Расіяне масава купляюць нерухомасць у Марыупалі

Расіяне масава купляюць нерухомасць у Марыупалі – каб жыць каля мора – і не лічаць гэта рызыкоўным

“Вайна ж не будзе ісці вечна” – мяркуюць пакупнікі, а “пад крылом Расіі горад чакае вялікая будучыня”.

Вялікае даследаванне пра дзівосы рынка нерухомасці ў акупаваным Расіяй украінскім горадзе Марыупалі піша Санкт-Пецярбургскае выданне “Бумага”.

Пасля акупацыі Марыўпаля расійскія ўлады пачалі забудоўваць горад новымі дамамі і зносіць тыя, што моцна пацярпелі з-за абстрэлаў. Mogilev.media раней паведамлялі, што робіцца гэта ў тым ліку і рукамі беларусаў. Ужо ў маі 2022 года пачалі з’яўляцца першыя аб’явы расіян аб куплі кватэр і дамоў у Марыупалі. Пакупнікі пры гэтым лічаць, што горад ужо “перажыў горшае” і хутка стане турыстычным цэнтрам Расіі, а ваенныя дзеянні туды не вернуцца.

Ва «УКантакце» існуе каля ста груп, дзе размяшчаюцца аб’явы аб куплі, продажы і арэндзе нерухомасці ў Марыупалі. У адной з самых буйных – «Нерухомасць Марыўпаля і Прыазоўя» – паведамленні ад жадаючых купіць дом або кватэру пачалі з’яўляцца з 3 мая 2022 года, калі ў горадзе яшчэ працягваліся баі.

Шукаюць нерухомасць у Марыупалі расіяне з розных рэгіёнаў – Масквы, Пецярбурга, Краснадара, Краснаярска, Ніжняга Ноўгарада і іншых. Яны разглядаюць дамы і кватэры “ў любым стане” і гатовыя аднавіць іх пасля абстрэлаў.

Некаторыя пакупнікі распавялі выданню, што прызнаюць Марыупаль часткай Расіі і не лічаць куплю нерухомасці ў акупаваным горадзе рызыкоўнай. Пры гэтым большасць суразмоўцаў ніколі не былі ў Марыупалі.

Алеся, шукае дом у Марыупалі, з Омска:

– Я лічу гэта добрым укладаннем сродкаў. Можа быць, камусьці гэта падасца дзіўным, але я веру ў развіццё горада. Пад крылом Расіі яго чакае вялікая будучыня. Думаю, у далейшым ён стане папулярным месцам для адпачынку і турызму. Ён мае важнае значэнне для нашай краіны. Горад-герой. У мяне няма апасенняў, што ён можа пацярпець з-за ваенных дзеянняў. Самае страшнае, што магло з ім здарыцца, ужо адбылося.

Эльдар, шукае кватэру ў Марыупалі:

– Хачу набыць нерухомасць у Марыупалі, паколькі лічу, што ў найбліжэйшай будучыні горад расквітнее і будзе добрым месцам для адпачынку. Не баюся, што горад можа пацярпець яшчэ. Нашы рубяжы надзейна ахоўваюць узброеныя сілы, вайна набліжаецца да свайго лагічнага завяршэння (ва ўсякім разе ў гэтым рэгіёне).

Ірына, шукае дом у Марыупалі, з Краснаярска:

– Мы з сям’ёй пачалі шукаць жыллё ў Марыупалі, таму што хочам жыць ля мора ў месцы з добрай экалогіяй. Таксама ў Марыупалі яшчэ даволі танная нерухомасць і больш прывабныя прапановы па заробках для майго мужа – ён працуе электраманцёрам. А яшчэ экалогія ў горадзе нашмат лепш, чым у Краснаярску. Страшна, што там зноў могуць пачацца ваенныя дзеянні, але ж вайна не будзе ісці вечна.

Усе людзі, якія адказалі выданню, абралі гэты горад з-за блізкасці да мора. Яны лічаць, што гэта робіць яго прывабным для турыстаў. Большасць расіян, якія шукаюць кватэры ці дамы ў Марыупалі, не баяцца вяртання ваенных дзеянняў у горад, нягледзячы на контрнаступленне Украіны на гэтым напрамку.

Зараз на «Авіта» размешчана 70 аб’яў аб продажы нерухомасці ў Марыупалі. 34 з іх – кватэры, 35 – дамы. У сярэднім кватэры прадаюцца за тры мільёны расійскіх рублёў (гэта каля 27 000$), а дамы і ўчасткі – за 4,8 мільёна рублёў (больш за 44 000$).

Падчас баёў за Марыупаль у 2022 годзе было разбурана 90% шматкватэрных дамоў і 60% прыватных дамоў, паведамлялі ў справаздачы ААН. У чэрвені 2022-га міжнародная арганізацыя змагла пацвердзіць смерць 1 348 мірных жыхароў горада, а да гэтага мэр Марыупаля Вадзім Бойчанка паведаміў аб 10 тысячах загінуўшых.

Фота: AP Photo/Alexei Alexandrov