Тыповы крычаўскі пад’езд – фота

У сеціве актыўна абмяркоўваюць адзін з пад’ездаў шматпавярховага дома ў Крычаве. Дзелімся з чытачамі mogilev.media сумнымі карцінкамі.

Фота з адкрытых крыніц.

Амаль на паўметра затапіла мост пад Мсціславам

Паводка на Магілёўшчыне ўсё павялічваецца. Як паведамляе прэс-служба МНС, каля вёскі Калодліва Касцюковіцкага раёна з-за павышэння ўзроўню вады ў Бесядзі на 100 метраў затапіла ўчастак аўтамабільнай дарогі. Тут глыбіня падтаплення невялікая, да 15 сантыметраў. У Мсціслаўскім раёне каля вёскі Красны Бераг на 45 сантыметраў затапіла мост праз раку Віхра.

Фота ілюстрацыйнае.

“Фрэдзі”-забойца, тарнада ў Місісіпі. Дайджэст буйстваў прыроды за апошнія дні.

Магутны тарнада 26 красавіка забраў жыцці не меней 26 чалавек у амерыканскім штаце Місісіпі. Тарнада рэдкай моцнай сілы бушавала больш за гадзіну і пракацілася па тэрыторыі больш за 274 км. Разбураны дзясяткі будынкаў, 75 000 чалавек засталіся без святла – паведамляе news.pn.

Найбольш пацярпеў горад Ролінг Форк: жылыя кварталы там пераўтвораны ў груды абломкаў, разбіты машыны, павалена гарадская воданапорная вежа. Мясцовы пажарны Р. Портэр сказаў, што не ведае, ці атрымалася камусьці там ацалець: “Там быццам бомба ўзарвалася”.

Ураган-рэкардсмен “Фрэдзі”.

Да гэтага, 24 красавіка, трапічны цыклон «Фрэдзі» – ураган-рэкардсмен, які здзівіў метэаролагаў сваёй працягласцю, выклікаў разбуральныя паводкі і апоўзні ў паўднёваафрыканскіх краінах Малаві, Мазамбік, Мадагаскар. Цыклон забраў жыцці сотняў жыхароў у трох краінах, паведамляе Ens-newswire.com. 

У Малаві ахвярамі стыхіі сталі 476 чалавек, яшчэ звыш 500 000 чалавек былі вымушаны пакінуць свае дамы з-за стыхіі. У гэтай краіне цяпер не могуць наведваць школы больш за 490 000 дзяцей. Людзі, якія апынуліся ў пастках з-за паводак, ратаваліся на дрэвах і дахах сваіх дамоў.

У Мазамбіку сама меней 165 смерцяў. Усяго ад стыхіі пацярпелі больш за 886 000  чалавек, разбурана больш за 100 000 дамоў.

Землятрусы у Амерыцы і Азіі.

Напярэдадні цыклонаў, адбыліся землятрусы, што працягнулі серыю катастроф пасля турэцкай.

У выніку землятрусу магнітудай 6,5, які «ўскалыхнуў» Афганістан і Пакістан, загінулі па меншай меры 13 чалавек, больш за 90 чалавек атрымалі раненні, паведамляе Evening Standard.

Падземныя штуршкі ў рэгіёне Паўднёвай Азіі адчулі мільёны людзей, прымусіўшы перапалоханых жыхароў уцячы з дамоў і офісаў. У Пакістане ахвярамі землятрусу сталі сама меней 9 чалавек, у Афганістане – 4 чалавекі.

Землятрус адчулі 285 мільёнаў чалавек у Пакістане, Індыі, Узбекістане, Таджыкістане, Казахстане, Кыргызстане, Афганістане і Туркменістане.

У гэты ж час, 22 сакавіка, трасло і паўночны захад Аргенціны – магнітуда 6,5.

Эпіцэнтр падземных штуршкоў размяшчаўся за 84 км на паўночны захад ад горада Сан-Антоніа-дэ-лос-Кобрэс. Ачаг сейсмічнай падзеі залягаў на глыбіні 210 км. Аб пацярпелых і разбурэннях звестак не паступала.

Яшчэ адзін землятрус магнітудай 5,6 ускалыхнуў 24 сакавіка тэрыторыю Азербайджана.

Эпіцэнтр гэтых падземных штуршкоў размяшчаўся паблізу ад горада Хой на глыбіні 17,9 км. Падземныя штуршкі землятруса адчуваліся ў шэрагу раёнаў Ірана, Турцыі, Азербайджана і Арменіі.

Фота з адкрытых крыніц 

Ідзе вясна, хімічныя гіганты масава труцяць магілёўцаў – дайджэст назіранняў за тыдзень

Вясна ідзе – пачаліся затапленні Проні, Бесядзі, але вясновага крыгахода ўжо не будзе. Пачаўся збор бярозавіка.

Непрыемны, рэзкі пах – па выхадных у Магілёве ў зоне хімічных гігантаў заўважылі тэндэнцыю – прадпрыемствы масава выкідаюць адыходы вытворчасці

На трэцяй частцы Магілёўшчыны эпідэміёлагі выявілі антысанітарыю.

У Чэрыкаве дарога да пантоннай пераправы ператварылася ў кашу, таму што будаўнікі не памянялі праект – не разлічвалася, што яна будзе эксплуатавацца зімой і ў час паводкі. Чэрыкаўцам прыйдзецца цярпець.

Сейм Літвы ў першым чытанні прыняў законапраект аб прыпыненні выдачы віз беларусам.

Больш за 80% украінцаў сталі выступаць за ўваход краіны ў НАТА і ЕС.

На мінулым тыдні ў Беларусі адзначалі 80-я ўгодкі Хатынскай трагедыі, а mogilev.media згадвалі пра “старэйшую сястру” Хатыні, вёску Боркі.

У Магілёве п’яны на “Porsche” збіў чалавека насмерць, уцякаючы ад ДАІ.

У Магілёве запрацавала платная паркоўка на двух вуліцах у цэнтры горада, а на Фацінскім бульвары пад новую паркоўку знішчылі частку сквера.

На вуліцы Камсамольскай у Магілёве працягваюцца рамонтныя працы, чытачы mogilev.media заўважылі знікненне старажытнай брукаванкі.

У Глуску сталі прападаць кантэйнеры для асобнага збору смецця.

На мінулым тыдні стартаваў Чэмпіянат Беларусі па футболе. Адзіная каманда з Магілёўшчыны, прадстаўленая на ім – “Белшына” – атрымала паразу ў першай гульні.

Пачаўся новы паляўнічы сезон.

На Венеры выявілі вулкан, які дзейнічае.

Беларускі “Еўраопт” пачаў гандляваць таварамі з IKEA. 

Лепшым настаўнікам Магілёўшчыны стаў бабруйскі трудавік.

Дзень у гісторыі. 27 сакавіка. Другі падзел Рэчы Паспалітай. Загінуў Ю. Гагарын. Нарадзіліся літаратар В. Маракоў, гісторык П. Урбан.

Міжнародны дзень тэатра (International Theater Day, з 1962 года).

Прафесійнае свята дзеячаў тэатральнага мастацтва і мільёнаў гледачоў. Заснаванае ў 1961 годзе ў Вене на IX кангрэсе Міжнароднага інстытута тэатра пры ЮНЕСКА.

Згадка аб першай тэатральнай пастаноўцы датуецца 2500 годам да нашай эры. Першая тэатральная ігра адбылася ў Егіпце, сюжэтам паслужылі вобразы егіпецкай міфалогіі – гісторыі бога Асірыса.

У старажытнай Грэцыі тэатр стаў фармавацца як мастацтва, усталёўваліся выразныя азначэнні трагедыі і камедыі, а таксама іншых тэатральных формаў.

Традыцыйна ў тэатры іграюць два найбольш папулярныя жанры – камедыя і трагедыя, сімваламі якіх сталі тэатральныя маскі.

Мэта свята – папулярызаваць відовішчнае мастацтва, умацаваць і наладзіць культурныя сувязі. Дэвіз урачыстасці: “Тэатр як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі”.

Вытокі беларускага тэатральнага мастацтва – у народных абрадах і гульнях, творчасці вандроўных акцёраў-скамарохаў. У ХVI стагоддзі ўзнік лялечны тэатр батлейка. У XVI-XVIII стагоддзях шырокае распаўсюджванне атрымаў школьны тэатр, у XVI–XX – народная драма. У XVIII – 1-й палове XIX стагоддзя ў нашых гарадах і маёнтках працавалі магнацкія і сядзібныя тэатры.

Сярод іх асабліва шырокую вядомасць атрымалі Нясвіжскі і Слуцкі тэатры Радзівілаў, Шклоўскі тэатр Зорыча, Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Ружанскі тэатр Сапегаў, тэатры Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску, Слонімскі тэатр Агінскага, Свіслацкі тэатр Тышкевіча.

Цяпер дзейнічаюць 28 дзяржаўных тэатраў, з іх 27 – сістэмы Міністэрства культуры ( 2 музычных, 18 драматычных, 7 лялечных), 1 – сістэмы Міністэрства абароны – Драматычны тэатр Беларускай Арміі. 

1111 год. Аб’яднанае войска рускіх князёў пад камандаваннем Уладзіміра Манамаха атрымала верх над полаўцамі ў бітве на рацэ Салніца.

Дакладнае месцазнаходжанне Салніцы не ўстаноўлена, мяркуюць, што каля горада Ізюм на мяжы Харкаўскай і Данецкай абласцей Украіны.

Пачалася бітва яшчэ 24 сакавіка са спусташэння палавецкіх стойбішчаў пад Сугравым. І ніколі яшчэ з часоў паходаў Святаслава (X стагоддзе) старажытнарускія ваяры не заходзілі так далёка ва ўсходнія стэпавыя раёны. Гэтая перамога спрыяла росту папулярнасці Уладзіміра Манамаха, вестка аб якім, як пісаў С.М. Салаўёў, “дайшла нават да Рыма”.

1793 год. Расія і Прусія абвясцілі акты аб ІІ падзеле Рэчы Паспалітай.

Абвешчаны на падставе заключанай 23 студзеня 1793 года ў Пецярбургу таемнай канвенцыі аб ліквідацыі Канстытуцыі 3 мая і аб сумесным падаўленні ўзброенага супраціўлення з боку Рэчы Паспалітай.

Да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выключэннем Мазавецкага ваяводства. 

Расія атрымала літоўскія землі да лініі Дзвінск – Пінск – Збруч, усходнюю частку Палесся, украінскія Падолле і Валынь. На далучаных да Расіі беларускіх землях  была ўтворана Мінская губернія.

З 23 на 24 верасня 1793 года гэтае рашэнне было праведзенае праз сабраны канфэдэратамі сойм у гарадзенскім замку.

У другім падзеле не брала ўдзелу Аўстрыйская імпэрыя, занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.

1909 год. Нарадзіўся Валеры Маракоў.

Беларускі паэт, перакладчык. Яго хросным бацькам быў Янка Купала.

Працаваў у  часопісах «Піянер Беларусі», «Маладосць», «Чырвоная Беларусь», газетах  «Чырвоная Полаччына», «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва».  Член «Маладняка».

У сакавіку 1935 году і лістападзе 1936 года арыштоўваўся ДПУ. Паводле Загада Галоўліта БССР 1937 года №33, «усе кнігі» Маракова прадугледжвалася «спальваць».

Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі.

Аўтар вершаў, зборнікаў вершаў «Пялёсткі» (у 17 гадовым узросце), «На залатым пакосе», «Вяршыні жаданняў», «Права на зброю», нізкі вершаў «Мая паэма», паэм, кнігі «Лірыка».

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны, кітайскага паэта Эмі Сяо, польскага паэта В. Бранеўскага.

1923 год. Нарадзіўся Алесь Рылько.

Беларускі празаік, драматург, публіцыст.

Настаўнічаў на Аршаншчыне, Пастаўшчыне, быў разведчыкам, мінёрам у партызанскай брыгадзе К. Заслонава.

Працаваў у газетах «Савецкі селянін», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Вожык», «Полымя», літаратурным кансультантам праўлення Саюза пісьменнікаў.  

Аўтар апавяданняў, нарысаў, аповесцей для дзяцей, п’ес, камедый, сцэнак, раманаў, кнігі «Выбранае».

Яго творы перакладзены на балгарскую, польскую, рускую, чэшскую і іншыя мовы.

Галоўнае ў творчасці А. Рылько – лірычны роздум пра жыццё і працу, любоў да сціплых людзей і працаўнікоў, іх барацьба з захопнікамі, выяўленне рамантыкі будняў беларускай вёскі, паказ пошукаў чалавекам свайго месца ў жыцці.

Рылько распавядаў Янку Брылю, што ў 1930-я гады ён, «начытаўшыся ды наслухаўшыся пра подзвіг Паўліка Марозава, пачаў сачыць за сваім бацькам». Калгасны конюх прыносіў часам кішэню аўса, з якога, растоўкшы ў ступе, маці варыла нейкую поліўку. І вось аднойчы, прыйшоўшы са школы, малы сеў пісаць на бацьку заяву. «Думаў, думаў, — успамінаў ён потым, у пяцідзясятых, — а пасля як стала мне страшна, як расплакаўся я за сталом!..»

Загінуў ад няшчаснага выпадку 16 красавіка 1967 года.

Фота С. Плыткевіча. Краявіды Рыдамлі. Радзіма А. Рылько.

1924 год. Нарадзіўся Павал Урбан.

Беларускі гісторык, грамадскі дзеяч. Абараніў дысертацыю «Вялікае Княства Літоўскае ў часы вялікага князя Аляксандра (1492–1506)».

Шматдзетная сям’я Урбанаў нацярпелася падчас калектывізацыі, вайны, і ад немцаў і ад партызанаў. Каб уратавацца ад вывазу ў Германію, вымушаны быў служыць у беларускай паліцыі, патрапіў у Германію.

Скончыў беларускую гімназію імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, Лёвенскі ўніверсітэт. Жыў на эміграцыі ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, Італіі, Германіі. Удзельнік студэнцкіх арганізацый, Саюза Беларусаў Бельгіі.

Сябраваў з А. Надсанам, спеваком П. Конюхам, айцом П. Татарыновічам.

Працаваў у Мюнхенскім Інстытуце вывучэння СССР, на радыё «Свабода». Рыхтаваў матэрыялы і пісаў артыкулы для газеты «Бацькаўшчына»,  адміністраваў выдавецтва «Бацькаўшчына».

Аўтар многіх гістарычных прац, сярод якіх, «Кастусь Каліноўскі й «Мужыцкая Праўда», «Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва», «Ці імкнецца беларускі народ (беларусы ў БССР) да незалежнасці?», «Да пытання этнічнай прыналежнасці старажытных ліцьвінаў» (Мінск, 1994), «Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць» (Мінск, 2001,  2003).

Памёр 31 студзеня 2011 года ў Мюнхене.

1927 год. Нарадзілася Аляксандра Данілава.

Беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар.

Жыла і працавала ў Віцебску. Сярод асноўных работы ў Віцебску: забудова вуліцы Кірава, плошчы Перамогі, цэнтральных і паўднёвых раёнаў, плошчы Тысячагоддзя Віцебска. Прымала ўдзел у забудове жылых мікрараёнаў у Наваполацку, Оршы. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка, Наваполацка, Віцебска, Оршы.

Памерла 11 студзеня 2001 года.

1968 год. Загінуў Юрый Гагарын (1934–1968).

Савецкі лётчык-касманаўт, першы чалавек, які здзейсніў арбітальны касмічны палёт.

Загінуў падчас трэніровачнага палёта сумесна з лётчыкам-інструктарам У. Сярогіным.

Самалёт МіГ-15 УТІ і наземны комплекс назірання былі старанна падрыхтаваны да палёту, медыцынскі кантроль абодва лётчыкі прайшлі паспяхова. 

У заключэнні Урадавай камісіі гаварылася, што пры выкананні навучальнага палёту самалёт сарваўся ў штопар і, здзейсніўшы некалькі віткоў пры выхадзе з крутога пікіравання, урэзаўся ў зямлю. Але з-за чаго МіГ-15, пілатуемы такім дасведчаным лётчыкам, як Сярогін, зваліўся ў штопар, дагэтуль невядома.

У юнага Гагарына любімым творам быў верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”, які, верагодна, абумовіў выбар прафесіі.

У Магілёве ў гонар першага касманаўта Зямлі названа вуліца ў Задняпроўі.

1979 год. У ЗША памёр Рыгор Крушына (1907–1979).

Беларускі паэт, празаік, крытык.

Скончыў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі. Сябра літаб’яднання «Маладняк». Арыштоўваўся ДПУ у 1925 годзе.

У даваенны час выдаў тры паэтычных зборнікі, у тым ліку «Паэзія чырвонаармейца».

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны застаўся на акупаванай тэрыторыі. З 1944 жыў у Германіі, працаваў у Мюнхене ў беларускай рэдакцыі радыё «Свабода», потым выехаў у ЗША.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Рэдагаваў часопіс «Конадні».

Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы («Барыс Мікуліч», «Сымон Будны», «Паўлюк Шукайла»), склаў 8 зборнікаў паэзіі, кнігу «Паэзія геолагаў» (пра рэпрасаваных беларускіх аўтараў).

Займаўся форматворчасцю, упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія віды верша як паліндром, туюг, газэлі, канцона, японскія танкі, пісаў санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, працягваючы пачатае М. Багдановічам, У. Дубоўкам, Я. Пушчам.

Стаў першым беларускім пісьменнікам, якога прынялі ў сябры Міжнароднага ПЭН-клуба.

2011 год. Беларусь услед за Расіяй перайшла на пастаянны летні час з адменай пераходу на зімовы. 

Краіна стала жыць па маскоўскім часе, хоць наш гадзінны пояс – пояс Хельсінкі, Таліна, Вільнюса, Рыгі, Кіева, Кішынёва, Анкары, Каіра, Кейптаўна.

Касцюковічы адзначаюць юбілей – знаёмімся з горадам

У чымсьці пікантны, у чымсьці панылы гарадок з паўтысячагадовай гісторыяй. Знаёмімся з райцэнтрам, у якім пераплялася незнакамітая мінуўшчына з  яўрэйскай гісторыяй і сучаснае сяброўства з  нямецкім Дзіцэнбахам. 

Сёлета Касцюковічы адзначаюць круглую дату – 515 год з часу заснавання.

Першы пісьмовы ўспамін пра сяло Касцюкова ў Лучыцкай воласці датуецца 1508 годам. Тады паселішча ўваходзіла ў склад Мсціслаўскага ваяводства. У 1730-я гады ў Касцюковічах было 35 дымоў. 

Пад 1739 годам яны ўпамінаюцца як прыватнаўласніцкае мястэчка менскага гараднічага Ю. Іваноўскага. У гэты час тут дзейнічалі 2 царквы.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Касцюковічы апынуліся ў складзе Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні. Маёнтак знаходзіўся ў валоданні заможнага роду Цеханавецкіх. 

Паступова насельніцтва пачынае расці. Калі ў 1800 годзе ў Касцюковічах было 88 двароў, то праз паўстагоддзі ўжо 224 двары. У гэты час Касцюковічы набылі вядомасць коннымі кірмашамі, тут працавала 14 крамаў. Адзначым, што ў 1826 годзе ў мястэчку адкрылася павятовае вучылішча.   

На 1880 год у мястэчку было 327 двароў, дзейнічалі царква (мураваная) і сінагога (драўляная), працавалі 7 скураапрацоўчых майстэрняў, прыёмны пакой, паштовая станцыя, царкоўнапрыходская школа, 3 малітоўныя школы, аптэка, штогод праводзіліся 2 кірмашы.

У канцы ХІХ стагоддзя ў Касцюковічах працавалі броварны завод, 8 гарбарных майстэрняў, царкоўнапрыходская школа, бальніца і аптэка; дзейнічалі 2 цэрквы і сінагога, а таксама штогод праводзіліся 2 кірмашы. У мястэчку ў гэты час налічвалася 411 двароў. У ім працавалі 2 пенькатрапальныя, 6 скураапрацоўчых, 5 маслабойных, 2 абараначныя прадпрыемствы, вадзяны млын, сукнавальня, 3 крупадзёркі, 20 ганчарняў, 5 кузняў, 104 крамы, 3 заезныя двары, 3 карчмы і нават хлебазапасны магазін. 

У даваенныя гады ў Касцюковічах развівалася перапрацоўчая прамысловасць. А ў 1930-х гадах быў узведзены будынак ільнокамбіната, цагельні, швейнай фабрыкі. Сёння ў Касцюковічах функцыянуюць перапрацоўчыя прадпрыемствы, прадукцыя якіх вядома не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за яе межамі.

Касцюковічы адзін з нешматлікіх беларускіх гарадоў, які значна вырас ужо пасля распаду СССР. Рост пачаўся ў канцы 80-х разам з пачаткам будаўніцтва прадпрыемства па выпуску цэменту і працягнуўся да пачатку 2000-х, затым колькасць гараджан некалькі знізілася і адносна стабілізавалася. Цяпер у горадзе налічваецца 15,2 тысячы жыхароў. Вядома, уся дэмаграфія цалкам залежыць ад патрэб у працоўных руках прадпрыемства-гіганта – Беларускага цэментнага завода. У дадзены момант яно дае працу 2,5 тысячам чалавек, прыкладна кожнаму чацвёртаму жыхару райцэнтра працаздольнага ўзросту.

Кінатэатр, нудны цэнтр

Касцюковічы з’яўляюцца адным з самых аддаленых гарадоў краіны, але не самым ўсходнім райцэнтрам. У горадзе можна выдзеліць стандартны набор кварталаў для населенага пункта: прамзона, прыватны сектар, раён вакзала (Камунары) і досыць нудны цэнтр горада. 

У цэнтры Касцюковіч знаходзіцца будынак гасцініцы, які радуе вока, а побач з ім лакалізуецца пляцоўка, дзе намешнага ўсяго патрошку: сцэна з лозунгам “Квітней, Беларусь!”, ідэалагічныя банэры, фантан і лаўкі. Выглядае такая пляцоўка трохі безгустоўна. 

Праз дарогу ад гасцінічнага комплексу размешчаны шараговы будынак мясцовага райвыканкама і вялікі помнік правадыру пралетарыята.

У цэнтры горада знаходзіцца таксама кінатэатр “Юнацтва”, які досыць густоўна аформлены, а яшчэ Дом рамёстваў, размешчаны ў старым будынку першай паловы ХХ стагоддзя.

Цэнтральная частка райцэнтра забудавана капітальнымі 2–5-павярховымі дамамі, у паўночнай частцы жылы квартал з 2–4-павярховых дамоў. 

Ужо ў сучасным горадзе сфарміраваліся новыя пяці- і сяміпавярховыя раёны. Самы вялікі спальны раён горада – Маладзежны, які з’яўляецца сапраўдным заапаркам розных будаўнічых праектаў і мадыфікацый.

Апантанасць камянямі 

Па ўсіх Касцюковічах размешчана каля дзясятка камянёў, прычым практычна кожны з іх памятны. Некаторыя выглядаюць як сапраўдныя велічныя валуны, вялікія і неабдымныя. 

Як правіла, на памятных камянях выгравіраваны надпіс ці прымацавана мармуровая пліта з тэкстам ці малюнкам. Асабліва варта адзначыць два валуна, прысвечаных 400-годдзю і 500-годдзю горада, пастаўленыя з прамежкам у 16 гадоў. Валун, прысвечаны 400-годдзю знаходзіцца на прыступчатым пастаменце і паўстаўлены ў невялікім гарадскім парку ў 1992 годзе.

На адной з цэнтральных вуліц горада размешчаны вялікі камень, які паставілі з нагоды 500-годдзя Касцюковічаў у 2008-м. На валун прымацавалі дошку з датай, арнаментам і сімволікай  горада. Прычым і ў гэтым выпадку для каменя чамусьці зрабілі цэментную падстаўку.

Камяні адлюстроўваюць змену з вызначэннем даты заснавання паселішча. У 1992 годзе святкавалі 400-годдзе, бо адносілі першы летапісны ўспамін пра Касцюковічы да 1592 года, а вось у 2008 годзе святкавалі ўжо 500-годдзе, бо заснаванне горада пачалі адносіць да 1508 года. 

На ўваходзе ў мясцовую гімназію знаходзіцца камень, што пастаўлены з нагоды заснавання раённай гімназіі ў 2006 годзе. 

Камень з выбітым на ім надпісам знаходзіцца і пры ўваходзе ў сквер 60-годдзя Вялікай Перамогі.

У горадзе рамешчана Алея Дружбы, якая злучае Касцюковічы і нямецкі горад-падбацім Дзіцэнбах. Яна была закладзена ў 2006 годзе. Адзначым, што ў 1997 годзе было заснавана «Кола сяброў Касцюковічы-Дзіцэнбах», а ўжо ў 2009 годзе ў Касцюковічах падпісалі Пагадненне аб парадненні паміж гарадамі.

Адметна, што Алея Дружбы пачынаецца таксама памятным каменем, які пазначае пачатак сімвалічай гарадской лакацыі.  

Будынкі XIX–пачатку XX стст., яўрэйскія могілкі і праваслаўная царква

Асаблівую прыгажосць надаюць гораду будынкі XIX – пачатку XX стагоддзяў, што некалі ўяўлялі сабой шараговую забудову. Калі прагуляцца па вуліцах горада і крыху пафантазіраваць, то можна ўявіць, як выглядаў горад сто гадоў таму. 

Старая забудова, якая налічвае паўтары дзясяткі розных па стылю старых будынкаў, захавалася няблага. Цяпер старыя будынкі выкарыстоўваюцца па-рознаму: у некаторых размешчаны гандлёвыя кропкі, аднак палова гістарычных аб’ектаў не выкарыстоўваюцца альбо знаходзяцца ў закінутым стане. 

Гарадской адметнасцю з’яўляюцца і яўрэйскія могілкі, бо Касцюковічы ў канцы ХІХ стагоддзя ўяўлялі з сябе яўрэйскае мястэчка, у якім жыло дзве тысячы іўдзеяў, а гэта было больш за палову насельніцтва паселішча – 65%. Праўда, яшчэ ў даваенны час пры савецкай ўладзе колькасць яўрэяў Касцюковічаў стала нязменна скарачацца і напачатку вайны іўдзейскае насельніцтва складала менш за 40%.

Сёння на яўрэйскіх могілках знаходзяцца розныя тыпы пахаванняў і рознага часу: ад ХІХ стагоддзя да сённяшняга часу.

Галоўным сакральным аб’ектам горада з’яўляецца Крыжаўзвіжанская царква, якая была пабудавана ў 1999 годзе і з’яўляецца славутасцю Касцюковічаў. Цікава, што яна пабудавана на месцы цаглянага храма 1835 года. 

Прасавлаўная цагляная царква 1830-х дзейнічала больш за 90 гадоў, аднак ў 1929 годзе ў час антырэлігійнай палітыкі савецкай улады храм быў закрыты, а святар быў рэпрэсаваны і высланы ў Сібір. Праз чатыры гады, у 1933 годзе, храм быў узарваны. 

Станцыя Камунары і чырвона-зялёная рытуалка

Касцюковічы размешчаны на чыгунцы Крычаў – Унеча, але сама станцыя называецца Камунары. Для Беларусі падобная з’ява рэдкая, хоць і не ўнікальная. Гэта не асобны тапонім, які застаўся ад населенага пункта, гэта напамін пра эпоху пракладкі лініі, пачатку 20-х гадоў. Будаўніцтва станцыі паспрыяла ўзнікненню новых камун каля пляцоўкі, так і замацавалася. Цікава, што сама чыгуначная станцыя заснавана ў 1918 годзе і да 1923 году мела назву Касцюковічы, аднак пасля найменне было зменена на сучаснае. 

Сама станцыя ляжыць за пару кіламетраў ад асноўнай часткі горада, хоць чыгуначнае палатно праходзіць праз увесь населены пункт. Будынак чыгуначнай станцыі выглядае досыць просценька, без архітэктурных асаблівасцяў.   Наогул раён Камунараў дастаткова аддалены ад іншых частак Касцюковічаў, тут даволі пустынна і ціха.

Нягледзячы на ​​аддаленасць вакзала, у выпадку з Касцюковічамі гэта не паспрыяла развіццю грамадскага транспарту, аўтобусы ў цэлым ходзяць рэдка.

Праз дарогу ад будынка чыгуначнага вазкала знаходзіцца будынак імпазантнай рытуальнай крамы касцюковіцкага райпо, пабудаваны за савецкім часам. 

Чырвона-зялёная каларыстыка крамы рытуальных паслуг наводзіць на пэўныя развагі.

Фота mogilev.media i з адкрытых крыніц

Тыповы магілёўскі пейзаж выхаднога дня, ад якога хочацца плакаць – фота

Чытачы mogilev.media падзяліліся сваімі сумнымі назіраннямі. Прадпрыемствы, размешчаныя на ўчастку Свабоднай эканамічнай зоны на паўднёвым усходзе Магілёва па выхадных днях вось так радуюць жыхароў навакольных паселішчаў.

У паветры стаіць моцны непрыемны пах. Падобныя выкіды рэдка назіраюцца ў працоўныя дні – заўважылі чытачы.

Дым падымаецца ледзь не з усіх труб Омск-карбона, з труб “Кранаспана” і “ВМГ індастры”.

Фота ад чытачоў mogilev.media

З Беларусі забаранілі вывазіць ліфты, лядоўні і шматлікія іншыя тавары

Беларусь увяла часовую, на 6 месяцаў, забарону на вываз асобных відаў прамысловых тавараў. 

Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 21 сакавіка.

У спіс тавараў патрапілі лядоўні, маразільнікі, цэнтрыфугі, посудамыйныя машыны, пыласосы, электрабрытвы, машынкі для стрыжкі валасоў, тэлефонныя апараты, мікрафоны. 

Нельга вывозіць таксама прылады для пад’ёму, перамяшчэння, пагрузкі або разгрузкі, ліфты, эскалатары, канвееры, бульдозеры, трактары, машыны рознага прызначэння, станкі, лакаматывы, вагоны, аўтамабілі, матацыклы, прычэпы і іншую прадукцыю.

Дзеянне забароны не распаўсюджваецца на тавары з сертыфікатам, які пацвярджае беларускае або расійскае паходжанне тавараў.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Зноў будуць сірэны ў Магілёўскай вобласці

Сірэны грамадзянскай абвесткі будуць уключаны ў населеных пунктах Магілёўскай вобласці з 28 па 30 сакавіка, паведамілі ў рэгіянальным упраўленні МНС.  

Ратавальнікі адзначаюць: праверка сістэмы абвесткі – планавая, таму турбавацца не трэба.

«Магчымыя ўключэнні гукавых сірэн і правядзенне СМС рассылання. Просьба захоўваць спакой. Ніякіх дзеянняў рабіць не варта» – гаворыцца ў паведамленні.

“Тыдзень лесу” пройдзе на Магілёшчыне з 17 па 23 красавіка – Мінлясгас

Міністэрства лясной гаспадаркі апублікавала тэрміны правядзення 16-й рэспубліканскай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу” ў рэгіёнах.  

Першымі да акцыі далучацца больш цёплыя рэгіёны: у Брэсцкай вобласці кампанія пройдзе з 1 па 8 красавіка, у Гомельскай і Мінскай – з 8 па 15 красавіка, у Віцебскай і Гродзенскай – з 15 да 22 красавіка.

Стаць удзельнікам акцыі можа кожны. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў бліжэйшы лясгас ці лясніцтва і заявіць аб сваім жаданні. Лесагаспадарчыя ўстановы забяспечаць валанцёраў усім неабходным пасадачным матэрыялам, а таксама інвентаром, абазначаць аб’екты, якія маюць патрэбу ў пасадцы лесу.

Фота з адкрытых крыніц