Збройныя сілы Украіны атакавалі раён у Марыупалі, дзе размяшчаюцца расійскія сілы супрацьпаветранай абароны і ваенная база – паведамляе Unian. Прадстаўнік сілавых структур самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі расказаў ТАСС, што некалькі выбухаў адбыліся ў паўднёва-заходняй частцы Марыўпаля паблізу старога аэрапорта. Іх прычыны “ўстанаўліваюць”.
У тэлеграм-канале Марыупальскай гарадской рады (законная ўкраінская адміністрацыя горада) сцвярджаецца, што ў горадзе адбылося тры выбухі – і нібыта адна з ракет патрапіла ў размяшчэнне асабовага складу расейскіх вайскоўцаў.
Дарадца законнага мэра горада Пётр Андрушчанка сцвярджае, што ўдар прыйшоўся па месцы базавання не менш за 150 вайскоўцаў, якое “сістэмна выкарыстоўвалася для ўстаноўкі сістэм СПА”.
Па дадзеных Тэлеграм-канала “Марыупаль зараз”, выбухі адбыліся побач з мікрараёнам «Неўскі», які расейскія ўлады пабудавалі на месцы разбураных дамоў. У сакавіку гэты мікрараён наведваў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.
Mogilev.media пісалі, што на будаўнічыя працы ў Марыупаль, гарады так званых ЛНР і ДНР масава вербаваліся работнікі з Беларусі, і ў тым ліку з Магілёва. “У асноўным, беларусы і ездзяць” – так пракаментаваў склад працаўнікоў на марыупальскіх будоўлях адзін з вербоўшчыкаў рабочай сілы. Нашаму выданню вядомыя выпадкі працаўладкавання жыхароў Магілёва ў Марыупалі.
Камісія ААН пацвердзіла, што менавіта ўзброеныя сілы Расіі нясуць адказнасць за невыбарчыя авіяцыйныя атакі на драмтэатр і радзільнае аддзяленне ў Марыупалі, за ракетныя абстрэлы чыгуначнага вакзала ў Краматорску.
Усе падзеі адбыліся вясной 2022 года, гаворыцца ў дакладзе Незалежнай міжнароднай камісіі па расследаванні парушэнняў ва Украіне.
У дакуменце зазначаецца, што расійскія ваенныя не прынялі магчымыя меры для праверкі прысутнасці грамадзянскіх асоб.
“Камісія расследавала абставіны нападаў… і прыйшла да высновы, што большасць нападаў насілі невыбарчы характар. У прыватнасці, у такіх шырока асветленых выпадках, як атака на гарадскі драматычны тэатр 16 сакавіка 2022 года падчас аблогі Марыўпаля, у выніку якой загінула і была паранена вялікая колькасць людзей, напад 8 красавіка 2022 года на чыгуначны вакзал у Краматорску, у выніку чаго загінулі 59 і паранены 92 чалавекі, напад 27 чэрвеня 2022 года на гандлёвы цэнтр у Крэменчугу, у выніку чаго загінулі 21 чалавек і дзясяткі былі параненыя” – зазначаецца ў дакладзе.
Камісія не выключае, што абстрэлы аб’ектаў з грамадзянскім насельніцтвам былі зроблены свядома, таму што не ведаць аб знаходжанні там сотняў людзей было немагчыма.
“Сотні грамадзянскіх асоб знаходзіліся ў месцах, якія пацярпелі ад абстрэлаў чыгуначнага вакзала Краматорска і драматычнага тэатра ў Марыупалі. Таксама сотні грамадзянскіх асоб знаходзіліся ў жылых раёнах Чарнігава падчас нападаў 3 сакавіка 2022 года, у выніку чаго загінулі сама меней 20 чалавек, а многія іншыя атрымалі раненні” – гаворыцца ў дакуменце.
Нягледзячы на спробы Крамля перакласці адказнасць на узброеныя сілы Украіны, камісары ААН пацвердзілі, што менавіта Расія нясе адказнасць таксама за атаку на радзільнае аддзяленне ў Марыупалі, калі загінула мінімум адна цяжарная жанчына і яе ненароджанае дзіця.
“Расійскімі ўзброенымі сіламі здзяйсняліся, а ў некаторых выпадках, верагодна, здзейсніліся невыбарчыя і непрапарцыйныя напады”, што з’яўляецца парушэннем міжнароднага гуманітарнага права.
Грошы – праз трох пасярэднікаў, мясцовыя могуць атруціць.
Беларускія журналісты і расследвальнікі высветлілі, што жыхароў розных гарадоў краіны актыўна рэкрутуюць працаваць будаўнікамі на акупаваных Расійскай Федэрацыяй тэрыторыях Украіны. Падобныя аб’явы стракацяць таксама і ў магілёўскіх пабліках, прысвечаных пошуку працы. Так, групы УКантакце “Могилев работа”, “Работа | Могилев”, утрымліваюць як старыя, так і зусім новыя запрашальныя аб’явы.
Аб’явы размяшчаюць расійскія рэкрутынгавыя арганізацыі. У самых апошніх аб’явах варыянт з працай у ДНР і ЛНР па будаўніцтве дамоў – адзін з шматлікіх варыянтаў працаўладкавання. У аб’явах гаворыцца пра бясплатнае пражыванне і харчаванне, высокую па беларускіх мерках зарплату – ад 3 250 да амаль 6 000 рублёў, калі перавесці на беларускія. Бяруць нават без вопыту працы.
Журналісты і расследвальнікі аднаго з беларускіх выданняў змаглі звязацца як з рэкруцёрамі, так і з працаўнікамі, якія мелі вопыт працы ў акупаваных гарадах. Працадаўцы сцвярджаюць, што ніякай небяспекі ў анэксіраваных гарадах Данбаса для працаўнікоў няма.
– Родныя хвалююцца – гэта зразумела. – расказаў адзін з наймальнікаў, Сяргей – Ну, там ціха, усё нармальна. Мы ўжо там два месяцы да гэтага працавалі на дэмантажных работах, зараз перайшлі на аддзелачныя ў жылых дамах. Не ведаю, усё быццам як нармальна. Здарэнняў ніякіх не было, усё добра, працуем як належыць. Калі, вядома, нешта будзе зноў, то назад усе паедзем.
Карыстальнікі паблікаў і чатаў, якія ўжо працавалі ў Марыупалі, альбо чые знаёмыя зараз там знаходзяцца, даюць крыху іншую карціну:
– Выходзіць так, што праз тры пасярэднікі грошы атрымліваем. Гэта сапраўды не самы лепшы варыянт. У крамах у мясцовых нічога нельга купляць, бо могуць атруціць. Харчавацца можна толькі ў сталовых. Без дазволу працадаўцы нікуды нельга адтуль выехаць. Яны як бы ўвогуле не хочуць, каб толькі на месяц-два туды ехалі. Месяцаў на шэсць. Лепш па выніку ў Маскву амаль за тыя ж грошы ў спакоі працаваць, чым там. Пастаянна напружанне ў Марыупалі: што на будоўлі, што ў інтэрнаце – напісаў карыстальнік Юрый, сябар якога знаходзіцца ў Марыупалі.
Мінчук Дзмітрый, які ўжо не раз ездзіў на вахтавыя будоўлі за мяжу, рэкамендуе беларусам увогуле не разглядаць варыянты працы на акупаваных тэрыторыях:
– Нармальныя фірмы яшчэ пашукаць трэба. А гэтыя пасярэднікі набіраюць людзей, большую частку грошай забіраюць сабе, засяляюць у самыя дрэнныя ўмовы і ўсё. Ну і не варта нават разглядаць гэтыя вакансіі, не тое што ехаць – гэта лічыцца зона баявых дзеянняў. І ніхто ніякіх гарантый не дае, упадзе снарад заўтра ці не.
– У асноўным, беларусы і ездзяць. – разам з тым, расказаў працадавец Сяргей – З Гомеля вельмі шмат, са Жлобіна, Рэчыцы, Рагачова. Цяпер там нашых чалавек 30. Шмат, мы нават не паспяваем жыллё абсталяваць.
Украінская дзяржаўная чыгуначная кампанія«Укрзалізниця» пачала продаж сімвалічных квіткоў на першы рэйс у часова акупаваны Севастопаль у межах праекта «Квіткі да Перамогі», паведамляе UA.NEWS
Севастопаль стаў шостым украінскім горадам праекта. Да гэтага «Укрзалізниця» ажыццяўляла продаж квіткоў ва ўжо вызвалены Херсон, а з 13 лістапада таксама ў часова акупаваныя Марыупаль, Данецк, Луганск і Сімферопаль.
«Улічваючы 2,5 тысячы прададзеных квіткоў і надзвычайную цікавасць украінцаў да праекту «Квіткі да Перамогі», які «Укрзалізниця» запусціла сумесна з платформай United24, мы вырашылі, што проста не маем права абмяжоўвацца пяццю гарадамі» – заявілі ў кампаніі.
Усе квіткі дабрачынныя: сродкі ад іх продажу будуць пералічвацца праз платформу United24 на набыццё транспарту last-mile — аўтамабіляў, якія дапамогуць злучыць гарады і пасёлкі на дэакупаваных тэрыторыях з бліжэйшымі чыгуначнымі вузламі.
Скарыстацца гэтымі білетамі можна будзе адразу пасля дэакупацыі гарадоў. Як толькі рух будзе адноўлены, «Укрзалізниця» адправіць уладальнікам білетаў ліст з інфармацыяй аб усіх падрабязнасцях абранага рэйса.
Рэйсы ў азначаныя гарады будзе выконваць легендарны «Цягнік Перамогі», вагоны якога прысвечаны подзвігам жыхароў часова акупаваных тэрыторый.