У Магілёве будзе знішчаны дарэвалюцыйны дом, помнік драўлянага дойлідства

Дом па вуліцы Яцына №13 у Магілёве будзе знесены – паведамілі карыстальнікі ў Facebook-суполцы “Магілёў. Горад які быў…”. Будынак размешчаны на самым рагу з Луганскім завулкам, на якім запланаваная масштабная забудова. У сувязі з гэтымі працамі, пад знос ідзе шэраг прылеглых будынкаў.

Карыстальнікі суполкі з сумам і настальгіяй адрэагавалі на гэтую навіну. “Гэта самая дыхтоўная хата з усіх дарэвалюцыйных дамоў на гэтай вуліцы.” – напісала адна з удзельніц суполкі. “Шыкоўны дом” – падтрымала яе магілёўская мастачка Вера Юркова.

Аднапавярховы драўляны дом па вуліцы Яцына – прыклад дарэвалюцыйнага драўлянага дойлідства. Ён багата ўпрыгожаны вытанчанымі разнымі франтонамі. 

Год таму, у сакавіку 2023 года магілёўцы складалі петыцыю ў абарону помнікаў магілёўскага драўлянага дойлідства, якое дагэтуль застаецца па-за ўвагай гарадскога кіраўніцтва.

Фота: З суполкі “Магілёў. Горад які быў…”