Ідзе вясна, хімічныя гіганты масава труцяць магілёўцаў – дайджэст назіранняў за тыдзень

Вясна ідзе – пачаліся затапленні Проні, Бесядзі, але вясновага крыгахода ўжо не будзе. Пачаўся збор бярозавіка.

Непрыемны, рэзкі пах – па выхадных у Магілёве ў зоне хімічных гігантаў заўважылі тэндэнцыю – прадпрыемствы масава выкідаюць адыходы вытворчасці

На трэцяй частцы Магілёўшчыны эпідэміёлагі выявілі антысанітарыю.

У Чэрыкаве дарога да пантоннай пераправы ператварылася ў кашу, таму што будаўнікі не памянялі праект – не разлічвалася, што яна будзе эксплуатавацца зімой і ў час паводкі. Чэрыкаўцам прыйдзецца цярпець.

Сейм Літвы ў першым чытанні прыняў законапраект аб прыпыненні выдачы віз беларусам.

Больш за 80% украінцаў сталі выступаць за ўваход краіны ў НАТА і ЕС.

На мінулым тыдні ў Беларусі адзначалі 80-я ўгодкі Хатынскай трагедыі, а mogilev.media згадвалі пра “старэйшую сястру” Хатыні, вёску Боркі.

У Магілёве п’яны на “Porsche” збіў чалавека насмерць, уцякаючы ад ДАІ.

У Магілёве запрацавала платная паркоўка на двух вуліцах у цэнтры горада, а на Фацінскім бульвары пад новую паркоўку знішчылі частку сквера.

На вуліцы Камсамольскай у Магілёве працягваюцца рамонтныя працы, чытачы mogilev.media заўважылі знікненне старажытнай брукаванкі.

У Глуску сталі прападаць кантэйнеры для асобнага збору смецця.

На мінулым тыдні стартаваў Чэмпіянат Беларусі па футболе. Адзіная каманда з Магілёўшчыны, прадстаўленая на ім – “Белшына” – атрымала паразу ў першай гульні.

Пачаўся новы паляўнічы сезон.

На Венеры выявілі вулкан, які дзейнічае.

Беларускі “Еўраопт” пачаў гандляваць таварамі з IKEA. 

Лепшым настаўнікам Магілёўшчыны стаў бабруйскі трудавік.

Боркі – “старэйшая сястра” Хатынскай трагедыі

Cёння адзначаецца 80-я гадавіна хатынскай трагедыі. 

Хатынь – адна з 9097 вёсак, якія былі спалены фашыстамі на тэрыторыі Беларусі. 

“Старэйшай сястрой” страшэннай трагедыі лічыцца вёска Боркі – месца найбуйнейшай па колькасці ахвяр карнай аперацыі супраць мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 15 чэрвеня 1942 года нацысцкія карнікі вынішчылі яе разам з 6 навакольнымі пасёлкамі Кіраўскага раёна Магілёўшчыны, забіўшы 2027 жыхароў. 

Батальён “Дырлевангер”, які здзейсніў расправу над жыхарамі Борак знішчыў і Хатынь. 

Пасля вайны Боркі былі адноўлены, але суседнія пасёлкі не адрадзіліся. Аповесць Алеся Адамовіча “Карнікі” напісана на аснове тых страшных падзей. На месцы трагедыі ў в. Боркі ў Кіраўскім раёне створаны мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” (у памяць аб 112 знішчаных вёсках Магілёўшчыны). 

Фота. Mogilev.media

Мэмарыял ў Борках – знаёмімся з пафасным антываенным помнікам ахвярам-беларусам, на якім амаль нічога па-беларуску

У Беларусі процьма мемарыялаў, якія сведчаць, што прынесла з сабою на тутэйшыя землі вайна. Мільёны ахвяр, скалечанае ўспрыняцце навакольнага свету. Адсюль у генах беларуса ўкаранёная думка «абы вайны не было».

Час ад часу ген абачлівасці засынае і тады беларускую натуру працінае шаленства бяспамяцтва. На парады, прымеркаваныя да гадавінаў перамог у вайсковых дзеях, выходзяць добраахвотна апранутыя ў ваеннае беларусы. 

За паўсотні кіламетраў ад Магілёва знаходзіцца вёска Боркі – месца адной з найжахлівых трагедый мірных жыхароў.

Улетку 1942 года, у наваколлі паселішча, на шашы Бабруйск – Магілёў, партызаны рэгулярна ладзілі дыверсіі супраць гітлераўцаў. Пасля адной з іх 15 чэрвеня 1942 года ў вёску быў накіраваны атрад штурмбанфюрэра СС Оскара Паўля Дырлевангера. Нацысты знішчылі блізу 2000 мясцовых жыхароў і спалілі 6 вёсак. Па вайне Боркі адрадзілі, а суседнія пасяленні засталіся ў гісторыі.

Цяпер на ўскрайку Борак стаіць пафасны мемарыял «Памяці спаленых вёсак». Большасць мемарыяльных надпісаў выканана на рускай мове – на мове, якой наўрацці добра валодалі самі ахвяры. Па руску падзеныя і ўспаміны выжылых вяскоўцаў. Пра беларускую мову стваральнікі мэмарыялу не забыліся. Ёю дублюецца агульная інфармацыя пра мэмарыял і тое, што адбывалася з беларускімі вёскамі пад акупацыяй нацыстаў.

Мемарыял часта наведваюць арганізаваныя групы турыстаў, ды зрэдку тут спыняюцца падарожныя адзіночкі. На гадавіну трагедыі сюды на жалобны мітынг звозяць дэлегацыі чыноўнікаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў ды школьнікаў. Гучаць антываенныя прамовы і згадваюцца поспехі ў эканоміцы мірнай Беларусі. Сумнае назіранне, але каля падножжа тутэйшых помнікаў не заўважна, каб штодня запальваліся свечкі, ці ўскладаліся букеты з толькі сарваных кветак. Звычайная карціна – звыкла стаяць пластмасавыя запыленыя вянкі.

Некалі на месцы мемарыялу стаяў сціплы манумент, узведзены ў 1964 годзе. Цяпер ён на вясковых могілках. Помнік не ўпісаўся ў пафас велічы.

Як будзеце ехаць бабруйскай шашою, не прамініце наведаць Боркі і памянуць забітых нацыстамі беларусаў.