Трэці суботнік запар ладзіцца ў Магілёве

Недахоп фінансаў ці кепскае добраўпарадкаванне? Ці проста новы мэр хоча заявіць пра сябе, як пра актыўнага і ініцыятыўнага кіраўніка?

Гарвыканкам заклікаў магілёўцаў паўдзельнічаць у агульнагарадскім суботніку 22 кастрычніка. Папярэдні суботнік быў два тыдні таму, а з часу суботнікаў у Кастрычніцкім і Ленінскім раёнах не прайшло і тыдня. 

Увага нададзена ўборцы і добраўпарадкаванню двароў, плошчаў, сквераў, вуліц, паркаў, зон адпачынку і іншых аб’ектаў сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння. Таксама – мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, тэрыторый арганізацый, навядзенні парадку ў прамысловых зонах, гаражна-будаўнічых кааператывах, ліквідацыі несанкцыянаваных звалак. Запланавана таксама пасадка дрэў і кустоў. Суботнік праходзіць у рамках месячніка па добраўпарадкаванні, аб’яўленага ў абласным цэнтры з 13 кастрычніка па 12 лістапада. 

У чым прычына падобнай суботняй актыўнасці? 

Усе запланаваныя працы ўжо рабіліся ў мінулыя суботы. Можа, магілёўцы кепска працавалі на ранейшых суботніках? 

Экстраннай сітуацыі для суботніка, надзвычайных катаклізмаў у горадзе таксама не назіраецца. Асаблівых новых планаў работ зноў жа няма. Ну не восеньскае ж лістоўе стала прычынай суботніка? 

Там дзе няма канкрэтыкі ад уладу маючых, нараджаюцца чуткі. Нездарма ў горадзе ўжо пляткараць, што папросту так новы мэр Студнеў хоча заявіць пра сябе, як пра актыўнага і ініцыятыўнага кіраўніка. Пра гэта ўжо пісалі Магілёў.media. 

З іншага боку, некаторыя эканамісты ўказваюць на фінансавы складнік акцыі. Кожная арганізацыя і прадпрыемства павінны пералічыць пэўную суму грошай, якую нібыта зарабілі калектывы ў гэты дзень, у незалежнасці ад таго, якія віды работ яны выконвалі. Таму, магчыма, празмерная колькасць суботнікаў выклікана простым недахопам фінансаў у гарадскім бюджэце. 

Як бачым, версій многа, а дакладнага адказу няма, бо ўлада кепска патлумачыла гораду неабходнасць працаваць трэцюю суботу запар.