Сын збірае сродкі на помнік бацьку, святару і падзвіжніку ў Краснапольскім раёне

Вядомаму святару, які аднаўляў храмы ў Краснапольскім раёне і стаў “Чалавекам года”, плануецца паставіць помнік.

Сяргей Давыдзенка, сын іерэя Віктара Давыдзенка, што служыў у вёсцы Выдранка Краснапольскага раёна, збірае сродкі на выраб помніка святару – паведамляе краснапольская газета “Чырвоны сцяг”. 

Паслужэнства Віктара Давыдзенкі добра вядомае на Магілёўшчыне. Ён аднаўляў храмы ў самым сэрцы зоны адсялення пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а царква ў Выдранцы стала месцам паломніцтва для людзей з далёкіх краёў.

Іерэй Віктар Давыдзенка (1956-2021) нарадзіўся ў в. Казелле Краснапольскага раёна ў шматдзетнай сям’і.

Служыў у войску, працаваў у мясцовым саўгасе «Халмянскі», ажаніўся і стаў бацькам чатырох сыноў. Пасля аварыі на ЧАЭС жыў у Шклове, Дукоры Пухавіцкага раёна.

У 1997 годзе цяжка захварэў, думаў, што яго дні палічаныя, а лекары разводзілі рукамі. Але нехта сказаў: «Маліся Богу». І  ён прыняў рашэнне прысвяціць сябе Богу. Арцыбіскуп Сафроній прапанаваў яму рыхтавацца ў святарства. Быў на паслухмянстве ў Лядзенскім манастыры.

У 2010 годзе вярнуўся ў Выдранку, якраз на 105-годзе пабудовы храма. Дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці змог шмат зрабіць для добраўпарадкавання храма Святога Дзімітрыя Растоўскага. Яго працамі быў пабудаваны зімовы храм, храмы ў Мхінічах і Казеллі, добраўпарадкаваны крыніцы Дзімітрыя Растоўскага, Серафіма Сароўскага.

У 2018 годзе за значны асабісты ўклад у адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Краснапольскага раёна, за духоўна-асветніцкую дзейнасць настаяцель храма іерэй Віктар атрымаў ганаровае званне “Чалавек года Магілёўшчыны”.

Памёр пасля цяжкай хваробы 20 мая 2021 года.

Фота з адкрытых крыніц.

Спакуса паліўнай карткі – сем магілёўцаў скралі тону саляркі

З лютага па красавік бягучага года сем магілёўцаў выкралі з прадпрыемства не менш як тону дызпаліва на агульную суму каля 2 000 рублёў – паведамляе прэс-служба Магілёўскага абласнога УУС. 

У шасці працаўнікоў мелася некалькі паліўна-заправачных картак арганізацыі, прызначаных для транспартных сродкаў прадпрыемства. Мужчыны карысталіся імі, запраўляючы асабістыя аўтамабілі і перадаючы карты адзін аднаму, а таксама свайму прыяцелю – сёмаму фігуранту. 

Яны таксама злівалі паліва ў каністры і перапрадавалі іншым людзям. Узбуджана крымінальная справа.

Фота: Магілёўскае УУС.

Клімавіцкіх школьнікаў адправяць пажыць у вайсковай частцы на дзесяць дзён

Дваццаць непаўнагадовых навучэнцаў клімавіцкіх школ правядуць дзесяць дзён у ваеннай частцы ў Пашкава пад Магілёвам. Іх чакае жыццё ў намётавым лагеры, розныя армейскія заняткі, у тым ліку і фізічныя.

З 23 чэрвеня дваццаць юнакоў ва ўзросце ад чатырнаццаці гадоў і старэй з розных школ Клімавіцкага раёна правядуць частку сваіх летніх канікул на базе ваеннай часткі ў складзе зводнага атрада. Жыць школьнікі будуць у намётавым лагеры. У пашкаўскай частцы для іх падрыхтавалі розныя мерапрыемствы, заняткі, у тым ліку фізічныя – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”. 

Мерапрыемства арганізавана аддзелам адукацыі Клімавіцкага райвыканкама нібыта з мэтай выхавання школьнікаў у патрыятычным духу, а таксама каб пазнаёміць хлопцаў з армейскім жыццём вайскоўцаў. 

Фота ілюстрацыйнае

На ўвесь Бабруйск будзе тры бочкі з квасам гэтым летам

У Бабруйску гэтым летам будуць працаваць тры кропкі з квасам з бочкі –: на плошчы Прывакзальнай, на вуліцы Генерала Батава (каля крамы «Еўраопт») і на вуліцы Сацыялістычнай, 125 (каля крамы «Бакалея») – паведамляе “Бабруйскае жыццё”.

Пастаўшчык квасу – “Асіповіцкі хлебазавод”, з якім у бабруйскага гарвыканкама ўжо ёсць дамоўленасць, распавёў выданню намесніка начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Ігар Несцяровіч. Рэцэптура напою пад назвай “Квас хлебны” была распрацавана на прадпрыемстве больш за 15 гадоў таму. Выпускаецца толькі з натуральнай сыравіны без выкарыстання кансервантаў. Тэрміны рэалізацыі квасу і цана пакуль невядомыя.

Фота ілюстрацыйнае

Увесь год беларусы здаюць больш валюты, чым купляюць

У траўні 2023 года фізічныя асобы ў Беларусі заставаліся чыстымі прадаўцамі замежнай валюты. Па выніках месяца яны прадалі на $142,6 мільёны больш, чым купілі. Пра гэта сведчаць статыстычныя дадзеныя Нацыянальнага банка.

Агульны аб’ём набытай фізічнымі асобамі наяўнай і безнаяўнай замежнай валюты ў маі склаў $750,2 млн., прададзенай – $892,8 млн. У цэлым за студзень-май бягучага года продаж фізічнымі асобамі замежнай валюты перавысіў яе куплю на $283,3 млн.

Суб’екты гаспадарання, рэзідэнты Беларусі ў маі выступілі ў ролі чыстых пакупнікоў замежнай валюты. Зыходзячы з дадзеных Нацыянальнага банка, прадпрыемствы купілі на $116,4 млн валюты ў эквіваленце больш, чым прадалі. Агульны аб’ём набытай юрыдычнымі асобамі замежнай валюты ў маі склаў $2,212 млрд, прададзенай – $2,096 млрд.

За студзень — май купля юрыдычнымі асобамі замежнай валюты перавысіла яе продаж на $433,7 млн.

Фота з адкрытых крыніц

На Цяцерынскім водасховішчы пройдзе чэмпіянат па рыбнай лоўлі

10 чэрвеня на Цяцерынскім вадасховішчы ў Круглянскім раёне каля плаціны гідраэлекстрастанцыі адбудзецца адкрыты чэмпіянат раёна па рыбнай лоўлі на паплавочную вуду. Пачатак спаборніцтва – а 5-й раніцы, паведамляе круглянская раённая газета “Сельскае жыццё”. 

Гэта ўжо не першае падобнае спраборніцтва па рыбнай лоўлі, якое праходзіць на Кругляншчыне. Чемпіянаты раёна адбываюцца з пэўнай перыядычнасцю на розных вадаёмах і ў розных відах рыбнай лоўлі. Турніры па летняй рыбалцы часта адбываюцца менавіта на Цяцерынскім вадасховішчы, а вось спаборніцтвы па спартыўнай лоўлі рыбы на мармышку з лёду адбываюцца на рацэ Друць. 

Фота ілюстрацыйнае

Каля праблемнага доўгабуда ў Крычаве з’явіўся яшчэ і стыхійны сметнік

Пра будаўніцтва новага чытарохпавярховіка з кучай парушэнняў тэхнікі бяспекі і правілаў аховы працы нядаўна пісалі mogilev.media. Працягам гэтай гісторыі стала стыхійная звалка побач, на якой валяецца будаўнічае смецце. Усё гэта ў двух-трох дзясятках метраў ад будаўнічай пляцоўкі будучага жылога дома №38, на месцы зліцця завулка Выганскі з часткай мікрараёна Камсамольскі.

Горкі пяску з’явіліся тут у выніку расчысткі пляцоўкі для будаўніцтва чатырохпавярховіка яшчэ год таму, але да гэтага часу яны так і не былі прыбраны. Больш за тое, з нядаўняга часу там з’явіўся стыхійны сметнік, куды жыхары вакольных дамоў пачалі скідваць розныя бытавыя адыходы і галлё. 

І гэты пры тым, што побач знаходзяцца шэраг кантэйнераў для смецця. Вось так неахайнае будаўніцтва стварыла дурны прыклад і прэцэдэнт для засмечвання прасторы мікрараёна. 

Пры гэтым горкі з пяску зусім неагароджаны і на іх часта ўзбіраюцца дзеці, што можа ўяўляць небяспеку для іх здароўя і жыцця – яшчэ восенню мінулага года пісалі mogilev.media. 

Фота: mogilev.media

Пад Кіраўскам лось напаў на пенсіянераў і леснікоў

Раніцай 7 чэрвеня лось траўмаваў пенсіянераў у вёсцы Стоўпішча Кіраўскага раёна, напаўшы на гаспадарку, дзе жылі жанчына і мужчына. Пасля гэтага дзікая жывёла кінулася ў лес і напала на леснікоў недалёка да вёскі.

У выніку нападу дзікай жывёлы на тэрыторыю домаўладання, мужчыну 1939 года нараджэння і жанчыну 1948 года нараджэння прыйшлося шпіталізаваць. Пасля абследавання пяцерпелых ў бальніцы высветлілася, што пенсіянеры атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Больш за ўсё пацярпела жанчына, якая атрымала чэрапна-мазгавую траўму. 

Пасля прыбыцця ратавальнікаў да месца здарэння, жывёла ўцякла ў лес, дзе таксама напала на леснікоў недалёка ад Стоўпішча. Цяпер дзікая жывёла адлоўлена, высвятляюцца абставіны здарэнняў – паведамляе раённая разета “Кіравец”. 

Фота з адкрытых крыніц і kirovsk.by

Па Мсціславу прайшліся машынныя злодзеі, з аднаго аўто скралі больш за 5,5 тысяч даляраў

Усяго было здзейснена некалькі крадзяжоў з аўтамабіляў у розных частках горада Мсціслава. Ва ўладальніка транспартнага сродка, які пражывае па вуліцы Палявой, з салона аўтамабіля выкралі 5400 долараў, 400 беларускіх і 9000 расійскіх рублёў.

У іншага гаспадара машыны злодзеі пажывіліся толькі пачкай цыгарэт, а ва ўладальніка аўтамабіля з вуліцы Школьнай яны скралі мадулятар, флэшкарту і палаценца. Па ўсіх здарэннях супрацоўнікамі ўнутраных органаў праводзіцца праверка паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”. 

Фота ілюстрацыйнае

Верагодна, знойдзены парэшткі трох чалавек – на камбінаце ў Светлагорску адбыўся выбух

Днём 7 чэрвеня на цэлюлозна-кардонным камбінаце ў горадзе Светлагорску Гомельскай вобласці здарыўся выбух у цэху выпаркі скіпідару – пішуць “Светлагорскія навіны”.

У выніку былі пашкоджаны будаўнічыя канструкцыі ўчастка і найбліжэйшых будынкаў. Работнікі Светлагорскага РАНС цяпер праводзяць комплекс выратавальных работ, разбор будаўнічых канструкцый, якія абрынуліся, і пошук работнікаў прадпрыемства.

Па паведамленні начальніка Светлагорскага РАНС Андрэя Высоцкага, падчас пошукава-выратавальнай працы на месцы аварыі выяўлены парэшткі, як мяркуецца, трох чалавек.

Фота: “Светлагорскія навіны”