Дванаццаць талонаў на раён – лячэнне зубоў спрабавалі аналізаваць у Касцюковічах

Касцюкаўчанам складана трапіць на прыём да стаматолага, а начальства лічыць, што 12 талонаў на ўвесь раён цалкам дастаткова.

Журналісты раённай газеты правялі расследаванне сітуацыі вакол мясцовай стаматалогіі. Мяркуючы па выніках, змяніць нічога нельга – калі выцягваеш нос, абавязкова завязне хвост.

Высветлілася, што:

  • запісацца па прынцыпе «сёння на заўтра» дастаткова складана – дазваніцца нельга, але калі ўстаць у жывую чаргу, можа і пашанцуе атрымаць запаветны талон. Праўда, на гэта давядзецца патраціць… палову дня;
  • ускладнена хірургічная стаматалагічная дапамога, бо хірург-стаматолаг знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку і яго замяняе зубны фельчар;
  • электронны анлайн-запіс праз сайт часова не ажыццяўляецца па тэхнічных прычынах.

Пры ўсім гэтым намеснік старшыні Касцюковіцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Кацярына Манушэнка сцвярджае, што праблем з медыцынскімі кадрамі няма і ва ўсім вінаваты самі жыхары Касцюковіч, якія:

  • не жадаюць запісвацца на планавы, прафілактычны прыём два разы на год;
  • не з’яўляюцца на прыём па замоўленых талонах;
  • абражаюць рэгістратара па тэлефоне або знаходзячыся ў жывой чарзе, калі ім не дасталося талонаў;
  • прыязджаюць у Касцюковічы для атрымання стаматалагічнай дапамогі з іншых гарадоў.

Калі ж не ператвараць пошук каранёў праблемы ў танец з бубнамі, то варта проста вярнуцца да фразы чыноўніцы пра тое, што праблем з медыцынскімі кадрамі ў Касцюковічах няма.

Манушэнку падтрымлівае і загадчыца стаматалагічнага аддзялення Касцюковіцкай ЦРБ Наталля Мартусевіч, якая лічыць, што:

  • “урачоў-стаматолагаў і зубных фельчараў з запасам”,
  • супрацоўнікі цэмзавода могуць атрымаць стаматалагічную дапамогу па месцы працы, а
  • дванаццаці (!) талонаў на тэлефонны запіс і на жывую чаргу цалкам дастаткова на 20 000 жыхароў раёна.

У наяўнасці поўны адрыў начальнікаў ад рэальнасці. Дванаццаці талонаў на ўвесь Касцюковіцкі раён было б дастаткова толькі ў тым выпадку, калі б мясцовыя жыхары цалкам прысвячалі ўсё сваё жыццё спробам патрапіць у стаматалогію.

Ды вось бяда: яны яшчэ працуюць, ходзяць у крамы, выхоўваюць дзяцей, удзельнічаюць у суботніках па добраўпарадкаванні і наведваюць дыялогавыя пляцоўкі, дзе тая ж Кацярына Манушэнка па дзве бітыя гадзіны тлумачыць ім, што ў квітнеючай Беларусі з медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва справы ідуць так добра, што далей проста няма куды.

Фото раённай газеты “Голас Касцюкоўшчыны”.

На мяжы Беларусі і ЕС утварыліся чэргі на 30 кіламетраў

Чэргі з грузавых і легкавых аўтамабіляў фіксуюцца на мяжы Беларусі з суседнімі краінамі ЕС – піша “Віртуальны Брэст” са спасылкай на звесткі Дзяржпагранкамітэта.

Найменшай колькасцю машын у пунктах пропуску на мяжы з Беларуссю можа пахваліцца толькі латвійскі напрамак.

Паводле даных на 25 сакавіка на мяжы чакаюць магчымасці ўехаць на тэрыторыю ЕС больш як 1870 фур і іх колькасць толькі павялічваецца.

Больш за ўсё фур зараз знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы – больш за 1000 машын. Чарга з іх расцягнулася на 30 кіламетраў.

На мяжы Беларусі і Літвы сітуацыя ненашмат лепшая: больш за 390 вялікагрузаў знаходзяцца ў пункце пропуску “Каменны Лог”, больш за 330 машын у “Беняконях”, больш за 90 – у пункце “Прывалка” і больш чым па 20 вялікагрузаў чакаюць у чарзе на мяжы з Літвой у пунктах “Катлоўка” і “Відзы”.

На беларуска-латвійскай мяжы таксама ўтварылася невялікая чарга – больш за 20 фур знаходзяцца ў пункце “Урбаны”.

Чарга з легкавушак назіраецца як на мяжы з Польшчай, так і з Літвой. Паводле апошніх звестак Дзяржпагранкамітэта, у пункце пропуску “Брэст” на граніцы з Польшчай знаходзіцца больш як 130 легкавушак.

На літоўскім напрамку ў чарзе 200 машын, з іх больш за 50 чакаюць магчымасці выехаць з Беларусі ў Літву праз “Каменны Лог”, больш за 30 – праз “Прывалку” і па 40  у іншых пунктах. 

Нагадаем, што польскія ўлады ў аднабаковым парадку 10 лютага закрылі пункт пропуску “Баброўнікі”. У выніку на беларуска-польскай мяжы застаўся толькі адзін пункт пропуску для грузавога транспарту (“Кукурыкі” – “Казловічы”) і адзін для легкавога (“Цярэспаль” – “Брэст”).

Прэм’ер-міністр Р. Галоўчанка 17 лютага падпісаў пастанову, паводле якой польскім грузавікам можна ўязджаць на тэрыторыю рэспублікі толькі праз беларуска-польскі ўчастак мяжы. Шлях праз Літву і Латвію ім зачынены.

Паралельна з гэтым Літва адмовілася далей выконваць дамоўленасці з Беларуссю аб бесперабойным пропуску аўтатранспарту. Таксама быў закрыты адзін пункт пропуску для грузавых цягнікоў на беларуска-літоўскай мяжы.