Магілёўскі гарвыканкам абвясціў пра пачатак грамадскага абмеркавання Генеральнага плана горада Магілёва. Яно будзе праходзіць з 12 па 26 красавіка 2023 года.
Генеральны план – гэта праект, які вызначае стратэгію комплекснага горадабудаўнічага развіцця горада і прылеглых тэрыторый. Звычайна гэта амбіцыёзны план, якім прадугледжваецца комплекснае аднаўленне архітэктурных помнікаў гістарычнага цэнтра, развіццё транспартнай інфраструктуры, план па будаўніцтве новых жылых раёнаў і гэтак далей.
Проста песня
Новы Генплан Магілёва звярнуў увагу даследчыкаў тым, што паводле яго прадугледжваецца ўключэнне ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў адразу некалькіх дзясяткаў (каля 80) будынкаў у гістарычным цэнтры Магілёва, што сфарміраваліся ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Гэта даваенная і паваенная архітэктура вуліц Першамайскай, Ленінскай, Піянерскай, Лепяшынскага, Міронава і іншых.
А таксама ў тэксце генплана адзначаецца, што ў раёне вуліц Садовай, Мянжынскага, Пляханава, Вароўскага, Вакзальнай і інш. захаваліся прыклады драўлянай забудовы першай паловы ХХ стагоддзя, якія маюць характэрныя элементы драўлянай архітэктуры гэтага перыяду. “Прыклады драўлянай гістарычнай забудовы мэтазгодна захаваць і выпрацаваць рэгламенты (патрабаванні) па яе змесце і эксплуатацыі.”
“Проста нейкая песня” – пракаментавалі праект Генплана на Тэлеграм-канале “Спадчына”.
У бліжэйшыя дні на Прыпяці, у ніжнім цячэнні Дняпра, Бярэзіны і Сожа рост узроўняў вады вясновай паводкі захаваецца – паведамляе Белгідрамет. На астатніх рэках ужо адбываецца спад узроўняў вады, у першую чаргу на Заходняй Дзвіне. На прытоку Сожа рацэ Віхра каля г. Мсціслаў вада хутка ўвойдзе ў рэчышча.
Сярод населеных пунктаў Магілёўскай вобласці вада перавышае небяспечна высокую адзнаку толькі ў Бабруйску.
11 красавіка ў Бабруйску адбылася двайная цырымонія перадачы парэшткаў савецкіх салдат часоў Другой Сусветнай вайны. Знойдзеныя ў Бабруйску рэшткі радавога Фёдара Біндзюкова, што нарадзіўся ў Крыме і загінуў падчас абароны Бабруйска ў 1941 годзе адправяцца на радзіму. Знойдзеныя пад Феадосіяй у сакавіку 2023 года парэшткі Рыгора Салдаценкі, што нарадзіўся ў вёсцы Дамамерычы Клімавіцкага раёна, і загінуў падчас вызвалення Крыма ў 1944 годзе, былі перададзены кіраўніцтву раёна.
Рыгор Аксёнавіч Салдаценка нарадзіўся ў Дамамерычах у 1918 годзе. У 1944 ён прапаў без вестак. Маці салдата беспаспяхова спрабавала адшукаць сына ў 1950 годзе. Увесну гэтага года яго цела было знойдзена падчас размініравання ўчастка пад будаўніцтва ў пасёлку Прыморскім каля Феадосіі разам з рэшткамі яшчэ пяцярых байцоў. На радзіму былі перададзены таксама каска і асабістыя рэчы салдата – паведамляе “Родная ніва”.
У 1 квартале 2023 года пры правядзенні кантрольных мерапрыемстваў органамі дзяржаўнага санітарнага нагляду Магілёўскай вобласці ў 171 (51,5%) з 332 правераных суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць абарот тавараў і прадукцыі, былі выяўлены парушэнні.
А ўсяго парушэнні ўстаноўлены на 613 аб’ектах з 813 абследаваных – 75,4% – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Нярэдкімі з’яўляюцца такія парушэнні, як рэалізацыя без маркіроўкі або з неадпаведнай інфармацыяй на маркіроўцы, рэалізацыя пратэрмінаванай прадукцыі, парушэнне ўмоў захоўвання харчовай прадукцыі, рэалізацыя без дакументаў, неадпаведнасць гігіенічным нарматывам па выніках лабараторных выпрабаванняў, іншыя парушэнні складаюць – амаль 53% (1013 выпадкаў).
Дарэчы, грубыя парушэнні дапускаюць не толькі дробныя і сярэднія па памерах суб’екты дзе небудзь на раёнах, але і знакамітыя гандлёвыя сеткі, напрыклад, крамы “Еўраопт” у Магілёве.
Так, у краме “Еўраопт” па вул. Гагарына, 79 праводзілася рэалізацыя прадуктаў харчавання са скончаным тэрмінам прыдатнасці – ролы, хачапуры з мясам птушкі. Таксама тут прадавалі прадукцыю з маркіроўкай, якая ўводзіць спажыўца ў зман, гнілую і сапсаванаую гародніну.
Падобныя праблемы былі ў крамах “Еўраопт” па вул. А.Куляшова, па праспекце Дзімітрава, 70А, па Віцебскім праспеце, 4Б.
Фота з адкрытых крыніц, носіць ілюстрацыйны характар.
Кіраўніцы аднаго з сельскіх аддзяленняў паштовай сувязі інкрымінаваны крадзёж у буйным памеры
Як паведамляе генеральная пракуратура, жанчына з сярэдзіны жніўня 2022 года па студзень 2023 года сістэматычна выкрадала грошы з касы паштовага аддзялення.
Следства таксама высветліла, што абвінавачаная з дапамогай кампьютарнай праграмы пералічвала грошы паштовага аддзялення на ўласныя банкаўскія карткі, а таксама на банкаўскія карткі сваякоў і знаёмых, якія пасля здымала і траціла на сябе.
Такім чынам, рознымі спосабамі жанчына скрала звыш 22 тысяч рублёў. Заведзена крымінальная справа.
Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас.
Абвешчаны 8 красавіка 2011 года на 65-й сесіі Генеральнай Асамблеяй ААН у гонар таго, што 12 красавіка 1961 года грамадзянін СССР Ю. Гагарын на касмічным караблі “Усход” за 108 хвілін упершыню ў свеце здзейсніў арбітальны аблёт Зямлі, адкрыўшы эпоху пілатуемых касмічных палётаў.
У космас зляталі 5 беларусаў, у тым ліку першая жанчына-касманаўт В. Церашкова. У бліжэйшы час плануецца палёт у космас яшчэ адной беларускі.
У Магілёве ёсць вуліца і плошча Касманаўтаў, вуліцы Гагарына, Камарова, завулак Цітова.
1541 год. Нарадзіўся Іпацій Пацей (1541–1613).
Царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст, асветнік, фундатар школ. Прамовы вёў у асноўным на беларускай мове.
Абаронца царкоўнай уніі, змагар за канфесійную талерантнасць, першым у беларускай літаратуры сфармуляваў ідэю роўнасці грамадзянскіх і палітычных правоў для людзей свецкага і духоўнага станаў.
1633 год. У Рыме пачаўся працэс над Галілеа Галілеям.
Галілей (1564–1642) быў абвінавачаны ў прызнанні “ілжывага вучэння” Мікалая Каперніка аб тым, што “Сонца, а не Зямля, знаходзіцца ў цэнтры свету, і што апошняя рухаецца, у тым ліку здзяйсняе абарачэнне вакол Сонца за адзін год”.
Навукоўца трымалі ў зняволенні ў Палацы святой інквізіцыі. Ён карыстаўся незвычайнымі прывілеямі – займаў тры пакоі, меў у сваім распараджэнні слугу, атрымліваў ад сяброў перадачы, вёў перапіску. На допытах Галілей доўга спрабаваў лавіраваць, але пад пагрозай катавання 22 чэрвеня змушаны быў зрачыся ад “ерасі, выкліканай яму д’яблам”.
1827 год. Зацверджанапаштова-дыліжансная лінія Пецярбург–Радзівілаў (зараз у Ровенскай вобласці Украіны).
Лінія праходзіла праз Віцебск, Шклоў, Магілёў.
1839 год. Нарадзіўся Мікалай Пржавальскі (1839–1888).
Сусветна вядомы падарожнік, географ, кліматолаг, даследчык Цэнтральнай Азіі, асветнік, ганаровы член Пецярбургскай Акадэміі навук, генерал-маёр.
Належаў да беларускага шляхецкага роду Перавальскіх, герба Лук, што быў дараваны каралём Стэфанам Баторыем.
Ажыццявіў вялікія экспедыцыі: Усурыйскую, Мангольскую, Лабнорскую, Джунгарскую, Тыбецкія. Даследаваў горныя сістэмы Цэнтральнай і Усходняй Азіі, адкрыў цэлы шэраг новых форм жывёл: дзікі вярблюд, конь Пржэвальскага.
Імператарская Санкт-Пецярбургская акадэмія навук узнагародзіла яго медалём «Першаму даследчыку прыроды Цэнтральнай Азіі».
Пахаваны паводле ўласнага запавету на беразе возера Ісык-Куль, Кыргызстан.
1890 год. Нарадзіўся Янка Нёманскі.
Беларускі пісьменнік, празаік, публіцыст, эканаміст, грамадскі дзеяч.
Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Удзельнік І Сусветна вайны, прапаршчык. Загадваў выдавецкім аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята, разам з Цішкам Гартным выдаваў газету «Дзянніца».
Працаваў у планава-эканамічных органах, намеснікам старшыні Дзяржплана, упраўленні літаб’яднання «Полымя», у Інбелкульце, загадчыкам аддзела эканомікі НДІ прамысловасці, дырэктарам Інстытута эканомікі БелАН, загадчыкам кафедры ў інстытуце народнай гаспадаркі. Акадэмік акадэміі навук, яе неадменны сакратар.
Аўтар апавяданняў, няскончанага рамана «Драпежнікі».
Арыштаваны 26 красавіка 1937 года, асуджаны НКУС 29 кастрычніка 1937 года да расстрэлу і на наступны дзень расстраляны.
1912 год. У Рэчыцы нарадзіўся Яфім Капелян (1912–1975).
Акцёр тэатра і кіно, адзін з вядучых акцёраў Вялікага драматычнага тэатра ў Ленінградзе. Народны артыст СССР.
Скончыў Рэчыцкую школу. Працаваў мастаком пры Рэчыцкім кінатэатры, у Вялікім драматычным тэатры імя М. Горкага. У гады вайны быў акцёрам франтавога Тэатра народнага апалчэння.
Адначасова шмат здымаўся ў кіно, выканаў мноства яркіх характэрных роляў у фільмах «Няўлоўныя мсціўцы», «Інтэрвенцыя», «Даўрыя», «Вечны кліч», «Саламяны капялюшык». Адна з найбольш вядомых работ – аўтарскі тэкст у тэлесерыяле “Семнаццаць імгненняў вясны”.
Браў удзел у дубляжы замежных фільмаў на кінастудыі “Ленфільм”, агучыў адну з роляў у фільме “Паласаты рэйс”. Спрабаваў сябе ў рэжысуры, паставіў некалькі спектакляў на Ленінградскім тэлебачанні.
1934 год. На амерыканскай метэастанцыі Маунт-Вашынгтон зафіксаваны самы моцны наземны вецер у свеце.
Хуткасць склала 371,75 км у гадзіну. Увогуле гэтаму месцу ўласцівыя моцныя вятры. Напрыклад, вецер хуткасцю 112 км у гадзіну тут лічыцца “лёгкім брызам”.
Максімальная хуткасць ветра ў Беларусі – 40 м/с (144 км/гадз.) рэгістравалася ў Докшыцах (1967, 1969 гг.), у Слуцку (1959).
1938 год. У Парыжы памёр Фёдар Шаляпін (1873–1938).
Рускі оперны спявак. У розны час саліст Вялікага і Марыінскага тэатраў, Метрапалітэн Опера, першы савецкі народны артыст (1918–1927).
Выступаў у міланскім тэатры «Ла Скала», у шматлікіх тэатрах і операх Еўропы, ЗША. Пад час знаходжання царскай Стаўкі ў Магілёве (1915–1917), неадноўчы выступаў на сцэне мясцовага тэатра.
Свае грошы накіроўваў на падрымку рабочых у 1905 годзе, на адкрыццё двух ваенных лазарэтаў, на падтрымку эмігрантаў.
У 1922 годзе выехаў на гастролі за мяжу. У 1927 годзе Пастановай СНК РСФСР яго пазбавілі звання Народнага артыста і права вяртання ў СССР.
1962 год. Нарадзіўся Міхаіл Турэцкі.
Расійскі спявак, музычны прадзюсер, хормайстар і шоумен. Заснавальнік і прадзюсар арт-групы “Хор Турэцкага” і жаночага музычнага калектыву “Soprano”. Народны артыст Расіі.
Нарадзіўся ў Маскве ў яўрэйскай сям’і выхадцаў з Магілёўскай губерні.
1968 год. Распачаўся Першы фестываль біт-ансамбляў Мінска.
Першы беларускі рок-фестываль, першы рок-фестываль у СССР працаваў 12-14 красавіка 1968 года ў актавай зале Мінскага радыётэхнічнага інстытута. Праводзіўся дзеля папулярызацыі сучаснай эстраднай музыкі, эстэтычнага выхавання моладзі. Музычны крытык Сяргей Будкін лічыць 12 красавіка 1968 года днём нараджэння рок-н-рола ў Беларусі.
Пачынаючы з 1965 года ў Мінску ўтварылася крытычная маса гуртоў, якія гралі блюз, рок-н-рол і самы модны тады напрамак – біг-біт. Амаль кожны інстытут, школа, прадпрыемства, установа мелі як мінімум адзін свій вакальна-інструментальны ансамбль.
1969 год. У Вялікабрытаніі памёр Сяргей Малафееў (1901–1969).
Беларускі ўрач, дзеяч беларускага руху.
Адзін з заснавальнікаў Беларускага студэнцкага саюза ва Універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні (1920). Закончыў медыцынскі факультэт Універсітэта. Працаваў дырэктарам павятовага шпіталя ў Свянцянах, хірургам.
У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС, трапіў у лагер пад Архангельск.
У час ІІ Сусветнай вайны трапіў у Армію генерала Андэрса, ваяваў пад Табрукам.
З 1947 года жыў у Вялікабрытаніі, працаваў у польскім шпіталі ў Пэнлі, урачом на параходах.
Фота. Віленскі ўніверсітэт.
1984 год. Нарадзіўся Алег Касцючэнка.
Сучасны беларускі мастак-жывапісец, манументаліст
Паходзіць з дынастыі беларускіх жывапісцаў.
Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава, Беларускую акадэмію мастацтваў.
Працуе ў галіне манументальнаяга і станковага жывапісу. Творы мастака часта маюць філасофскі падтэкст і метафарычны змест.
Актызна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх, міжнародных мастацкіх выставах Беларусі, Расіі, Германіі, Швецыі, Польшчы.
А. Касцючэнка, “Сняданак N”
1986 год. Памёр Тамілоўскіх Віталь (1910–1986).
Старшы сержант, Герой Савецкага Саюза.
У ліку першых 27 чэрвеня 1944 года пераправіўся праз Дняпро каля в. Палыкавічы. Умела арганізаваўшы абарону, надзейна ўтрымліваў захопленыя пазіцыі, чым спрыяў пераправе іншых падраздзяленняў палка. Удзельнічаў у баях за вызваленне г. Магілёва.
Больш за 620 парушэнняў санітарыі і гігіены ў І квартале 2023 года ўстаноўлены ў 74% аб’ектаў харчавання ўстаноў адукацыі – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Гэта пры тым, што маніторынгам было ахоплена толькі 60% іх наяўнай колькасці.
У кожным чацвертым выпадку (25%) у сталоўках не вытрымліваецца прыкладнае меню па асартыменце страў, выяўлены абвесы (заніжаны выхад страў), не выконваюцца
нормы харчавання па асобных прадуктах.
У 15% сталовак выяўлены бруд на харчаблоках, амаль ў 5% выпадкаў – парушэнні тэрмінаў рэалізацыі, захоўвання харчовых прадуктаў, амаль у 4% выпадкаў стравы не адпавядалі нарматывам па каларыйнасці.
Праверкі паказалі, што некаторым сталоўкам (1,2%) бракуе чысціні абсталявання, інвентара, тары, рук работнікаў харчаблокаў.
Прычыны парушэнняў санітарыі і гігіены ў дзіцячых сталоўках вядомыя: абыякавасць, крадзёж.
Фота з адкрытых крыніц, носіць ілюстрацыйны характар
Падчас інвентарызацыі выявілі крадзёж грошай з вясковай крамы.
Як паведамляюць ва Упраўленні ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, у выніку інвентарызацыі аднаго з раённых гандлёвых аб’ектаў была выяўлена значная нястача.
Падчас праверкі праваахоўнікі высветлілі, што 48-гадовая прадавачка, выконваючы абавязкі загадчыцы крамы, на працягу некалькіх месяцаў прысвойвала тавары і грошы гандлёвага аб’екта.
Прадукты жанчына перапрадавала мясцовым жыхарам, а грошы з касы траціла на сябе. Шкода касцюковіцкаму райпо ацэньваецца на агульную суму каля 4 700 рублёў.
Праваабаронцы і СМІ паведамляюць, што ў Круглым пасля выпускнога была затрыманая Аліна Горава. 20-гадовая дзяўчына вучылася ў Барысаўскім політэхнічным каледжы, і 27 сакавіка, ў дзень атрымання дыплома яе проста на аўтобусным прыпынку пасля вяртання ў Круглае затрымала міліцыя.
Паведамляецца, што ў круглянскім ІЧУ, куды была адпраўлена Аліна, было вельмі халодна. Дзяўчыне не выдалі матрац, ёй давялося спаць на голых дошках, забаранілі накрывацца нават уласнымі рэчамі.
Праз тры дні Аліне стала дрэнна. У дзяўчыны паднялася тэмпература, а таксама абвастрылася хранічнае захворванне нырак і жаночых органаў. Ёй выклікалі хуткую, але забаранілі шпіталізацыю, матывуючы гэта тым, што ў турме № 4 у Магілёве, куды яе мусяць перавесці, ёсць лякарня.
Але, наколькі вядома, пасля этапу нічога не змянілася. Турэмны лекар, па словах праваабаронцаў, не прапісаў дзяўчыне антыбіётыкаў, нягледзячы на дрэнныя аналізы. На дзясятыя суткі, наколькі вядома, стан яе пагоршыўся, болі ўзмацніліся, запаленне прагрэсавала.
Следам за Stable Diffusion Online і DALL-E, якія па нашай просьбе малявалі альтэрнатыўны Магілёў, мы папрасілі новую нейрасетку Kandinsky 2.1 намаляваць наш горад. Але не простафантазійны, а такім, як яго маглі б выявіць славутыя мастакі.
Але спачатку спыталі штучны інтэлект, як бы ён выглядаў Магілёў у папулярных мастацкіх стылях. Напрыклад, кіберпанк.
Анімэ.
Поп-арт. Звярніце ўвагу, чым вянчаецца цэнтральная цыбуліна.
Наогул, звяртае на сябе ўвагу аднатыпнасць фантазіі нейрасеткі. Як бы мы ні фармулявалі пытанне, на цэнтральным месцы выявы амаль заўсёды знаходзіцца стылізаваная царква. А вось мастацкі почыркі знакамітых жывапісцаў амаль заўсёды Kandinsky улоўлівае трапна. Вось, напрыклад, пару варыянтаў ад “Босха”.
Кандзінскі.
Шагал.
А вось стыль Бялыніцкага-Бірулі, на наш погляд, зусім не ўгаданы. Відаць, нейрасетка брала за аснову не ўзорныя працы знакамітага ўраджэнца Магілёўшчыны, а нейкія выпадковыя выявы.
Казімір Малевіч так не расчараваў, хоць і не вельмі аказаўся падобным на сябе, хутчэй патрапіў пад моцны ўплыў Кандзінскага.
Таксама некуды не туды адбыўся зрух у стылістыцы Сая Твомблі, хоць у прынцыпе праца атрымалася прыемная, лаканічная.
Рэмбранд парадаваў.
Ну, і нарэшце, Сальвадор Далі.
Kandinsky 2.1 – гэта расійскі аналаг знакамітай нейрасеткі Midjourney, якую распрацавалі праграмісты “Сбербанка”.