Магілёўцаў запрашаюць працаваць на вахтах у Марыупалі, ДНР, ЛНР

Грошы – праз трох пасярэднікаў, мясцовыя могуць атруціць.

Беларускія журналісты і расследвальнікі высветлілі, што жыхароў розных гарадоў краіны актыўна рэкрутуюць працаваць будаўнікамі на акупаваных Расійскай Федэрацыяй тэрыторыях Украіны. Падобныя аб’явы стракацяць таксама і ў магілёўскіх пабліках, прысвечаных пошуку працы. Так, групы УКантакце “Могилев работа”, “Работа | Могилев”, утрымліваюць як старыя, так і зусім новыя запрашальныя аб’явы. 

Аб’явы размяшчаюць расійскія рэкрутынгавыя арганізацыі. У самых апошніх аб’явах варыянт з працай у ДНР і ЛНР па будаўніцтве дамоў – адзін з шматлікіх варыянтаў працаўладкавання. У аб’явах гаворыцца пра бясплатнае пражыванне і харчаванне, высокую па беларускіх мерках зарплату – ад 3 250 да амаль 6 000 рублёў, калі перавесці на беларускія. Бяруць нават без вопыту працы.

Журналісты і расследвальнікі аднаго з беларускіх выданняў змаглі звязацца як з рэкруцёрамі, так і з працаўнікамі, якія мелі вопыт працы ў акупаваных гарадах. Працадаўцы сцвярджаюць, што ніякай небяспекі ў анэксіраваных гарадах Данбаса для працаўнікоў няма.

– Родныя хвалююцца – гэта зразумела. – расказаў адзін з наймальнікаў, Сяргей – Ну, там ціха, усё нармальна. Мы ўжо там два месяцы да гэтага працавалі на дэмантажных работах, зараз перайшлі на аддзелачныя ў жылых дамах. Не ведаю, усё быццам як нармальна. Здарэнняў ніякіх не было, усё добра, працуем як належыць. Калі, вядома, нешта будзе зноў, то назад усе паедзем. 

Карыстальнікі паблікаў і чатаў, якія ўжо працавалі ў Марыупалі, альбо чые знаёмыя зараз там знаходзяцца, даюць крыху іншую карціну:

– Выходзіць так, што праз тры пасярэднікі грошы атрымліваем. Гэта сапраўды не самы лепшы варыянт. У крамах у мясцовых нічога нельга купляць, бо могуць атруціць. Харчавацца можна толькі ў сталовых. Без дазволу працадаўцы нікуды нельга адтуль выехаць. Яны як бы ўвогуле не хочуць, каб толькі на месяц-два туды ехалі. Месяцаў на шэсць. Лепш па выніку ў Маскву амаль за тыя ж грошы ў спакоі працаваць, чым там. Пастаянна напружанне ў Марыупалі: што на будоўлі, што ў інтэрнаце – напісаў карыстальнік Юрый, сябар якога знаходзіцца ў Марыупалі.

Мінчук Дзмітрый, які ўжо не раз ездзіў на вахтавыя будоўлі за мяжу, рэкамендуе беларусам увогуле не разглядаць варыянты працы на акупаваных тэрыторыях:

– Нармальныя фірмы яшчэ пашукаць трэба. А гэтыя пасярэднікі набіраюць людзей, большую частку грошай забіраюць сабе, засяляюць у самыя дрэнныя ўмовы і ўсё. Ну і не варта нават разглядаць гэтыя вакансіі, не тое што ехаць – гэта лічыцца зона баявых дзеянняў. І ніхто ніякіх гарантый не дае, упадзе снарад заўтра ці не.

– У асноўным, беларусы і ездзяць. – разам з тым, расказаў працадавец Сяргей – З Гомеля вельмі шмат, са Жлобіна, Рэчыцы, Рагачова. Цяпер там нашых чалавек 30. Шмат, мы нават не паспяваем жыллё абсталяваць.

Фота: РИА Новости