Новы землятрус у Турцыі

Новы землятрус у Турцыі

У Турцыі 7 лютага адбыўся новы землятрус магнітудай 5,6 балаў. Пагроза цунамі на міжземнаморскім узбярэжжы пры гэтым адсутнічае.

Ахвярамі ўчорашняга стыхійнага бедства ў Турцыі сталі 3 381 чалавек, колькасць параненых 20 426, у Сірыі адпаведна загінула больш за 1300, паранена звыш 1 400. У Турцыі больш за 7 300 чалавек выратаваны з-пад завалаў у ходзе пошукава-выратавальных работ, якія працягваюцца ўжо больш за суткі – інфармуе БЕЛТА. Гэта не канчатковыя дадзеныя, паводле экспертаў канчатковая лічба ахвяр можа вырасці ў разы.

У сірыйскіх правінцыях Алепа, Ідліб, Латакія і Хама дзясяткі людзей пакуль застаюцца пад заваламі, бо выратавальным работам перашкаджае штармавое надвор’е і праліўны дождж. На поўначы краіны спынены чыгуначныя зносіны. Мясцовыя ўлады называюць сітуацыю, якая склалася ў краіне, гуманітарнай катастрофай.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган назваў учорашні землятрус найбуйнейшым стыхійным бедствам для краіны  з 1939 года. Тады землятрус забраў жыцці 17 500 чалавек. У Турцыі аб’яўлена агульнанацыянальная жалоба да 12 лютага.