Сын збірае сродкі на помнік бацьку святару і падзвіжніку ў Краснапольскім раёне

Сын збірае сродкі на помнік бацьку, святару і падзвіжніку ў Краснапольскім раёне

Вядомаму святару, які аднаўляў храмы ў Краснапольскім раёне і стаў “Чалавекам года”, плануецца паставіць помнік.

Сяргей Давыдзенка, сын іерэя Віктара Давыдзенка, што служыў у вёсцы Выдранка Краснапольскага раёна, збірае сродкі на выраб помніка святару – паведамляе краснапольская газета “Чырвоны сцяг”. 

Паслужэнства Віктара Давыдзенкі добра вядомае на Магілёўшчыне. Ён аднаўляў храмы ў самым сэрцы зоны адсялення пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а царква ў Выдранцы стала месцам паломніцтва для людзей з далёкіх краёў.

Іерэй Віктар Давыдзенка (1956-2021) нарадзіўся ў в. Казелле Краснапольскага раёна ў шматдзетнай сям’і.

Служыў у войску, працаваў у мясцовым саўгасе «Халмянскі», ажаніўся і стаў бацькам чатырох сыноў. Пасля аварыі на ЧАЭС жыў у Шклове, Дукоры Пухавіцкага раёна.

У 1997 годзе цяжка захварэў, думаў, што яго дні палічаныя, а лекары разводзілі рукамі. Але нехта сказаў: «Маліся Богу». І  ён прыняў рашэнне прысвяціць сябе Богу. Арцыбіскуп Сафроній прапанаваў яму рыхтавацца ў святарства. Быў на паслухмянстве ў Лядзенскім манастыры.

У 2010 годзе вярнуўся ў Выдранку, якраз на 105-годзе пабудовы храма. Дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці змог шмат зрабіць для добраўпарадкавання храма Святога Дзімітрыя Растоўскага. Яго працамі быў пабудаваны зімовы храм, храмы ў Мхінічах і Казеллі, добраўпарадкаваны крыніцы Дзімітрыя Растоўскага, Серафіма Сароўскага.

У 2018 годзе за значны асабісты ўклад у адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Краснапольскага раёна, за духоўна-асветніцкую дзейнасць настаяцель храма іерэй Віктар атрымаў ганаровае званне “Чалавек года Магілёўшчыны”.

Памёр пасля цяжкай хваробы 20 мая 2021 года.

Фота з адкрытых крыніц.