Днём 15 студзеня, у нядзелю, на большай частцы тэрыторыі краіны, а ноччу 16 студзеня, у панядзелак, па поўначы чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с, – папярэджвае Белгідрамет.
Заўтра, у нядзелю 15 студзеня ў Магілёўскай вобласці прагназуецца воблачнае надвор’е, без істотных ападкаў. Верагоднасць ападкаў 10-15%. Слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра 0.. +2 °C. Вецер паўднёвы, 5-10 м/с, парывамі да 14 м/с, у асобных раёнах да 20 м/с.
Рамонт лепшага ў Магілёве басейна – ў Палацы Гімнастыкі на вуліцы Крупская – завершаны.
Але запланаванае адкрыццё не адбудзецца з тэхнічных прычын. Рамонтнікі не змаглі наладзіць працу новага абсталявання да 15 студзеня.
Будаўнічыя працы скончаны своечасова, праблемы ўзніклі менавіта з наладкай абсталявання. Кіраўніцтва палаца абяцае ўсё паналаджваць на працягу двух тыдняў.
Паведамляецца, што доктара сацыялагічных навук, прафесара Юрыя Бубнава затрымалі на працоўным месцы – на кафедры гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання, якую ён узначальвае.
У Магілёве Юрый Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, фестывалю “Дранік-фэст” “Вялікага гарадскога пікніка” і іншых ініцыятыў.
Верагодна, яго затрымалі яшчэ 12 студзеня – у гэты дзень на Тэлеграм-канале, звязаным з сілавікамі, з’явілася абразлівая публікацыя пра Юрыя Міхайлавіча Бубнава. Гэта прыводзіць да думкі, што затрыманне вучонага можа мець палітычную падаплёку.
Стары Новы год. Гэты феномен з`явіўся ў Савецкай Расіі ў выніку каляндарнай рэформы 1918 года.
24 студзеня 1918 года СНК РСФСР прыняў дэкрэт аб увядзенні грыгарыянскага календара. Пасля 31 студзеня ў 1918 годзе, замест 1 лютага адразу ж наступіла 14 лютага. Ранейшая дата 1 студзеня па юліянскім календары ссунулася на 14 студзеня. Так узнікла новае неафіцыйнае свята, якое атрымала назву “стары Новы год”.
Традыцыя сустракаць стары Новы год захавалася і ў Беларусі, ва Украіне, у Сербіі (Сербскі Новы год, Малыя Каляды), Чарнагорыі (“правільны Новы год”), Македоніі, Грэцыі (Дзень Святога Васіля), Румыніі, у нямецкамоўных кантонах Швейцарыі (“стары дзень Святога Сільвестра”).
Цікава, што новы год у гэтыя дні сустракаюць берберы Алжыра, Марока, Туніса і іншых краін Паўночнай Афрыкі, якія жывуць па ўласным календары. Свята ў бербераў носіць назву Yennayer, вядомае таксама як “мараканскі Новы год”, але афіцыйным яно не з’яўляецца.
1770 год. Нарадзіўся Адам Ежы Чартарыйскі.
Польскі і расійскі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. Намагаўся аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года.
Удзельнічаў у абарончай вайне супраць Расіі (1792). Служыў ад’ютантам и дарадцам Аляксандра I, расійскім міністрам замежных спраў (1804-1806), куратарам Віленскай навучальнай акругі (1803-1824).
Аўтар плана аднаўлення Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага.
Падчас паўстання 1830-1831 гадоў узначаліў Сенат і кансерватыўны Нацыянальны ўрад у Варшаве.
З 1831 года ў эміграцыі ў Англіі, Францыі развіваў праграму аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай пры падтрымцы заходнееўрапейскіх дзяржаў. Развіваў ідэі славянскага федэралізму без Расіі.
Мецэнат літаратуры і навукі. Аўтар палітычных і публіцыстычных твораў, успамінаў, навуковых даследаванняў, вершаў.
Памёр 15 ліпеня 1861 года.
1893 год. Нарадзілася Канстанцыя Буйло (Калечыц).
Беларуская паэтэса, Заслужаны дзеяч культуры.
Яе дэбютны зборнік вершаў “Курганная кветка” (1914) рэдагаваў Янка Купала, афармляў Язэп Драздовіч.
Аўтар шэрагу п’ес, зборнікаў вершаў, кніг для дзяцей. Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку, песня “Люблю” стала народнай.
Максім Гарэцкі ў сваёй “Гісторыі беларускай літаратуры” лічыў яе “найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай у нашай поэзіі”.
Памерла 4 чэрвеня 1986 года.
1894 год. Нарадзіўся Пятро Юргялевіч.
Беларускі мовазнавец.
Працаваў сакратаром Мсціслаўскага райкамапартыі, рэдактарам Калінінскай акруговай газеты «Наш працаўнік» (Клімавічы), у Дзяржвыдавецтве, навуковым сакратаром Інстытуту мовазнаўства акадэміі навук, дацэнтам Менскага вышэйшага педінстытута.
Даследаваў унармаванне беларускай літаратурнай мовы, гісторыю беларускай мовы і гаворак.
У лістападзе 1935 года арыштаваны. Вязень ГУЛАГу.
Працаваў дацэнтам у Гомельскім педінстытуце (1940-1941), дацэнтам і загадчыкам кафедры ў Магілёўскім (1944-1968) педінстытуце.
Аўтар і суаўтар «Вайсковага расейска-беларускага слоўніка» (1933), «Нарысу сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарамі», «Беларуская граматыка: марфалогія» (1958).
Памёр у 1973 годзе ў Магілёве.
1916 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Чарняўскі.
Беларускі каталіцкі святар Перакладчык Бібліі і Катэхізіса на беларускую мову.
Член ордэна марыянаў.
Ксёндзам служыў у Крэве, Вільні, Вішневе Валожынскага раёна. У 1968 годзе Папам Рымскім прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыі абрадаў.
Дабіўся папскага блаславення на правядзенне богаслужэнняў па-беларуску. Доўгія гады ён быў адзіным святаром на Беларусі, хто вёў службу на роднай мове.
Памёр 22 снежня 2001 года. Пахаваны ў Вішневе. У 2016 годзе ў Вішневе адкрыўся музей святара.
1920 год. У в. Плёсы (зараз – Бабруйскі раён) нарадзіўся Мікола Аўрамчык.
Беларускі пісьменнік, перакладчык.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны пры акружэнні ў 1942 года трапіў у палон, вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 года вызвалены англічанамі.
Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса, працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісах «Полымя», «Маладосць».
На літаратурную дзейнасць маладога паэта з Бабруйшчыны блаславілі Якуб Колас і Янка Купала.
Аўтар вершаў, больш за 10 кніг паэзіі, зборнікаў вершаў для дзяцей, выбраных твораў, кнігі «Знаёмыя постаці», прысвечанай беларускім дзеячам.
Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, Л. Украінкі, І. Франко, М. Джаліля і іншых.
Друкаваўся ў перыядычных выданнях, у тым ліку часопісе «Дзеяслоў».
Разам з Н. Гілевічам суаўтар паэмы “Сказ пра Лысую гару”, у якой з’едлiва апiсвалiся норавы беларускіх лiтаратараў, занятых не творчасцю, а дзялёжкай зямельных участкаў.
Памёр 8 мая 2017 года ў Мінску
1939 год. Нарадзіўся Васіль Шаранговіч.
Народны мастак Беларусі, творца ў галіне кніжнай і станкавай графікі.
Працаваў у выдавецтве «Беларусь», рэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў, дырэктарам Музея сучаснага выяўленчага мастацтва.
Яго працы ў кніжнай графіцы адметныя тонкім разуменнем структуры і ладу літаратурнага твора, паглыбленай пранікнёнасцю ў псіхалогію персанажа, вострым пачуццём гармоніі элементаў афармлення кнігі: «Віленскія камунары» М. Гарэцкага, «3 майго летапісу» і «Новая зямля» Якуба Коласа, «Дзесяць дзён, якія скаланулі свет» Дж. Рыда, «Збор твораў» М. Багдановіча, «Зямля навагрудская, краю мой родны…» і «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, «Старыя беларускія хронікі» У. Караткевіча і шматлікія іншыя.
Аўтар гравюр «Памяці вогненых вёсак» (1979-1985), станковых работ: «Смерць Гражыны» (паводле А. Міцкевіча), «Партрэт Ф. Скарыны», «А хто там ідзе», сэрыі «Край нарачанскі», «Блакада. 1943 год» і іншых.
Памёр 31 снежня 2021 годзе праз два дні пасля смерці жонкі.
1942 год. Нарадзілася Вера Вярба (Гертруда Сакалова).
Беларуская паэтэса, якая атрымала вядомасць ў 20-гадовым узросце, перакладчыца.
Адна з яркіх прадстаўніц плеяды жанчын-паэтэс, якія сваёй творчасцю аздобілі і ўзбагацілі беларускую літаратуру другой паловы ХХ стагоддзя.
Працавала ва ўпраўленні кніжнага гандлю Дзяржкамітэта па друку, у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Работніца і сялянка», «Беларусь».
Аўтар шматлікіх кніг, зборнікаў паэзіі. Яе творчасць высока ацэньвалі М. Аўрамчык, В. Бечык, А. Куляшоў, В. Рагойша, А. Лойка, захапляла Г. Бураўкіна, іншых літаратараў.
Адзін з вершаў – «Ручнікі» – з першага зборніка быў пакладзены на музыку М. Пятрэнкам, стаў шлягерам «Песняроў».
Пра значнасць яе паэзіі ў культурнай прасторы сведчаць пераклады яе твораў на шматлікія мовы свету.
Памерла 15 ліпеня 2012 года.
На фота: Іван Пташнікаў, Вера Вярба і Іван Чыгрынаў.1962 г.
1944 год. Нямецка-фашыскія карнікі спалілі разам з жыхарамі вёску Ала Шацілкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.
Вёска не адноўлена пасля вайны, яе тэрыторыя уваходзіць у склад сучаснага Светлагорскага раёна. Стаяла на р. Ала.
Загублена 1758 жыхароў (100 мужчын, 508 жанчын, 200 старых, 950 дзяцей). Па колькасці ахвяр на 2-м месцы ў Беларусі пасля в. Боркі Кіраўскага раёна. Уратавацца ўдалося толькі 8 жыхарам.
У 2020 годзе пабудаваны мемарыял на месцы вёскі.
1947 год. Памёр Вацлаў Міхневіч.
Літоўскі і беларускі архітэктар, прадстаўнік неаготыкі.
Працаваў гарадскім архітэктарам Вільні, заснаваў праектна-будаўнічае бюро „Architekt“, быў галоўным інжынерам у міністэрстве шляхоў зносін Літвы.
Аўтар праектаў каля 30 будынкаў у Вільнюсе і каля 30 касцёлаў па ўсёй Літве і ў Беларусі, у тым ліку ў Відзах і ў Дзярэчыне. Найважнейшыя праекты: крыты рынак, Польскі тэатр на Пагулянцы, Зямельны банк. Суаўтар праекта мячэці ў Каўнасе.
На фота: Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Відзах, 59 м. Спрачаецца аб чэмпіёнстве па вышыні з Геранёнскім касцёлам.
1962 год. Пачалася эксплуатацыя нафтаправода «Дружба».
Па ім транспартуецца нафта з Волга-Уральскай нафтагазаноснай правінцыі ў краіны Усходняй Еўропы.
Маршрут нафтаправода праходзіць ад расійскага Альмецьеўска да Мазыра, затым разгалiноўваецца: паўночны ўчастак – па Беларусі, Польшчы, Германіі, Латвіі і Літвы і паўднёвы – па тэрыторыі Украіны, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі.
У сістэму ўваходзіць 8900 км трубаправодаў (па Беларусі – 2910 км).
Па нафтаправодзе ў Еўропу да ўвядзення санкцый экспартавалася да 67 мільёнаў тон нафты.
1972 год. Нарадзіўся Алесь Лагвінец.
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг, перакладчык.
Скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, Польскую дыпламатычную акадэмію.
Працаваў у Еўрапейскім гуманітарным унівэрсітэце, каледжы Саўт-Ўэстэрн (Канзас, ЗША), перакладчыкам у Эўрапарламенце, дарадцай старшыні Руху «За Свабоду» А. Мілінкевіча, намеснікам старшыні Руху.
Член Назіральнай рады Цэнтра беларускіх даследаванняў. Сурэдактар кнігі «Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты», перакладчык кнігі «Бунт у імя свабоды: забыты беларускі ген?» (сумесна з В. Мазуркевіч).
Лаўрэат «Прэміі Еўропы» нямецкага фонда імя Г. Шварцкопфа «Маладая Еўропа», прэміі імя Льва Сапегі.
Жыве ў Варшаве.
1980 год. Нарадзіўся Андрэй Курэйчык.
Беларускі і расійскі сцэнарыст, акцёр.
Працаваў памочнікам старшыні Беларускага Саюзу тэатральных дзеячоў, аглядальнікам “Белгазеты”, галоўным рэдактарам АНТ, на кінастудыях у Галівудзе.
Аўтар шматлікіх сцэнароў для беларускіх тэатраў на беларускай і рускай мовах, каля 30 сцэнараў для кіно. Друкаваў свае п’есы ў «Arche», «Полымя», «Нёман», «Першацвет», аўтар 2 кніг.
Movie Research прызнала яго самым паспяховым сцэнарыстам расійскага кіно 2006-2008 гадоў.
Абладальнік 12 міжнародных прэмій, апошняя – у 2022 годзе – фінская KOURA за радыё-спектакль пра беларускіх палітвязняў «Галасы новай Беларусі».
17 жніўня 2020 года ўвайшоў у Асноўны склад Каардынацыйнай рады для забеспячэння трансферу ўлады ў Беларусі.
Увосень 2021 года ў сувязі з пераследам за палітычную дзейнасць, эмігрыраваў у Фінляндыю.
2021 год. Памёр Леанід Шчамялёў.
Народны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР.
Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка, у Беларускім політэхнічным інстытуце, працаваў Першым сакратаром Праўлення Саюза мастакоў, старшынёй Праўлення Мастацкага фонду.
Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Яго творы вылучаюцца свабоднай пластычнай манерай выканання з выкарыстаннем гучнага колеру і святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю.
Шмат яго прац прысвечана гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у тым ліку «Палявы трыбунал», «Генерал Даватар», «Першы дзень міру».
Сярод карцін, прысвечаных гістарычным асобам, дзеячам культуры і мастацтва: «Кастусь Каліноўскі», «Рэпін у Здраўнёве», «Леся Украінка».
Псіхалагічная глыбіня, шчырасць характарыстык уласцівы дзясяткам яго твораў пра сучаснікаў.
Не апошняе месца ў яго творчасці займаюць выразныя і маляўніча-пластычныя краявіды: «Вязынка», «Лошыца», «Вясна на Дзвіне», «Зіма ў Ракаве», «Зіма ў Пінску» і іншыя. Аўтар шматлікіх нацюрмортаў.
Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, мастацкага цэнтра «Жыльбел», фондах Саюза мастакоў Беларусі і Міністэрства культуры Расіі, Траццякоўскай галерэі, абласных краязнаўчых музеях Беларусі і іншых.
Разбуральных вятроў, як год назад, не прагназуецца.
У пятніцу, 13 студзеня, па прагнозах сіноптыкаў, умовы надвор’я вызначае вільготная паветраная маса, што працягвае паступаць з тэрыторыі Украіны з вятрамі паўднёвага напрамку. Атмасферны ціск будзе слаба зніжацца. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. Па большасці раёнаў без ападкаў. На асобных участках дарог галаледзіца. Вецер паўднёвы 5-10 м/с, местамі пры парывах да 12 м/с. Тэмпература паветра ў Магілёве -4 -6°С. Днем па вобласці ад -3 да +1°С, у абласным цэнтры 0 -2°С.
У суботу, на Стары Новы год , 14 студзеня прагназуецца воблачнае надвор’е, месцамі ападкі у выглядзе снега, мокрага снега. Вецер паўднёва-заходні хуткасцю да 3 м/с, месцамі да 9 м/с. Начныя тэмпературы паветра да -2 -4°С, дзённыя каля 0°С.
Нагадаем, што год назад, 14 студзеня 2022 года вецер у Магілёўскай вобласці разганяўся да 30 м/с, а гэта 108 км/г, у выніку чаго спыняліся цягнікі, парушаўся рух аўтатранспарту, праца некаторых прадпрыемстваў і ўстаноў. Былі пашкоджаны дахі амаль 200 жылых дамоў, 518 сельскагаспадарчых і амаль 60 іншых аб’ектаў, у Чавускім раёне пашкоджана 42 га лесу, павалены дрэвы ўздоўж многіх аўтатрас, на вуліцах населеных пунктаў, траўміраваны два чалавекі. Усяго падчас стыхіі ў вобласці адключалася электразабеспячэнне ў 469 населеных пунктах.
У нядзелю, 15 студзеня захаваецца воблачнае надвор,е, з прытокам паўднёвых паветраных мас павысяцца начныя тэмпературы до -2 0°С, дзённыя – да 0 +1°С, месцамі да +3°С. Перапады ціску прывядуць да узмацнення хуткасці ветра да 8 м/с, месцамі да 10 м/с. Месцамі чакаецца снег.
Па папярэдняму прагнозу (больш дакладныя прагнозы на 1-3 сутак), на пачатку наступнага тыдня захаваецца вільготнае пахмурнае надвор’е з тэмпературамі блізкімі да 0°С
16 студзеня, панядзелак, на большай частцы тэрыторыі вобласці магчымы ападкі – мокры снег, дождж. У асобных раёнах туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак -2 +3°С.
17-18 студзеня, аўторак-серада, на большай частцы тэрыторыі ападкі. Месцамі туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература ноччу -2 +3°С, удзень 0 +5°С.
19 і 20 студзеня захаваецца прыкладна такое ж надвор’е, але узмацняцца вятры – дасягнуць хуткасці 18-19 м/с і болей.
Аддзяленне гігіены харчавання Магілёўскага абласного цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя размясціла на сваім сайце інфармацыю па аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання, у якіх у снежні 2022 года ажыццяўляўся гандаль таварамі са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці ці захоўвання.
Былі выяўлены парушэнні ў 9 гандлёвых кропках у 6 адміністрацыйных адзінках вобласці, галоўным чынам, у гарадах і толькі два ў сельскай мясцовасці – Магілёўскі раён, в. Міхалёва, Хоцімскі раён, в. Трасціно .
Парушэнні дапусцілі крамы добравядомых гандлёвых сетак: “Соседи” (Бялынічы, прадукцыі з парушэннямі тэрмінаў на 89,55 рублёў – самы высокі паказчык сярод правераных кропак), “ПерекрестОК-4” (Магілёў), “Копеечка” (дзве ў Чавусах), “Родны кут” (дзве крамы ў Хоцімскім раёне). Парушэнні выяўлены і ў крамах «Фея», «Каля дома» у г. Горкі.
На гэтых аб’ектах гандляваліся з пратэрміноўкай мясныя, кулінарныя, каўбасныя вырабы, кісламалочная прадукцыя, квас, салата.
Аналіз праверак гандлёвых кропак паказвае станоўчую тэндэнцыю – колькасць крам з пратэрмінаванай прадукцыяй паменшылася на 40%. Напрыклад, у кастрычніку 2022 года парушэнні былі выяўдены на 15 гандлёвых аб’ектах у 8 раёнах з 21 у вобласці – Быхаўскім, Горацкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Магілёўскім, Слаўгарадскім, Чавускім і Шклоўскім.
Мясцовая арганізацыя ветэранаў вайны і працы звярнулася ў райвыканкам з просьбай даць чэрыкаўскаму скверу па вуліцы Болдзіна назву “сквер Памяці і Славы”.
Фармальнасць, якую пасля гэтага павінен выканаць выканкам – абвясціць пра грамадскае абмеркаванне новай назвы.
Цяпер кожны зацікаўлены можа з 16 студзеня па 15 лютага пісьмова накіраваць сваю прапанову ў Чэрыкаўскі раённы Савет Дэпутатаў. Адрас электроннай пошты – [email protected]. Абавязкова трэба ўказваць прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас месца жыхарства ці працы і свой электронны адрас – папярэджвае “Веснік Чэрыкаўшчыны”.
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю скарэктавала кошт на звадкаваны газ для рэалізацыі насельніцтву ў балонах. Гэта інфармацыя змешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Кошт за 1 кг газу для запраўкі газавых балонаў аб’ёмам ад аднаго да 27 літраў (а гэта 11,4 кг) складзе 1,43 рубля. Раней было – 1,37. Гэта значыць, што калі раней за вялікі балон спажывец плаціў 36 рублёў 99 капеек, то цяпер будзе – 38,61.
“Змяненне цаны на газ для запраўкі ў малалітражныя балоны праводзіцца штогод у планавым парадку і абумоўлена кампенсацыяй газазабеспячальным арганізацыям росту кошту набытага газу” – растлумачылі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Грошы – праз трох пасярэднікаў, мясцовыя могуць атруціць.
Беларускія журналісты і расследвальнікі высветлілі, што жыхароў розных гарадоў краіны актыўна рэкрутуюць працаваць будаўнікамі на акупаваных Расійскай Федэрацыяй тэрыторыях Украіны. Падобныя аб’явы стракацяць таксама і ў магілёўскіх пабліках, прысвечаных пошуку працы. Так, групы УКантакце “Могилев работа”, “Работа | Могилев”, утрымліваюць як старыя, так і зусім новыя запрашальныя аб’явы.
Аб’явы размяшчаюць расійскія рэкрутынгавыя арганізацыі. У самых апошніх аб’явах варыянт з працай у ДНР і ЛНР па будаўніцтве дамоў – адзін з шматлікіх варыянтаў працаўладкавання. У аб’явах гаворыцца пра бясплатнае пражыванне і харчаванне, высокую па беларускіх мерках зарплату – ад 3 250 да амаль 6 000 рублёў, калі перавесці на беларускія. Бяруць нават без вопыту працы.
Журналісты і расследвальнікі аднаго з беларускіх выданняў змаглі звязацца як з рэкруцёрамі, так і з працаўнікамі, якія мелі вопыт працы ў акупаваных гарадах. Працадаўцы сцвярджаюць, што ніякай небяспекі ў анэксіраваных гарадах Данбаса для працаўнікоў няма.
– Родныя хвалююцца – гэта зразумела. – расказаў адзін з наймальнікаў, Сяргей – Ну, там ціха, усё нармальна. Мы ўжо там два месяцы да гэтага працавалі на дэмантажных работах, зараз перайшлі на аддзелачныя ў жылых дамах. Не ведаю, усё быццам як нармальна. Здарэнняў ніякіх не было, усё добра, працуем як належыць. Калі, вядома, нешта будзе зноў, то назад усе паедзем.
Карыстальнікі паблікаў і чатаў, якія ўжо працавалі ў Марыупалі, альбо чые знаёмыя зараз там знаходзяцца, даюць крыху іншую карціну:
– Выходзіць так, што праз тры пасярэднікі грошы атрымліваем. Гэта сапраўды не самы лепшы варыянт. У крамах у мясцовых нічога нельга купляць, бо могуць атруціць. Харчавацца можна толькі ў сталовых. Без дазволу працадаўцы нікуды нельга адтуль выехаць. Яны як бы ўвогуле не хочуць, каб толькі на месяц-два туды ехалі. Месяцаў на шэсць. Лепш па выніку ў Маскву амаль за тыя ж грошы ў спакоі працаваць, чым там. Пастаянна напружанне ў Марыупалі: што на будоўлі, што ў інтэрнаце – напісаў карыстальнік Юрый, сябар якога знаходзіцца ў Марыупалі.
Мінчук Дзмітрый, які ўжо не раз ездзіў на вахтавыя будоўлі за мяжу, рэкамендуе беларусам увогуле не разглядаць варыянты працы на акупаваных тэрыторыях:
– Нармальныя фірмы яшчэ пашукаць трэба. А гэтыя пасярэднікі набіраюць людзей, большую частку грошай забіраюць сабе, засяляюць у самыя дрэнныя ўмовы і ўсё. Ну і не варта нават разглядаць гэтыя вакансіі, не тое што ехаць – гэта лічыцца зона баявых дзеянняў. І ніхто ніякіх гарантый не дае, упадзе снарад заўтра ці не.
– У асноўным, беларусы і ездзяць. – разам з тым, расказаў працадавец Сяргей – З Гомеля вельмі шмат, са Жлобіна, Рэчыцы, Рагачова. Цяпер там нашых чалавек 30. Шмат, мы нават не паспяваем жыллё абсталяваць.
Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў чакае ад грамадзян краіны прапановаў па тым, на якіх вадаёмах краіны пажадана правесці зарыбленне ў 2023 годзе.
Перавагу аддадуць вялікім водным масівам з лёгкім доступам, якія карыстаюцца папулярнасцю сярод рыбакоў. Пажадана таксама, каб тут была дазволена падводная рыбалка.
Асноўныя крытэры пры выбары вадаёмаў ці вадатокаў для зарыблення – вадаём не павінен быць прадастаўлены ў арэнду ў бліжэйшы час, яго плошча – ад 20 гектар і больш, тут не назіраюцца рэгулярныя заморныя з’явы і ён актыўна наведваецца як мясцовымі, так і і прыезджымі рыбаловамі.
Каб прапанаваць свае варыянты, неабходна звярнуцца на электронную пошту таварыства [email protected] – паведамляе БелТА.