Узяў у арэнду гульнявую прыстаўку і прадаў яе

У Ленінскі РУУС г. Магілёва звярнуўся прадпрымальнік, які заявіў, што невядомы завалодаў ягонай гульнявой прыстаўкай коштам каля 1500 беларускіх рублёў – паведамляе прэс-служба Магілёўскага УУС. Высветлілася, што чужую маёмасць забраў 29-гадовы магілёвец. Ён узяў прыстаўку ў арэнду на некалькі дзён, але ў выніку, пагуляўшы ў яе, праз суткі прадаў. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна

Палата дасудовай вытворчасці II Міжнароднага крымінальнага суда 17 сакавіка выдала ордэры на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ў сувязі са злачынствамі ва Украіне – піша “Еўрапейская праўда”. 

Суд выдаў ордэры на арышт Пуціна і Марыі Львовай-Бяловай, ўпаўнаважанай прэзідэнта Расіі па справах дзіцяці. 

Пуціна і Львову-Бялову падазраюць у здзяйсненні ваеннага злачынства – незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных раёнаў Украіны ў Расію, якая адбывалася мінімум з 24 лютага 2022 года.

“Палата дасудовай вытворчасці на падставе хадайніцтваў пракуратуры ад 22 лютага 2023 года пастанавіла, што існуюць дастатковыя падставы лічыць, што кожны падазраваны нясе адказнасць за ваеннае злачынства незаконнай дэпартацыі насельніцтва і незаконнага перамяшчэння насельніцтва з акупаваных раёнаў Украіны ў Расію, што нанесла шкоду ўкраінскім дзецям”  – падкрэсліваецца ў паведамленні.

Палата зазначае, што лічыць ордэры на арышт таемнымі “з мэтай абароны пацярпелых і сведкаў, а таксама з мэтай забеспячэння расследавання”.

– Тым не менш, прымаючы пад увагу, што паводзіны, пра якія ідзе гаворка ў гэтай сітуацыі, верагодна, працягваюцца, і што дасведчанасць грамадскасці пра ордэры можа спрыяць прадухіленню далейшага здзяйснення злачынстваў, Палата лічыць, што ў інтарэсах правасуддзя ўпаўнаважыць сакратарыят апублікаваць наяўнасць ордэраў, імёны падазраваных, злачынствы, за якія выдадзены ордэры, і меры адказнасці, устаноўленыя Палатай – абвясціў выконваючы абавязкі прэзідэнта Міжнароднага крымінальнага суда Пётр Гофманскі.

Што дае ордэр на арышт

Генпракурор Украіны Андрэй Косцін заявіў, што ордэр Міжнароднага крымінальнага суда азначае, што за межамі Расіі Пуціна павінны арыштаваць і перадаць у суд.

“А сусветныя лідэры тройчы будуць думаць, перш чым ціснуць яму руку або садзіцца з ім за стол перагавораў. Свет атрымаў сігнал, што расійскі рэжым з’яўляецца злачынным і яго кіраўніцтва і паслугачы будуць прыцягнуты да адказнасці” – растлумачыў украінскі генпракурор.

Рэакцыя Расіі

Прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Расіі Марыя Захарава заявіла, што ордэр Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Пуціна не будзе мець для Расіі “ніякага значэння, у тым ліку з прававога пункту гледжання”.

115 жыхароў Чавускага раёна пакараны за хатні гвалт

У 2022 годзе ў Чавускім раёне 115 грамадзян учынілі правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. На ўліку ў міліцыі за ўчыненне такіх правапарушэнняў стаяць 56 грамадзян – паведамляе раённая газета “Іскра”. 

Супраць жыхара вёскі Галочава, які ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за збіцце сужыцелькі, узбуджана крымінальная справа за катаванне. 

Яму пагражае абмежаванне волі на тэрмін ад 1 да 3 гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін ад 1 да 5 гадоў.

Хатні гвалт прагрэсуе ва ўсіх рэгіёнах краіны на фоне алкагалізацыі і пагаршэння ўзроўня жыцця насельніцтва.   

Фота ілюстрацыйнае