Як у Беларусі мяняюцца правілы гандлю – з 22 студзеня

Бялізну з штампамі дзяржаўных арганізацый, радыёактыўныя рэчывы і эратычную прадукцыю нельга будзе прадаваць на рынках. І тварог.

Савет міністраў Беларусі прыняў пастанаўленне №964, якое змяняе правілы гандлю – расказваем у якіх сферах будуць новаўвядзенні

Не будзе алкаголя на касах, новыя меню

Згодна пастановы Савета міністраў у крамах з 22 студзеня алкаголь нельга будзе размяшчаць на касах і на гандлёвым абсталяванні, што знаходзіцца побач. Такая забарона не будзе распаўсюджаацца толькі на алкамаркеты, duty free, аўталаўкі, сельскія крамы, крамы плошчай да 400 квадратаў і ўстановы грамадскага харчавання.

Пастанова таксама зацвердзіла новыя правілы да інфармацыі, якая знаходзіцца ў меню ўстановаў грамадскага харчавання. У іх павінна быць дакладна прапісана наступная інфармацыя: найменне, порцыя, кошт за порцыю, краіна паходжання тавара. Пры продажы алкагольных напояў у меню і віннай карце ўстаноў грамадскага харчавання павінны быць указаны найменні алкагольных напояў, краіна іх паходжання, ёмістасць спажывецкай ўпакоўкі і іх кошт, аб’ём і кошт порцыі.

На рынках нельга будзе прадаваць тварог і масла

У пералік забароненых тавараў для продажу на рынках увайшло ажно сорак дзве пазіцыі. Пад забарону трапілі твораг і тварожныя вырабы, масла з каровінага малака, маргарынавая прадукцыя, не расфасаваныя вытворцамі ў адпаведную спажывецкую ўпакоўку. Выключэнне зроблена толькі для фермераў або фізасоб, якія прадаюць прадукцыю ўласнай вытворчасці.  

Гэтаксама нельга будзе прадаваць алкаголь, насенне мака, воцат і воцатную кіслату (уключна з растворамі на яе аснове), разрэзанныя дыні і кавуны пры адсутнасці індывідуальнай упакоўкі, вяленае і сыравяленае мяса, рубленыя мясныя паўфабрыкаты, а таксама недаведзеныя да кулінарнай гатоўнасці вырабы з мяса хатняй вытворчасці.

Бялізна са штампамі дзяржаўных арганізацый – усё

Акрамя таго, нельга будзе прадаваць на рынках – выбуховыя, атрутныя і радыёактыўныя рэчывы, скуры жывёлаў без маркіроўкі, канфіскаваныя з абароту тавары, бялізну са штампамі дзяржаўных арганізацый, дзяржаўныя ўзнагароды і ганаровыя знакі, бланкі каштоўных папер і дакументаў з пэўнай ступенню абароны, а таксама каштоўныя металы і камяні, вырабы з іх ва ўсіх відах, гадзіннікі з карпусамі з каштоўных металаў і нават жэмчуг з бурштынам.

Больш за тое, у гандлёвых кропках рынкаў нельга будзе прадаваць бытавую тэхніку, гадзіннікі, фотатавары, тэлефоны, кампутары і аргтэхніку, тытунёвыя вырабы, лекавыя сродкі (як вырабы для медыцынскага прызначэння, так і ветэрынарнага), дзіцячае і спартовае харчаванне, пестыцыды, адзенне з натуральнага футра і скуры, а таксама эратычную прадукцыю.

Толькі чыстыя аўто

Новая пастанова Савета міністраў абавязвае ўладальнікаў камісійных аўтакрамаў аператыўна паведамляць па тэлефоне ў органы ўнутраных спраў аб выпадках выяўлення пры прыёме аўто на камісію відавочных прыкмет змянення ідэнтыфікацыйнага  нумара або аб выпадках яго адсутнасці, ці неадпаведнасці прадстаўленым дакументам.

Акрамя таго, у дагаворы аб прыёмцы аўто на камісію давядзецца ўказваць інфармацыю аб адсутнасці звестак аб абмежаванні і забароне на здзяйсненне здзелак з транспартным сродкам, у тым ліку аб тым, што яно нікому не падорана, не прададзена, не закладзена, не перададзена ў арэнду, не арыштавана, а таксама па ёй няма судовых спрэчак і тавар вольны ад любых прэтэнзій з боку трэціх асоб.

Больш падрабязна з новай пастановай Саўміна можна пазнаёміцца на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале

Фота ілюстратыўнае

У Беларусі з наступнага года ўводзяцца новыя правілы аказання турыстычных паслуг

Чакаем, што кантралёраў стане больш, магчыма стане яшчэ больш “парадку”, але дапускаем, што частка тых, хто плённа працаваў на рынку турпаслуг – сыйдуць.

Увядзенне новых Правіл аказання турыстычных паслуг прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 11 жніўня 2022 года № 523 паведамлялася яшчэ ў жніўні бягучага года. 

Прайшло два месяцы абмеркаванняў дакумента ва ўпраўленнях і аддзелах па спорту і турызму гарадскіх і раённых выканкамаў. Час дастатковы, каб разабрацца ў нюансах новага дакумента.

Цяпер толькі з заключэннем дамовы

Дакументам зацвярджаецца, што выканаўца абавязаны прадаставіць турыстам інфармацыю аб характарыстыцы месца размяшчэння турыстаў, у тым ліку яго месцазнаходжанні, класіфікацыі гатэля па заканадаўстве краіны часовага знаходжання, аб правілах часовага пражывання.

Выканаўца можа аказваць турпаслугі выключна на падставе дамовы. Пры гэтым неабходна прадаставіць заказчыку звесткі аб праграме падарожжа, дакладным часе яго пачатку, аб тураператары, які сфарміраваў тур, аб кошце паслуг, тэрмінах і парадку іх аплаты, аб комплексе мер, якія гарантуюць забеспячэнне асабістай бяспекі і захаванасці маёмасці турыстаў, экскурсантаў і іншую інфармацыю.

Пры міжнародным выязным турызме дадаткова прадастаўляецца інфармацыя аб выкананні правіл асабістай бяспекі турыста, экскурсанта, аб забеспячэнні выканання тураператарам, які сфарміраваў тур, абавязацельстваў па дагаворах, а таксама аб парадку звароту па кампенсацыю маёмаснай шкоды, калі тураператар не можа выканаць свае абавязацельствы.

Інфармацыя аб турыстычных паслугах павінна быць прадстаўлена ў пісьмовай форме пераборлівым шрыфтам на зразумелай заказчыку мове.

Атэставанымі павінны быць нават аўдыёгіды

У новых Правілах таксама замацавана, што экскурсіі на тэрыторыі Беларусі маюць права праводзіць толькі абмежаванае кола асоб. Гэта экскурсаводы і гіды-перакладчыкі, якія прайшлі прафесійную атэстацыю, асобы, якія працуюць у арганізацыях, пры правядзенні экскурсій у гэтых арганізацыях. А таксама суб’екты турыстычнай дзейнасці і іншыя асобы, надзеленыя правам правядзення экскурсій.

У Правілах таксама адлюстравана патрабаванне аб абавязковай атэстацыі аўдыягідаў – без наяўнасці пасведчання аб атэстацыі выкарыстоўваць аўдыягіды для правядзення экскурсій нельга.

Пастанова № 523 уступае ў сілу адначасова з новым Законам аб турызме – з 1 студзеня 2023 года.

Варта адзначыць, што раней усе прапановы па змяненні правілаў аказання паслуг, новыя палажэнні ў заканадаўства шырока абмяркоўваліся грамадскасцю, гідамі, экскурсаводамі, усімі зацікаўленымі, членамі грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” (аб’яднанне ўладальнікаў аграэкасядзіб). Але 26 красавіка 2022 года Вярхоўны суд ліквідаваў ГА «Адпачынак у вёсцы», якая стаяла ля вытокаў сельскага турызму ў краіне.

Наш каментарый 

Усё, што тычыцца заключэння дамоў, асабліва ў замежных турах – нармальная еўрапейскай і сусветная практыка. Нармальнай з’явай з’яўляецца і атэстацыя кадраў. Толькі вось пытанне, як часта яе правадзіць, як часта павінны гіды праходзіць курсы перападрыхтоўкі.

Пры гэтым, некаторыя прадстаўнікі сферы турыстычных паслуг выказваюць занепакоеннасць тым, што цяпер павялічыцца колькасць неабходных папер. Турбізнэс зазнае яшчэ большыя перагрузкі, бо вопыт апошніх гадоў сведчыць, што кожнае новаўвядзенне ўскладняе працу і пагаршае ўмовы. 

Афармленне новых папер, жорсткія патрабаванні да гідаў, да абавязковага зацвярджэння тэкстаў экскурсій, якія павінны адпавядаць ўсім новым нормам і зменам ў адміністрацыйным і крымінальным кодэксах, найбольш верагодна, прывядуць да павялічэння коштаў на турпрадукты. 

Жорсткія патрабаванні да гідаў, іх асобы, могуць прывесці да адтоку іх з прафесіі. І гэта ўдар для галіны – у рэгіёны прыяжджае нямала замежных турыстаў, але гідаў, якія валодаюць замежнымі мовамі звычайна на кожны беларускі рэгіён меней, чым пальцаў на адной руцэ.