На агракамбінаце “Усход” парушалі правы працоўных. Яны не страйкавалі, а напісалі ананімку

Работнікі магілёўскага «Агракамбіната «Усход» дагрукаліся да “вярхоў” з дапамогай калектыўнай ананімнай скаргі на свайго наймальніка – апавядае mogilev.1prof.by.

Работнікі агракамбіната скардзіліся, што кіраўніцтва беспадстаўна звальняе, ігнаруе прававыя нормы пры пераводзе на іншыя пасады і незаконна пазбаўляе людзей стымулюючых выплат, парушае правілы ўнутранага працоўнага распарадку, калектыўнага дагавора, палажэнняў аб аплаце працы, Працоўны кодэкс.

Аказалася, са снежня 2022 года ад халатнасці і некампетэнтнасці наймальніка, на агракамбінаце пацярпела шмат падначаленых.

Прыціскалі правы не толькі шараговых работнікаў, але і намесніка дырэктара, галоўнага бухгалтара, якім былі “зрэзаны” надбаўкі за складанасць і напружанасць працы.

З парушэнямі заканадаўства працоўныя адклікаліся з працоўнага адпачынку, прыцягваліся да працы ў выходныя, святочныя дні, да звыштэрміновай працы, звальняліся быццам бы па вытворчай неабходнасці. Але пра такую “неабходнасць” працоўныя не ведалі, з загадамі не былі азнаёмленыя.

Да таго ж, пры ўскладанні абавязкаў работнікаў пэўнай кваліфікацыі на работнікаў іншай кваліфікацыі ў розных падраздзяленнях агракамбіната нідзе не абазначаны прычыны, з-за якіх павінна выконвацца дадзенае даручэнне начальства.

Фота ілюстрацыйнае

115 жыхароў Чавускага раёна пакараны за хатні гвалт

У 2022 годзе ў Чавускім раёне 115 грамадзян учынілі правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. На ўліку ў міліцыі за ўчыненне такіх правапарушэнняў стаяць 56 грамадзян – паведамляе раённая газета “Іскра”. 

Супраць жыхара вёскі Галочава, які ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за збіцце сужыцелькі, узбуджана крымінальная справа за катаванне. 

Яму пагражае абмежаванне волі на тэрмін ад 1 да 3 гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін ад 1 да 5 гадоў.

Хатні гвалт прагрэсуе ва ўсіх рэгіёнах краіны на фоне алкагалізацыі і пагаршэння ўзроўня жыцця насельніцтва.   

Фота ілюстрацыйнае