Два лабавых сутыкнення на Магілёўшчыне, але ўсе выжылі

Адразу дзве аварыі з лабавымі сутыкненнямі аўтамабіляў адбыліся 5 красавіка на Магілёўшчыне. 

Як паведамляе прэс-служба МНС, раніцай 5 красавіка адбылося сутыкненне аўтамабіляў “Iveco” і “МАЗ” на трасе Магілёў-Чавусы каля вёскі Мядведаўка (на фота). Кіроўца “Iveco” быў заціснуты ў машыне і змог выбрацца толькі з дапамогай ратавальнікаў.

Каля 17 гадзін 5 красавіка ў Крычаўскім раёне паблізу вёскі Сакольнікі жыхарка Касцюковіч на аўтамабілі “Volkswagen Boro” сутыкнулася з “Газэллю”. Яе пасажыр, 66-гадовы муж быў у выніку аварыі заціснуты на пасажырскім сядзенні. Яго дэблакавалі ратавальнікі пры дапамозе спецыяльных інструментаў. Мужчына шпіталізаваны.

Фота: МНС

Чавускі масласырзавод быў другім у СССР, але 50-годдзе прадпрыемства прайшло незаўважна

Яшчэ 23 лютага 2023 года споўнілася 50 гадоў, як быў запушчаны новы масласырзавод у Чавусах. Гэта быў другі па велічыні завод у СССР – паведамляе чавуская раёнка “Іскра”. Але юбілей прайшоў без традыцыйнай помпы.

Першапачаткова завод працаваў на пляцоўцы, на якой зараз знаходзіцца аўтапарк №10, потым пераехаў на новае месца па вул. Першамайскай.

На заводзе працавалі лактозны, апаратны, сыраробны цэхі, цэх па доглядзе сыроў, лінія казеіну, якія выраблялі малако, смятану, масла, сыры (найперш «Кастрамскі» і «Пашахонскі»), кефір (з 1976 года), тварог, казеін для клеявай вытворчасці.

Калектыў завода

Прадукцыя пастаўлялася чыгункай у Маскву і Ленінград, часткова на ўнутраны рынак.  

За першы год было перапрацавана 28 000 тон малака, якое паступала толькі з гаспадарак Чавускага раёна. Сыраробны цэх працаваў у 1 змену, масла – у 1,5 змены. 

Пасля далучэння ў 1980 годзе да Чавусаў Чэрыкаўскага маслазавода, перапрацоўка сыравіны перавышала 40 000 тон малака ў год.

Завод забяспечваў працай 252 чалавекі, пасля аўтаматызацыі вытворчасці – 202, было 18 працоўных дынастый.

Маштабы завода ўражвалі. У тыя часы ў Гарбавічах, Усушку і Жаліўі размяшчаліся сепаратарныя пункты. На іх ад малака аддзялялі вяршкі і везлі на завод.

У 2008 годзе на заводзе быў значна пашыраны асартымент цвёрдых сыроў: акрамя “Кастрамскага” і “Пашахонскага”, асвоена вытворчасць “Расійскага”, “Эстонскага”, “Галандскага брусковага”, “Галандскага круглага”, “Галандскага “Прэміум”. Магутнасці завода дасяглі магчымасці перапрацоўваць за змену да 80 т малака і вырабляць 5 тон масла, 5 тон цвёрдага сыру, 580 кг натуральнамалочнай прадукцыі, 5 тон сухога малака. На экспарт пастаўлялася звыш 65% усяго аб’ёму выпуску цвёрдых сыроў.

Але неўзабаве, у 2009 годзе завод далучылі да ААТ “Быхаўмалако”, а ў 2012 годзе – да ААТ «Бабушкіна крынка». Завод быў пераўтвораны ў цэх, а цяпер на яго месцы размяшчаецца лагістычны цэнтр філіяла Чавускае ААТ «Бабушкіна крынка».

Няма асабліва чаму пахваліцца, таму і 50-гадовы юбілей прайшоў ціха. Усе вялікія дасягненні завадчан засталіся ў гісторыі.

Па тры дзіцячых пляцоўкі пабудуюць у Круглым і Чавусах

Сёлета ў Круглым і Чавусах з’явяцца па тры новыя дзіцячыя пляцоўкі – пішуць круглянскае “Сельскае жыццё” і чавуская “Іскра”.

Раней абсталяванне дзіцячых пляцовак было звычайнай справай жыльцоў дамоў, жылкамгасаў, а цяпер справа знаходзяцца пад асабістым патранатам кіраўнікоў раёнаў. 

У раённных Круглым і Чавусах з жыхарамі прайшлі абмеркаванні будаўніцтва дзіцячых пляцовак. 

Яны будуць пабудаваны ў Круглым у дварах дамоў па вул. Энгельса, 1, Савецкай, 94, Жуніна, 10, у Чавусах у дварах па вуліцах Сіманава, 6, 60 гадоў СССР, 90, Піянерская, 14.

Ва ўсіх выпадках будуць добраўпарадкаваны сапраўдныя гульнявыя комплексы з горкамі, міні-каруселямі, спартыўнымі ўстаноўкамі. Прадугледжваецца і добраўпарадкаванне тэрыторый з устаноўкай лаваў і азеляненнем.

Фота ілюстрацыйнае 

Новыя кіраўнікі прызначаныя на “Белшыну” і ў тры раёны Магілёўшчыны

27 сакавіка адбылося прызначэнне новых старшынь райвыканкамаў у Круглым, Хоцімску і Чавусах. Кіраўнікамі сталі адпаведна Сяргей Ермаліцкі, Геворг Мелканян і Дзмітрый Акуліч. 

Замест затрыманага з-за карупцыйнага скандала, пра які пісалі mogilev.media Андрэя Бунакова новым генеральным дырэктарам “Белшыны” прызначаны былы намеснік галоўнага інжынера па тэхнічным развіцці Аляксандр Кавалёў – піша БелТА.

Фота: БелТА

Проня і Бесядзь выйшлі з берагоў, ёсць затапленні дарог у трох раёнах

Уздым узроўню вады ў рэках Проня і Бесядзь прывёў да падтаплення трох участкаў дарог і трох аўтамабільных мастоў у Слаўгарадскім, Хоцімскім і Чавускім раёнах Магілёўскай вобласці – паведамляе прэс-служба МНС. Працягласць максімальна падтопленага ўчастка – 70 метраў, максімальны ўзровень вады 20 сантыметраў.  Адзначаецца, што жыццезабеспячэнне насельніцтва не парушана.

На фота: Бесядзь, ілюстрацыйна

Дзень у гісторыі. 20 сакавіка. Дзень шчасця і вераб’я. Забілі Жыгімонта. Адкрыты гатэль «Турыст». Заснаваны Узброеныя сілы Беларусі.

Міжнародны дзень шчасця (International Day of Happiness, з 2012 года). 

Заснаваны Генеральнай Асамблей ААН па ініцыятыве Каралеўства Бутан пры падтрымцы прадстаўнікамі ўсіх 193 дзяржаў-членаў ААН. Мэта святкавання – звярнуць увагу людзей на задаволенасць жыццём і падтрымаць іх імкненне быць шчаслівымі.

Дата прымеркавана да вясновага раўнадзенства (у гэтым годзе выпадае на 21 сакавіка), калі дзень становіцца роўны ночы па працягласці. Такім чынам, заснавальнікі свята хацелі падкрэсліць, што ўсе людзі планеты маюць роўныя правы на шчасце.

Навукоўцы Універсітэта Мінесоты высветлілі, што шчасце залежыць на 50% ад генаў, на 10% – ад умоў жыцця (праца, сям’я) і на 40% – ад думак.

Навукоўцы лічаць, што лепшы колер для шчасця – жоўты.

Згодна з Сусветным дакладам шчасця, самыя шчаслівыя Фінляндыя (6-ы год запар, раней – Данія), Данія, Ісландыя, Швейцарыя, Нідэрланды. Люксембург, Ізраіль і Новая Зеландыя. Расія ў 2022 годзе перамясцілася з 60 га на 80-е месца (у 2017 годзе – 47 месца). Беларусь займае 65 месца паміж Кыргызстанам і Калумбіяй.

Сусветны дзень вераб’я.

Да 2022 года святочныя мерапрыемствы ў Беларусі арганізоўвала “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ). Але 19 сакавіка 2022 года Вярхоўны суд прызнаў яе экстрэмісцкай і ліквідаваў за тое, што “пад выглядам валанцёрства па выратаванні птушак… ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, накіраваную на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай абстаноўкі”. АПБ абвінавачвалі за выказванне “Птушкі з народам”.

1440 год.  Змоўшчыкамі забіты Жыгімонт Кейстутавіч (1365-1440)

Вялікі князь літоўскі (1432–1440), брат Вітаўта.

Падчас барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і Ягайлам быў зняволены апошнім. Прымаў удзел у перамовах і заключэнні пагадненняў з Тэўтонскім ордэнам у 1398, 1411, 1422, 1431 гадах, уній з Польшчай. Удзельнічаў у бітве на Ворскле (1399), Грунвальдскай бітве (1410).

У выніку змовы каталікоў, князёў Івана і Аляксандра Чартарыйскіх, віленскага ваяводы Даўгерда і троцкага ваяводы Лялюша забіты ў Троцкім замку.

1664 год. Кароль Ян II Казімір Ваза (1609–1672) падчас вайны паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў прыбыў у Магілёў. 

Ян II Казімір –  апошні, трэці кароль польскі і вялікі князь літоўскі з дынастыі Ваза, брат Уладзіслава IV, знаходзіўся ў горадзе да 8 красавіка і з’ехаў у сувязі з вялікім пажарам у горадзе. 

У горадзе вырашаў пытанні ваенна-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага характару, інспектаваў тэрыторыі.

1690 год. Людвіка Караліна Радзівіл, уладальніца абшырных зямель, у тым ліку Копысі, выдала прывілей, у якім абвяшчала на будучыню ў сваіх гарадах і маёнтках свабоду веравызнання пратэстантам і праваслаўным.

Яна  гарантавала, што царкоўная унія ў яе ўладаннях не будзе ўведзена. Яе спадкаемцы прытрымліваліся гэтага акта.

1876 год. Памёр  Януар Сухадольскі (1797–1876).

Беларускі жывапісец-баталіст.

Удзельнічаў у руска-іранскай вайне (1826–1828), знаходзіўся пры штабе фельдмаршала І. Паскевіча, на заказ якога стварыў цыкл карцін прысвечаны кампаніі.

Удзельнічаў у паўстанні 1830–1831 гадоў.

Па запрашэнні імператара Мікалая I, у Пецярбурзе напісаў цыкл карцін па сцэнах  руска-французскай вайны 1812 года.

Частка карцін захоўваецца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску, у Гомельскім краязнаўчым музеі.

Я. Сухадольскі. Бітва пад Самасьерай. 1860.

1896 год. Нарадзіўся Майсей (Мойшэ) Кульбак.

Яўрэйскі пісьменнік, драматург, перакладчык. 

Працаваў выхавацелем у сірочым доме Коўны, настаўнікам у школах і гімназіях Смаргоні, Мінска, Вільні, Берліне, лектарам на яўрэйскіх настаўніцкіх курсах, старшынёй віленскага «яўрэйскага ПЭН-клуба», у мінскіх рэдакцыях перыядычных выданняў, у яўрэйскім сектары АН БССР.

Арыштаваны НКУС БССР у 1937 годзе. Расстраляны ноччу з 29 на 30 кастрычніка.

Аўтар вершаў на іўрыце, ідыш, зборнікаў вершаў, паэм, раманаў, казкі «Вецер, які гняваўся», драм,  п’ес «Разбойнік Бойтра» (пастаўлена Маскоўскім, Беларускім яўрэйскімі, тэль-авіўскім камерным тэатрам, драматычным калектывам у Вільнюсе).

Яго верш «Зорачка» («Штэрндл») стаў народнай песняй.

Аўтар драмы «Якаў Франк» (Вільня, 1923),

Пераклаў на мову ідыш паасобныя творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Гогаля, рамана М. Астроўскага “Як гартавалася сталь”.

Творы Кульбака на ідышы і ў перакладах выдаваліся ў СССР, Аргенціне, ЗША, Ізраілі, Францыі і іншых краінах.

Яго творы на беларускую мову перакладалі В. Вольскі, Ф. Баторын, Э. Агняцвет, А.Хадановіч і іншыя.

1922 год. Памёр Алесь Бурбіс (1885–1922).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, акцёр, рэжысёр. Адзін з пачынальнікаў беларускага тэатра, аўтар даследаванняў па эканамічнай геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, сельскай гаспадарцы, банкаўскай справе.

Аўтар манаграфіі «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі»

Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. У студзені 1906 года ў Мейшагольскай воласці Віленскага павета аб’явіў Беларускую Рэспубліку («Мейшагольская рэспубліка»).

Удзельнік З’езда беларускіх нацыянальных арганізацый (1917). Консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве. Намеснік народнага камісара замежных спраў БССР, адзін з арганізатараў таварыства Чырвонага Крыжа БССР. Сябра ЦВК БССР у 1921–1922 гадах.

Памёр ад сухотаў.  Пахаваны на мінскіх Старажоўскіх могілках, якія ў 1950-х гадах былі зруйнаваныя бульдозерам.

1952 год. У в. Забалацце Чавускага раёна нарадзіўся Алесь Емяльянаў.

Беларускі паэт, перакладчык, адзін з заснавальнікаў БНФ «Адраджэнне».

Скончыў Чавускую СШ № 1, Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, БДУ.

Працаваў у газетах «Чырвоная змена», «Піянер Белаpyci», на Беларускім тэлебачанні, літкансультантам Саюза пісьменнікаў, У 1990-1991 гадах з’яўляўся старшынёй Каарданацыйнай рады Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.

Аўтар вершаў, зборнікаў паэзіі.

Сусастваральнік тэлечасопіса «Літаратурная Беларусь». Курыраваў выхад у эфір літаратурна-мастацкага часопіса «Буг» Брэсцкай студыі тэлебачання. Пад яго рэдакцыяй выходзілі штомесячныя перадачы «Сугучча» аб перакладзе на беларускую мову твораў замежных пісьменнікаў.

Пісаў пра жыццё сучасніка, яго любоў да Радзімы, роднай мовы, прыроды.

Памёр 6 кастрычніка 2005 года.

1953 год. У  в. Расна Дрыбінскага раёна нарадзіўся Уладзімір Бутрамееў.

Выпускнік магілёўскага геафака, вядомы расійскі і беларускі пісьменнік, празаік і драматург, перакладчык, літаратуразнаўца.

Працаваў у школах Горацкага і Чэрыкаўскага раёнаў, Слоніма, у Слонімскім тэатры.

Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў на рускай і беларускай мовах, зборнікаў прозы.

Вядомасць як драматургу прынёс спектакль на сцэне тэатра імя Янкі Купалы «Страсці па Аўдзею» («Крык на хутары», 1989). П’еса «Ізноў Несцерка» створана паводле фальклорных крыніц.

Аўтар кінасцэнараў, многіх гісторыка-публіцыстычных твораў, у тым ліку, «Мифы и легенды древних славян», «Древо бытия Омара Хайяма», літаратуразнаўчых прац, літаратурных апрацовак, перакладаў, твораў для дзяцей, у тым ліку 10-цітомнага «Детский Плутарх. Всемирная история в лицах». Удзельнік больш 50 выдавецкіх праектаў у розных выдавецтвах.

Многія з яго кніг удастоены прэміі «Кніга года» Рускага біяграфічнага інстытута, Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі і іншых. Кніга «Амар Хайям і персідскія паэты X-XVI стагоддзяў» удастоена дыплома ЮНЕСКА «Лепшае выданне, якое ўносіць значны ўклад у дыялог культур».

1963 год. Нарадзілася Кацярына Анціпава (Перапяліца).

Беларускі эканоміка-географ і дэмограф, доктар геаграфічных навук, прафесар БДУ, эксперт Фонду ААН у галіне народанасельніцтва ў Беларусь па пытаннях геаграфіі насельніцтва, дэмаграфіі і ўстойлівага развіцця.

Усё жыццё прысвяціла працы ў альма-матэр – БДУ: прайшла шлях ад лабаранта да загадчыка кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін.

Займаецца пытаннямі дэмаграфіі, рассялення Беларусі.

З’яўлялася распрацоўшчыкам дзяржаўных мэтавых праграм, у тым ліку Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі, Нацыянальнай стратэгіі “Актыўнае даўгалецце-2030».

1976 год. Памёр Уладзімір Дубоўка (1900–1976).

Паэт, класік беларускай паэзіі, празаік, перакладчык, крытык. Старэйшы брат Язэпа Дубоўкі.

Паэт незалежніцкай арыентацыі, член кіраўніцтва літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Ініцыятар стварэння адмысловых літар для перадачы на пісьме ўнікальных гукаў беларускай мовы: «дж», «дз».

Творы Уладзіміра Дубоўкі вабяць хараством і дасканаласцю мастацкай формы, нечаканасцю вобразных асацыяцый, глыбіннай сувяззю з традыцыяй і здольнасцю да смелых авангардных эксперыментаў. Яны маюць свой эстэтычны код і выяўляюць няпросты – палемічны і сімвалічны – дыялог паэта са сваёй эпохай.

У 1926 годзе напісаў палітычны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету…», які быў надрукаваны ананімна ў часопісе «Беларуская культура». Савецкія спецслужбы выявілі аўтара верш і ён быў выкарыстаны для абвінавачвання паэта ва ўдзеле ў неіснуючым «Саюзе вызвалення Беларусі».

Арыштаваны ў 1930 годзе. Тройчы яго судзілі з абвінаваўчым прысудам. Па рэабілітацыі з 1958 году жыў у Маскве.

1986 год. У Магілёве адчыніў дзверы для гасцей горада гатэль «Турыст».

Зараз гатэльны комплекс катэгорыі “тры зоркі”. Размешчаны на левым беразе Дняпра, у старажытным прадмесці – Лупалава. 

Гатэль мае 7-павярховы корпус са 135 нумарамі катэгорый  “Стандарт”, “Камфорт”, “Люкс” і “Студыя” на 237 месцаў.

1992 года. Заснаванне Узброенных сіл Беларусі.

Сфарміраваны на базе Беларускай ваеннай акругі Узброенных Сіл СССР пасля абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці.

У 1992-1996 гадах былі скарочаныя або перафарміраваны 250 воінскіх часцей, якія засталіся з эпохі СССР, завершана ракетна-ядзерная дэмілітарызацыя.

У кастрычніку 2022 года Узброеныя сілы Беларусі разам з расійскімі фармаваннямі, якія знаходзяцца ў краіне, у поўным складзе былі ўключаны ў Рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расіі.

Ва Узброеныя Сілы ўваходзяць Сухапутныя войскі, Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны, Сілы спецыяльных аперацый, спецыяльныя войскі (службы), органы тылу.

Колькасць Узброеных Сіл каля 50 000, у запасе – 290 000. Бюджэт каля 640 мільёнаў долараў (2021 год).

Аўтаномны апавяшчальнік выратаваў двух чалавек на пажары ў Чавускім раёне

14 сакавіка а чацвёртай раніцы ў аграгарадку Антонаўка Чавускага раёна адбыўся пажар – паведамляе газета “Іскра”. Mogilev.media паведамляў пра трагічны выпадак, калі гук апавяшчальніка ніхто не пачуў і на пажары загінуў жыхар Горацкага раёна. Гэтым разам жа, на шчасце, менавіта апавяшчальнік выратаваў жыццё людзей.

У прыватным доме 59-гадовая гаспадыня пражывае з 37-гадовым сынам-інвалідам.

Каля 4 гадзіны раніцы гаспадыня пачула гук аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, разбудзіла сына і разам з ім пакінула палаючы дом. Выклікала ратавальнікаў.

У выніку пажару знішчаны дах, пашкоджана перакрыццё і маёмасць у доме. 

Прычына пажару высвятляецца.

Фота: газета “Іскра”

У Чавускім раёне за 300 грамаў рыбы затрымалі браканьера

У Чавускім раёне, на затоне ракі Проня Мціслаўскай міжраённай інспекцыяй затрыманы грамадзянін Н., які лавіў рыбу забароненым спосабам. Ён  незаконна здабыў тры плоткі і аднаго галаўля, агульнай вагой 0,3 кілаграма з дапамогай 9 экран-тэлевізараў, якія ўсталёўваў пад лёд – паведамляе  газета “Іскра”.

Грамадзянін таксама меў пры сабе забароненую прыладу рыбалоўства: стаўную лескавую сетку даўжынёй 15 метраў, але выкарыстаць яе не паспеў.

У выніку незаконнай здабычы рыбы навакольнаму асяроддзю была нанесена шкода ў памеры 12 базавых велічынь, што складае 444 рублі. Кошт незаконна здабытай рыбы склаў 9,25 рублёў.

Супрацоўнікі міжраённай інспекцыі правялі таксама агляд дома затрыманага грамадзяніна. Знойдзены забароненыя прылады рыбалоўства: тры стаўныя лескавыя сеткі, агульнай даўжынёй 54,8 метра. Складзены два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконны лоў і за валоданне і захоўванне забароненых прылад.

Чавускія юніёры – чэмпіёны краіны па біятлоне

Спартсмены Чавускай спартыўнай школы на рэспубліканскай спартакіядзе сярод ДЮСШ па зімовым біятлоне ў Наваполацку сталі чэмпіёнамі Беларусі – паведамляе раённая газета “Іскра”.

Чавуская каманда з васьмі чалавек (4 юнакі і 4 дзяўчыны) 2006-2007, 2008-2009 гадоў нараджэння сустрэлася з наймацнейшымі юніорамі краіны з 20 каманд і перамаглі ў трохдзённым марафоне.

У спрынтарскай гонцы чавусцы размясціліся на 2 месцы, у індывідуальнай гонцы занялі 1 месца, у змешанай эстафеце старэйшыя юніоры з Чавусаў занялі 3 месца, малодшыя – 2 месца.

Па суме набраных балаў чавускія біятланісты Вікторыя Салоха, Варвара Воўна, Уладзіслаў Ісакаў, Яфрэм Серпікаў, Вікторыя Рудзянкова, Алеся Патапенка, Максім Ганчароў, Яраслаў Пускаў сталі пераможцамі спартакіяды.

Нагадаем, што ў Чавусах атрымалі пуцёўку у вялікі спорт вядомыя біятланісты С. Новікаў – прызёр алімпіяды ў Ванкуверы-2010, чэмпіяната свету, двухразовы чэмпіён Еўропы, Д. Алімбекава –  алімпійская чэмпіёнка-2018, чэмпіёнка свету, прызёр чемпіяната Еўропы, Р. Елятноў – чэмпіён Еўропы сярод юніораў, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, удзельнік XXIII Алімпіяды 2018 года.

115 жыхароў Чавускага раёна пакараны за хатні гвалт

У 2022 годзе ў Чавускім раёне 115 грамадзян учынілі правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. На ўліку ў міліцыі за ўчыненне такіх правапарушэнняў стаяць 56 грамадзян – паведамляе раённая газета “Іскра”. 

Супраць жыхара вёскі Галочава, які ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за збіцце сужыцелькі, узбуджана крымінальная справа за катаванне. 

Яму пагражае абмежаванне волі на тэрмін ад 1 да 3 гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін ад 1 да 5 гадоў.

Хатні гвалт прагрэсуе ва ўсіх рэгіёнах краіны на фоне алкагалізацыі і пагаршэння ўзроўня жыцця насельніцтва.   

Фота ілюстрацыйнае