“Усходняя бездань” – Магілёўшчына на самым дне ў рэйтынгу беларускіх гарадоў

У апублікаваным рэйтынгу беларускіх гарадоў абласны і тры раённыя цэнтры Магілёўшчыны трапілі ў канец спісу, як самыя дэпрэсіўныя і безініцыятыўныя.

Даследчы “Цэнтр новых ідэй” правёў статыстычны і сацыялагічны аналіз 40 гарадоў Беларусі з усіх рэгіёнаў. Па такіх крытэрыях, як дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця і грамадска-палітычныя практыкі горад Магілёў трапіў на 18-е месца ў спісе. Гэта самы нізкі вынік сярод усіх абласных цэнтраў краіны, перадапошні, Гомель ідзе дзявятым. 

Раённыя цэнтры Магілёўшчыны – а ў спіс патрапілі гарады з насельніцтвам больш чым 20 000 чалавек – размясціліся на наступных месцах: Горкі 22-я, Асіповічы 35-я, Бабруйск і Крычаў занялі 28 і 39 месцы з 40.

“У 2023-ым годзе мы сумняваемся, што ідэя “найлепшага горада Беларусі”, вакол якой мы і рабілі гэты рэйтынг раней, працуе. – адзначаюць аўтары даследавання – Ва ўмовах штораз мацнейшых рэпрэсій, эканамічнага спаду, саўдзелу Беларусі ў расійскай вайне супраць Украіны канцэпцыя “найлепшага горада”, хутчэй, ператварылася ў “горад, куды можна перабрацца для лепшага жыцця, калі не хочаш эміграваць”. Гэта балюча для нас як для даследчыкаў і для беларусаў, але, ацэньваючы гэты рэйтынг, кожны з чытачоў мусіць памятаць пра гэты нюанс.”

Найгоршы сярод абласных цэнтраў – Магілёў

Паводле метадалогіі даследавання, найлепшым горадам, “куды можна перабрацца”,выступае горад з найбольш устойлівым, але адначасова дынамічным жыццём. Гэта горад, у якім – зыходзячы з мноства фактараў – людзям прасцей гадаваць дзяцей і зарабляць годныя грошы. Або сюды можна прыехаць, каб здабыць вышэйшую адукацыю.

І пры гэтым тут пры неабходнасці можна лёгка атрымаць сацыяльныя і медыцынскія паслугі. І, вядома, важна быць упэўненым, што ты можаш паўплываць на рашэнні мясцовай улады, ці хаця б мець поўную інфармацыю аб яе дзейнасці.

Складзены рэйтынг паводле крытэрыяў, якія выкарыстоўваюцца для шматлікіх аналагічных рэйтынгаў гарадоў свету. Улічваюцца адкрытыя статыстычныя дадзеныя – напрыклад, для крытэрыя дэмаграфічнай устойлівасці за аснову бярэцца натуральны прырост насельніцтва на тысячу жыхароў і доля людзей, якія перакрочылі прадукцыйны век, ад агульнай колькасці насельніцтва. Крытэрый “годнасць жыцця” ўключае ў сябе: колькасць злачынстваў на тысячу жыхароў, колькасць лекараў на тысячу жыхароў, колькасць студэнтаў дзённай формы навучання на тысячу жыхароў а таксама экспертны рэйтынг славутасцяў. Верагодна, менавіта колькасць студэнтаў вывела Горкі на лепшы вынік сярод усіх раённых цэнтраў вобласці.

Першыя тры месцы ў агульным рэйтынгу чакана занялі Мінск, Гродна і Брэст. Магілёў разам з Віцебскам і Гомелем патрапіў у кампанію “абласных цэнтраў, якія адстаюць. 

“Сярод абласных “уломкаў” традыцыйна вылучаюцца Гомель, Віцебск і Магілёў. – гаворыцца ў даследаванні – Калі зірнуць на дадзеныя, то гэтыя тры гарады мала дзе абганяюць нават некаторыя раённыя цэнтры ў плане заробкаў ды прыросту насельніцтва. Падобная сітуацыя назіраецца з інвестыцыямі ў асноўны капітал. Трэнд, вызначаны ў развіцці гэтых гарадоў у мінулым рэйтынгу, не змяніўся, і для пералому сітуацыі неабходная зусім іншая гарадская і рэспубліканская палітыка развіцця.”

“Усходняя бездань”

Разам з некаторымі гарадамі Віцебшчыны і Гомельшчыны, Горкі, Асіповічы і Крычаў былі ўключаныя ў дэпрэсіўную катэгорыю “Усходняя бездань”.

“Як і ў выпадку з адсталымі абласнымі цэнтрамі, дно нашага рэйтынга амаль прабілі раённыя цэнтры, якія знаходзяцца на ўсходзе Беларусі. – адзначаюць даследчыкі – Гэтыя гарады вельмі розныя, напрыклад, у Рэчыцы (за кошт нафты) і ў Оршы (як у буйным транспартным вузле) сярэдні заробак вышэйшы, чым у большасці раённых цэнтраў. Адначасова гэтыя гарады знаходзяцца моцна ніжэй паводле якасці жыцця: праблемы з адукацыяй і лекарамі, слабая грамадская актыўнасць. Усход Беларусі па-ранейшаму застаецца рэгіёнам, якому патрэбная дадатковая дапамога, каб забяспечыць прывабны ўзровень жыцця.”

З пяці найбяднейшых раёнаў краіны тры – ў Магілёўскай вобласці. Нізкія заробкі, мільённыя крэдыты

Адны з бяднейшых у краіне і самыя бедныя ў Магілёўскай вобласці – Хоцімскі, Слаўгарадскі і Мсціслаўскі раёны. 

Паводле афіцыйнай статыстыкі Белстат за 2022 год самымі дэпрэсіўнымі, з самымі нізкімі заробкамі і мільённымі крэдытамі з’яўляюцца пяць раёнаў краіны.

Самы бядотны стан у двух: Шаркаўшчынскім Віцебскай вобласці з сярэднім месячным заробкам 1 005 рублёў 5 капеек (383 даляры) і 8,4 мільёнамі рублёў пратэрмінаваных пазык і Кармянскім Гомельскай вобласці з заробкам 1 007 рублёў 6 капеек (384 даляры) і 19 мільёнамі рублёў пратэрмінаваных пазык.

Адразу тры раёны Магілёўскай вобласці занялі з 3-га па 5-е месцы антырэйтынгу: Хоцімскі, Слаўгарадскі і Мсціслаўскі. І гэта пры тым, што ўсе яны падпадаюць пад Указ ад 8 чэрвеня 2015 года №235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-усходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці» і маюць пэўныя прэферэнцыі.

У Хоцімскім раёне за 2022 год рэальны заробак упаў на 3,7% і склаў 1036 рублёў 8 капеек (395 даляраў) і вырасла пратэрмінаваная запазычанасьць на 6,2 мільёны рублёў – да ўзроўню 19,2 мільёны рублёў. На тэрыторыі раёна працуе ільнозавод і 6 сельскагаспадарчых арганізацый.

У Слаўгарадскім раёне з сярэднім заробкам 1045 рублёў (398 даляраў) 13,3% арганізацый стратныя. Тут пратэрміноўка крэдытаў складае 16,8 мільёны рублёў, у раёне нулявыя замежныя інвэстыцыі. З прамысловасці працуюць філіялы “Бабушкина крынка” і прадпрыемства “Красный пищевик”.

Самую вялікую пратэрміноўку мае Мсціслаўскі раён – 34,5 мільёны рублёў (пры чыстым прыбытку 2,9 мільёна). У раёне 5,2 мільёны рублёў пазык толькі за паліўныя рэсурсы. Тут сярэдні заробак за 2022 год склаў 1047 рублёў 50 капеек (399 даляраў). І гэта пры тым, што ў раён летась укладаліся замежныя інвэстары на 254,3 тысячы даляраў. У раёне дзейнічае вытворчасць малака, льну і хлебабулачных вырабаў.

Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар

Колькасць хворых на COVID-19 у Беларусі, верагодна, сягнула за мільён

Такую лічбу даюць матэматычныя мадэлі дынамікі захворвання ў краіне на каранавірус.

Хвароба нікуды не падзелася – штодня ў свеце рэгіструюцца дзясяткі тысяч новых хворых, сотні памерлых. Так, па стане на раніцу 7 лютага 2023 года у свеце колькасць захварэўшых склала 676 416 246 (за суткі +92 978). Памерлых 6 773 425 (+700 за суткі).

Нажаль, актуальнай статыстыкі па COVID-19 на Беларусі мы не ведаем. Яна не публікуецца. Недахоп інфармацыі заўсёды нараджае чуткі, плёткі і пэўны недавер да арганізацый, якія абавязаны даваць справаздачу перад выбаршчыкамі і жыхарамі краіны.

Апошняя статыстыка была абнародавана 5 ліпеня: 994 037 выпадкаў.  Гэтая ж лічба адлюстроўваецца і па стане на 8 лютага 2023 года. А 5 снежня 2022 года, міністр аховы здароўя Дз. Піневіч заявіў, што “колькасць хворых з COVID-19 не перавышае 3% ад пікавых лічбаў асенне-зімовага максімуму перыяду 2021-2022 года”. І больш ніякіх лічбаў, тым больш абсалютных.

Матэматычныя мадэлі з улікам 3% ад “пікавых лічбаў”, пра якія казаў Піневіч, даюць прырост хворых за перыяд з 5 ліпеня 2022 па 8 лютага 2023 года ад 8 720 да 17 794 хворых. Гэта азначае, што агульная лічба хворых можа скласці на сённышні момант ад 1 002 757 да 1 011 831 хворых.

Любая мадэль можа моцна адрознівацца ад рэальных лічбаў або ў адзін, або ў другі бок, тым больш пры недахопе ведаў пра апошнія трэнды.

Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар

Новы землятрус у Турцыі

У Турцыі 7 лютага адбыўся новы землятрус магнітудай 5,6 балаў. Пагроза цунамі на міжземнаморскім узбярэжжы пры гэтым адсутнічае.

Ахвярамі ўчорашняга стыхійнага бедства ў Турцыі сталі 3 381 чалавек, колькасць параненых 20 426, у Сірыі адпаведна загінула больш за 1300, паранена звыш 1 400. У Турцыі больш за 7 300 чалавек выратаваны з-пад завалаў у ходзе пошукава-выратавальных работ, якія працягваюцца ўжо больш за суткі – інфармуе БЕЛТА. Гэта не канчатковыя дадзеныя, паводле экспертаў канчатковая лічба ахвяр можа вырасці ў разы.

У сірыйскіх правінцыях Алепа, Ідліб, Латакія і Хама дзясяткі людзей пакуль застаюцца пад заваламі, бо выратавальным работам перашкаджае штармавое надвор’е і праліўны дождж. На поўначы краіны спынены чыгуначныя зносіны. Мясцовыя ўлады называюць сітуацыю, якая склалася ў краіне, гуманітарнай катастрофай.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган назваў учорашні землятрус найбуйнейшым стыхійным бедствам для краіны  з 1939 года. Тады землятрус забраў жыцці 17 500 чалавек. У Турцыі аб’яўлена агульнанацыянальная жалоба да 12 лютага.

На eBay прадаецца рэліквія, якую выдаюць за мошчы Еўфрасінні Полацкай з калекцыі магілёўскага біскупа

У інтэрнэце прадаюцца нібыта мошчы Еўфрасінні Полацкай, хоць хутчэй за ўсё маецца на ўвазе Параскева Полацкая, і наогул гэта выглядае як падробка.

На інтэрнэт-пляцоўку eBay выстаўлены лот, падпісаны як “Сярэбраны рэлікварый, частка цела Прападобнай Ефрасінні Полацкай + дакумент”. Сенсацыйны продаж выклікаў інфармацыйную хвалю ў беларускім грамадстве, аднак спецыялісты звяртаюць увагу на тое, што ў самім дакуменце, і на парэштках, яія прадаюцца ў сярэбраным каўчэгу ўказана зусім не Еўфрасіння Полацкая, а “S. Praxedis Polotiensis”.

Выказваюцца меркаванні, што гэта могуць быць парэшткі іншай полацкай святой – Параскевы Полацкай. Гэтая святая таксама выклікае пэўныя пытанні ў спецыялістаў і лічыцца легендарнай. Існуюць меркаванні, што гэтай святой насамрэч не існавала, у яе рэальнасці сумняваўся яшчэ Мацей Стрыйкоўскі, а яе вобраз, верагодна, сфарміраваўся ў пазнейшы час пад уплывам Еўфрасінні Полацкай ці яе стрыечнай сястры Еўпраксіі. 

Культ Параскевы Полацкай, беатыфікаванай у 1273 годзе Папам Рымскім Рыгорам Х быў вельмі распаўсюджаны ў Полацку, найперш у XVI стагоддзі і гэта было звязана з намаганнямі езуітаў. Таксама яна шанавалася ўніятамі і праваслаўнымі.

У дакуменце, які суправаджае продаж рэліквіі на eBay, ёсць пячатка і подпіс нібыта каталіцкага біскупа Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Баляслава Слосканса. Баляслаў Слосканс (1893 – 1981) – апостальскі адміністратар Магілёва і Мінска, ён жа быў апостальскім візітатарам для беларускіх і рускіх каталікоў візантыйскага абраду ў эміграцыі.

Спецыялісты, аднак, дэманструючы арыгінальны подпіс Баляслава Слосканса і яго почырк, сцвярджаюць, што яны адрозніваюцца ад таго, што можна пабачыць у дакуменце, прыкладзеным да рэліквіі, што прадаецца на eBay.

Фота: eBay

Набыццё новых машын хуткай дапамогі паказала бядотны стан аўтапарка медыцынскіх устаноў Магілёўшчыны

У пятніцу ў Магілёве ўрачыста перадалі ключы ад новых 44-ох аўтамабіляў установам аховы здароўя вобласці. Пампезная імпрэза паказала рэальны жахлівы стан машыннага парку сістэмы.

Кожны раён вобласці атрымаў па адной новай машыне хуткай дапамогі. І гэта выдатны паказчык, бо, як сведчаць афіцыйныя дзяржаўныя рэсурсы, у папярэднія гады закуплялася толькі па 18 аўтамабіляў на ўсю вобласць, а спісваць было неабходна 10% – а гэта 60 машын штогод.

У Магілёве застанецца 20 адзінак новых аўтамабіляў, якія і тут крайне неабходныя, бо працуюць для дапамогі не толькі жыхарам горада але і ўсёй вобласці. Машыны працуюць у тры змены і праз 5 гадоў эксплуатацыі ўжо маюць 100% знос.

Па словах галоўнага ўрача Абласной дзіцячай бальніцы Магілёва Ігара Каско, перадача двух рэанімабіляў ва ўстанову стала велізарнай падзеяй для лекараў:

– Гэтыя машыны дазволяць нам замяніць існуючыя. Сёння гэта надзвычай неабходна, важна і своечасова, таму што старое абсталяванне мае 700-800 тысяч кіламетраў прабегу.

Варта сказаць, што аўтапарк рэгіёна складае каля 600 аўтамабіляў, якія маюцца ў кожнай медыцынскай амбулаторнай клініцы. Паколькі транспарт пастаянна зношваецца (да 10% штогод), заўжды маецца вострая патрэба набыцця падобнай тэхнікі. Пры падобнай нагрузцы штогод павінна набывацца 60 аўтамашын, а ў сёлетнім рэкордным годзе плануецца набыць толькі 50. Гэта больш за леташнія 18, але ўсё роўна замала.

Кіраўнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў падзякаваў за тое, што ў 2023 будзе набыта больш за 50 адзінак транспарту, ключы ад першых 44-х з якіх былі перададзены сёння. З іх 38 аўтамабіляў медыцынскай дапамогі, 5 машын хуткай медыцынскай дапамогі (2 з іх рэанімабілі) і адзін мабільны медыцынскі комплекс.

Выступенні медыкаў на імперэзе перадачы новай тэхнікі былі поўныя падзяк абласному кіраўніцтву і прыхаваных просьбаў. Яны не крытыкавалі напрасткі, але апісвалі рэальныя патрэбы сістэмы хуткай дапамогі.

Так, медыкі з аднаго боку адзначылі, што ніколі не было такога вялікага абнаўлення аўтамабільнага парку ў рэгіёне, што нарэшце абласны выканаўчы камітэт пачаў вяртаць даўгі медыцыне. Але з іншага, яны ж паказвалі, што нават для простага аднаўлення аўтапарку медычных устаноў вобласці гэтага ўсё роўна недастаткова. З улікам недапаставак мінулых гадоў, машын павінна набывацца нават не па 60 у год, а яшчэ болей.

Фота з адкрытых крыніц

У Магілёве з аўкцыёна прададуць дзесяць пустых дамоў

28 лютага пройдзе аўкцыённы продаж нежылых і нічыйных дамоў у Магілёве – паведамляецца на сайце гарвыканкама. Усяго на продаж выстаўлена дзесяць такіх хат. 

Ступень зносу амаль усіх дамоў, пераважна – больш за 60 %. За самы дарагі стартавы кошт складае 30 700 рублёў, за самы танны 9 900. Для ўдзелу ў аўкцыёне загадзя неабходна ўнесці задатак у 20% ад стартавай сумы. 

Як пісалі mogilev.media, у пачатку студзеня дзяржаўны камітэт Беларусі па маёмасці запусціў анлайн-платформу, на якой можна знайсці ўсе жылыя дамы, якія зараз пустуюць. На Магілёўшчыне такіх дамоў на дадзены момант налічваецца больш за тысячу. У Магілёве – некалькі дзясяткаў.

Аўкцыён адбудзецца 28 лютага 2023 года ў 15.00 па адрасе: г. Магілёў, зав. Камісарыяцкі, 5. Апошні дзень прыёму заяў і ўнясення задатку – 23 лютага 2023 года да 17.00 гадзін.

Фота: mogilev.media

У Магілёўскай вобласці – рэзкае змяншэнне даследчыкаў, дактароў і кандыдатаў навук

Колькасць дактароў навук скарацілася ў два разы, кандыдатаў на 43%, і гэта яшчэ старыя дадзеныя, за 2021 год. Зараз лічбы яшчэ больш жахлівыя.

А мы ўсё святкуем

У хуткім часе ў Магілёў, пасля Гомеля, прыбудзе экспазіцыя «Беларусь інтэлектуальная», якая працавала ў мінскім Белэкспа напярэдадні Дня беларускай навукі –  анансуюць падзею дзяржаўныя СМІ. Але, давайце прааналізуем стан навуковых распрацовак на актуальны час у Магілёўскім рэгіёне.

Магілёўскае абласное упраўленне статыстыкі выпусціла да Дня навукі-2023 актуальны прэс-рэліз са статыстычнымі дадзенымі на 2021 год (засяроджваем увагу на год), паводле якіх у рэгіёне назіраецца прырост навукоўцаў і навуковых арганізацый.

Але параўнальны аналіз сведчыць пра істотнае зніжэнне колькасці даследчыкаў і рэзкае змяншэнне дактароў (напалову) і кандыдатаў навук (на 43%) у параўнанні з базавымі гадамі – 2010-2020.

У прадстаўленым дакуменце даецца лічба ў 25 устаноў, якія у 2021 годзе праводзілі навуковыя даследаванні. Сапраўды, тут назіраецца рост ледзь не на 1/5, бо на працягу 2010-2020 гадоў іх колькасць была нязменнай – 21.

Колькасць персанала  (катэгорыі: даследчыкі, тэхнікі, дапаможны персанал), які займаўся навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі ў 2010-2020 гадах складала 733-774 чалавек. Так што ў 2021 годзе сапраўды адбыўся прырост удзельнікаў распрацовак адразу на 114 чалавек (да 888, на 113%).

Але колькасны рост забяспечылі тэхнікі і дапаможны персанал, вага якіх у 2010-2020 гадах памяншалася і ў вобласці і па краіне (сусветны трэнд): у 2020 годзе іх вага ў вобласці была 33,85%, у 2021 годзе дасягнула паказчыка – 44,70%.

Непасрэдна даследчыкаў ва ўстановах Магілёўскай вобласці ў 2010-2020 гадах працавала 315-512 чалавек. Гэта азначае, што толькі за год 2020/2021 адбылося падзенне іх колькасці да 491 і вагі з 66,15% да 55,30% ад усёй колькасці супрацоўнікаў даследчых устаноў.

Эксперты тут не і спрабуюць выбудоўваць гіпотэзы, па якой прычыне гэта адбылося – ці то каранавірус, ці то масавыя звальненні даследчыкаў з вну.

Тры дактары навук на ўвесь рэгіён

З навуковымі ступенямі ў 2010-2020 гадах працавалі 41-42 даследчыкі, у тым ліку 5-6 дактароў навук, кандыдатаў – 35-37. Тут маюцца на ўвазе навукоўцы, якія займаліся менавіта даследаваннямі, і сюды не ўлічваюцца тыя, хто займаўся толькі выкладаннем.

А вось па стане на 2021 год навуковымі распрацоўкамі ў вобласці займаліся толькі 3 дактары навук (скарачэнне ў 2 разы) і 21 кандыдат (падзенне на 43,3%).

У Магілёўскай вобласці ў 2021 годзе больш за ўсё даследчыкаў працуе у галіне тэхнічных навук – 93,3% (па Беларусі – 59,1%), сельскагаспадарчых – 5,5 (5,3%, значны сектар займае Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках), сацыяльна-эканамічныя і грамадскія – 0,8 (6,5), прыродазнаўчыя – 0,2 (20,6), гуманітарныя – 0,2 (3,5). 

Эксперты выказваюць меркаванне наконт публікацыі дадзеных за 2021 год тымі абставінамі, што статыстычныя паказчыкі па навуцы ў вобласці на 2023 год будуць больш жахлівымі.

У Магілёве плануюць паставіць помнік губернатару Аляксандру Дэмбавецкаму

У Магілёве абвясцілі збор сродкаў на ўсталяванне скульптурнага помніка самаму вядомаму і паспяховаму з магілёўскіх губернатараў – паведамляе Тэлеграм-канал “Могилев – мой город”.

Мяркуецца, што скульптура з’явіцца ў парку імя Горкага – тым самым парку, які да рэвалюцыі насіў імя самога Дэмбавецкага і які быў пры ім створаны.

Аляксандр Дэмбавецкі кіраваў Магілёўскай губерніяй у 1872 – 1893 гадах і пакінуў значны след у жыцці рэгіёна. Пры ім адсталая Магілёўская губернія пачала эканамічны і сацыяльны рост, былі рэалізаваныя масштабныя сацыяльныя праекты. У Магілёве былі ўзведзены манументальныя, глыбокія па архітэктурным змесце будынкі Аляксандраўскага рэальнага вучылішча, Магілёўскага жаночага духоўнага вучылішча, гарадскога драматычнага тэатра, Магілёўскай фельчарскай школы, Магілёўскай жаночай гімназіі, Губернскага дваранскага сходу, Гарадской управы. Дэмбавецкі – ініцыятар выдання і рэдактар фундаментальнай калектыўнай працы “Вопыт апісання Магілёўскай губерніі”.

Пра асабістае жыццё губернатара, аднак, вельмі мала звестак. Існуе легенда, што бацькам Аляксандра Дэмбавецкага з’яўляўся расійскі імператар Аляксандр ІІ. Гісторыкам не вядома амаль нічога пра паходжанне і раннія гады жыцця Дэмбавецкага. Застаецца таямніцай і дата яго смерці. Апошняя дакладна вядомая дата яго жыцця, зафіксаваная ў дакументах – 25 кастрычніка 1918 года. Вядома, што пасля рэвалюцыі ён прыняў літоўскае грамадзянства і знаходзіўся пад абаронай Германскай імперыі.

Фота: Wikipedia