па добраўпарадкаванні, аб’яўленага ў абласным цэнтры з 13 кастрычніка па 12 лістапада. 

У чым прычына падобнай суботняй актыўнасці? 

Усе запланаваныя працы ўжо рабіліся ў мінулыя суботы. Можа, магілёўцы кепска працавалі на ранейшых суботніках? 

Экстраннай сітуацыі для суботніка, надзвычайных катаклізмаў у горадзе таксама не назіраецца. Асаблівых новых планаў работ зноў жа няма. Ну не восеньскае ж лістоўе стала прычынай суботніка? 

Там дзе няма канкрэтыкі ад уладу маючых, нараджаюцца чуткі. Нездарма ў горадзе ўжо пляткараць, што папросту так новы мэр Студнеў хоча заявіць пра сябе, як пра актыўнага і ініцыятыўнага кіраўніка. Пра гэта ўжо пісалі Магілёў.media. 

З іншага боку, некаторыя эканамісты ўказваюць на фінансавы складнік акцыі. Кожная арганізацыя і прадпрыемства павінны пералічыць пэўную суму грошай, якую нібыта зарабілі калектывы ў гэты дзень, у незалежнасці ад таго, якія віды работ яны выконвалі. Таму, магчыма, празмерная колькасць суботнікаў выклікана простым недахопам фінансаў у гарадскім бюджэце. 

Як бачым, версій многа, а дакладнага адказу няма, бо ўлада кепска патлумачыла гораду неабходнасць працаваць трэцюю суботу запар. 

У Магілёве ўпарадкавалі дзіцячую пляцоўку для забаў. Не абышлося без ваеннай тэматыкі

На месцы ўрачыстага адкрыцця пляцоўкі паставілі тантамарэску савецкага салдата Другой сусветнай вайны. Пабыць вайскоўцам з пісталетам на дзязе давалі магчымасць усім ахвотным.

Тэма вайны не ад’емная частка мерапрыемстваў з удзелам чыноўнікаў. Яна прысутнічаў ува ўсіх магчымых праяўленнях – ад прамоў службоўцаў да антуражу. Так адбылося і на імпрэзе ў адным з двароў на вуліцы Габраўскай.

Сюды на адкрыццё дзіцячай комплекснай спартова-гульнявой пляцоўкі прыехаў кіраўнік Кастрычніцкага раёну Пётр Салаўёў, піша “Веснік Магілёва”.

«Гэта вялізарная радасць нашым дзецям, ім ёсць чым тут заняцца, дзе пагуляць. І бацькі задаволены. Хочацца, каб рабяты збераглі тое, што маюць, займаліся спортам, які прыдасца ім у будучыні», – казаў прадстаўнік уладнай вертыкалі на адкрыцці дваровай забаўкі.

На яе ўпарадкаванне скінуліся 5 арганізацыяў. Ім уручылі лісты падзякі.