Веснавога крыгаходу на Дняпры ўжо дакладна не будзе. Фотазамалёўка.

Нават надзея на праход смаленскага лёду знікла.

Толькі старыя ільдзіны нагадваюць у Магілёве пра зімовы студзеньскі крыгаход.

Крыгі на беразе яшчэ сведчаць як высока ўзімку ўзнялася вада Дняпра.

Цяпер вада ў Дняпры ізноў крыху ўзнялася, але не дасягнула ўзроўню зімовай паводкі. І, як і ў апошнія гады, рака зноўку не выйдзе ў пойму. 

Пяць чалавек атруціліся ўгарным газам, мужчыну выратавалі на пажары – зводка МНС

На Магілёўшчыне за 25 сакавіка адбыліся адразу тры надзвычайных здарэння, якія маглі трагічна скончыцца для шасцярых чалавек – паведамляе прэс-служба МНС.

У Магілёве падчас пажару быў выратаваны мужчына 1978 года нараджэння. З атручэннем дымам ён шпіталізаваны, прычына пажару высвятляецца.

У вёсцы Скляпава Круглянскага раёна і ў вёсцы Бялынкавічы Касцюковіцкага цэлыя сем’і труціліся ўгарным газам з-за таго, што занадта рана закрывалі заслонку ў печы. У першым выпадку шпіталізаваны і былі трое – дзве жанчыны і мужчына, у другім выпадку – пара 1972 і 1973 гадоў нараджэння.

Фота ілюстрацыйнае

На мяжы Беларусі і ЕС утварыліся чэргі на 30 кіламетраў

Чэргі з грузавых і легкавых аўтамабіляў фіксуюцца на мяжы Беларусі з суседнімі краінамі ЕС – піша “Віртуальны Брэст” са спасылкай на звесткі Дзяржпагранкамітэта.

Найменшай колькасцю машын у пунктах пропуску на мяжы з Беларуссю можа пахваліцца толькі латвійскі напрамак.

Паводле даных на 25 сакавіка на мяжы чакаюць магчымасці ўехаць на тэрыторыю ЕС больш як 1870 фур і іх колькасць толькі павялічваецца.

Больш за ўсё фур зараз знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы – больш за 1000 машын. Чарга з іх расцягнулася на 30 кіламетраў.

На мяжы Беларусі і Літвы сітуацыя ненашмат лепшая: больш за 390 вялікагрузаў знаходзяцца ў пункце пропуску “Каменны Лог”, больш за 330 машын у “Беняконях”, больш за 90 – у пункце “Прывалка” і больш чым па 20 вялікагрузаў чакаюць у чарзе на мяжы з Літвой у пунктах “Катлоўка” і “Відзы”.

На беларуска-латвійскай мяжы таксама ўтварылася невялікая чарга – больш за 20 фур знаходзяцца ў пункце “Урбаны”.

Чарга з легкавушак назіраецца як на мяжы з Польшчай, так і з Літвой. Паводле апошніх звестак Дзяржпагранкамітэта, у пункце пропуску “Брэст” на граніцы з Польшчай знаходзіцца больш як 130 легкавушак.

На літоўскім напрамку ў чарзе 200 машын, з іх больш за 50 чакаюць магчымасці выехаць з Беларусі ў Літву праз “Каменны Лог”, больш за 30 – праз “Прывалку” і па 40  у іншых пунктах. 

Нагадаем, што польскія ўлады ў аднабаковым парадку 10 лютага закрылі пункт пропуску “Баброўнікі”. У выніку на беларуска-польскай мяжы застаўся толькі адзін пункт пропуску для грузавога транспарту (“Кукурыкі” – “Казловічы”) і адзін для легкавога (“Цярэспаль” – “Брэст”).

Прэм’ер-міністр Р. Галоўчанка 17 лютага падпісаў пастанову, паводле якой польскім грузавікам можна ўязджаць на тэрыторыю рэспублікі толькі праз беларуска-польскі ўчастак мяжы. Шлях праз Літву і Латвію ім зачынены.

Паралельна з гэтым Літва адмовілася далей выконваць дамоўленасці з Беларуссю аб бесперабойным пропуску аўтатранспарту. Таксама быў закрыты адзін пункт пропуску для грузавых цягнікоў на беларуска-літоўскай мяжы.

Цыклоны нясуць пахаладанне, снег з дажджамі і вятры – надвор’е на тыдзень

На новы рабочы тыдзень у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным пахмурнае, прахалоднае, з дажджамі і снегам надвор’е, якое прынясуць цыклоны Ёханэс і Хільмар з Еўропы. 

Да канца месяца цяпла чакаць не варта. Снегавое покрыва, якое амаль ужо растаяла, можа зноў пачаць фарміравацца. У аўторак узмацніцца вецер хуткасцю да 20 м/с.

У апошні тыдзень сакавіка цяплыні да +18  +20°С як у 2014 годзе і марозаў да -15  -17°С, як у 1958 годзе не прагназуецца. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце на 17 хвілін і дасягне 12 гадзін 57 хвілін. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 6:36, зойдзе ў 19:33.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 27 сакавіка. У ноч з нядзелі на панядзелак ападкаў па вобласці не чакаецца, хаця ўжо днём месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Раніцай ад -1 да +4°С, у дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да +2 +9°С, месцамі да +10 +15°С. На працягу сутак будзе пахмурна, месцамі ў першай палове дня з праясненнямі неба. Вятры паўднёвага напрамку хуткасцю да 5-10 м/с, пры парывах да 14 м/с. 

У аўторак 28 сакавіка надвор’е абяцае быць пахмурным, чакаецца дождж, месцамі дождж са снегам і снег. Будуць панаваць паўночна-заходнія вятры хуткасцю 15-20 м/с. Месцамі на дарогах галаледзіца. Уноч ад -1 да +4 °С, днём тэмпература +4  +9°С. Да ночы тэмпературы дасягнуць адмоўных значэнняў, месцамі да -4 °С.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 29 сакавіка, прагназуецца воблачнае надвор’е з дажджом, мокрым снегам. Уранні ад -2 -4 да  0°С, удзень ад 0° +1°С да +4°С. Месцамі на дарогах галаледзіца. На працягу сутак прагназуецца прыток паветраных мас з захаду і паўночнага захаду, хуткасць вятроў да 9 м/с.

У чацвер, 30 сакавіка, сіноптыкі прагназуюць пахмурнае надвор’е з дажджом і снегам. Вецер памяняе свій напрамак на паўднёвы. Хуткасць ветра да 7 м/с. Ноччу да -5°С, зрання каля 0 -3 °С, удзень да +3 +4°С, да ночы тэмпература панізіцца да 0°С. На дарогах галаледзіца.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 31 сакавіка, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным пахмурнае з невялікімі дажджамі, але ўжо бяз снегу, на працягу дня надвор’е, з панаваннем заходніх вятроў хуткасцю 3-4 м/с. Раніцай да +1°С, днём да +5°С, увечары каля +5 °С, да ночы тэмпература можа панізіцца да +2 +3°С. 

Цягам усяго тыдня – прыбываючы месяц на небе.

Дзень у гісторыі. 26 сакавіка. Егіпецкі каляндар. Прэм’ера оперы «Усяслаў Чарадзей». Шэнгенскае пагадненне. Нарадзіліся паэт В.Шніп, палітык Ф. Вячорка.

4241 год да нашай эры. Увядзенне ў Егіпце календара з годам у 365 дзён.

Ужо ў XLIII ст. да н.э. жыхары Дэльты ўстанавілі год у 365 дзён і ўвялі ў 4241 годзе да н. э. каляндарны год такой даўжыні, які пачынаўся ў дзень, калі ўзыход Сірыўса супадаў з усходам сонца на шыраце Паўднёвай Дэльты, з летнім сонцастаяннем і папярэднічаў разліву Ніла.

Год у егіпцян ужо тады складаўся з 365,25 сутак. Аднак у даўжыню свайго года егіпцянамі быў пакладзены цэлы лік дзён – 365. 

Такім чынам, за кожныя 4 гады сезонныя з’явы адставалі ад календара на 1 суткі. Пры адсутнасці высакосных гадоў Новы год праходзіў за 1460 (365×4) гадоў усе сезоны і вяртаўся на пачатковую дату. Перыяд у 1460 гадоў зваўся сотычным перыядам, цыклам, ці Вялікім годам Соціса.

Год дзяліўся на 3 сезоны па 4 месяцы кожны: Час паводкі – ахет – з сярэдзіны ліпеня да сярэдзіны лістапада, Час ўсходаў – пярэць – з сярэдзіны лістапада да сярэдзіны сакавіка, Час засухі – шыму  – з сярэдзіны сакавіка да сярэдзіны ліпеня.

Трэба нагадаць, што старажытны славянскі каляндар таксама меў толькі тры сезоны: вясну, лета і зіму: “Колькі лет, колькі зім!”, “Ад вясны да вясны”. Восень (“пад сень лета”) з’явілася значна пазней.

У 25 годзе да н.э.  устаноўлены Александрыйскі каляндар, сінхранізаваны з юліянскім календаром. Ён захаваў ранейшыя назвы месяцаў, а кожны чацвёрты, высакосны год у канцы дабаўляўся адзін дзень. Да старажытнаегіпецкага календара ўзыходзяць копцкі і эфіёпскі календары, якія да гэтага часу прымяняюцца мясцовымі цэрквамі. Структура егіпецкага календара была запазычаная французскім рэвалюцыйным календаром.

1923 год. У Маскве скончыўся працэс над клерыкаламі-«антысаветчыкамі».

Магілёўскі каталіцкі арцыбіскуп Ян Цепляк (1857–1926) разам з петраградскім К. Буткевічам прыгавораны да смяротнага пакарання. 13 ксяндзоў атрымалі розныя тэрміны зняволення.

К. Буткевіч быў расстраляны, а пад напорам міжнароднай грамадскасці смяротны прысуд Цепляку быў заменены на 10 гадоў пазбаўлення волі. У 1924 годзе ён быў вызвалены з Бутырскай турмы і высланы ў Польшчу, адкуль пераехаў у Рым, затым у ЗША, дзе і памёр у 1926 годзе.

Ян Цепляк у 1908–1917 гадах быў кіраўніком Магілёўскай архідыяцэзіі.

1932 год. Памёр Зігмунд Лазінскі (1870–1932).

Беларускі каталіцкі рэлігійны дзеяч, біскуп  мінскі (1918–1925) і пінскі (1925–1932).

Святар з 1895 года. Быў пробашчам кафедральнага сабора ў Мінску,  прафесарам Магілёўскай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, кіраўніком адноўленай Мінскай архідыяцэзіі (1917–1920), першым біскупам навастворанай Пінскай дыяцэзіі (1925–1932).

У 1909-1911 гадах суправаджаў магілёўскага біскупа Яна Цепляка ў наведванні парафій Расійскай імперыі.

Спрыяў усталяванню беларускай мовы ў касцёле. Арганізатар беларускай каталіцкай семінарыі ў Мінску (пазней пераведзена ў Навагрудак, затым у Пінск).

У 1920 годзе арыштаваны камуністычнымі ўладамі, 11 месяцаў правёў у маскоўскай «Бутырцы», пасля вымушаны з’ехаць у Заходнюю Беларусь.

1940 год. Нарадзіўся Міхаіл Касцюк.

Беларускі гісторык, акадэмік, доктар гістарычных навук, прафесар. Ганаровы архівіст Беларусі. Ганаровы грамадзянін Навагрудскага раёна.

Скончыў Гродзенскі педінстытут.

З 1969 года працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР (дырэктар у 1989–1999 гадах), Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ.

Займаўся даследаваннем сацыяльна-эканамічнай і грамадска-палітычнай гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя. Вывучаў гісторыю дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва, пытанні ўсталявання і функцыянавання савецкай сістэмы ўлады, праблемы гістарыяграфіі, крыніцазнаўства.

Аўтар звыш 300 навуковых прац, у тым ліку 14 манаграфій.

З’яўляўся галоўным рэдактарам «Нарысаў гісторыі Беларусi», «Гісторыі Беларусi» ў 6-ці тамах.

Памёр 5 лютага 2019 года.

1942 год. Нарадзіўся Іван Арабейка.

Беларускі паэт.

Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут.

Аўтар вершаў, зборнікаў паэзіі «Услед за сонцам», «Асенні ранак». Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка за кнігу вершаў «Сказаць хачу».

Яго вершы друкаваліся ў перакладах на рускую, ўкраінскую і грузінскую мовы.

Ягоная ўнучка Яна Арабейка была арыштаваная 12 лістапада 2020 года ў межах крымінальнай справы разам з 10 іншымі актывістамі студэнцкага руху ў рамках справы студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ. Прызнаная палітычнай зняволенай.

1944 год. У Мінску ў гарадскім тэатры адбылася прэм’ера оперы «Усяслаў Чарадзей» М. Шчаглова-Куліковіча на вершы Н. Арсенневай.

Мікалай Шчаглоў-Куліковіч (1893–1969) – вядомы беларускі кампазітар, музыколаг, этнограф, паэт і дзеяч беларускага руху ў эміграцыі, аўтар музыкі гімна на словы М. Багдановіча “Пагоня”, вдзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра, дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычны рэдактар Беларускага радыё.

Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну.

Тэатр оперы і балета

1958 год. Заснавана Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН.

Беларусь з’яўляецца заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і беларуская дэлегацыя ў ліку іншых дэлегацый, якія прадстаўляюць першапачатковых членаў Арганізацыі, падпісала ў кастрычніку 1945 года ў Сан-Францыска Статут ААН.

Прыняцце Беларусі ў ствараемую глабальную арганізацыю стала прызнаннем міжнароднай супольнасцю ўкладу, які ўнёс беларускі народ у перамогу над фашызмам у Другой сусветнай вайне.

Прадстаўніцтва ААН у Беларусі адкрылася ў 1992 годзе.

1960 год. Нарадзіўся Віктар Шніп.

Беларускі паэт, празаік, перакладчык. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве. Працаваў у часопісе «Беларусь», газетах «Наша слова» і «Літаратура і мастацтва», намеснікам дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўным рэдактарам часопіса «Полымя».

Аўтар каля 30 кніг паэзіі і прозы, суаўтар многіх зборнікаў, зборніка казак «Нявеста для Базыля».

Пісаў тэксты для рок-гуртоў, бардаў, эстрадных выканаўцаў.

Віктар Шніп і яго жонка, Людміла Рублеўская

1988 год. У Варшаве ўтвораны заснавальніцкі камітэт Беларускага Аб’яднання Студэнтаў (БАС) у Польшчы.

БАС – беларуская грамадская арганізацыя студэнтаў у Польшчы, якая займаецца грамадска-культурнай, асветнай, выдавецкай, турысцкай дзейнасцю.

БАС быў зарэгістраваны 29 лістапада 1988, 17 снежня 1988 года адбыўся першы з’езд. Гурткі дзейнічаюць у ВНУ Беластока, Варшавы, Гданьска, Любліна, Ольштына, адзін у ЗША.

На лясной паляне Борык каля мястэчка Гарадок Беластоцкага павета з 1990 да 2019 год БАС праводзіў штогадовы фестываль беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі «Басовішча».

Выступ гурта «Крама» на «Басовішчы-2007»

1988 год. Нарадзіўся Франак Вячорка.

Беларускі грамадзкі дзеяч, журналіст, палітык. Палітычны дарадца С. Ціханоўскай. Сын Вінцука Вячоркі.

Кіраваў укладаннем некалькіх музычных праектаў, каардынаваў праект па дубляваньні замежных фільмаў на беларускую мову, у межах якога былі перакладзеныя «Шрэк 2», «Шрэк 3», «Крымінальнае чытво», «Любоў насамрэч».

Аўтар кнігі «Падарожны Дапаможнік для беларусаў», адзін з ініцыятараў кампаніі «Народны журналіст», вядучы курсаў беларускай мовы «Мова ці кава».

Супрацоўнічаў з Радыё Рацыя, Радыё Свабода, БелаПАН, каардынаваў прасоўванне тэлеканалу Белсат, працаваў у Агенцтве ЗША па глабальных медыях у Вашынгтоне, выкладае ў Еўрапейскім каледжы ў Варшаве, удзельнічаў у праектах дакументальных фільмаў, кінаспектакляў, фільмаў.

1989 год. Упершыню на альтэрнатыўнай аснове ў СССР адбыліся выбары народных дэпутатаў.

Сярод абраных ад БССР (усяго больш за 20) – пісьменнік Алесь Адамовіч (1927–1994), дзяцінства і юнацкасць якога прайшла ў п. Глуша Бабруйскага раёна. У Глушы 9 лістапада 2019 года ўсталяваны помнік А. Адамовічу.

У дэпутаты ВС СССР балатаваўся і А. Лукашэнка, але прайграў В. Кебічу.

1995 год. Пачынае дзейнічаць Шэнгенскае пагадненне.

Пагадненне аб скасаванні пашпартнага і мытнага кантролю шэрагу дзяржаў Еўрапейскага Саюза.

Першапачаткова падпісана 14 чэрвеня 1985 года пяццю еўрапейскімі дзяржавамі (Бельгіяй, Нідэрландамі, Люксембургам, Францыяй, Германіяй). Уступіла ў сілу 26 сакавіка 1995 і спыніла існаванне 1 мая 1999 года, замешчана Шэнгенскім заканадаўствам ЕС.

Сукупная тэрыторыя дзяржаў, якія цалкам ўжываюць Шэнгенскае заканадаўства, і ўдзельнікаў дэ-факта, за вылікам выняткаў складае так званую Шэнгенскую зону, гэта значыць, прастору, на якой перамяшчэнне людзей адбываецца максімальна бесперашкодна, без праводжанага на пастаяннай аснове пашпартнага кантролю.

На сёння ў Шэнгенскай зоне 26 краін.

Прупой-Прапошаск-Прапойск-Слаўгарад: пакручастая гісторыя і шматаблічнасць старажытнага горада

Знаёмімся са старымі назвамі сённяшняга Слаўгарада, а таксама мінуўшчынай горада, што шчыльна знітавана з найменнямі раённага цэнтра. 

Здавалася б, сённяшні невялічкі раённы цэнтр Слаўгарад нічым асабліва непрыкметны, але калі глыбей капнуць гісторыю старадаўняга паселішча, то можна знайсці масу цікавостак. Прычым адметнасць і ўнікальнасць горада схаваная нават у старой яго назве Прапойск. 

Дзясятак найменняў горада 

Летапісны Прапойск першапачаткова ва Устаўной грамаце 1136 г. смаленскага князя Расціслава Мсціславіча называецца Прупой. Магчыма, назва Прупой абазначала хуткае цячэнне р. Проня пры ўпадзенні яе ў Сож, бо горад якраз стаіць на высокім правым яе беразе. 

У гістарычных дакументах сустракаецца назва Прапошаск (Пропошеск), а таксама і іншыя яе формы: Пропышеск, Пропашеск. І гэта яшчэ не ўсё. На старых картах і ў старых дакументах фіксуюцца наступныя напісанні назвы ўсходнебеларускага горада: Пропостк, Пропостес і нават Пропорск.  

Мясцовае вымаўленне назвы горада ў ХІХ стагоддзі запісалі этнографы і самі прапайчане ў сваіх прашэннях. Прычым запісы фіксуюць яшчэ і іншыя варыянты вымаўлення сённяшняга Слаўгарада – Пропольск, Прополск. 

Такім чынам, на працягу гісторыі формы наймення гэтага горада былі розныя, але аднакарэнныя. Вось яшчэ якія варыянты назвы захаваліся ў мясцовых гаворках: Прупоў, Прупойск, Прапуйск, Прапосіск, Прапошыск, Прапоськ, Прапось, Прапосік, Прапойсік, Прапойсык, Прапойсак, Прапойісык, Прапольск, Прапоськ.  Напрыклад: “Пайшоў у Прупой і пацулуваў у прабой”.

У сваю чаргу жыхароў старадаўняга горада называлі наступным чынам: прапойскія людзі, прапойсцы, прапосцы, прапасцы.  

Загадкі старадаўняй назвы

Даследчыкі вытлумачваюць назвы горада Прапойска і яго шматлікій аднакарэнных варыянтаў ад слова “пропасць”. Атаясамленне Прапойска с “пропасцю” звязана з гістарычнай назвай рэчкі Проня Пропасць. Між іншым найменне Пропасць адпавядае сутнасці ракі, бо на ёй было шмат віроў і дно небяспечнае, зменлівае. 

Таксама словам “прапой” (прупой) у ранейшыя часы называлі віры ў зліцця рэк, а Слаўгарад пачаўся на высокім пагорку ля зліцця ракі Проні з Сожам, адсюль і назва, якая мела сэнс “каля моцнага віра на зліцці рэк”.

Ёсць і легендарныя вытлумачэнні назвы старадаўняга Прапойска. Адзін з варыянтаў народнай этымалогіі назвы горада палягае ў тым, што прапойскія землі заўсёды станавіліся пропасцю (г.зн. сустракалі тут свой канец) для усіх варожых войскаў, якія прыходзілі ў гэты край.

Паводле другога падання, назва Прапойск паходзіць ад слова “пропуск”, гэта тлумачыцца тым, што на Проні, каля вёскі Чырвная Слабада і ніжэй Прапойска, на Сожы, каля Гайшына, ёсць брады. Па іх у Вялікую Айчынную вайну, у час вайны са шведамі і французамі войскі нібыта пераходзілі гэтыя рэкі. 

Як прапівалі Прапойск

У пачатку ХІХ стагоддзя Прапойск разам з суседнімі вёскамі належаў Дзмітрыю Яншыну, які меў вялікія багацці. Яншын быў чалавек адукаваны, любіў выяўленчае мастацтва і музыку і быў знаўцам у іх. Быў добры, дабрачынны, але нягледзячы на велізарныя багацці, не ўмеў справіцца з нястрымнасцю шырокай натуры, з цягай да бляску і раскошы, з бязмежнай дабрачыннасцю. 

Пышныя палаты яго змяшчалі скарбы: бібліятэку, карцінную галерэю, мармуровыя і мазаічныя вырабы, каштоўныя антычныя бронзы і тысячы розных прадметаў, якія шмат каштавалі, але не мелі пэўнага прызначэння. У прапойскія ўладанні з’язджаліся аматары гулянак з розных блізкіх і аддаленых месцаў Расійскай імперыі. Піры і абеды ва ўладаннях Яншына карысталіся гучнай папулярнасцю, бо на іх былі розныя гастранамічныя дэлікатэсы. 

Пры гэтым дабрачыннасць Яншына не мела межаў. Многія злоўжывалі яго дабрынёй, бо пад п’яную руку ён дарыў багацці людзям, якія зусім таго не вартыя. Аднойчы прыезджы вершатворца, падчас гулянкі, па жаданню гаспадара застолля прамовіў экспромтам чатырохрадкоўе:

Не Димитрий ты Донской,

И не Дмитрий Самозванец;

Но Димитрий Пропойской,

Словом – пьяница из пьяниц. 

Гэтыя вершаваныя радкі так спадабаліся Яншыну, што ён адразу падараваў іх аўтару цэлую вёску. Вядомаму польскаму пісьменніку Юзафу Быхаўцу, які доўга ў яго гасціў, падараваў на развітанне пятнаццаць тысяч рублёў. Так усё пакрысе пайшло прахам і шматмільённае багацце Яншына, а сам ён памёр на саломе. 

Чаму змянілі старадаўнюю назву 

Знакаміты савецкі пісьменнік Канстанцін Сіманаў таксама вельмі просталінейна чытаў найменне горада і напісаў у 1943 годзе невялікі верш, прысвечаны назве Прапойска – «Сказка о городе Пропойске».  Назву Сіманаў патлумачыў наступным чынам: 

Должно быть, название это

Недаром Пропойску дано,

Должно быть, и зиму и лето

Там пьют беспробудно вино. 

Калі ў 1945 годзе паўстала пытанне пра наданне назвы воінскаму падраздзяленню, якое вызначылася ў баях за Прапойск, то савецкае кіраўніцтва палічыла, што прыстаўка «Прапойская» будзе абразай для салдат. Па гэтай прычыне горад перайменавалі ў Слаўгарад.

Так горад згубіў сваю ўнікальную, хоць для кагосьці і немілагучную назву. Цікава, што назва Прапойск была адзіная такая ў свеце, і адлюстроўвала старадаўнюю гісторыю паселішча і тутэйшы рэльеф мясцовасці, у той час як найменне Слаўгарад не ўнікальнае. Паселішча з такой жа назвай існуе ў Алтайскім краі ў Расійскай Федэрацыі. Апроч таго, аднайменныя сяло і мястэчка ёсць на ўсходзе Украіны.

Фота з адкрытых крынiц

У Глуску сталі прападаць кантэйнеры для асобнага збору смецця

Калі раней у дварах райцэнтра былі асобныя кантэйнеры для паперы, шкла, пластыка, то цяпер яны застаюцца толькі для змешаных адыходаў і ПЭТ бутэлек. 

У той час, як у свеце, нават у слабаразвітых краінах, набірае моц асобны збор побытавых адыходаў, у Глуску мясцовыя журналісты зафіксавалі знікненне на многіх кантэйнерных пляцоўках райцэнтра кантэйнераў для паперы і шкла. 

У ходзе журналісцкага расследавання высветлілася, што на большасці пляцовак засталіся толькі кантэйнеры для цвёрдых адыходаў і ПЭТ бутэлек. 

Адказу на пытанне, чаму ў некаторых дварах яшчэ ёсць кантэйнеры для паперы і шкла, а ў іншых ужо няма, журналсты знайсці не змаглі. Праблема, як ім падаецца або ў нормах колькасці кантэйнераў на колькасць жыхароў, або ў адсутнасці грошай на новыя.

Многіх глушчан не задавальняе неэканамічная і неэкалагічная, крайне архаічная практыка збору побытавых адыходаў у райцэнтры, піша раённая газета “Радзіма”.

Фотаздымак з газеты Радзіма. 

На Венеры выяўлены вулкан, які дзейнічае

Пры параўнанні архіўных здымкаў паверхні Венеры, зробленых місіяй NASA “Магелан” у пачатку і ў канцы 1991 года, навукоўцы выявілі змяненне памераў і формы жэрала найбуйнейшага венерыянскага вулкана Маат, а таксама з’яўленне на яго схіле новага лававага патоку.

Па меркаванні аўтараў артыкула, апублікаванага ў свежым выпуску часопіса Science, гэта першы неабвержны доказ таго, што нетры Венеры захоўваюць актыўнасць, а на яе паверхні дагэтуль працягваюцца вулканічныя вывяржэнні. 

Раней лічылася, што геалагічная актыўнасць на другой планеце Сонечнай сістэмы спынілася 800 мільёнаў гадоў таму.

Гара Маат – гэта шчытавы вулкан дыяметрам у сотні кіламетраў з вельмі спадзістымі (у сярэднім 1,25 °) схіламі, пакрытымі патокамі застылай лавы працягласцю да 400 км (на загалоўным фотаздымку маштаб па гарызанталі ў 22,5 разоў меншы, чым па вертыкалі). На вяршыні гары знаходзіцца кальдэра памерам 28×31 км, усярэдзіне якой адзначаныя па меншай меры пяць кратараў дыяметрам 5-10 км.

Цэлы шэраг прыкмет паказвае на тое, што вулкан Маат утварыўся зусім нядаўна. Па-першае, на яго схілах адсутнічаюць сляды ўдарных кратараў. Па-другое – выключна вялікая вышыня, якая можа сведчыць аб наяўнасці пад ім мантыйнага плюма, які яе падтрымлівае. Па-трэцяе – незвычайная адсутнасць венерыянскага “снегу” – ападкавай субстанцыі невядомай прыроды з высокім альбеда ў радыёдыяпазоне, якой пакрыты многія горныя вяршыні на Венеры.

Параўнаўшы выявы гары Маат, зробленыя ў лютым і кастрычніку 1991 года, даследчыкі заўважылі змены формы і памеру аднаго з жарал на паўночным боку вулкана. Круглявая адтуліна плошчай 2,2 кв. км вырасла прыкладна ўдвая і набыла няправільную форму, вышыня сцен жарала паменшылася, а само яно запоўнілася лавай амаль да бакоў, ператварыўшыся ў лававое возера. На Зямлі змены такога маштабу звычайна звчзаны з вулканічнай актыўнасцю, няхай гэта будзе выліванне лавы на паверхню ці рух магмы пад жаралом, якое выклікае абвальванне яго сцен і пашырэнне адтуліны.

Правёўшы камп’ютарнае мадэляванне, пры якім разглядаліся розныя геалагічныя падзеі, такія як апоўзні ці землятрусы, навукоўцы прыйшлі да высновы, што падобныя змены маглі быць выкліканыя толькі вывяржэннем. Акрамя таго, на паўночным схіле гары Маат на больш познім здымку бачны новы лававы паток, супастаўны па памерах з тым, які разліўся пры вывяржэнні шчытавога вулкана Кілауэа на востраве Гаваі ў 2018 годзе на Зямлі.

Фота: Часопіс Science

Дзяўчына помсціла сваім былым – адзін мужчына загінуў, атруціўшыся “прызам” з Інстаграма

Незвычайная гісторыя помсты здарылася ва Украіне, на Кіеўшчыне. Тут 35-гадовая дзяўчына вырашыла адпомсціць двум сваім былым палюбоўнікам, якіх палічыла вінаватымі ў сваім нешчаслівым жыцці. Ад першага з іх яна зацяжарыла 20 гадоў таму. Тады дзяўчына зрабіла аборт, каб вучыцца ва ўніверсітэце, хоць хлопец адгаворваў яе ад гэтага. Пара разышлася, але крыўда на мужчыну ў дзяўчыны засталася.

Яна купіла алкаголь, віскі і ром, стварыла фальшывую старонку магазіна ў Інстаграме, зрабіла там розыгрыш і адзначыла гэтага хлопца і яшчэ аднаго былога ў каментарыях як удзельнікаў. Затым напісала ім у дырэкт, нібыта яны перамаглі і папрасіла паштовы адрас. У віскі яна падмяшала талій і адправіла па пошце. Пасля таго, як першы з мужчын выпіў алкаголь, у яго пачалі выпадаць валасы, рэзка пагоршыўся стан. Затым былі шпіталізацыя, кома і смерць.

Акрамя загінулага 38-гадовага мужчыны, “выйгрыш” алкаголю ў Інстаграме атрымаў яшчэ адзін яе былы. Але ром адкрыла яго жонка і разам з сяброўкамі трапіла ў рэанімацыю. Ва ўсіх выпалі валасы. 

Цяпер дзяўчыне пагражае ад 15 гадоў да пажыццёвага зняволення – піша Unian.

Фота з адкрытых крыніц.

Не паспела праславіцца яма з Быхаўскага рынка ў Магілёве, як яе ўжо залаталі – відэа

Па сеціве разляцелася віруснае відэа, на якім работнікі з Быхаўскага рынка дэманструюць глыбіню адной з ямін на дарозе. У яе цалкам правальваецца палка з лязом для разбівання льда. “Вадзіцелі, будзьце асцярожныя” – іранізуе голас за кадрам. 

Аднак ужо сёння на месцы працуе брыгада горвадаканала. Відавочна, што яміна з відэа ўтварылася на месцы каналізацыйнага калодзежа.