Якім бы намалявалі Магілёў Босх, Шагал, Малевіч – пагуляліся з чарговай нейрасеткай

Следам за Stable Diffusion Online і DALL-E, якія па нашай просьбе малявалі альтэрнатыўны Магілёў, мы папрасілі новую нейрасетку Kandinsky 2.1 намаляваць наш горад. Але не простафантазійны, а такім, як яго маглі б выявіць славутыя мастакі.

Але спачатку спыталі штучны інтэлект, як бы ён выглядаў Магілёў у папулярных мастацкіх стылях. Напрыклад, кіберпанк.

Анімэ.

Поп-арт. Звярніце ўвагу, чым вянчаецца цэнтральная цыбуліна.

Наогул, звяртае на сябе ўвагу аднатыпнасць фантазіі нейрасеткі. Як бы мы ні фармулявалі пытанне, на цэнтральным месцы выявы амаль заўсёды знаходзіцца стылізаваная царква. А вось мастацкі почыркі знакамітых жывапісцаў амаль заўсёды Kandinsky улоўлівае трапна. Вось, напрыклад, пару варыянтаў ад “Босха”.

Кандзінскі.

Шагал.

А вось стыль Бялыніцкага-Бірулі, на наш погляд, зусім не ўгаданы. Відаць, нейрасетка брала за аснову не ўзорныя працы знакамітага ўраджэнца Магілёўшчыны, а нейкія выпадковыя выявы.

Казімір Малевіч так не расчараваў, хоць і не вельмі аказаўся падобным на сябе, хутчэй патрапіў пад моцны ўплыў Кандзінскага.

Таксама некуды не туды адбыўся зрух у стылістыцы Сая Твомблі, хоць у прынцыпе праца атрымалася прыемная, лаканічная.

Рэмбранд парадаваў.

Ну, і нарэшце, Сальвадор Далі.

Kandinsky 2.1 – гэта расійскі аналаг знакамітай нейрасеткі Midjourney, якую распрацавалі праграмісты “Сбербанка”.

Нейрасетка DALL-E намалявала Магілёў па нашай просьбе – шмат карцінак

Паглядзіце, як мяняецца горад, калі ў ім прадаюцца разрэзаныя курыцы.

DALL-E – гэта нейронная сетка, створаная пры фінансавай падтрымцы Microsoft, здольная генераваць высокаякасныя выявы, сыходзячы з тэкставых апісанняў. Яна працуе як стваральнік новых ілюстрацый, якія абапіраюцца на ўжо існуючыя, адвольна змешваючы рысы розных выяваў у цэласную карцінку, а штосьці дадаючы па толькі ёй зразумелым алгарытмам. 

Для таго, каб працаваць з ёй, неабходна ўвесці ў пошукавае поле некалькі словаў, якія ахопліваюць усю палітру вашага запыту. Для пачатку мы ўвялі ў пошук усяго адно слова – Магілёў. У выніку атрымалі чатыры выявы.

Варта адзначыць, што на гэтых “чыстых” выявах горада дамінуе гістарычная архітэктура, горад ілюструецца з жывапісным і велічным рэльефам. Грацыёзныя вежы, відавочна, натхнёныя магілёўскай ратушай – адной з улюбёных для гараджан і гасцей горада  архітэктурных дамінант.

Калі павялічыць пошукавы запыт, то ў выніковыя карцінкі нейрасетка дабаўляе адвольныя рысы іншых з’яваў. Мы спачатку асабліва не вычвараліся, і папрасілі DALL-E намаляваць лірыку на гарадскую тэматыку, а таксама на тэму восені, людзей і горада ў яго мінулым, сучаснасці і будучыні. У наш новы запыт увайшлі словы “Магілёў, гісторыя, сучаснасць, будучыня, гараджане, архітэктура, восень”. 

Набярэжная Дубравенкі, будынак былой філармоніі каля “Кас Аэрафлота”, зноў жа ратуша і пляцоўка перад музеем этнаграфіі на Першамайскай – першыя асацыяцыі ад гэтай працы нейрасеткі. Пагадзіцеся, атрымалася вельмі па-магілёўску.

Далей мы вырашылі адгукнуцца на сучасныя і вострыя сацыяльныя праблемы, і да папярэдняга запыту дабавілі яшчэ два словы: “разрэзаныя курыцы”.

І ўжо першая ж карцінка выклікала шчырае захапленне яркай мастацкай вобразнасцю штучнага інтэлекта. 

Пагадзіцеся, на гэтай выяве ёсць усё пра восеньскі Магілёў – старая тратуарная плітка пад нагамі і экспрэсіўныя абрысы апалых чорных дрэў на фоне вусцішнага ў сваёй банальнасці і афарбоўцы трохпавярховіка.

Наступныя выявы таксама дадалі Магілёву трохі экспрэсіі, трохі загадкавасці і трохі курэй.

На гэтым мы прыпынілі свае эксперыменты, але можам іх працягнуць дзеля вас, шаноўныя чытачы. Задавайце нам свае пошукавыя запыты, і мы з радасцю апублікуем новыя творы нейрасеткі на магілёўскую тэматыку. 

Ну, а які Магілёў выглядае лепш – з разрэзанымі курыцамі ці без, вырашаць вам, чытачы.