Рамонт дарогі на Першамайскай – а што будзе з лужынамі?

Каб расправіцца з адной такой, дарожнікі прачышчалі ліўневую каналізацыю, якой няма.

На цэнтральнай магілёўскай вуліцы ёсць тры легендарных лужыны. Дакладней, гэта тры кропкі, дзе горш за ўсё працуюць калодзежы ліўневай каналізацыі, калі яны там наогул ёсць. Самая вялікая – пад чыгуначным мастом каля вакзала. Рамонт Першамайскай, які праводзіцца гэтымі днямі ў Магілёве, да гэтай кропкі не дойдзе, таму пакінем яе ў спакоі. Другое месца, што ператвараецца ў мора разліванае падчас любой залевы –  скрыжаванне каля Мінскага рынку. Тут каналізацыйныя калодзежы прадугледжаныя, таму застаецца спадзявацца на іх своечасовае абслугоўванне. А ёсць яшчэ адна, трэцяя кропка, сітуацыя з якой – наглядны прыклад дбайнасці дарожных спецыялістаў падчас кожнага вялікага рамонту Першамайскай.

У сваім блогу на гэтую лужыну звярнуў увагу магілёўскі актывіст Дзяніс Васількоў. Ён узгадаў, што яшчэ два гады таму пачаў змагацца за вырашэнне праблемы каля скрыжавання вуліц Першамайскай і Мігая. Што ні дождж – тут вырастае агромністая лужына, якая доўга не сыходзіць, а мінакоў рэгулярна абдаюць брудам машыны, што праяжджаюць міма.

Скарга, адпраўленая Дзянісам Васільковым на партал “115.by” прывяла да парадаксальнага адказу з магілёўскага дарожна-маставога прадпрыемства – “калодзежы ліўневай каналізацыі прачышчаныя”. Парадаксальнага, таму што ніякіх ліўневых калодзежаў на гэтым участку Першамайскай няма. 

Наступная перапіска блогера з гарвыканкамам перайшла ў рэжым элегантнага адфутбольвання прасіцеля. Дырэктар дарожна-маставога прадпрыемства адказаў блогеру, што ДМП прачышчае толькі тыя калодзежы, што ўжо існуюць. Рабіць новыя можна толькі пры наяўнасці праектна=сметнай дакументацыі і фінансавання, а ўсяго гэтага ў 2020 годзе не аказалася. Дырэктар дазволіў сабе намёк на мслабую надзею, што ў 2021 могуць падумаць над дадзенай праблемай і паспрабаваць яе вырашыць.

Што атрымалася ў магілёўскіх дарожнікаў насамрэч – хутка пераканаемся. Новае дарожнае пакрыццё будзе вітаць гараджан ужо да канца гэтага месяца, а разам з ім, верагодна, і лужыны.

У каментарыі пад допісам Дзяніса Васількова ў Facebook іншы магілёвец даў апісанне свайго дыялога з работнікамі дарожна-маставога прадпрыемства:

“Толькі што знаёмага там сустрэў. Рамонтніка. Папрасіў яго не аднаўляць басейн.

— Как получітся.

Пачуў у адказ.”

 

Фота: vasilkou.com

На “Магілёўліфтмашы” скарачаюцца заробкі, людзі разбягаюцца – крыніцы

Крыніцы mogilev.media паведамяюць, што на Магілёўскім “Ліфтмашы” ідзе скарачэнне заробкаў. Зарплата знізілася ўдвая – інфармуюць людзі, звязаныя з прадпрыемствам. Прынамсі, гэта адносіцца да тых спецыялістаў, што працуюць на мантажы ліфтавага абсталявання. У такой сітуацыі многія супрацоўнікі шукаюць іншую працу. Каб пазбегчы адтоку кадраў, кіраўніцтва прадпрыемства прымушае супрацоўнікаў заставацца ў штаце да заканчэння працоўнага кантракту.  

Мы паглядзелі спіс вакансій на прадпрыемстве, і на пачатак красавіка ён аказаўся даволі вялікім. “Магілёўліфтмаш” шукае супрацоўнікаў больш чым на 80 спецыяльнасцяў толькі для галаўнога прадпрыемства ў абласным цэнтры. Калі ўлічыць, што на асобныя спецыяльнасці недахоп супрацоўнікаў можа складаць больш чым адну штатную адзінку, вымалёўваецца сур’ёзная кадравая праблема. Сярод адкрытых вакансій можна заўважыць пазіцыю галоўнага механіка, вядучага інжынера-праекціроўшчыка. Гэта незвычайная сітуацыя для флагмана магілёўскай прамысловасці.

Фота з адкрытых крыніц

Глускаму наркаману-пенсіянеру далі два гады хіміі, прызначылі прымусовае лячэнне і канфіскавалі ровар

Жыхар Глускага раёна 1960 года нараджэння быў затрыманы напрыканцы мінулага года за тое, што трымаў у сваім доме слоік з 0,02 грама марыхуаны. Як высветлілася, у лістападзе і снежні 2023 года 64-гадовы мужчына ездзіў на ровары ў поле і збіраў там дзікія каноплі, якія потым сушыў і ўжываў. 

На судзе было ўлічана, што пенсіянер мае станоўчыя характарыстыкі з месцаў працы і пражывання, ніколі не затрымліваўся міліцыяй у п’яным выглядзе, а сабраную марыхуану гатаваў толькі для свайго ўласнага ўжытку, а не на продаж. У выніку суд Глускага раёна асудзіў мужчыну да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў калонію, а таксама ў пенсіянера быў канфіскаваны ровар як сродак здзяйснення злачынства – піша газета “Радзіма”.

Па заключэнні судовай медыцынскай псіхіятрычнай экспертызы, мужчына пакутуе на наркаманію, таму суд таксама прызначыў яму прымусовае лячэнне.

Фота ілюстрацыйнае 

Памерла жыхарка Магілёва, на якой загарэлася вопратка падчас гатоўкі

Пенсіянерка 1955 года нараджэння з вуліцы Азёрнай у Магілёве пацярпела ад агню 12 красавіка. Падчас прыгатавання ежы на газавай пліце на ёй загарэлася вопратка. Жанчына была шпіталізаваная, а днём 15 красавіка жанчыны не стала – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

Затрыманы карэспандэнт “Вячэрняга Бабруйска” Дзяніс Носаў

Тэлеграм-канал, звязаны з магілёўскімі сілавікамі, апублікаваў ролік з удзелам карэспандэнта газеты “Вячэрні Бабруйск” Дзяніса Носава. Паведамляецца, што яго затрымалі аператыўнікі з Магілёва і цяпер ён будзе ўтрымлівацца ў бабруйскім ІЧУ. Дзяніс Носаў гаворыць у роліку, што з пачаткам расійскай агрэсіі супраць Украіны, падтрымліваў украінскі бок і пажадаў мірнага жыцця. Сыходзячы са сказанага журналістам, можна меркаваць, што яму пагражаюць суткі адміністрацыйнага арышту.

Фота: “Вячэрні Бабруйск”.

Пад Мсціславам знайшлі больш за 200 боепрыпасаў

У Мсціслаўскім раёне правялі суцэльную расчыстку тэрыторыі ад боепрыпасаў – піша “Святло Кастрычніка”.

Каля адной з вёсак пад Мсціславам сапёры знайшлі 220 боепрыпасаў – мінамётныя міны і артылерыйскія снарады савецкага ўзору. Пра тое, што вялікая колькасць боепрыпасаў можа захоўвацца ў зямлі каля населенага пункта, у ваенны камісарыят паведамілі мясцовыя жыхары. Работы па суцэльнай расчыстцы тэрыторыі праводзіла 188-я інжынерна-сапёрная брыгада.

Фота: “Святло кастрычніка”

У Палыкавічах гарэла кватэра, пацярпела дзяўчынка

Сям’я з пяці чалавек выратавалася на пажары ў Палыкавічах пад Магілёвам – паведамляе прэс-служба МНС. Спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік, пагэтаму з пачаткам задымлення гаспадыня кватэры, трое яе дачок і сужыцель паспелі самастойна эвакуявацца з дома. Адна з дзяўчынак атруцілася дымам і была шпіталізаваная.

Фота: МНС

У Магілёве будзе знішчаны дарэвалюцыйны дом, помнік драўлянага дойлідства

Дом па вуліцы Яцына №13 у Магілёве будзе знесены – паведамілі карыстальнікі ў Facebook-суполцы “Магілёў. Горад які быў…”. Будынак размешчаны на самым рагу з Луганскім завулкам, на якім запланаваная масштабная забудова. У сувязі з гэтымі працамі, пад знос ідзе шэраг прылеглых будынкаў.

Карыстальнікі суполкі з сумам і настальгіяй адрэагавалі на гэтую навіну. “Гэта самая дыхтоўная хата з усіх дарэвалюцыйных дамоў на гэтай вуліцы.” – напісала адна з удзельніц суполкі. “Шыкоўны дом” – падтрымала яе магілёўская мастачка Вера Юркова.

Аднапавярховы драўляны дом па вуліцы Яцына – прыклад дарэвалюцыйнага драўлянага дойлідства. Ён багата ўпрыгожаны вытанчанымі разнымі франтонамі. 

Год таму, у сакавіку 2023 года магілёўцы складалі петыцыю ў абарону помнікаў магілёўскага драўлянага дойлідства, якое дагэтуль застаецца па-за ўвагай гарадскога кіраўніцтва.

Фота: З суполкі “Магілёў. Горад які быў…”

Жанчына насмерць разбілася пад Шкловам, не ўпісаўшыся ў паварот дарогі

Сёння каля 14:50 ў раёне вёскі Гаваракі Шклоўскага раёна 44-гадовая кіроўца аўтамабіля Nissan не ўпісалася ў закругленне дарогі і яе машыну вынесла ў кювет. Ад траўмаў жанчына памерла на месцы, яе 47-гадовы пасажыр дастаўлены ў шпіталь – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Фота: ДАІ

Вулкан Этна ладзіць сараўднае шоў, выпускаючы кольцы дыму, як курыльшчык

З пачатку красавіка самы буйны дзеючы вулкан Еўропы забаўляе турыстаў, выпускаючы ў паветра “кольцы дыму”. Рэдкая з’ява, вядомая як “вулканічныя віхравыя кольцы”, утвараецца ў выніку хуткага выкіду газу і дзякуючы форме адтуліны новага кратэра, які нядаўна адкрыўся на вяршыні Этны – паведамляе Associated Press.

Фотаздымкі і відэа паказваюць, што вулкан выглядае як комін, які выдзімае паток кольцаў, альбо як курыльшчык. “Этна б’е ўсе папярэднія рэкорды” – растлумачыў вулканолаг з Нацыянальнага інстытута геафізікі і вулканалогіі ў Катаніі Барыс Бенке – “ні адзін вулкан на Зямлі не стварае столькі паравых кольцаў, як Этна.” 

Фота з адкрытых крыніц